Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Адам Глёбус, Павал Касьцюкевіч, Язэп Янушкевіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 13 сьнежня


ПАВАЛ КАСЬЦЮКЕВІЧ: “Я ВУЧУСЯ ЛЯКАНІЗМУ Ў ІЗРАІЛЬСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ”

Павал Касьцюкевіч вядомы ў Беларусі як адзін зь нямногіх на сёньня перакладчыкаў на беларускую з іўрыту. У нашай краіне выйшлі дзьве кнігі сучаснай ізраільскай прозы ў ягоных перакладах. Але сёньня падстава для сустрэчы з Паўлам адмысловая – у сэрыі “Кнігарня Наша Ніва” выйшаў зборнік ягоных уласных твораў. З аўтарам сустрэлася Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Павал, зборнік вашых апавяданьняў называецца “Душпастырскія спатканьні для дачнікаў”. Ці ня надта сьмела для дэбютанта?”

Павал Касьцюкевіч, фота «Наша Ніва»
Павал Касьцюкевіч:
“Гэта я ўбачыў такі надпіс у Лунінцы на дзьвярах касьцёлу. Мне ён надта спадабаўся, і я падумаў – вось яна, назва, якую я доўга шукаў”.

Аксак: “Вы падзялілі сваю кніжку на чатыры часткі: 1) апавяданьні для мужчынаў; 2) апавяданьні для жанчынаў; 3) нутраная адысэя; 4) (жызн.). Цікавы падзел. Чым кіраваліся, робячы яго?”

Касьцюкевіч: “Над кніжкай працавалі як мужчыны, так і жанчыны, між якімі было шмат спрэчак пра тое, якое апавяданьне ставіць першым, другім трэцім... Жанчыны казалі: “Менавіта гэта, гэта!” Мужчыны казалі: “Ды вы што? Першым паставім пра футбол ці яшчэ якія іншыя мужчынскія рэчы!” Я падумаў тады, што трэба апавяданьні разьвесьці на мужчынскія і жаночыя. Так узьніклі два першыя разьдзелы. Трэці – гэта аповесьць, якая нідзе не друкавалася. Яна адметная ўсім. І, можа быць, яе і ня варта было ўключаць у кнігу, але хто ведае, ці будзе яшчэ ў мяне новая кніга. Чацьвёртае апавяданьне не падыходзіла ні да жаночага, ні да мужчынскага разьдзелу, таму што ў ім мне хацелася расказаць проста пра жыцьцё. Яно менш бэлетрыстычнае, а больш праўдзівае”.

Аксак: “І так узьнік новы жанр – “жызн.”?”

Касьцюкевіч: Сапраўды, так я пазначыў яго жанр –“ жызн.”

Аксак: “Вашы апавяданьні выгадна вылучаюцца на тле сучаснага айчыннага прыгожага пісьменства лёгкім стылем, неверагоднымі, нават казачнымі сюжэтамі і ляканічным аб’ёмам. Здаецца, усяму гэтаму вы навучыліся ў папулярнага ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта, кніжка якога выйшла ў вашым перакладзе летась у Беларусі. Ці я памыляюся?”

Касьцюкевіч: “Сапраўды, я вучыўся гэтаму ў Керэта, але ня толькі ў яго. Ізраільская літаратура менавіта і вылучаецца тым, што ў Ізраілі называюць “на адной назе”. Гэты выраз азначае – пра самае галоўнае коратка. Самы цымус – выкласьці ў некалькіх словах, каб чытача не расхалоджваць. Умясьціць тэкст у тысячу, прыкладам, словаў”.

Аксак: “Героі вашых твораў – жыхары Беларусі і Ізраілю, дзе вы пераважна і напісалі гэтую кнігу, падглядзеўшы, так бы мовіць, іх паводзіны. Наколькі аўтабіяграфічная гэтая кніга?”

Касьцюкевіч: “Спадзяюся, што не аўтабіяграфічная. Канечне, жыцьцёвы досьвед паўплываў на яе зьмест, але ўсё ж я спрабаваў, як і кожны пісьменьнік, выдумляць свой сьвет. Хаця праглядаюцца пэўныя біяграфічныя моманты, дый немагчыма, мабыць, пісаць пра зусім адцягненыя рэчы”.

Аксак: “Напрыклад, як у апавяданьні “Сэрца танка” – дэтэктыўная гісторыя з досьведу вашай працы ў ахове ізраільскага прэм’ер-міністра...”

Касьцюкевіч: “Так, была такая гісторыя з экскурсантамі з былога Савецкага Саюзу. Гэта людзі, можна сказаць, зь іншага палітычнага блёку, бо падчас халоднай вайны Ізраіль быў не на тым баку, дзе СССР. Дык вось, яны прыехалі і ўбачылі свае танкі, а ім сказалі, што гэта танкі іхніх ворагаў, то бок тых, хто ваяваў на баку арабскіх краінаў. І ў гэтых экскурсантаў склаўся ў душах такі глыбокі дысананс, што адбыўся скандал, які і лёг у аснову апавяданьня “Сэрца танка”.

Аксак: “Так, здаецца, атрымалася і з апавяданьнем “Адпачынак – гэта...”, героі якога беларусы? Яны так праглі хутчэй патрапіць на мора, якога ня маюць на радзіме, што не даехалі дваццаць кілямэтраў да яго і пачалі купацца ў прыдарожным возеры...”

Касьцюкевіч: “І гэтая гісторыя праўдзівая. Я ехаў у аўтобусе з прадстаўнікамі ўсіх рэспублік былога СССР. Экскурсаводка кажа: “Да мора яшчэ дваццаць кілямэтраў. А зараз я замаўкаю”. Усталявалася цішыня, і толькі з задніх сядзеньняў былі чуваць словы са знаёмым вымаўленьнем “р”, “ч”, “ш”. Я азіраюся – там сядзяць чатыры чалавекі ўжо ў плаўках. Высьветлілася – беларусы. З гэтага нарадзілася апавяданьне”.

Аксак: “Вам цяпер 29 гадоў, дзесяць зь якіх вы пражылі ў Тэль-Авіве. У інтэрвію “Нашай Ніве” летась вы сказалі, што ў Ізраілі хочаце быць беларусам, а калі прыяжджаеце сюды, то пачынаеце задумвацца, ці трэба гэта вам. І назвалі сябе прадстаўніком таго пакаленьня, якое ня мае сваёй краіны. Але колькі месяцаў таму вы вярнуліся ў Беларусь. Што зьмянілася?”

Касьцюкевіч: “Нічога не зьмянілася. Працягваюцца пошукі радзімы. Што будзе далей, ня ведаю. А глядзець на радзіму можна і крытычна, я думаю, і выказваць свае думкі ўслых, бо шмат у чым ня згодны з радзімай”.

Аксак: “Ці знаходзіце вы ў Беларусі сюжэты для сваіх новых апавяданьняў? Наогул, як вам тут пішацца і перакладаецца?”

Касьцюкевіч: “Паколькі я працую ў “Нашай Ніве”, то пішуцца артыкулы. Журналісцкае жыцьцё з галавы вымятае ўсё, апроч пільных, важных штодзённых справаў, не пакідаючы для апавяданьняў нічога”.

Аксак: “А ці пусьцілі ўжо карані ў беларускую глебу?”

Касьцюкевіч: “На гэта адкажу нядаўняй показкай-быльлю. Калі быў футбольны матч “Беларусь-Ізраіль”, то за некалькі дзён да яго па ўсім мэтро наляпілі плякацікі “Болеем за наших”. Але празь дзень паўзьверх іх наляпілі новыя – “Болеем за Беларусь”. Удакладнілі, так бы мовіць”.

АЎТАР І ТВОР

АДАМ ГЛЁБУС: “У ІНТЭРНЭТ-ПРАСТОРЫ ЎСЕ ПІСЬМЕНЬНІКІ РОЎНЫЯ”

Адам Глёбус
Адам Глёбус выпрабаваў сябе ў шмат якіх літаратурных жанрах. Ён аўтар паэтычных і празаічных зборнікаў, ён пісаў казкі і тэксты для моладзевых рок-гуртоў, ён выдаў скандальныя кнігі міні-партрэтаў сваіх сучасьнікаў і эратычных апавяданьняў, пісаў працягі да тэлесерыялаў і афарызмы. А сёлета, перасягнуўшы пяцідзесяцігадовую мяжу, пісьменьнік задумаў стварыць мастацкі летапіс свайго роднага мястэчка. З летапісцам Койданава-Крутагор’я ў “Доме літаратара” спаткаўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Адам, 2008 год быў для цябе юбілейным – ты адзначыў сваё пяцідзесяцігодзьдзе. Прычым, у дзень юбілею знаходзіўся за мяжой. А які самы незвычайны падарунак чакаў цябе ў Беларусі?”

Адам Глёбус: “Унук чакаў. Мяне вельмі пацешыла, што мяне сустрэў унук Вова Адамчык з кветкамі ў руках. Мне гэта было вельмі прыемна”.

Скобла: “Ты шмат падарожнічаеш па замежных краінах. Дзе табе добра пішацца?”

Глёбус: “Мне падабаецца пісаць дзе-небудзь у бары на ўзьбярэжжы мора, у Барселоне. Але нават у барселонскім бары я застаюся беларускім пісьменьнікам. Таму што беларускі пісьменьнік – гэта той, хто піша па-беларуску, а ня той, хто фізычна знаходзіцца ў БССР ці ў Рэспубліцы Беларусь. І гэта вельмі важна, я хацеў бы падкрэсьліць: беларускі пісьменьнік – гэта той, хто піша толькі па-беларуску. Пра Беларусь”.

Скобла: “Апрача бару ў Барселоне дзе яшчэ прыходзіць натхненьне?”

Глёбус: “У сваёй майстэрні. Я там пішу карціны і апавяданьні”.

Скобла: “А ты пішаш на кампутары?”

Глёбус: “Апошнім часам – так. Я запісваю, раблю накіды, занатоўваю тыя думкі, якія баюся згубіць. Часам прыйдзе ў галаву добрая думка, здаецца – не забудзеш яе, а назаўтра ніяк ня можаш успомніць. Пішу на кампутары, таму што сучасны пісьменьнік мусіць працаваць у рэальным часе з рэальным чытачом – онлайн. Сучасны пісьменьнік працуе трохі іначай, чым традыцыйны пісьменьнік, чым мы з табой працавалі дзесяць-пятнаццаць гадоў таму. І што яшчэ істотнае – у інтэрнэце ёсьць момант роўнасьці. І пачатковец, і сталы пісьменьнік у інтэрнэт-прасторы знаходзяцца ў роўных умовах. Інтэрнэт не прызнае, ці ты заслужаны дзеяч, ці не заслужаны, далі табе Нобэлеўскую прэмію, ці не далі, выдаў ты ўласны збор твораў, ці напісаў адзін верш. У інтэрнэце ўсе пісьменьнікі роўныя. І ты там мусіш увесь час напружвацца, каб пераканаць чытачоў у сваім таленце”.

Скобла: “Сёлета споўнілася і яшчэ адна дата – 75 гадоў зь дня нараджэньня твайго бацькі Вячаслава Адамчыка, якога вось ужо сем гадоў няма сярод нас.

Ці ўплываў ён на цябе як літаратар?”

Глёбус: “Сьмерць – зьява цяжкая, асабліва сьмерць блізкага чалавека, асабліва сьмерць бацькі. Калі б у мяне была такая магчымасьць – кагосьці вярнуць да жыцьця, ахвяраваўшы чым заўгодна ў гэтым сьвеце, я вярнуў бы бацьку. Яго мне страшэнна не хапае. Каб неяк кампэнсаваць гэтую страту, я займаюся выданьнем бацькавых дзёньнікаў. Мы ў інтэрнэце зрабілі старонку, дзе публікуем гэтыя дзёньнікі без купюраў”.

Скобла: “Я чытаў гэтыя дзёньнікі. А ў цябе не ўзьнікала думка, што, публікуючы іх без купюраў, ты нажываеш ворагаў бацьку пасьмяротна?”

Глёбус: “А яны ніколі сябрамі не былі, гэтыя людзі, якіх бацька згадвае ў дзёньніках. Каб яны былі сябрамі, і я зьняважыў бацькавых сяброў, – тады іншая справа. А яны і пры жыцьці былі яму не сябрамі, а ворагамі. Я лічу, што бацька мае ўнікальную магчымасьць яшчэ і пасьля сьмерці сказаць нікчэмнасьці, што яна – нікчэмнасьць, бяздарнаму палітыку – што ён бяздарны палітык. Праўда вышэй за ўсё”.

Скобла: “Яшчэ ў 1995 годзе дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура” выпусьціла першы том трохтомавіка Вячаслава Адамчыка. На гэтым справа і спынілася. А ты не адчуваеш сваім абавязкам, як сын і выдавец, давыдаць бацькаў збор твораў, паколькі відавочна, што на дзяржаву тут спадзявацца ня варта?”

Глёбус: “У тым і справа ўся, што дзяржава, якая пачала выдаваць трохтомавік, зрабіла першы том так кепска, што працягваць выданьне ў мяне няма аніякага жаданьня. Выдаць збор твораў бацькі – я мару пра гэта. Як і выдаць дзёньнікі адной кнігай. Магчыма, з камэнтаром. Я таксама хацеў бы выдаць том бацькі ў сэрыі “Беларускі кнігазбор”. Анатоль Сідарэвіч паабяцаў напісаць да яго прадмову. Вось гэта мяне цікавіць. А працягваць выдаваць трохтомавік, распачаты “Мастацкай літаратурай”, мне нецікава”.

Скобла: “Якія культурныя падзеі 2008 году табе запомніліся?”

Глёбус: “Хай сабе гэта прагучыць суб’ектыўна, але мяне вельмі парадавала навіна, што мая знаёмая Віка выйшла замуж за аманскага прынца, і цяпер яна прынцэса Аль-Шабіб. Для мяне гэта таксама і культурная падзея, таму што Віка з прынцам купілі ў мяне пяць карцінаў”.

Скобла: “І зьвезьлі іх у Аман?”

Глёбус: “Не, яны зьвезьлі іх у Парыж. Можа, там мае творы ня згубяцца. Што тычыцца іншых падзеяў, то гэты год быў для мяне адзначаны выхадам паэтычных анталёгій. 2008-ы быў годам, багатым на добрыя анталёгіі. Мы цяпер не раскідаем камяні, а зьбіраем. У Польшчы і Літве выйшлі анталёгіі сучаснай беларускай паэзіі. І некалькі цікавых анталёгій выйшла ў нас на радзіме. Думаю, што прэмію “Залатая літара”, якую я штогод прысуджаю за лепшую кнігу году, атрымае адна з анталёгій”.

Скобла: “Над чым сёньня працуе пісьменьнік Адам Глёбус?”

Глёбус: “Пішу кнігу “Крутагорскія казкі”. Калісьці я выдаў кнігу апавяданьняў “Койданава”, гэткі своеасаблівы раман у апавяданьнях пра месца, дзе я нарадзіўся. І раптам я ўбачыў, што тое Койданава ад мяне аддаляецца, я ўжо ня бачу свае радзімы такой рэалістычнай, як раней. Койданава мне сёньня бачыцца далёкім і казачным. Таму яно ў мяне цяпер ня Койданава, а Крутагор’е. Я вяртаю назву, якую насіла наша мястэчка даўным-даўно, перад тым, як стаць Койданавам.

АДАМ ГЛЁБУС. КРУТАГОРСКІЯ КАЗКІ

Шэры сабака

У Чэся Тарнагурскага быў люты сабака. Чэсь пасадзіў на ланцуг маленькага шчанюка і выгадаваў злосную звяругу памерам з ваўка. Сваім зьверам Тарнагурскі вельмі ганарыўся і выхваляўся. Пад Новы год у доме Тарнагурскіх здарыліся госьці. Гаспадар, як заўжды, пачаў хваліць свайго сабаку-ахоўніка. Ясь Калечыц сказаў Тарнагурскаму, што зараз выйдзе на двор, а сабака нават ня гаўкне. Паспрачаліся Чэсь зь Ясем на бутэльку каньяку. Калечыц выйшаў на ганак, сабака ўскінуўся, стаў на заднія лапы і вясёла заматляў воўчым хвастом. Калечыц пагладзіў сабаку па галаве і вярнуўся за сьвяточны стол. Чэсь спахмурнеў. Ясь сказаў, што бутэльку ён ня будзе спаганяць, і яшчэ сказаў, што бачыць у Чэся чорны намер – застрэліць сабаку-здрадніка. Тарнагурскі нават не спрачаўся з Калечыцам, бо сапраўды хацеў прыстрэліць зьвяругу. Ясь узяў з Чэся слова, што той не заб’е сабаку. Чэсь слова даў. Гадзіньнік паказаў дванаццаць, і госьці з гаспадарамі выпілі за Новы год

Чырвоны гэблік

Адбылася тая містычная драма ў доме Шотаў. Стары Шот займаўся сталярствам, меў ён добрую майстэрню, дзе рабіў мэблю. Ні сыны Паўлюка Шота, ні ўнукі ягоныя вучыцца сталярнай справе не захацелі, а як толькі стары Шот выправіўся ў іншасьвет, папрадавалі ягоныя інструмэнты. Прадавалі ўсё танна, абы прадаць, абы хто даў хоць нейкую капейчыну. На Дзяды старэйшаму з сыноў прысьнілася, што бацька прыйшоў да яго з могілак і папрасіў Чырвоны гэблік. Мужчына нават у сьне памятаў: нябожчыку нельга нічога даваць. Таму сын і адмовіўся даць роднаму бацьку яго любімы Чырвоны гэблік. Паўлюк Шот раззлаваўся і сказаў, што сам забярэ гэблік. Сказаў, забраў і сышоў. Праз тыдзень раптоўна памёр самы малодшы ўнук старога Шота. Людзі казалі, што стары Паўлюк забраў малога да сябе, бо няўдзячныя дзеці моцна зьняважылі яго, калі пасьпешліва разбурылі майстэрню.

Белае вуха

Новую школу пабудавалі каля старых могілак. Тамака працаваў настаўнікам Казімер Сачко. Вучыў ён хлопцаў з мэталам працаваць. Вучням так падабалася сьлясарыць, што яны сьлясарны гурток арганізавалі. Усім крутагорскім хлопцам хацелася мець свой уласны нож. Дзе ты яго зробіш, калі не ў майстэрні? Заседжваліся хлопцы ў школе да самай ночы. Аднойчы вучні ўбачылі за вакном Белае вуха. Чалавека не відаць, адно вуха вісіць у паветры і нібыта прыслухоўваецца. Хлопцы станкі павыключалі, прыслухаліся: музыка з могілак далятае. Страшна, але пайшлі хлопцы да старых могілак і пабачылі, як каля плота пад ціхую плаўную музыку ў паветры плаваюць часткі людзей – нага, палец, сэрца, вока, нос… Кінуліся хлопцы ўцякаць, прыбеглі да настаўніка свайго, Казімера Сачко, і распавялі пра Белае вуха і музыку на старых могілках. Настаўнік сказаў, што некалі даўно за старымі могілкамі вайскоўцы пазабівалі невінаватых людзей. Кроў тых невінаватых ніяк супакоіцца ня можа, вось і выходзіць яна раз у дзесяць гадоў зь зямлі на паветра і танчыць пад ціхую музыку.

Рудыя чарты

Журналіст газэты “Сьцяг Крутагор’я” зьезьдзіў у доўгую камандоўку. Вярнуўся ён з падарункамі, пачастункамі і віном. За сьвяточна прыбраным сталом жонка і спыталася ў мужа-вандроўніка: “Сама ня ведаю чаму, а захацела даведацца… У Жыроне ты чартоў бачыў?” – “Бачыў!” – “Якія яны – тамтэйшыя гады?” – “Поўсьць на іх кароценькая, чорная і бліскучая, вочы вялізныя, жоўтыя, зубы рэдкія і крываватыя, самі худыя, хвасты тонкія і без кутасоў. Гадкія яны, як памыйныя каты. З нашымі тутэйшымі Рудымі чартамі не параўнаць. Нашы, канешне, кудлатыя і нячэсаныя; але, калі іх з шампунем памыць, калі іх расчасаць – ільвы!”

Шэрая праўда

У шэрым-шэрым горадзе,
Дзе людзі людзям – ворагі.
На шэрай-шэрай вуліцы,
Дзе дом да дому туліцца.
У шэра-шэрай кватэры
Ёсьць шэра-шэрыя дзьверы.
Там, за дзьвярыма, стаіць шкілет.
Ён ведае праўду пра гэты сьвет.
Пайдзі на тую вуліцу,
Дзе дом да дому туліцца,
Там у шкілета ты праўду спытай.
Шкілет табе скажа: “Аддай!
Аддай маё сэрца! Аддай!”

Электрык

Вясковы электрык запойна піў,
Валяўся і спаў на траве.
Запойны электрык русалку забіў,
Каменем па галаве.
Замоўклі пташкі, заціхлі зьвяры…
Электрык агонь расклаў,
З тоўстай русалкі ён юшку зварыў,
Паеў, што ня зьеў, закапаў.
Сыты электрык узьлез на слуп,
Глянуў на вёску сваю,
Падумаў: “Харошы быў сёньня суп!
А вёску я ўночы спалю…”

КРЫТЫКА

Язэп ЯНУШКЕВІЧ: ТАКІЯ КНІГІ ПАВІННЫ ВЫДАВАЦЦА НА РАДЗІМЕ

Язэп Янушкевіч
Небыцьця не існуе: Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху / Укладаньне, уступныя тэксты, камэнтары i карэктура: Андрэй Вашкевіч i Сяргей Токць. Гародня-Wrocław , 2008. – 240 стар.

Такія кнігі павінны выдавацца на Бацькаўшчыне. Слынная ўжо сэрыя «Гарадзенская бібліятэка», што выдаецца над патранатам Аляксандра Мілінкевіча, лідэра руху «За Свабоду», і каардынуецца Паўлам Мажэйкам, падаравала чытачам чарговы томік – “Небыцьця не існуе: невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху». У падзагалоўку, бадай што, не хапае азначэння, пра каго пэрсанальна гэтая кніга. Імя тое было б нялішнім, каб адразу замацоўвалася ня толькі ў памяці чытачоў, але трапляла і ў анатацыйныя бібліятэчныя каталёгі.

Так, імя Пятра Сяўрука (1905–1929) выплыла зь нябыту толькі ў гады перабудовы. Адным зь першых публічна і годна згадаў пра яго народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль («Полымя», 1986. № 10). Загаловак часопіснай публікацыі «З рукапісаў, якія не гараць» клясычна дапасаваўся да спадчыны юнака, пра якога ў далёкія 1920-я гады ведалі на Скідзельшчыне і ня толькі. Не пасьпеўшы пазнаёміцца з П.Сяўруком асабіста, Янка Брыль, бясспрэчна, нямала дазнаўся пра яго, калі ў 1937 годзе прыехаў у Скідзель роварам ажно з-пад Карэлічаў. Бо слава пра скідзельскі гурток Таварыства беларускай школы, адным з заснавальнікаў якога быў Пётр Сяўрук, ішла па ўсёй Заходняй Беларусі.

Родная мова ўяўлялася Сяўруку кутнім каменем падмурка незалежнасьці для маладой беларускай нацыі. Артыкулам «Мова і нацыя», дасланым Пятром са Скідзеля Антону Луцкевічу ў лютым 1924 году, і пачынаецца першы разьдзел кнігі «Публіцыстыка»: «Той, хто борацца за вызваленьне i права задушанай i выгнанае мовы, – робіць вельмі добрую рэч. Калі чала¬век адракаецца ад свае нацыі, ад свае мовы, дык ён утраціць чыстату свае споведзі i загубіць сваю душу. Ягоная гутарка ня будзе адбіваць ягонае душы, гэтакім чынам ўсё чалавечае, – гэта значыць чыстата душы, магчымая пры споведзі, – у ім загіне. У наш час пры сучасных варунках, каб чалавек быў чалавекам, ён павінен зьберагчы асаблівасьці сваёй нацыі, гэта значыць асаблівасьці свае мовы».

«Я не зьяўляюся літаратурным крытыкам i мне цяжка ацаніць літаратурныя вартасьці паэзіі i прозы П.Сяўрука» – прызнаўся ў прадмове да зборніка прафэсар Варшаўскага ўнівэрсытэту Ежы Тамашэўскі. Але ў тых творах, што ацалелі, П.Сяўрук засьведчыў свае паэтычныя здольнасьці. Ягоныя пачуцьці афарыстычна замкнёныя ў кароткія чатырохрадкоўі:

Беларусь! Ты мой край дарагі,
Я тваім хараством зачарованы.
І хацеў бы, каб лёс твой благі
Спаліць думкай сваёю агнёвай.

Празаічныя абразкі-апавяданьні «Тайна маны», «Гісторыя аднае сьмерці», «Споведзь безьзямельнага» сьведчаць пра майстэрства Сяўрука як празаіка: «Прайшоў год пасьля сьмерці Сідара i зьвязаных зь ею падзей. Яўхім жыў як даўней, хаця часта ўздыхаў. A інагды тупа туманіла вочы, i дзьве сьлязы, быццам дзьве каплі срэбра, сьцякалі па барадзе i падалі на зямлю. Зямля, зямля! Палічы, сколькі гэткіх спакойных сьлёзаў паглынула ты, сколькі бурнае крыві схавала ты? («Тайна маны»). Гэта напісана ў час, калі наш волат Кузьма Чорны яшчэ ня меў аўтарскай кнігі апавяданьняў! Калі палова насельніцтва Беларусі толькі-толькі павярнулася з галоднага Паволжа на Радзіму. «Беларусь належала да найбольш зьнішчаных краінаў Эўропы з найбольшымі людзкімі стратамі, – піша ў прадмове Ежы Тамашэўскі. – Гінулі людзі, якія памяталі мінулае. Гарэў набытак, а зь ім i паперы. Вярнулася савецкая ўлада, пры якой нават згадваць аб нацыянальных дзеячах было небясьпечна; лепш было заціраць памяць, нішчыць дакумэнты.

Але, нягледзячы ні на што, адшукваюцца сёньня сьведчаньні пра людзей, якія ва ўласнай вёсцы ці мястэчку спрычыніліся да таго, каб беларуская культура, бацькоўская мова не загінулі насуперак усім перашкодам. Шкада, што знаходзяць ix няшмат, але тым большы гонар для тых, хто гэтыя сьведчаньні захаваў, а таксама вучоным, якія адшукалі ix уладальнікаў, пераканалі ix у каштоўнасьці ўсяго беларускага».

Гэтымі годнымі навукоўцамі, што адпрацавалі за палову акадэмічнага інстытуту, сталі ўкладальнікі кнігі: гарадзенскія гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Сяргей Токць. Ім шчырая падзяка ад будучых удзячных чытачоў. Зь віленскіх, гарадзенскіх і прыватных архіваў (тут найперш варта згадаць пляменьніцу Сяўрука Маргарыту Францаву) яны дасталі на белы сьвет ня толькі празаічныя ды вершаваныя ўзоры творчасьці Сяўрука, але і ягоны дзёньнічак, напоўнены філязофскімі развагамі.

Усё на зямлі мае прычынна-залежную повязь… У далекаватым ужо 1995 годзе, уступаючы ў Саюз пісьменьнікаў, я міжволі зьвярнуў увагу на сталага калегу, якога прымалі разам са мною. Пазнаёміліся: «Журналіст Мікола Дзелянкоўскі». І вось толькі цяпер, пішучы радкі пра чарговы томік з «Гарадзенскай бібліятэкі», выявілася, што М. Дзелянкоўскі – сястрынец Пятра Сяўрука (сын малодшай ягонай сястры Надзеі), гадаваўся ў той хаціне, дзе жыў скідзельскі філёзаф. Пасадзіўшы на калені малога Міколку, дзед Ясь тлумачыў яму перад партрэтам: «Гэта мой сын, твой дзядзька Пеця... Памёр ён ад сухотаў. Малады яшчэ быў. Але разумны. Пісьменьнікам стаў бы…»

Такім пісьменьнікам стаў ягоны наступнік Мікола Дзелянкоўскі.

У прадмове «Пётр Сяўрук і сучаснасьць» прафэсар зь Беластоцкага ўнівэрсытэту Яўген Мірановіч трапна акрэсьліў выключнасьць скідзельскага філёзафа: «Чалавек фармату Пятра Сяўрука – рэдкасьць у гісторыі беларускага руху. Праўда, шмат хто з выдатных прадстаўнікоў беларускага народу зрабіў значна больш за Сяўрука, але ніхто зь ix не атрымаў ад лёсу так мала часу на выкананьне сваёй жыцьцёвай місіі. Пётр Сяўрук пражыў усяго 24 гады. У такім узросьце ў нармальны час большасьць толькі пачынала адчуваць патрэбу далучэньня да грамадзкай ці палітычнай дзейнасьці».

Што ж, няхай цяпер, апасродкавана, Пётр Сяўрук дапамагае маладзейшаму пакаленьню верыць у «ідэю нацыянальнай незалежнасьці». І быць у тым – непахіснымі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG