Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя вяртае сканфіскаваныя кампутары, але ня ўсе


У Берасьці супрацоўнікі міліцыі пачалі вяртаць аргтэхніку, сканфіскаваную падчас ператрусаў у актывістаў грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” ў траўні летась.

Сябра берасьцейскай філіі прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Алеся Гурына атрымала свой ноўтбук, які міліцыянты забралі 19 траўня летась. Яшчэ на мінулым тыдні міліцыянты Маскоўскага РАУС Берасьця паведамілі ёй, што яна можна забраць свой кампутар:

“У мінулы чацьвер я чакала званка з РАУС, але ніхто не тэлефанаваў. Празь дзень я даведалася, дзе знаходзіцца кампутар. Міліцыянты ж сказалі, што зь Менску ў Берасьце прыйшла канфіскаваная тэхніка і цягам дзесяці дзён яны знойдуць кагосьці, каму даручаць заняцца вяртаньне кампутара. Урэшце зь Мікалаем Каўшом, кіраўніком абласной арганізацыі АГП, мы прыйшлі ў Маскоўскі РАУС і мне вярнулі ноўтбук. Але кампутара АГП не знайшлі”.

Мікалай Коўш, кіраўнік абласной арганізацыі АГП, кажа, што толькі дзякуючы настойлівасьці Алеся Гурына атрымала назад свой кампутар:

"Нам дваім абяцалі вярнуць, бо мы тэлефанавалі і пісалі больш актыўна, чым астатнія. Таму мы ім надакучылі, і яны напісалі пісьмо, каб нам вярнулі. Маю надзею, што ў найбліжэйшы час і астатнім вернуць. Хаця нашага сыстэмнага блёка яны так і не знайшлі на складзе”.

Алеся Гурына кажа, што канфіскаваныя кампутары берасьцейскай філіі прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці наўрад ці будуць вернутыя ў хуткім часе. Міліцыянты і самі ня ведаюць, дзе тыя кампутары знаходзяцца:

“Сыстэмнага блёка, які быў канфіскаваны ў нашым офісе, няма цяпер на складзе. Невядома таксама і дзе іншыя старыя кампутары. Міліцыянты мне не змаглі на гэтае пытаньне адказаць".

Кіраўнік берасьцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Маслоўскі доўгі час ня можа атрымаць інфармацыю пра лёс канфіскаванай у офісе аргтэхнікі:

"Мы раней колькі разоў пісалі, нам жа адказвалі, што працягваецца сьледзтва і пасьля праведзеных дзеяньняў нам вернуць забраную тэхніку. Цяпер невядома, у якім стане знаходзіцца справа. Ніхто не адказвае".


Законы Беларусі не вызначаюць тэрміну, на які можна канфіскаваць тэхніку – усё залежыць ад акалічнасьцяў справы. Адказнасьць за захаваньне сканфіскаванага нясе Міністэрства фінансаў і тая дзяржаўная ўстанова, якая праводзіла канфіскацыю. Мінфін адказвае за захаваньне фінансава. А міліцыя (у дадзеным выпадку) нясе юрыдычную адказнасьць.

Ператрусы 19 траўня 2010 году прайшлі ў берасьцейскіх офісах РЭП, БСДПГ, а таксама ў кватэрах актывістаў кампаніі "Гавары праўду".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG