Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фізычны высілак павялічвае мозг. І жаночы?


Арнольд Шварцэнэгер у трэнажорцы
Арнольд Шварцэнэгер у трэнажорцы

Нядаўна ў амэрыканскім навуковым часопісе Proceedings of the National Academy of Science былі апублікаваныя вынікі супольнага амэрыканска-японскага досьледу адносна ўплыву фізычнага высілку на разьвіцьцё мазгавых клетак.

Досьлед быў праведзены на самцах пацукоў. Навукоўцы хацелі такім чынам праверыць, як мужчынскі полавы гармон — тэстастэрон — уплывае на мозг. Тэстастэрон, як вядома, падчас інтэнсіўнага высілку вырабляецца арганізмам як у яечках, так і ў мозгу.

Усіх пацукоў у экспэрымэнце паддалі хірургічнай апэрацыі, у якой адных выпакладалі, а іншых — не. Гэткім чынам усе пацукі — і выпакладаныя, і не — былі паддадзеныя такому самаму стрэсу перад досьледам, што элімінавала ўплыў няроўнага стрэсу на вынікі экспэрымэнту.

Пасьля апэрацыі пацукам дазволілі тыдні два пабегаць на адмысловых бегавых дарожках ў тэмпе трушку. Некаторыя, праўда, бегаць не хацелі і наогул сядзелі збоку дарожкі.

А потым навукоўцы пачалі вывучаць мазгі пацукоў. Яны выявілі, што пацукі, якія бегалі, мелі ў сваіх мазгах значна больш вытворнай тэстастэрону пад назвай DHT, чым тыя, якія сядзелі. Гэта датычыла як выпакладаных пацукоў, так і ня выпакладаных. І большасьць з гэтых зьвяркоў мела мноства новых нэўрацытаў у той частцы мозгу, якая адказвае за навучаньне і памяць. Выснова была адназначная: фізычнае практыкаваньне выклікае большую прадукцыю вытворнай тэстастэрону DHT у мозгу, а большая колькасьць гэтай вытворнай дапамагае стварэньню новых мазгавых клетак. Гэты вынік, лічаць навукоўцы, можна аднесьці да ўсіх сысуноў, у тым ліку і да людзей.

Досьлед адказаў на адно важнае пытаньне, але стварыў і новае, ня менш важнае: А што з высілкам арганізмаў жаночага полу, у якога няма яечак — яму практыкаваньні не дапамагаюць павялічваць мозгу?

Доктар Брус МакЮэн, які браў удзел у досьледзе, лічыць, што гэта ня так, і што жаночы мозг таксама павялічваецца пад уплывам фізычнага высілку. Паводле яго, у жаночым арганізьме жаночы полавы гармон, эстраген, выконвае ў дачыненьні да мазгавых клетак падобную ролю, як тэстастарон у мужчынскім. Да таго ж, жаночы арганізм у змозе вырабляць і тэстастэрон. І беганьне трушком, дадае доктар МакЮэн, не патрабуе вялікага фізычнага высілку – гэтым можа займацца большасьць людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG