Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗБС “Бацькаўшчына” сьвяткуе 20-годзьдзе



26 лістапада ў Менску адбудзецца ўрачыстая вечарына з нагоды 20-годзьдзя Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”.


Яшчэ ў 1990 годзе заснавальнікі “Бацькаўшчыны” заявілі амбітную мэту – аб'яднаць у адзіную супольнасьць усіх беларусаў, у якой бы краіне яны ні знаходзіліся. Сёньня арганізацыя аб'ядноўвае 135 беларускіх асяродкаў у 20 краінах сьвету.

У розныя гады “Бацькаўшчыну” ўзначальвалі знакавыя постаці беларускай незалежнасьці – пісьменьнік Васіль Быкаў, навуковец Радзім Гарэцкі, гісторык Анатоль Грыцкевіч, мастак Аляксей Марачкін.

Гаворыць кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская:
Мы прыйшлі да высновы, што неабходна працаваць тут, унутры Беларусі...


“Бацькаўшчына” працуе над узмацненьнем грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Вельмі шмат беларусаў, якія сёньня выяжджаюць, губляюцца для нашай краіны, таму што яны не належаць да беларускай культуры, яны ня маюць беларускай ідэнтычнасьці. Таму яны вельмі хутка асымілююцца і далучаюцца да іншых асяродкаў. Зь цягам часам мы прыйшлі да высновы, што неабходна працаваць тут, унутры Беларусі. У сувязі з гэтым у 2008 годзе мы пачалі працу з шэрагам грамадзкіх арганізацыяў, ініцыятываў Беларусі, над кампаніяй “Будзьма беларусамі”. Сёньня нас ужо нашмат больш”.

Ува ўсе гады сваёй дзейнасьці “Бацькаўшчына” патрапляла выконваць сапраўды гуманітарную ролю – яднаць людзей.

Лілія Плыгаўка, дырэктарка Цэнтру беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту:

“Калі чалавек апынаецца за межамі сваёй радзімы, ён заўсёды шукае сваіх, родных людзей. Калі ёсьць такі цэнтар, што дапамагае аб'ядноўвацца, дапамагае знаходзіць кантакты, гэта вельмі важна. Тое, што гэтая арганізацыя ўжо 20 гадоў выконвае такую місію, – гэта знак даверу, знак павагі”.

Старшыня Фэдэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расеі” Валеры Казакоў выкарыстаў магчымасьць прынесьці карысьць арганізацыі:
Мы з Адамам Мальдзісам працуем над даведнікам “Беларусы памежжа”...


“Каб зразумець, што гэта такое, мы з Адамам Мальдзісам працуем над вельмі сур'ёзным энцыкляпэдычным даведнікам “Беларусы памежжа”. І мы б хацелі слухачоў вашай папулярнай радыёстанцыі прасіць: у каго ёсьць якія зьвесткі, дасылайце нам. Нас цікавяць ня толькі самі постаці, але і гісторыі суполак, пра якія мы, можа, ня ведаем, выдавецтваў, якія існавалі ў гэтых памежных тэрыторыях”.

Найвялікшы сакрэт згуртаваньня – як захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць у глябалізаваным сьвеце. Тлумачыць Надзея Сычугова, прадстаўніца маладой генэрацыі руху:

“Вельмі важна быць адрозным. Мець магчымасьць размаўляць на некалькіх мовах – у тым ліку на ангельскай, на беларускай. І тым самым дэманстраваць сваю беларускасьць або беларускую ідэнтычнасьць. І “Бацькаўшчына” ў гэтым вельмі дапамагае”.

Узяць удзел ва ўрачыстасьці запрошаны сябры арганізацыі з розных краінаў сьвету.

“Мы чакаем беларусаў зь Беласточчыны, беларусаў зь Літвы і Эстоніі – нашых суседзяў. Вядома, беларусы з далёкага замежжа бадай што ня здолеюць”, – кажа Алена Макоўская.

26 лістапада ва ўрачыстай вечарыне прыме ўдзел міністар культуры Беларусі Павел Латушка. Віншаваць “Бацькаўшчыну” будуць гурты “Стары Ольса” і “Унія”, а таксама музыкі Алесь Камоцкі і Лявон Вольскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG