Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новалукомскі актывіст, якога пад прымусам завезьлі ў “псыхушку”, ужо на волі


Пасьля 15 дзён знаходжаньня ў Лепельскім псыхіятрычным шпіталі, куды яго пад прымусам даставілі міліцыянты, Пятро Баравік зноў гатовы зьбіраць подпісы за вылучэньне кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду.

50-гадовы жыхар Новалукомлю зьяўляецца чальцом ініцыятыўных груп Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева.

Неўзабаве пасьля таго, як ён даў згоду зьбіраць подпісы за вылучэньне гэтых патэнцыйных кандыдатаў, спадару Баравіку давялося трапіць у псыхіятрычны шпіталь. Па пошце ён атрымаў расьпячатаную капэрту, адкуль нейкім чынам зьніклі дакумэнты, датычныя стварэньня ініцыятыўнай групы Уладзімера Някляева. Пятро Баравік патэлефанаваў у міліцыю, запатрабаваў правесьці сьледзтва, а заадно і праверыць, ці няма ў капэрце радыёактыўных рэчываў.

Міліцыянты ўспрынялі гэтую прапанову не як жарт абуранага несправядлівасьцю чалавека, а як праяву ягонай псыхічнай хваробы. Спадара Баравіка завезьлі да псыхіятра ў Новалукомлі, які выдаў накіраваньне на прымусовую шпіталізацыю, а потым пад канвоем супрацоўнікаў міліцыі ён быў дастаўлены ў Лепельскі псыхіятрычны шпіталь.

15 дзён спадар Баравік правёў у шпіталі. Паводле ягоных словаў, лекары адкрыта казалі яму пра тое, каб ён перастаў займацца палітыкай — маўляў, інакш яго пакінуць у «псыхушцы» гадоў на сем.

Актывіст сьцьвярджае, што гэткімі пагрозамі яго не запалохаць. І пасьля выпіскі ён адразу далучыўся да кампаніі па зборы подпісаў.

Аляксей Гаўруцікаў, віцебскі каардынатар ініцыятыўнай групы Мікалая Статкевіча, які і накіроўваў спадару Баравіку лісты з дакумэнтамі, напісаў шэраг скаргаў наконт зьнікненьня дакумэнтаў і незаконнага ўтрыманьня новалукомскага актывіста ў псыхіятрычным шпіталі. Спадар Гаўруцікаў кажа, што Пятро Баравік сапраўды мае другую групу інваліднасьці па псыхічным захворваньні, але ў зносінах гэта цалкам адэкватны чалавек, які ўжо ня першыя выбары дапамагае зьбіраць подпісы за дэмакратычных вылучэнцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG