Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія праваабаронцы судзяцца з камунальнікамі


Калегія Магілёўскага абласнога гаспадарчага суду па разглядзе касацыйных скаргаў прыпыніла пастанову аб спагнаньні з Магілёўскага праваабарончага цэнтру 13 мільёнаў 658 тысяч рублёў запазычанасьці за арэнду сядзібы. Такую суму выставіла праваабаронцам камунальнае ўпраўленьне Ленінскага раёну Магілёва.

Праваабаронцы зьвярнуліся з абскарджаньнем ранейшай пастановы гаспадарчага суду, бо палічылі яе неабгрунтаванай. Іхняя арганізацыя, як яны сьцьвярджаюць, займаецца гуманітарнай дзейнасьцю, а значыць мае права на палёгку ў аплаце арэнды.

«У беларускім заканадаўстве аднак няма сфармуляваных крытэраў, якія вызначаюць гуманітарны складнік дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў. Камунальнікі з чыноўнікамі самі іх вызначаюць. Ад іх рашэньня залежыць, ці трапляе грамадзкае аб’яднаньне ў сьпіс з ільготным каэфіцыентам аплаты арэнды за сядзібу», — заяўляюць праваабаронцы.

Калегія гаспадарчага суду пастанавіла даслаць у Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці пры прэзыдэнце запыт, ці зьяўляецца Магілёўскі праваабарончы цэнтар гуманітарнай арганізацыяй. Пасьля гэтага яна вынесе свой канчатковы вырак.

Праваабаронцы аплачвалі арэнду па льготных расцэнках. Пра прэтэнзіі камунальнікаў, як яны сьцьвярджаюць, яны даведаліся напярэдадні суду, які адбыўся 10 жніўня. Недаплату камунальнікі вылічылі ад 24 красавіка 2008 году.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар утвораны ў 1998 годзе. Ён бясплатна аказвае юрыдычную й прававую дапамогу насельніцтву. Ад 2006 году арганізацыя ўваходзіць у камісію пры ўпраўленьні юстыцыі аблвыканкаму па назіраньні за месцамі пазбаўленьня волі ў рэгіёне. Камісію ачольвае сябра праваабарончага цэнтру. Няўрадавая арганізацыя актыўна ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG