Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Міжнароднага крымінальнага суду хоча арышту Кадафі


Муамар Кадафі
Муамар Кадафі
Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Луіс Марэна-Акампа зьвярнуўся да судзьдзяў з просьбай выдаць ордэр на арышт кіраўніка Лібіі Муамара Кадафі, паведамляюць сусьветныя прэс-агенцтвы.

Паводле Марэна-Акампы, існуюць “моцныя доказы”, што Кадафі “асабіста даваў загады атакаваць нявіннае цывільнае насельніцтва Лібіі”.

Акрамя Муамара Кадафі, пракуроры МКС таксама хочуць атрымаць ордэры на арышт сына лібійскага кіраўніка, Саіфа аль-Іслама Кадафі, і кіраўніка лібійскай выведкі Абдулаха аль-Сэнусі. Усіх трох пракуроры МКС падазраюць у злачынствах супраць чалавечнасьці.

Міжнародны крымінальны суд, які дзейнічае ў Гаазе з 2002 году, зьяўляецца першым міжнародным прававым інстытутам, які займаецца справамі генацыду, ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці на пастаяннай аснове.

Удзельнікамі МКС на дадзены момант зьяўляюцца 114 дзяржаваў, якія ратыфікавалі гэтак званы Рымскі статут 1998 году, на падставе якога суд быў створаны. МКС ня мае сваіх уласных паліцыйных сілаў і ў выпадку правядзеньня арыштаў разьлічвае на супрацоўніцтва краінаў-удзельнікаў. Лібія не належыць да МКС.

Да гэтай пары МКС выдаў ордэры на арышт 12 асобаў, у тым ліку на арышт прэзыдэнта Судану Амара аль-Башыра ў 2008 годзе ў сувязі з канфліктам у Дарфуры. Аль-Башыр стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, супраць якога былі выстаўленыя абвінавачаньні міжнароднага правасудзьдзя.

МКС дзейнічае толькі ў выпадках, калі дзяржава, на тэрыторыі якой было ўчыненае злачынства або грамадзянінам якой зьяўляецца падазраваны ў злачынстве, не жадае або фактычна ня можа правесьці расьследаваньне і выставіць абвінавачаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG