Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыскусію аб Беларусі ў Парыжы правакаваў Зюганаў


Генадзь Зюганаў
Генадзь Зюганаў
У Парыжы на паседжаньні Палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў чацьвер адбылося прамежкавае абмеркаваньне дакладу аб сытуацыі ў Беларусі, падрыхтаванага дакладчыцаю ПАРЭ Сынікаю Хурскайнэн.

На пачатку абмеркаваньня спадарыня Хурскайнэн прадставіла вынікі сваіх сустрэч, праведзеных у жніўні ў Менску. На паседжаньне былі запрошаныя чатыры асобы зь Беларусі: старшыня камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савету Рэспублікі Яўген Сьмірноў, карэспандэнт дзяржаўнай “Народнай газеты” Андрэй Бабок, кандыдат у прэзыдэнты, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі і намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Аляксандраў.

Дыскусія разгарнулася як паміж прадстаўнікамі Беларусі, якія прадставілі палярныя пункты погляду на сытуацыю ў краіне, так і паміж дэпутатамі ПАРЭ. Каталізатарам дыскусіі выступіў лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў, ахарактарызаваўшы Беларусь як краіну, што зрабіла надзвычайны прарыў у дэмакратызацыі. Зюганаву пярэчылі парлямэнтары з краінаў Заходняй Эўропы, заяўляючы, што працэсы ў Беларусі па-ранейшаму не адпавядаюць стандартам Рады Эўропы.

Сёньняшняе абмеркаваньне беларускай тэмы ў Парыжы не прадугледжвала прыняцьця выніковага дакумэнту.

Падвесьці вынікі дыскусіі мы папрасілі яе ўдзельніка Андрэя Аляксандрава:

“Як вынік я магу адзначыць, што вельмі шмат выступоўцаў з боку парлямэнтароў і, магчыма, некаму гэта падасца дзіўным, усе чатыры прадстаўнікі розных спэктраў беларускага грамадзтва і ўлады выказалі адзіную думку, што было б выдатна, калі б Беларусь далучылася да эўрапейскай сям'і народаў, увайшла нарэшце ў склад Рады Эўропы. Пры гэтым назіраецца розьніца ў падыходах, якім чынам Беларусь павінна ў Раду Эўропы ўвайсьці: ці мае Рада заахвочваць цяперашні рэжым, ці мае ўсё ж такі патрабаваць рэальных і незваротных зьменаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG