Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапелка: Міністэрства юстыцыі хоча адсеяць тых, хто не даспадобы


Павал Сапелка
Павал Сапелка
Павал Сапелка накіраваў у Канстытуцыйны суд Беларусі зварот з нагоды загаду Міністэрства юстыцыі пра пазачарговую атэстацыю адвакатаў.

Адпаведна з загадам Мін'юста ад 30 траўня 2011 году, да 5 чэрвеня дзеля гэтага павінны быць утвораны тэрытарыяльныя атэстацыйныя камісіі з прадстаўнікоў галоўных упраўленьняў юстыцыі, органаў адвакацкага самакіраваньня, дэпутатаў мясцовых саветаў, судоў і прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, паведамляе праваабарончы цэнтар "Вясна".

Былы адвакат Павал Сапелка адзначае, што гэты дакумэнт парушае і міжнародныя прававыя нормы, і нацыянальнае заканадаўства. Ён лічыць гэты крок Мін'юста чарговай спробай умяшаньня ў дзейнасьць незалежнага інстытуту адвакатуры і расправы з адвакатамі, якія прыйшліся не даспадобы.

Згодна зь дзейным заканадаўствам "атэстацыю адвакатаў праводзіць атэстацыйная камісія калегіі адвакатаў, якая прызначаецца прэзыдыюмам адпаведнай калегіі адвакатаў. Склад атэстацыйнай камісіі фармуецца зь ня менш як пяцёх кваліфікаваных адвакатаў, якія маюць стаж працы ў адвакатуры ня менш за пяць гадоў і не падлягаюць атэстацыі на дадзены момант". На гэтым фоне склад атэстацыйных камісій, прапісаны ў загадзе Мін'юста, не вытрымлівае крытыкі.

"Па-першае, усе сябры гэтых камісій, за выключэньнем адвакатаў, наўрад ці ў поўнай меры ўяўляюць усю спэцыфіку працы адваката. Па-другое, так ці інакш усе яны зьвязаныя з органамі ўлады і кіраваньня, і гэта, па сутнасьці, форма ціску на адвакатуру. Ужо сам факт узьнікненьня гэтай ідэі сьведчыць пра тое, што, відавочна, Міністэрства юстыцыі хоча нейкім чынам правесьці лёгкі перагляд сябраў калегій і, напэўна, адсеяць тых, хто зь нейкіх прычынаў прыйшоўся не даспадобы органам улады і кіраваньня, а магчыма, і судам.

Зараз — пасьля таго, як адбыліся вядомыя працэсы па справе 19 сьнежня, пасьля праверак, якія праводзіліся ў калегіях адвакатаў — Міністэрства юстыцыі, напэўна, хоча, як кажуць, адплаціць адвакатам "па заслугах", — адзначае Сапелка.

Павал Сапелка лічыць, што Канстытуцыйны Суд павінен даць ацэнку гэтаму загаду Мін'юста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG