Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дараганава: Адзіны, хто выжыў


Пашанцавала таму мястэчку ці вёсцы, у якой жыве свой уласны паэт. І хоць такіх месцаў у Беларусі нямала, мястэчка Дараганава вылучаецца сярод іх. І сваёй назвай, і сваімі людзьмі, і сваёй пясьняркай. Валянціна Вераб’ёва дзяцінства правяла ў Сыбіры. Працавала намесьніцай дырэктара Беларускага навуковага цэнтру электроннай дакумэнтацыі. А вярнуўшыся ў роднае Дараганава піша вершы на мове продкаў.

Дараганава не ад дарогі,
Дараганава ад «дарагі».
Калі сэрца зрывае трывогі
На свае вяртайся кругі.
Кругам Пціч падыходзіць нясьпешна,
Кругам лес абдымае цябе.
Кругам таньчыць у полі сьцежка
Травы шэпчуць у варажбе.
Толькі добрага нам жадае
Векавечны асілак дуб.
Кругам бусел над ім лятае,
Ветрык песьню зрывае з губ.
І адносіць яе ў бездарожжа,
Каб са шляху Радзімы ня зьбіцца.
Дараганава дапаможа чыстым сьпевам,
Гаючай крыніцай.

Але ж Дараганава насамрэч не ад дарогі. Гэта паэтычная мэтафара. Мястэчка ўзьнікла дзякуючы буйным памешчыкам Дараганам, якія напрыканцы 19-га стагодзьдзя купілі гэтыя землі, пабудавалі вялікі маёнтак. Дзякуючы ім тут прайшла чыгунка і зьявілася станцыя, якая вырасла ў мястэчка. Краязнаўца Сямён Бародзіч ня лічыць Дараганава вёскай.

— Сапраўды, тут людзі жывуць, якія адукацыю маюць. Шмат хто вышэйшую. Цяжка вытлумачальна, але нейкая аўра тут прысутнічае. Гэта кажуць усе. Нават з навакольных вёсак, дзе кажуць «куды?», «у горад», «у Дараганава».

— А сёньня ў Дараганава статус вёскі?

— Вёскі. Добра тое, што назву не зьмянілі. Такія памкненьні былі ў 60-я. Шмат чаго перайменавалі. Але для Дараганава нічога не прыдумалі. Так і засталося.

— А быў бы які-небудзь Кастрычніцкі, Ленінскі.

— Вось была вёска Дрочава, а цяпер Ягаднае. Наша паселішча носіць памешчыцкае імя. І проста дзіўна, як гэта не перайменавалі. І то добра.

Не выпадкова, дарэчы, і дэмакратычная газета «Асіповіцкая панарама» рабілася ў Дараганаве. Гаворыць яе былы рэдактар, настаўнік Мікалай Тамашоў

— Дараганава заўсёды лічылася асяродкам больш культурным. Больш дэмакратычных поглядаў сапраўды. Вялікае адрозьненьне паміж Дараганавым і навакольнымі вёскамі. Там забітыя калгасьнікі. А тут людзі творчыя, з адметнымі поглядамі. На любых выбарах Дараганава паказвае вынікі несуадносныя з калгаснымі. Дарагава — вольны горад, як у нас кажуць.

Тое, што людзі тут сапраўды няпростыя я пераканаўся, сустрэўшы на вуліцы жанчыну з пустымі вёдрамі. Былая бібліятэкарка Людміла Фясько ходзіць па ваду на суседнюю вуліцу ўжо які год. І які год ваюе з адміністрацыяй за тое, каб вада зьвілася нарэшце і на яе вуліцы. У сваім змаганьні пані Фясько дайшла да адміністрацыі прэзыдэнта. Паслухайце яе расповед. Гэта можа быць карысна тым, хто ня ведае, як трэба дамагацца ад чыноўнікаў дзейнасьці.

— Так, як трэба, так я і рабіла. Бо кожны начальнік пытае. Ты ў свайго была? Вось я і пачала зь мясцовых. Сама сабе плян намалявала, куды і як. Спачатку сельскі савет, пасьля райвыканкам, пасьля аблвыканкам.

— І дайшлі да самай высокай прыступкі.

— Вось тады яны адрэагавалі. І мяне запомнілі добра.

— І якая была рэакцыя?

— У 25 градусаў марозу сабралі нас. І ўсё дапытваліся, хто ж такая Фясько? Сусед кажа, мы ж усе падпісаліся. «Не, вы нам тую пакажыце».

— Вада зьявілася?

— Будзе. Я ўпэўненая, што будзе. Яны калёнкі нам паставяць, а хто захоча можна будзе правесьці да дому.

Бівень маманта
Бівень маманта


Калі хочаце наведаць самы багаты музэй Асіповіччыны, вам трэба ехаць у Дараганава. Пачынаўся музэй, як школьны. Але дзякуючы руплівасьці мясцовай інтэлігенцыі вырас да паўнацэннага краязнаўчага. Асобны прыгожы будынак, багатая калекцыя, дзе ёсьць і бівень маманта, і, на радасьць дзецям, безьліч пудзілаў мясцовай фаўны.

Але галоўнае — этнаграфія і памешчыцкі побыт былых уладальнікаў маёнтка Дараганаў. Шыкоўныя крэслы, разныя шафы, дарагі посуд рупліва сабраны ад вяскоўцаў.





Жанна Караленя
Жанна Караленя
Сёньня музэем загадвае Жанна Караленя, улюбёная ў сваю справу спадарыня.

— Тое, што нашы землі належалі Радзівілам, у нас ёсьць такія артэфакты цікавыя. Вось гэта лясьнічы мне падарыў. Можа, была сумка паштовая, можа шапка лесьніка. Але арол з трыма трубамі праглядаецца. Радзівілаўскі герб, знойдзены на нашай зямлі.

Родавыя магілы Дараганаў рабаваліся на працягу ўсяго 20-га стагодзьдзя. Злодзеям заўжды мроіцца гара золата пад мармуровымі надмагільлямі.

— Што сталася з гэтымі пахаваньнямі? Ускрываліся яны ў першую ноч. Склеп. Шукалі шашку, бо сяляне бачылі. Потым ускрываліся камсамольцамі і беспрытульнікамі. Панскае золата шукалі. І адразу пасьля вызваленьня нашай тэрыторыі было апошняе ўскрыцьцё. Вывернулі з цынкавай труны, каб здаць цынк на мэталь.

Але і да сёньня ваколіцы маёнтка трывожаць чорныя капальнікі.

— Да гэтага часу шукаюць чорныя капальнікі. І мне прыносяць. З маёнтка. Вось недзе на дзьвярах вісела шыльдачка. Я кажу, «дзе вы знайшлі»? «Каля старога моста ў сакваяжы». Я кажу, «а што яшчэ там было, у сакваяжы?» «Цьвікі каваныя». «Цьвікі каваныя ў сакваяжы хавалі?» Нешта малаверагодна. Але дзякуй.

Адзін экспанат вельмі яскрава сьведчыць пра пачатак савецкай эпохі. Іржавы расплюшчаны цьвік.

— У самім маёнтку бальшавікі зрабілі калёнію для беспрытульнікаў. Гэта былі «беспрызорнікі» пасьля грамадзянскай вайны. Малалетнія злачынцы. Людзі баяліся хадзіць у лес. У грыбы, у ягады. Баяліся ноччу выходзіць на вуліцу. На месцы былога санаторыя каваны цьвік. Чамусьці ён расплюшчаны. Для чаго? Гэта заточка. Самая звычайная. І з такімі заточкамі хадзілі там дзеці. І напісалі нават Леніну жыхары суседніх вёсак, каб гэтую калёнію перавялі.



Як прыгожа выглядае маёнтак Дараганаў на даваенных здымках. Маленькі трохпавярховы палац. Але самыя страшныя часы для маёнтка і ягоных насельнікаў насталі з пачаткам нямецкай акупацыі. Справа ў тым, што да вайны на тэрыторыі маёнтка ўлады зрабілі вялікі дзіцячы санаторый. Сярод дзяцей было шмат габрэяў. І для іх санаторый ператварыўся ў гета.

Адзіны чалавек, які выжыў у тым пекле, Уладзімір Сямёнавіч, ці дакладней Вэлвэл Самуілавіч Сьвярдлоў. Карэнны мянчук, знакаміты каваль, народжаны ў 1930-м, памятае сваё дзяцінства да дробязяў. Слухаць гэтага мудрага прыгожага старога цяжка. Бо ён адзіны сьведка таго, што адбывалася ў Дараганаўскім маёнтку ад лета 41-га па вясну 42-га.

— У санаторый да нас немцы прыйшлі, я добра помню гэтую раніцу, 27 чэрвеня. На пяты дзень. І той жа дзень разьбегся пэрсанал. Засталіся чалавека чатыры. Паварыха адна. Мы былі прадстаўленыя самі сабе.

— Вы ведалі, якая пагроза сыходзіць вам ад іх?

— Ведаў ад старэйшага хлопчыка. Ён там расстраляны. Ён заўсёды казаў, што калі да нас прыйдуць немцы, то яўрэяў будуць забіваць.

— Далі нам жоўтыя зоркі. Нават па чатыры штукі. На кашулю сьпераду і ззаду ў раёне сэрца і на верхнюю вопратку. І сказалі, што хто без дазволу выйдзе будзе пакараны. Што яны і рабілі. Плёткамі нас зьбівалі.

— А што гэта было пры немцах?

— Я дагэтуль так і не разумею. Па статусе гэта быў дзіцячы дом, а па сутнасьці канцлягер. Было так голадна. У блякадным Ленінградзе давалі 125 грамаў хлеба. А нам давалі толькі сто.

Але цярпець прыходзілася ня толькі ад, скажам так, «абслугі». Але і ад гадаванцаў дзіцячага дома, дзяцей правільнай нацыянальнасьці.

— І то часта ўрываліся дзетдомаўцы. Там былі хлопцы і па 18 гадоў. Урываліся і адбіралі. Атрымаеш гэты хлеб, і хутчэй яго зьесьці. Бо адбяруць.

— Колькі вас было яўрэяў?

— Нас было чалавек 150.

Як часта ў гісторыі застаюцца імёны герояў і ахвяраў. Але памяць чамусьці шкадуе катаў. У нашым выпадку імя аднаго нелюдзя застанецца. Дакладней, адной. Веры Ждановіч.

— Там была такая Ждановіч, садыстка. Яна была намесьніцай загадчыка. Але па сутнасьці менавіта яна камандавала там парадам. І ў карцэр садзіла, і сьнегу падсыплюць на бэтонную падлогу. Дык я ўвесь час дамагаўся — дзе яна жыве? Яна ж тады была нестарая. Ёй было тады 30 гадоў. Дык мне заўсёды казалі, што далі ёй тэрмін пасьля вайны. Яна адседзела 6 гадоў. Яе выпусьцілі. Яна зьехала, яе тут няма. А ўжо потым я атрымаў паштоўку, што Вера Пятроўна ў Асіповічах памерла. Ці яны баяліся, што я паеду помсьціць? А мне толькі ў вочы паглядзець.

— А Вы бы паглядзелі?

— Паглядзеў бы. Але яе бераглі, і мяне бераглі.

— Немцы прысутнічалі ў гэтым дзіцячым доме?

— Той, хто быў трохі здаравейшы, бралі кроў.

— Стоп, стоп, стоп. Жыды — ня людзі...

— А кроў бралі. (сьмяецца) Мы калі гэтую зіму зімавалі, у нас палова памерла ад голаду і холаду. Ад зьбіцьця, ад хвароб. Не хавалі нідзе. Гэта я ўжо потым даведаўся. Памерлых проста кідалі пад лёд. Сьпім, ляжым. Давайце ўставаць. А нехта ўжо не ўстае. З голаду ціха паміраюць. З голаду ня енчаць. Сыходзяць з жыцьця. І толькі па вясьне да нас прыйшлі немцы і паліцаі. 2-га красавіка. І нам сказалі, што нас пераводзяць у іншае месца. Дзе будзе цёпла, сытна. Усё ў вас будзе. Малых ясельнага ўзросту, 4-5 гадоў, тых пагрузілі на падводу, а нас выстраілі ў калёну. І «шагом марш».

Марыя Васільеўна Падэра, жыхарка Дараганава, у 41-м годзе працавала ў санаторыі на кухні. Сёньня гэта яшчэ моцная галасістая старая. Зь вельмі ясным розумам.

— Было 220 дзяцей, было сто рабочых. Акуратна, культурна, чыста. Мне 99 гадоў. І трэба і ў турме пабыць зь дзецьмі, і гараваць, і паглядзець на голад. Затое і вас шкадую цяперака! Як вы будзеце жыць, калі 60 рублёў кіляграм мяса? Да чаго вы дажыліся?! Мне шкада вас!

— А тады, у 41-м годзе, шмат засталося людзей, якія працавалі ў гэтым санаторыі?

— Хто куды. А дзеці — дзе хто.

Сышла з санаторыя і наша гераіня. Але добра запомніла вось такі эпізод вайны. Канфлікт зь нямецкім салдатам.

— У мяне дзяўчынка была. Я яе ўкручваю, яны плача Я яе па попе. А тады немец мне сюды ў горла наган. «Сука ты, я цябе застрэлю.І адказваць за цябе, сука, ня буду! Мы вайну творым, а старыя і дзеці вінаватыя». «Мы вайну творым!» Вось цяпер мы толк творым, а трэба, каб вы галадалі? Каб вы 60 рублёў плацілі за кіло мяса?

— Гэта ён такі добры быў?

—Не скажу добры, але ён сказаў праўду. Самастойныя твораць вайну. Дарослыя. А старыя і дзеці вінаватыя.

— А Вы помніце, як у санаторыі зрабілі дзіцячае гета?

— Ня помню. Не хадзіла.

Але вернемся да расповеду пана Сьвярдлова.

— Я ўцёк амаль адразу. Бо там усё лесам і лесам. Мне ў калёне Яша, ён з Мазыра быў, кажа — «Вова, ведаеш, куды нас вядуць?» «Сказалі, у іншае месца». «Ні ў якая іншае месца. Каб у іншае месца, прыйшлі б ня ўзброеныя людзі. Нас забіваць вядуць». Гэта мяне ўзрушыла і я пабег. Кажу: «Давай разам». «Не, — кажа. Я ня вельмі быў падобны да габрэя, а ён да першага немца.

Іх вялі на досьвітку 2-га красавіка праз вёску Крынку ў лес. У маляўнічай лясістай вёсцы Крынцы толькі адна старая нешта памятае пра той дзень.

— Яўрэі толькі былі. Нашых людзей не было. Ну, дарослыя, я лічу, няхай будуць вінаватыя. А пры чым дзеці? І пяцігадовыя, і шасьцігадовыя.

Дарэчы, дзеці і па сёньня ходзяць на тую магілу ў лесе. Дзеці з бліжэйшага лягеру адпачынку.

— Так цікава. Глядзіш на гэтых дзетак. Туды ідуць і назад ідуць такія вясёленькія.

— І назад ідуць вясёленькія?

— Так. Расказваюць, усё такое.



Ня ведаю, як вам, а мне разанула гэтае простае «нашых людзей не было». У сваіх блуканьнях па пакутах маленькі Вэлвэл часта сутыкаўся з гэткім стаўленьнем.

— Як я ў красавіку ўцёк, я цягаўся па лесе больш, як паўтара месяцы. Недзе зойдзеш у вёску, дапаможаш. Якраз тады бульбу садзілі. «Паесьці дайце». «Паесьці трэба зарабіць. Што ты ўмееш?» Нехта скажа каня павадзіць, нехта бульбу паднесьці. І зарабіў. А нехта, у мяне ж адзеньне было такое, што зоркі былі відаць, часьцей праганялі. А той і палкай дасьць. «А ну-ка вон! Ато адвяду ў паліцыю!» І я ўжо так змарнеў. Еў і кісьліцу, і леташнія жалуды, Што я толькі ня еў. І з тэмпэратурай упаў у лесе. Упаў і ляжаў. І чую над сабой «Хлопчык, чый ты?» Я кажу «нічый». Пойдзем са мной. І вось забрала. Гэта Звонік Аляксандра Кірылаўна. Ёй прысвоена званьне праведніцы сьвету. Як я адтуль зьбег, усю вайну я прабыў у яе.



З фотаздымкка, які стары беражэ, як рэліквію, пазірае звычайная беларуская кабета ў хустачцы. Нічым, як быццам, не прыкметная.



Былую сядзібу мне паказаў краязнаўца Сямён Бародзіч. На месцы, дзе колісь стаяла сядзіба памешчыкаў Дараганаў, у якой быў той канцлягер, сёньня месца для адпачынку. У зарасьніку былога парка праглядаюцца падмуркі панскага дома.



Да сажалкі, у якую 60 гадоў таму кідалі трупы дзяцей, вядзе маляўнічая сьцежка.

На паляне стаяць альтанкі. Ёсьць і памятны абэліск. Вось толькі слупы з ланцугамі вакол яго, значна пахіліліся. І не ад часу.



— Сядаюць адпачывальнікі. Бачыш, што робяць? Прагінаюцца.

— Гэта месца пікніка стала?

— Яно і раней было. Вунь альтанкі стаяць. Тут пастаянна адпачывальнікі. На выходныя. І турзьлёты тут праводзяцца.

Мне адразу ўспомнілася страфа Аляксандра Галіча.

Сгнило в вошебойке платье узника,

Всем печалям подведен итог,

А над Бабьим Яром — смех и музыка...

Так что, все в порядке, спи, сынок.

Праз дарогу месца, дзе былі магілы Дараганаў. Апошнюю магілу зьнёс трактарам герой нашага часу. Які праславіўся ў 95-м тым, што разадраў на кавалкі нацыянальны беларускі сьцяг.

— Магілы Дараганаў. Калі быў нейкі сэмінар за савецкім часам, Іван Ціцянкоў, яму было напэўна загадана, яны трактарам вырылі варонку і помнік разьбілі напалам і кінулі туды.

А Уладзімір Сьвярдлоў толькі нядаўна стаў сябрам асацыяцыі былых вязьняў канцлягераў. Чаму? Слова нашаму герою.

— Я яго так для сябе і называю «санаторый». Я адпачыў — во! Каб прызналі і выдалі дакумэнт, трэба было прабыць у гета ня менш за 18 месяцаў. А ў мяне атрымліваецца толькі 9. І мяне ўсе гэтыя гады і блізка не пускалі. Усе гета ў Беларусі былі зьнішчаны альбо ў 41-м. І 18 месяцаў у нас толькі тры месцы такіх. Пазалетась зьнізілі гэту плянку. З 18 месяцаў да года. Я ўсё роўна ў гэтую кагорту не ўпісваўся. А летась зьнізілі да трох месяцаў. І мне адразу выдалі дакумэнт. Так немцы... Яны ж дапамогу аказваюць, лекі выдаюць.

— 6 месяцаў канцлягеру — гэта мала для іх ці што?

— (Сьмяецца)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG