Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня верце мітам пра гаючыя прадукты


Экспэрты з эўрапейскага ведамства бясьпекі харчовых прадуктаў (EFSA) абверглі распаўсюджаны міт, нібыта гэтак званыя "жывыя ёгурты" паляпшаюць стан імуннай і стрававальнай сыстэмы чалавека. Адмыслоўцы вывучылі больш за 800 выпадкаў, калі вытворцы выхвалялі сваю прадукцыю — маўляў, яна надзвычай карысная — і прыйшлі да высновы, што інфармацыя пра ўнікальныя якасьці прабіётыкаў — то бок лякта- ды біфідабактэрыяў, якія ўтрымліваюцца ў гэтых кісламалочных прадуктах, — не адпавядае рэчаіснасьці.


Рэкляма ўзбагачаных на прабіётыкі ёгуртаў — трук вытворцаў

Як сьцьвярджаюць экспэрты EFSA, якія з ініцыятывы спажывецкіх арганізацый ЭЗ дасьледавалі ёгурты пэўных гатункаў і фірмаў, карысьць ад узбагачаных на прабіётыкі прадуктаў — усяго толькі рэклямны трук вытворцаў, якія жадаюць павялічыць продаж сваіх тавараў. Цяпер экспэрты правяраюць усе маркетынгавыя сьцьвярджэньні, якія гучаць у рэкляме, бо эўрапейскае заканадаўства яшчэ тры гады таму забараніла бяздоказна выкарыстоўваць у рэкляме калямэдычныя цьверджаньні пра гаючы эфэкт той ці іншай прадукцыі.

Тым часам, сьведчаць адмыслоўцы, прыкладна 30 мільёнаў эўрапейскіх спажыўцоў "купіліся" на рэкляму шэрагу фірмаў, кшталту францускай Danone і японскай Yakult, і паверылі ў тое, што ёгурт дапамагае "добрым" бактэрыям змагацца з "дрэннымі" і перамагаць іх. Дзякуючы рэкляме ёгурту шмат хто паверыў і ў тое, што гэты напой дапаможа схуднець да сусьветных стандартаў і займець фігуру, як у мадэлі. Сёй-той перакананы, што гэты напой спрыяе расслабленьню нэрваў і цягліц. Некаторыя нават вераць, што "жывы ёгурт" ратуе ад анкалягічных захворваньняў.

Аднак… Клінічныя дасьледаваньні 180 інгрэдыентаў, пазыцыянаваных вытворцамі ёгуртаў як аздараўленчыя, засьведчылі: у 10 зь іх наогул няма нічога карыснага, карысьць жа ад астатніх 170 — сумнеўная. Агулам экспэрты абверглі прыкладна дзьве траціны рэклямных заяваў.

Як сьведчаць навукоўцы, усе цудадзейныя лякта- ды біфідабактэрыі, трапіўшы ў арганізм чалавека, вельмі хутка гінуць там з-за бактэрыцыднага эфэкту кампанэнтаў сьліны, страўнікавага соку і жоўці.

Калі ж у ёгурце ўтрымліваюцца такія дадаткі, як цукар, араматызатары, кансэрванты, дык ён увогуле набывае шкодныя якасьці, бо спрыяе разьвіцьцю атэрасклерозу ці дыябэту.

Самыя карысныя з малочных напояў — кумыс ды кефір

Адначасна экспэрты EFSA прыйшлі да высновы, што абсалютны лідэр сярод малочных прадуктаў паводле карысьці для здароўя — кумыс. У тройку найбольш карысных напояў таксама ўвайшлі кефір ды ацыдафілін. Што да кісламалочнага (без дадаткаў) ёгурту, то ён займае толькі чацьвёртае месца, крыху апярэджваючы сыроватку і ражанку.

Як спадзяецца экспэрт Эўрапейскага ведамства бясьпекі харчовых прадуктаў Ёрг Ніс, пасьля гэтага дасьледаваньня спажыўцы, магчыма, цьверазей будуць успрымаць заявы пра цудадзейнасьць таго ці іншага прадукту.

Вядома, аматары кісламалочных прадуктаў могуць адчуваць сябе выдатна. Асабліва калі той жа ёгурт есьці на вячэру. Ён вельмі лёгка засвойваецца і, зразумела, перад сном ён нашмат здаравейшы, чым, прыкладам, каўбаса і смажаная бульба.

Іншая рэч, што ніводзін сучасны прадукт ня мае лекавых уласьцівасьцяў, а тым больш ня можа выступаць як адзіны ці нават асноўны складнік харчаваньня чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG