Расейцы перайшлі мяжу Ўкраіны ў Сумскай вобласьці, а таксама ўдарылі па Ровеншчыне

Расейская вайсковая тэхніка на Сумшчыне, архіўны здымак
Расейская вайсковая тэхніка на Сумшчыне, архіўны здымак

Украінскія вайскоўцы паведамляюць пра дзясяткі вывезеных у Расею жыхароў.

Расейскія войскі перайшлі ўкраінскую мяжу каля вёскі Грабоўскае ў Сумскай вобласьці на мяжы з Расеяй. Афіцэр Галоўнай управы сувязі Дзьмітро Ліхавы ў камэнтары для выданьня «Українська правда» паведаміў, што акупанты захапілі ў сяле больш за 50 мірных жыхароў і вывезьлі сілай у Расею.

Пераважна гэта людзі сталага веку, у тым ліку 89-гадовая жанчына. Амаль усе яны раней адмовіліся эвакуавацца з роднага сяла ўглыб Украіны.

Як сказаў Ліхавы, агулам у сувязі з расейскім наступам на Сумшчыне ўкраінскія ўлады прапанавалі эвакуавацца мсцовым жыхарам. Звыш 30 тысяч чалавек вывезьлі, а яшчэ 5700 адмовіліся. У ліку апошніх, хто застаўся, 38 дзяцей.

Міністэрства абароны Расеі пра Грабоўскае нічога не паведамляла, але напісала пра «вызваленьне» двух населеных пунктаў у Сумскай і Данецкай вобласьцях. Расейцы называюць «вызваленьнем» акупацыю ўкраінскіх тэрыторый і запярэчваюць удары па цывільнай інфраструктуры, гаворачы, што атакуюць толькі вайсковыя аб’екты.

Украіна раней неаднаразова паведамляла пра выкраданьне цывільных асобаў расейскімі вайскоўцамі. У Кіеве гэтьа лічаць парушэньнем Жэнэўскае канвэнцыі. У Расеі ўсе абвінавачаньні, у тым ліку ў выкраданьні дзяцей, адпрэчваюць.

Адначасна ў ноч на 21 сьнежня расейцы нанесьлі паветраны ўдар па Ровеншчыне. Пашкоджаны цывільны аб’ект. Адзін з працаўнгікоў аб’екту атрымаў лёгкія траўмы.

Паводзе Паветраных сілаў Украіны, за ноч зафіксавана 19 трапленьняў ударных бесьпілётнікаў па васьмі месцах.

​
XS
SM
MD
LG