Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША распрацоўваюць праекты абыходу цэнзуры ў інтэрнэце


У артыкуле ў газэце The New York Times расказваецца пра сакрэтныя праекты Дзярждэпартамэнту ЗША, мэта якіх – абысьці цэнзуру і ўрадавы кантроль у інтэрнэце і сыстэмах тэлекамунікацыяў.

Прапануем вам фрагмэнты артыкулу.

Адміністрацыя Абамы ўзначальвае глябальныя намаганьні разгарнуць сыстэмы “ценявога” інтэрнэту і мабільнай тэлэфаніі, якімі маглі б карыстацца дысыдэнты, каб супрацьстаяць рэпрэсіўным уладам, што імкнуцца закрыць ім рот цэнзурай або закрыцьцём тэлекамунікацыйных сетак.

Гэтыя намаганьні ўключаюць у сябе сакрэтныя праекты стварэньня ў замежных краінах незалежных сотавых сетак, а таксама адну апэрацыю нібы з шпіёнскага раману ў майстэрні на пятым паверсе дому на L-стрыт у Вашынгтоне, дзе група маладых прадпрымальнікаў, якія выглядаюць як аматарскі рок-бэнд, лепіць з падманліва-нявінных з выгляду дэталяў прататып “інтэрнэту ў валізцы”.
Гэтая валізка можа быць патаемна перавезеная празь мяжу і хутка ператвораная ў станцыю бяздротавай камунікацыі...

Створаная за двухмільённы грант ад Дзярждэпартамэнту, гэтая валізка можа быць патаемна перавезеная празь мяжу і хутка ператвораная ў станцыю бяздротавай камунікацыі з шырокай зонай пакрыцьця і з выхадам у глябальны інтэрнэт.

Гэтыя амэрыканскія намаганьні, выяўленыя ў здабытых газэтай The New York Times дзясятках інтэрвію, дакумэнтах плянаваньня і сакрэтных дыпляматычных дэпэшах, маюць самыя розныя маштабы, кошты і ўзровень складанасьці.

У некаторых праектах выкарыстоўваецца распрацаваная Злучанымі Штатамі тэхналёгія; у іншых прыстасоўваюцца прылады, ужо раней створаныя хакерамі ў рамках гэтак званага руху тэхналёгіі вызваленьня, які ахапіў усю плянэту.

Дзярждэпартамэнт, напрыклад, паводле ўдзельнікаў праектаў, фінансуе стварэньне патаемных бяздротавых сетак, якія б дазволілі палітычным актывістам мець некантраляваную ўладамі камунікацыю ў такіх краінах, як Іран, Сырыя і Лібія.

У рамках аднаго з самых грандыёзных праектаў, як кажуць амэрыканскія афіцыйныя асобы, Дзярждэпартамэнт і Пэнтагон патрацілі ня менш за 50 мільёнаў даляраў на стварэньне незалежнай сотавай сеткі у Аўганістане, выкарыстоўваючы антэны на закрытых вайсковых базах унутры краіны. Яна створаная на тое, каб падарваць здольнасьць Талібану адвольна выключаць сеткі афіцыйных аўганскіх правайдэраў.

Гэтыя намаганьні набралі новыя абароты пасьля таго, як урад прэзыдэнта Хосьні Мубарака ў апошнія дні яго панаваньня адключыў увесь эгіпецкі інтэрнэт. Апошнімі днямі сырыйскія ўлады таксама часова адключылі ў краіне амаль увесь інтэрнэт, які дапамог мабілізаваць удзельнікаў пратэстаў.
Вашынгтон падтрымлівае разьвіцьцё праграмнага забесьпячэньня, якое дазваляе захаваць ананімнасьць карыстальнікаў у такіх краінах, як Кітай...

У нейкім сэнсе ініцыятыва адміністрацыі Абамы становіць сабою новы фронт у шматгадовых дыпляматычных намаганьнях абараніць свабоду слова і спрыяць дэмакратыі. Дзесяцігодзьдзямі Злучаныя Штаты вялі радыёвяшчаньне на аўтакратычныя краіны праз “Голас Амэрыкі” і іншыя каналы. Апошнім часам Вашынгтон падтрымлівае разьвіцьцё праграмнага забесьпячэньня, якое дазваляе захаваць ананімнасьць карыстальнікаў у такіх краінах, як Кітай, і навучаньне тых грамадзянаў, якія хочуць перадаваць інфармацыю праз кантраляваны ўладамі інтэрнэт бяз рызыкі быць выяўленымі.

Аднак апошняя ініцыятыва засяроджваецца на стварэньні цалкам незалежных шляхоў камунікацыі. У яе рамках у неймаверным спалучэньні разам працуюць дыпляматы і вайсковыя інжынэры, маладыя праграмісты і дысыдэнты зь дзясятка краінаў, шмат хто зь іх называе гэты новы падыход больш сьмелым, разумным і крутым.

Часам Дзярждэпартамэнт проста выкарыстоўвае прадпрымальных дысыдэнтаў, якія знайшлі спосабы абысьці ўрадавую цэнзуру. Амэрыканскія дыпляматы, як вынікае з сакрэтных дэпэшаў, кантактуюць з апэратыўнымі супрацоўнікамі, якія закопваюць кітайскія сотавыя тэлефоны ў гарах каля мяжы з Паўночнай Карэяй, дзе іх можна выкапаць і рабіць кароткія званкі.

Новыя ініцыятывы знайшлі падтрымку ў асобе дзяржсакратара Гілары Клінтан, чый дэпартамэнт узначальвае амэрыканскія намаганьні ў гэтым кірунку. “Мы бачым па ўсім сьвеце ўсё больш і больш людзей, якія выкарыстоўваюць інтэрнэт, мабільныя тэлефоны і іншыя тэхналёгіі для таго, каб быў пачуты іх голас, калі яны пратэстуюць супраць несправядлівасьці або імкнуцца ажыцьцявіць свае памкненьні”, – напісала спадарыня Клінтан ў лісьце электроннай поштай у адказ на пытаньне па нашай тэме. “У нас ёсьць гістарычная магчымасьць выклікаць пазытыўныя перамены, якія падтрымлівае Амэрыка, – сказала яна. – Таму мы засяродзіліся на тым, каб дапамагчы ім гэта зрабіць, дапамагчы ім гаварыць між сабою, са сваім грамадзтвам, са сваімі ўладамі і ўсім сьветам”.
Мы збудуем асобную інфраструктуру, дзе тэхналёгію будзе амаль немагчыма адключыць, кантраляваць або сачыць за ёй...

Распрацоўнікі папярэджваюць, што незалежныя сеткі маюць свае слабыя бакі: рэпрэсіўныя рэжымы могуць шляхам сачэньня знайсьці і арыштаваць актывістаў, якія ўжываюць новую тэхналёгію, або проста затрымаць іх пры спробе перавезьці неабходнае абсталяваньне празь мяжу. Аднак іншыя лічаць, што патэнцыйная карысьць тут перавышае ўсе рызыкі. “Мы збудуем асобную інфраструктуру, дзе тэхналёгію будзе амаль немагчыма адключыць, кантраляваць або сачыць за ёй”, – сказаў Саша Майнрат, які кіруе праектам “Інтэрнэт у валізцы” ў якасьці дырэктара Ініцыятывы адкрытай тэхналёгіі пры незалежнай дасьледнай групе ў Фондзе новай Амэрыкі.

“Сутнасьць праекту ў тым, каб пазбавіць цэнтральныя ўлады магчымасьці парушаць фундамэнтальнае права людзей на дачыненьні між сабою”, – дадае Майнрат.

Нябачнае сеціва

У безыменным офісным будынку на L-стрыт у Вашынгтоне чацьвёра людзей, мала падобных да кантрактнікаў Дзярждэпартамэнту, сядзелі за сталом. Джош Кінг, з вушамі, абвешанымі пірсінгам, і са скураным бранзалетам з шыпамі, займаўся праграмаваньнем, працуючы адначасна ў бары. Томас Гідэон – дасьведчаны хакер. Дэн Мэрэдыт, энтузіяст велафутболу, дапамагаў кампаніям ахоўваць іх дыгітальныя сакрэты.

Тады зьявіўся ў гальштуку 37-гадовы спадар Майнрат, самы старэйшы ў камандзе. Ён мае дыплём магістра псыхалёгіі і займаўся наладжваньнем бяздротавых сетак у бедных раёнах Дэтройту і Філадэльфіі.

Распрацоўваны групай праект інтэрнэт-валізкі абапіраецца на тэхналёгію “ячэістай сеткі”, у якой прылады накшталт сотавых тэлефонаў або пэрсанальных кампутараў ужываюцца для стварэньня нябачнай бяздротавай сеткі без цэнтральнага вузла. Інакш кажучы, голас, карцінка або электронны ліст могуць перадавацца беспасярэдне паміж мадыфікаванымі бяздротавымі прыладамі – кожная зь якіх выступае як міні-вежа і тэлефон – у абыход афіцыйных сетак.
Прылады накшталт сотавых тэлефонаў або пэрсанальных кампутараў ужываюцца для стварэньня нябачнай бяздротавай сеткі без цэнтральнага вузла...

Сп. Майнрат расказаў, што валізка будзе зьмяшчаць мініятурныя бяздротавыя антэны, якія маглі б пашырыць зону пакрыцьця; лэптоп для кіраваньня сыстэмай; флэшкі і кампакт-дыскі для пашырэньня праграмы на іншыя кампутары і для кадаваньня камунікацыі; кабэлі ды іншыя дапаможныя кампанэнты.

Праект будзе таксама абапірацца на вынаходзтвы незалежных распрацоўнікаў у галіне інтэрнэту і тэлекамунікацыяў.

“Найлепшае ў дадзеным палітычным кантэксьце тое, што ўсё гэта цяжка кантраляваць”, – сказаў Арон Каплан, аўстрыйскі экспэрт у галіне кібэрбясьпекі, чыя праца будзе выкарыстаная ў праекце “Валізка”. Сп. Каплан распрацаваў ячэістую сетку ў Вене, паводле яго, падобныя сыстэмы працуюць у Вэнэсуэле, Інданэзіі ды іншых краінах.

Сп. Майнрат сказаў, што яго група займаецца ўпакаваньнем усёй сыстэмы ў звычайнага выгляду валізку і спрашчэньнем карыстаньня ёю – з дапамогай піктаграмаў у інструкцыі карыстаньня.

Апрача ініцыятываў адміністрацыі Абамы, існуе яшчэ каля дзясятка незалежных праектаў, якія таксама ставяць сабе за мэту даць неспрактыкаваным карыстальнікам магчымасьць ужыць наяўныя прылады, накшталт лэптопаў або смартфонаў, для стварэньня бяздротавай сеткі. Адна ячэістая сетка была створаная ў ваколіцах аўганскага Джалалабаду яшчэ пяць гадоў таму з выкарыстаньнем тэхналёгіі, распрацаванай у Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце.

Стварэньне простых лініяў камунікацыі па-за афіцыйнымі сеткамі мае вельмі важнае значэньне, кажа Колін Андэрсан, 26-гадовы дасьледнік у галіне тэхналёгіі вызваленьня з Паўночнай Дакоты, які спэцыялізуецца на Іране, дзе ўлады ледзь не перакрылі ўсяго інтэрнэту падчас пратэстаў у 2009 годзе. Запаволеньне інтэрнэту амаль пазбавіла сэнсу бальшыню “абыходных тэхналёгіяў” – розных праграмаў, якія дазвалялі дысыдэнтам перадаваць кадаваныя паведамленьні праз афіцыйныя каналы.

“Якімі б хітрыкамі ні карысталіся ўдзельнікі пратэстаў, калі ўлады запавольваюць інтэрнэт, што той ледзь поўзае, запампаваць відэа на Youtube або паслаць нешта на Фэйсбук становіцца немагчыма, – кажа Андэрсан. – Ім патрэбны альтэрнатыўныя шляхі перадачы інфармацыі або альтэрнатыўныя шляхі перасыланьня яе за межы краіны”.
Да канца 2011 году Дзярждэпартамэнт патраціць каля 70 мільёнаў даляраў на праекты абыходу афіцыйных сетак...

Патрэба ў гэтым настолькі вялікая, што людзі знаходзяць свае шляхі наладжаньня найпрасьцейшых сетак. Мэхдзі Ях'янэжад, іранскі эмігрант і распрацоўнік тэхналёгіі, сузаснавальнік папулярнага сайту на фарсі, лічыць, што каля паловы наведнікаў з Ірану ўжываюць bluetooth – які на Захадзе выкарыстоўваецца для бяздротавага падлучэньня навушнікаў. У больш закрытых грамадзтвах тэхналёгія bluetooth выкарыстоўваецца для некантраляванай перадачы інфармацыі – напрыклад відэа – беспасярэдне з аднаго мабільнага тэлефона на другі.

Сп. Ях'янэжад кажа, што ён з калегамі падаў заяўку на грант Дзярждэпартамэнту для працы над праектам мадыфікацыі “сіняга зуба”, каб, напрыклад, відэафайл з кадрамі зьбіцьця дэманстранта аўтаматычна рассылаўся з тэлефона на тэлефон унутры “надзейнай сеткі”. Гэтая сыстэма больш абмежаваная, чым “інтэрнэт у валізцы”, аднак для яе патрабуецца толькі лёгкая мадыфікацыя софтвэру ў звычайных мабільных тэлефонах.

Паводле афіцыйных зьвестак, да канца 2011 году Дзярждэпартамэнт патраціць каля 70 мільёнаў даляраў на праекты абыходу афіцыйных сетак і падобныя тэхналёгіі.

Спадарыня Клінтан надае інтэрнэт-свабодзе надзвычайную ўвагу. Аднак Дзярждэпартамэнт асьцярожна абмежаваў сваю місію падтрымкай свабоды слова і правоў чалавека як такіх, у яе ня ўваходзяць спробы дэстабілізацыі аўтакратычных урадаў.

Аднак разьмежаваць гэтыя задачы бывае цяжка, кажа Клэй Шэркі, выкладчык Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту, які дасьледуе інтэрнэт і сацыяльныя сродкі інфармацыі. “Нельга сказаць: мы хочам, каб людзі маглі толькі свабодна выказвацца, а не скідаць аўтакратычныя рэжымы. Гэта ж фактычна тое самае”, – кажа Шэркі.

Ён дадае, што Злучаныя Штаты могуць быць абвінавачаныя ў крывадушнасьці, калі Дзярждэпартамэнт будзе працягваць падтрымку, маўклівую або адкрытую, аўтакратычным рэжымам у такіх краінах, як Саудаўская Арабія або Бахрэйн, тым часам распрацоўваючы тэхналёгію, якая б магла гэтыя рэжымы падарваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG