Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Славяне


Удзельнічае этнакультуроляг Аляксей Дзермант, эфір 2 ліпеня 2009 году

Славяне — этнамоўная індаэўрапейская супольнасьць, да якой належаць баўгары, беларусы, лужычане, македонцы, палякі, расейцы, сэрбы, славакі, славенцы, украінцы, харваты і чэхі.

Беларусаў, найперш паводле таго, што іх мова зьяўляецца славянскай, звычайна далучаюць да славянаў. Але само паходжаньне славянскіх моваў, іх пашырэньне, славянская этнічнасьць на тле астатніх індаэўрапейскіх народаў ці не самая вялікая загадка. А тое, што беларусы — славяне, стала трывалым мітам.


Вячаслаў Ракіцкі
Аляксей Дзермант

Вячаслаў Ракіцкі: Найперш — пра паходжаньне славянаў. Чаму яно выглядае загадкавым і заблытаным?

Аляксей Дзермант: Адна з прычынаў, гэта тое, што славяне як апрычоны этнас зьявіліся на гістарычнай арэне пазьней за усіх сваіх суседзяў. Славянскія плямёны больш-менш надзейна атаесамляюцца са склавінамі і антамі, вядомымі ў бізантыйскіх крыніцах толькі з VI стагодзьдзя, гэта значыць, амаль на тысячагодзьдзе пазьней за балтаў, германцаў. Калі казаць пра ранейшы час, то паўстаюць вялікія праблемы з пошукам славянаў, славянскай прарадзімы і пэўных археалягічных культураў, зь якімі іх можна было б атаясаміць.

Ракіцкі: Але ж не маглі славяне проста зваліцца зь неба, пэўна ж, быў абшар, дзе мусілі сфармавацца славянскія мовы. І навукоўцы дасьледавалі гэта. Што цьвердзяць сёньня лінгвісты пра паходжаньне славянскіх моваў?

Дзермант: Так, сапраўды, такі абшар павінен быў існаваць, і лінгвісты даўно спрабуюць яго вызначыць з дапамогай уласнай мэтадалёгіі. І тут варта нагадаць адзін агульнапрызнаны факт — тое, што славянскія мовы паводле сваёй структуры ёсьць найбліжэйшымі да моваў балцкіх. Пры гэтым балцкія мовы ў параўнаньні са славянскімі вылучаюцца большай архаічнасьцю, а прыкладам, словы сучаснай літоўскай мовы могуць замяняць рэканструяваную праславянскую лексыку. Таксама было заўважана, што менавіта заходнябалцкая лексыка (пруская, ятвяская) найбольш падобная да славянскай. Зважаючы на гэта, шэраг аўтарытэтных лінгвістаў высунулі досыць пераканаўчую тэорыю пра тое, што праславянская мова разьвілася з пэрыфэрыйных заходнябалцкіх дыялектаў, і адбыцца гэта магло на поўначы і паўночным захадзе ад Карпатаў, там, дзе адначасна сустракаецца і балцкая, і архаічная, ужо уласна славянская, гідранімія.

Ракіцкі: А чаму праславянская мова адасобілася ад балцкіх дыялектаў?

Дзермант: Як мяркуецца, гэта было зьвязана з моцным уплывам іншых этнасаў. Бадай, найбольш выразны сьлед у славянскіх мовах пакінулі старажытныя іранцы, якія калісьці насялялі вялікія абшары ў Паўночным Прычарнамор’і. Гэты уплыў, відаць, быў нагэтулькі істотным, што адбіўся нават у сакральнай сфэры, прыкладам, індаэўрапейскае (і балцкае) слова dievas замяняецца іранскім бог, а ў кіеўскім пантэоне князя Уладзіміра агулам пераважаюць багі іранскага паходжаньня: Хорс, Семаргл, Стрыбог, Дажбог. Таксама імаверна іранскія этымалёгіі маюць этнонімы анты, харваты, сэрбы.

Ракіцкі: А зараз — да археалёгіі. Менавіта археалягічныя знаходкі даюць доказы, да якой культуры належыць той ці іншы этнас. Хіба не археолягі даказалі, што славянскія культуры маюць беспасярэдняе дачыненьне да Беларусі?

Дзермант: Так. Напрыклад, праская археалягічная культура лічыцца дакладна славянскай, і яе помнікі сустракаюцца на самым поўдні Беларусі. Нядаўна нават прайшла інфармацыя, што на Петрыкаўшчыне выяўленыя найранейшыя сьляды прысутнасьці славянаў, якія датуюцца IV векам. Але ж насамрэч гэтыя знаходкі, па-першае, адзінкавыя, па другое, трэба заўсёды памятаць, што матэрыяльная культура ня можа адказаць нам цалкам на пытаньні, якою моваю гутарыла насельніцтва, што пакінула тыя рэчы, якая ідэнтычнасьць і самасьвядомасьць у іх была. Тое самае тычыцца і яшчэ адной археалягічнай культуры, якую намагаюцца зрабіць першай праславянскай — кіеўскую культуру, пры тым, што многія аўтарытэтныя навукоўцы казалі пра яе балцкую атрыбуцыю. Часам складваецца уражаньне, што ў некаторых дасьледнікаў пануе дзіўная ўстаноўка — як найраней адшукаць сьляды славянаў, нейкіх міграцыяў з поўдня, тады факты пра уплыў з поўначы або тая ж разнастайнаю балцкаю фактура на паўднёвых помніках нібы і ня ўлічваецца. Такім чынам, толькі з дапамогай археалёгіі праблему паходжаньня славянаў ня вырашыць.

Ракіцкі: Як жа тады славяне або славянскія мовы здолелі пашырыцца?

Дзермант: Славяне, якія былі ўцягнутыя ў вялікае перасяленьне народаў, узаемадзейнічалі з рознымі этнасамі, але пакідалі ім сваю мову. Да вельмі цікавых вынікаў адносна пашырэньня славянскай ідэнтычнасьці прыйшоў дасьледнік Флярын Курта ў сваёй, можна сказаць, рэвалюцыйнай працы “The making of the slavs”. У дачыненьні да праскай культуры ён прапануе адмовіцца ад міграцыйнай мадэлі, мяркуючы, што культуры не мігруюць, мігруюць адно невялікія, мэтанакіраваныя падгрупы. У якасьці сродку “канструяваньня” этнічнай своесаблівасьці Курта разглядае пэўны набор упрыгожаньняў, зьвяртаючы ўвагу на тое, што такім чынам жанчыны, якія гэтыя ўпрыгожаньні выкарыстоўвалі аказваліся “праваднікамі” ідэі сацыяльнай самабытнасьці. Пры гэтым сам рэчавы набор ня быў спэцыфічна славянскім, але выкарыстаньне такіх артэфактаў магло быць спосабам уваходжаньня ў групу насельніцтва, вядомую бізантыйскім аўтарам, як славяне. Таксама сваю ролю ў пашырэньні славянскай мовы адыграла і рэлігія, бо ўжо з часоў Кірылы і Мефодзія славянская культура ішла поруч з царквою і пісьмовасьцю.

Ракіцкі: Вы ставіце пад сумнеў вялікую масавую міграцыю славянаў, у тым ліку, і ў Беларусь, аднак славянскія мовы маюць найбольшую колькасьць носьбітаў у Эўропе, і яны аб’ядноўваюць вялікі абшар, дзе людзі часам могуць проста зразумець адзін аднаго, нягледзячы на адрозьненьні. Ці можна на гэта забывацца?

Беларуская мова ўлучае нас у вялікі і цікавы сьвет славяншчыны.
Дзермант
: Вядома, забывацца ні ў якім разе нельга, дый гэта проста немагчыма. Сапраўды, у тым ліку беларуская мова ўлучае нас у вялікі і цікавы сьвет славяншчыны, таму было б недарэчнасьцю адпрэчваць гэты скарб, але тут важна зразумець іншае — у чым палягае этнакультурная адметнасьць, непаўторнасьць, самабытнасьць кожнага са славянскамоўных народаў. І тут аказваецца, што вынікае яна не ў апошнюю чаргу з даславянскага субстрату: балты ў Беларусі, іранцы ва Ўкраіне, фракійцы ў Баўгарыі, ілірыйцы ў Сэрбіі і Харватыі, кельты ў Чэхіі і г.д. Дарэчы, яшчэ ў 1950 годзе выбітны беларусазнаўца Вітаўт Тумаш казаў наступнае: “Калі філёлягі кажуць, што беларусы, украінцы і расейцы славяне, дык гэтым разумеецца, што яны належаць да славянскай моўнай сям’і, і гэта стопрацэнтная праўда. Але калі падыходзіць з антрапалягічнага боку, дык такое паняцьце будзе ўжо далёка не дакладнае. Антраполягі цьвердзяць, што нейкай адналітнай славянскай (як і раманскай ці германскай) антрапалягічнай сям’і сёньня не існуе, як не існуе сёньня і нейкага „тыпу“ славяніна. Што яны пра гэта думаюць, можна сабе ўсьвядоміць, калі паставім тыповага сэрба ці баўгара побач зь беларусам. Па мове беларус блізкі, як ведама, сэрбам ды баўгарам, і нават, хоць не бяз цяжкасьці, можа зь імі і згаварыцца. Але антрапалягічна, па усім сваім выглядзе ды сваім тэмпэрамэнце, ён будзе бадай бліжэйшы нават да скандынаўскага швэда ці нарвэга (ня кажучы ужо аб балцкіх літоўцах), як да балканскіх славянаў”.

Ракіцкі: Хіба этнічнасьць можна зьвесьці толькі да моўнай тыпалёгіі або актуальнага самаўсьведамленьня, якое таксама можа зьмяняцца пад узьдзеяньнем вонкавых чыньнікаў?

Дзермант: Безумоўна, не. Этнічнасьць апрача гэтага мае ўлучаць традыцыйную духоўную культуру, калі заўгодна, міт пра супольнае паходжаньне, уласную зямлю-Айчыну,
Беларусы належаць ня толькі да славянскага сьвету, але і да балта-скандынаўскага.
зь якой адчуваецца шматпакаленевая повязь, тутэйшыя формы матэрыяльнай культуры, пэўны стэрэатыпны набор вонкавых антрапалягічных характарыстык. Усё гэта ў комплексе і павінна задаваць пэўныя межы этнічнага космасу. Прызнаўшы гэта, можна проста спакойна ставіцца да таго, што беларусы належаць ня толькі да славянскага сьвету, але і да балта-скандынаўскага.

Ракіцкі: Зрэшты, гэта ўжо нават у энцыкляпэдыях запісана. Працытую толькі адзін сказ з артыкула “Славяне” ў энцыкляпэдычным даведніку “Беларусь”, выдадзенага ў 1995 годзе. Аўтарытэтныя вучоныя Іоў і Штыхаў пішуць: “Ва умовах інтэграцыі рознапляменнага славянскага насельніцтва, славянізаваных балцкіх і фіна-вугорскіх плямёнаў пачаўся працэс складваньня трох усходне-славянскіх народнасьцяў — беларусаў, рускіх і украінцаў”. Дык хто выступае праціўнікам гэтай тэзы? Каму так патрэбен міт, што беларусы чыстыя славяне? Хто на ім настойвае, нягледзячы на, ужо здавалася б, відавочнае, даказанае навукай?

Дзермант: Мабыць, гэта патрэбна найперш тым, каму замінаюць розныя там субстраты. Сапраўдным навукоўцам яны замінаць не павінны, значыць, замінаюць тым, чыім ідэалягічным і палітычным мітам гэта пярэчыць. Нядаўна ў кнізе колішняга дэпутата дзяржаўнай Думы Расеі, нібыта прысьвечанай этналягічным праблемам, я прачытаў, што балцкага субстрату ў беларусаў быць не магло, балтаў было мала, а славяне яшчэ і правялі іх генацыд. Ня трэба чарговым разам казаць, што дадзеныя розных навукаў ніяк гэта не пацьвярджаюць.

Ракіцкі: Міт пра беларусаў як выключна славянскую супольнасьць ёсьць прадуктам панславянскай ідэі?

Дзермант: Панславізм — гэта ідэалёгія, якая абвяшчае патрэбу палітычнага аб’яднаньня усіх славянаў. Пачаткова панславянская ідэя нарадзілася ў Чэхіі як рэакцыя на германізацыю, затым яна была падхопленая тымі народамі, якія ўважалі сябе за найбольш моцныя і значныя ў славянскім сьвеце — расейцамі і палякамі. Далей панславізм злучыўся з мэсіянскай ідэяй, ідэяй нейкай адмысловай духоўнасьці, якую маюць праваслаўныя славяне (найперш расейцы), а усе астатнія ня маюць. Адсюль апраўдвалася імпэрыялістычная палітыка Расеі ў дачыненьні да іншых славянскіх народаў.

Ракіцкі: Што дрэннага панславізм нясе беларускаму этнасу?

Панславізм для беларусаў нясе занядбаньне і ігнараваньне цэлага культурнага пласту, які мае неславянскае, балцкае паходжаньне.
Дзермант
: Панславізм для беларусаў нясе занядбаньне і ігнараваньне цэлага культурнага пласту, які мае неславянскае, балцкае паходжаньне. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да страты, вынішчэньня нашай адметнасьці і нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ніякая ідэя ня будзе трывалай, калі яна грунтуецца на хлусьні і скажэньні мінуўшчыны, па-другое, як можна заўважыць, панславянскі міт не прынёс нашаму народу вялікай карысьці, наадварот быў інструмэнтам у чужых рукох, якім рабілася вялікая шкода. У пэўных славянскіх народаў нарадзілася мэсіянская ідэя — зьбіраньне ўсіх славянаў, выпраўленьне славянаў сапсаваных і г.д. І такі кшталт місіі, не важна колькі яму гадоў — 3000 або 300 — будзе спрыяць толькі вынішчэньню культураў тых самых народаў. Таму, дарэчы, гэткай жа хлусьнёй і фальсыфікацыяй выглядаюць спробы зрабіць і зь Беларусі “пачатковую калыску славянаў”, “славянскую выратавальніцу” і г.д. Тыя, хто гэтак сьцьвярджае, проста ня ведаюць, або не хочуць ведаць праўдзівага аблічча сваёй зямлі.

Ракіцкі: Славянскі міт на нашай памяці стаў вельмі выразным інструмэнтам палітыкі. За часы найноўшай гісторыі мы шмат наслухаліся пра славянскае адзінства і ад беларускага кіраўніка Лукашэнкі, і ад ягоных калегаў у белакаменнай Маскве. Чаму найперш да гэтага міту яны апэлявалі, калі вырашылі будаваць нейкую саюзную дзяржаву — утварэньне, аналягаў якому чалавецтва ня ведала? І чаму толькі тры нацыі — беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў — называлі славянамі, а найбліжэйшыя беларусам палякі нібыта і не славяне?

Дзермант: Напэўна таму, што для палітыкаў існуюць славяне “правільныя” і “няправільныя”, маўляў, першыя — праваслаўныя, другія — каталікі. Або тыя, хто пайшоў на Захад, ужо нібыта і не славяне, а процістаяць ім павінны славяне, аб’яднаныя вакол Масквы. Рыторыка “усходнеславянскага” адзінства, вядомая яшчэ з “Аповесьці мінулых часоў”, здаецца, ад той пары была проста прыгожаю шыльдаю для палітычных гульняў. Дарэчы, у палітычных гульнях на падставе панславізму беларусы амаль заўжды цярпелі паразу.

У палітычных гульнях на падставе панславізму беларусы амаль заўжды цярпелі паразу
Ракіцкі
: А ці могуць быць важкімі этнічныя, расавыя, этнамоўныя аргумэнты ў сучасным глябалізаваным сьвеце, калі гаворка вядзецца пра палітыку, эканоміку? І ў працяг пытаньня — ці ёсьць увогуле нейкі патэнцыял, каштоўнасьць у славянскім міце, усьведамленьні сябе славянінам альбо кім-небудзь іншым?

Дзермант: Патэнцыял у этнічнасьці заўсёды быў і будзе. І нават у сёньняшнім постмадэрнісцкім сьвеце, дзе гэтая тэма становіцца ня надта зручнай, этнічнасьць ня зьнікне і яшчэ пакажа сябе. А для таго, каб гэта не адбылося стыхійна, ці адбылося без вялікіх наступстваў, трэба памятаць пра свае карані і шанаваць уласную традыцыю. Адсюль і вынікае, што нам ня трэба займацца стварэньнем штучных панславісцкіх ідэалёгіяў, рухаў і хаўрусаў, але варта проста кожнаму з нас актыўна шанаваць уласную мову, што дагэтуль застаецца мала вывучанай загадкай, як у славянскім, гэтак і ў балцкім ды індаэўрапейскім кантэксьц. І таксама не забывацца на тое, што нашы дзяды жылі тут задоўга да прыйсьця славянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG