Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пуцін ідзе на саступкі Лукашэнку?


Гэтая навіна цягне амаль на сэнсацыю: Расея пагадзілася кампэнсаваць Беларусі страты ад павышэньня цэнаў на нафту. Чаму?

Сьцісла

  • Расея ідзе на сур’ёзныя саступкі Беларусі ў нафтавым пытаньні.
  • Згода Масквы кампэнсаваць Беларусі страты ад павышэньня цэнаў неяк зьвязаная зь візытам у Беларусь кіраўніка кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына.
  • Ёсьць чатыры вэрсіі, якія тлумачаць расейскія саступкі.

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з губэрнатарам Архангельскай вобласьці Ігарам Арловым паведаміў, што ў ходзе тэлефоннай размовы з Уладзімірам Пуціным той пагадзіўся кампэнсаваць Беларусі страты ад павышэньня цэнаў на нафту ў памеры 300 млн даляраў. А прымаючы амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашку, беларускі лідэр назваў лічбу 420–430 млн даляраў.

Прычым кампэнсацыя павінна адбыцца не за кошт бюджэту, а грашыма расейскіх кампаній. То бок дасюль кампаніі не хацелі саступаць ні даляра, настойвалі на прэміі, а цяпер яны гатовыя даваць свае грошы, каб кампэнсаваць Беларусі страты ад росту цэн. Нейкія дзівосы.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пацьвердзіў гэтую інфармацыю. Праўда, наконт канкрэтнага памеру кампэнсацыі ён адзначыў, што «кожны бок робіць свае ўласныя калькуляцыі».

Пакуль мала інфармацыі наконт матываў такіх намераў расейскага боку. Магчыма, Менск зрабіў нейкія крокі насустрач.

Але выглядае, што гэта даволі сур’ёзны паварот у пазыцыі Масквы. Бо дасюль кампэнсацыю за падатковы манэўр у Расеі Крэмль жорстка ўвязваў з гатоўнасьцю Беларусі ісьці на стварэньне Саюзнай дзяржавы, падпісаньне «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Больш за тое, Крэмль катэгарычна адмаўляўся ціснуць на расейскія кампаніі, каб тыя адмовіліся ад прэміі ў памеры 10–12 даляраў за тону. Намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Козак увесь час казаў, што ўлады ня будуць умешвацца ў працэс узгадненьня цэнаў, гэта камэрцыйнае пытаньне.

Што ж здарылася? Відавочна, што гэтае рашэньне Пуціна неяк зьвязанае зь візытам у Беларусь кіраўніка кампаніі «Роснефть» Ігара Сечына. Перад паездкай яго прыняў Пуцін, а пасьля перамоваў з Лукашэнкам ён зноўку сустракаецца з прэзыдэнтам Расеі. Адначасова Дзьмітрый Козак праводзіць тэрміновую нараду з кіраўнікамі нафтавых кампаній. Пасьля гэтага Пуцін тэлефануе Лукашэнку і кажа пра кампэнсацыю.

У мяне ёсьць чатыры вэрсіі, якія тлумачаць нечаканую перамену пазыцыі Крамля.

  1. Магчыма, Лукашэнка паабяцаў Сечыну прадаць кампаніі «Роснефть» пакет акцый Мазырскага НПЗ. І Масква аддзячыла. Тады становіцца зразумелай загадкавая фраза з паведамленьня прэс-службы прэзыдэнта Расеі, што гаворка падчас тэлефоннай размовы ішла ў тым ліку і пра «ўзаемадзеяньні ў энэргетычнай сфэры і рэалізацыі буйных сумесных праектаў».
  2. Лукашэнка напужаў Маскву, што, калі бакі не дасягнуць згоды, то Беларусь пачне забіраць з нафтаправоду «Дружба» нафту, якую расейскія кампаніі пастаўляюць у Эўропу. І Пуцін, каб не рабіць скандалу ў адносінах з эўрапейскімі спажыўцамі, пайшоў на саступку.
  3. Ад гэтага карантыну з пастаўкамі нафты ў Беларусь цярпіць ня толькі беларуская эканоміка — страты нясуць і расейскія нафтавыя кампаніі. Таму падлічылі, што таньней будзе заплаціць.
  4. Уся кампанія ў справе «прымушэньня Беларусі да інтэграцыі», эканамічны шантаж ладзіліся дзеля таго, каб з дапамогай «саюзнай дзяржавы» вырашыць для Пуціна праблему 2024 году. Цяпер, калі задача працягненьня ўлады Пуціна вырашаецца іншым шляхам (зьмена Канстытуцыі РФ), то душыць Лукашэнку і Беларусь ужо няма сэнсу. І Крэмль адкруціў назад. Зрабіўшы такім чынам падарунак Лукашэнку да прэзыдэнцкіх выбараў.

Ці азначае ўсё гэта, што вяртаецца эпоха «танных нафты і газу ў абмен на пацалункі»? На гэтае пытаньне пакуль адказаць складана, бо шмат што застаецца невядомым.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG