Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа вязьням дапаможнік Бандажэўскага?


Публікацыя на сайце «Свабоды» дапаможніка былога вязьня сумленьня доктара мэдычных навук Юрыя Бандажэўскага «Сыстэма выжываньня чалавека ў экстрэмальных умовах» выклікала самыя розныя рэакцыі сярод чытачоў. Сёньня сваімі меркаваньнямі дзеляцца колішні палітвязень, сваякі палізьняволеных, праваабаронца і ўдава вязьня.

У сваіх нататках пра выпакутаваную ім сыстэму выжываньня ў няволі прафэсар Юры Бандажэўскі піша:

«Гэта тое, што было апрабаванае за кратамі мной і некаторымі маімі знаёмымі сядзельцамі, тое, што ў выніку дапамагло нам. Калі чалавек не прымае гэтай сыстэмы, ён павінен шукаць іншы прыстойны шлях да ўласнага выратаваньня. Бо па вялікім рахунку здароўе і жыцьцё зьняволенага не хвалюе ані пэнітэнцыярную сыстэму, ані сыстэму аховы здароўя. Тым часам сытуацыя, у якую трапляюць людзі, ламае многіх і робіцца прычынай раньніх чалавечых сьмерцяў. Мая публікацыя – зварот да тых, хто апынуўся ў экстрэмальных умовах: насуперак усяму пастарайцеся быць здаровымі!»

Аўтар таксама піша, што выжыў таму, што «аднойчы прымусіў свае хваробы змоўкнуць». Паводле ягоных словаў, гэта цалкам дасягальна.

Як ставяцца да рэкамэндацыяў аўтара тыя, хто сам перажыў турэмнае зьняволеньне і тыя, хто мае за кратамі сваякоў ды блізкіх? Сваімі ўражаньнямі сёньня дзеляцца некаторыя з гэтых людзей.

Валянціна Аліневіч: «Публікацыю Бандажэўскага я накіравала сыну ў калёнію»


Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч
Кандыдат эканамічных навук, маці асуджанага Наваполацкай ПК Ігара Аліневіча Валянціна даслала сыну ў калёнію раздрукоўкі зьмешчаных на нашым сайце першых разьдзелаў дапаможніка Юрыя Бандажэўскага:

«Ведаю, што гэта Ігар атрымаў. Сувязь з турмамі вельмі дрэнная, тэлефанаваць даюць вельмі рэдка, таму нічога не магу сказаць пра тое, як ён успрыняў гэтыя рэкамэндацыі. Але ўпэўненая, што ўсе гэтыя выпакутаваныя Юрыем Бандажэўскім парады аб выжываньні могуць дапамагчы тым вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца.»

Валянціна ўзгадвае падзеі больш як 10-гадовай даўніны і тое, як яна і яе блізкія ўспрынялі тады весткі пра арышт прафэсара Бандажэўскага:

«Зразумела, ніякага сумневу ў тым, што ён не вінаваты, у нас не было. Аднак боль і пакуты іншага чалавека пачынаеш разумець толькі тады, калі сам праходзіш праз гэта. Дзесяць гадоў таму, мы сабе не маглі нават і ўявіць падобнага. Сёньня ж гісторыя маёй сям’і зусім не ўнікальная. У перапоўненых турмах паводле розных надуманых прычынаў сядзяць дзеці, мужы, браты, сябры многіх знаёмых і незнаёмых мне людзей. Таму ў многіх з нас вялікая цікавасьць да дапаможніка Юрыя Бандажэўскага, чалавека, які ня толькі прайшоў праз несправядлівасьць, зьдзекі, разлуку з дарагімі яму людзьмі, але, самае галоўнае, захаваў сябе як асобу. Больш за тое, ён здолеў накіраваць усе свае пакуты ў стваральнае рэчышча. Яго досьвед, парады, сыстэма практыкаваньняў сапраўды неацэнныя.

Ігар Аліневіч зь сястрой і маці
Ігар Аліневіч зь сястрой і маці


Дадам, што далёка ня кожны чалавек, які адбыў турэмны тэрмін, хоча ўзгадваць пра сваё зьняволеньне. Бандажэўскі — мужны чалавек. Ён не шкадуе самога сябе, распавядаючы нам пра тое, што зь ім адбывалася. Па сабе ведаю, як гэта пакутліва і балюча. Аднак ён робіць гэта на карысьць іншых — тых, хто яшчэ праходзіць праз беларускую турэмную Галгофу. Шчасьця Вам, Юры, і далейшых посьпехаў у Вашай высакароднай дзейнасьці. Нізкі мацярынскі паклон Вам!»


Як лічыць маці былога палітвязьня Фёдара Мірзаянава, прафэсар-псыхоляг Людміла Мірзаянава, «асаблівасьць дапаможніка прафэсара Бандажэўскага ў тым, што аўтар прапануе не адно ці некалькі нейкіх практыкаваньняў, а сыстэму ўзьдзеяньня на ўсе ўзроўні арганізму — псыхіку, псыхалёгію, фізыялёгію».


Наўпроставы лінк


Сёлета ў Людмілы Мірзаянавай у адным з расейскіх выдавецтваў выйшла таксама кніга на беларускую турэмную тэматыку. Кніга называецца «Шчасьце за кратамі». У ёй Людміла распавядае пра вынікі аднаго псыхалягічнага экспэрымэнту, які па сваім узьдзеяньні падобны на некаторыя апісаныя ў дапаможніку Бандажэўскага псыхатэхнікі. Неўзабаве пасьля арышту сына ды іншых удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня, Мірзаянава вырашыла дапамагчы ім як псыхоляг. З гэтай нагоды яна адаслала ў калёніі своеасаблівыя анкеты з пытаньнямі пра шчасьце. Гэты яе крок на той час падаўся многім занадта экзальтаваным: «няўжо ў тых умовах можна думаць пра шчасьце?» Людміла не зьвяртала ўвагі на розныя ня надта прыемныя рэплікі. Яе ліставаньне з палітвязьнямі стала своеасаблівай псыхатэрапэўтычнай падтрымкай, якая ўжываецца заходнімі адмыслоўцамі з тым, каб вязьні ў думках адыходзілі ад турэмнага нэгатыву і вярталіся да звыклых ім пачуцьцяў. Лічыцца, што звычайны чалавек думае пра шчасьце куды часьцей, чым пра тое, як трапіць у рай.

Людміла Мірзаянава
Людміла Мірзаянава
Мірзаянава: «Паводле тых нашых ліставаньняў я магу меркаваць, што сыстэмнасьць, пра якую піша Юры Бандажэўскі, пэўнымі элемэнтамі праходзіла і ў нашых хлопцаў. Дастаткова прааналізаваць пералік літаратуры, якую запытвалі і кожны дзень чыталі маладыя палітвязьні. Напрыклад, Ігар Аліневіч першым стаў чытаць за кратамі творы заснавальніка гуманістычнай псыхалёгіі, амэрыканца Абрахама Маслоў, якія тычыліся пытаньняў самарэалізацыі, сэнсу быцьця, Усё гэта дапамагае яму выстаяць у гэтай рэальнасьці. У Ігара васьмігадовы прысуд, а ён катэгарычна кажа, што нічога не падпіша, бо вінаватым сябе ня лічыць. Гэта праца над сабой. Гэта ізноў жа ўзвышэньне. Далей фізычная загартоўка. Я памятаю Фёдар пісаў: раблю практыкаваньні на лаўцы, стаўлю ўласныя рэкорды на адцісканьне. Пра спробу ўмацаваць сваё цела пісаў і Алесь Кіркевіч, і многія іншыя. Усе мае знаёмыя палітвязьні інтуітыўна шукалі і знаходзілі шляхі да выжываньня.»

Фёдар Мірзаянаў
Фёдар Мірзаянаў


Паводле Людмілы Мірзаянавай, «сыстэма Бандажэўскага можа быць кімсьці прынятая, кімсьці — не. Напрыклад, усяго толькі адзін кампанэнт зь яе можа не ўспрымацца чалавекам, і яна ня пойдзе. А можа, наадварот: чалавек паспрабуе выбраць з ўсёй сыстэмы адзін або некалькі элемэнтаў, і гэта выдатна спрацуе. Самае ж галоўнае, што Бандажэўскі прапануе не асобныя парады, а мэтадалягічную сыстэму, абумоўленую ўзаемасувязьзю розных зьяваў, у якіх апынаюцца людзі за кратамі.

Cяргей Скрабец: «Гэта ідэальна падтрымлівае палітвязьня ва ўмовах камэры»

Былы палітвязень Сяргей Скрабец працяглы час робіць энэргетычныя практыкаваньні, якія прыводзяцца ў «Сыстэме выжываньня» Юрыя Бандажэўскага. Сёньня ён паказвае, як трэба выконваць комплекс.

Сяргей Скрабец: рытуальнае дзеяньне-1
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:08 0:00

Сяргей Скрабец: рытуальнае дзеяньне-2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

Сяргей Скрабец: рытуальнае дзеяньне-3
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:13 0:00

Сяргей Скрабец: рытуальнае дзеяньне-4
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:52 0:00

Сяргей Скрабец: рытуальнае дзеяньне-5
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:53 0:00


Скрабец: «Сыстэма, якая апісваецца Бандажэўскім была завезеная з Тыбэту, і яна ўжо гадоў 50 як практыкуецца на Захадзе, у ЗША. Гэта сыстэма дазваляе амаладзіць арганізм. Дастаткова паглядзець на Бандажэўскага: у якой ён добрай форме. Асабіста я параіў бы яе ўжываць людзям за кратамі для абнаўленьня сваёй энэргетычнай, а таксама псыхалягічнай формы. А ў такіх умовах, у якіх знаходзяцца Статкевіч або Дашкевіч (камэра 4×4 мэтры), гэта ідэальна для падтрыманьня самога сябе.

Камэнтар Сяргея Скрабца да парадаў Юрыя Бандажэўскага
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:58 0:00

Алёна Красоўская: «Падобныя дапаможнікі мусяць быць у кожнай турэмнай бібліятэцы»

Алёна Красоўская
Алёна Красоўская
Праваабаронца, мэдык паводле адукацыі, Алёна Красоўская, якая аказвае падтрымку сем’ям зьняволеных і ведае турэмную сытуацыю знутры як удава вязьня, не выключае, што «сыстэму Бандажэўскага ўспрыме вузкае кола зьняволеных, бо для ўсьведамленьня неабходнасьці выкарыстаньня гэтых рэкамэндацыяў патрэбны пэўны ўзровень самасьвядомасьці і разьвіцьця:

«На жаль, такім узроўнем разьвіцьця ня можа пахваліцца пераважная большасьць нашых зьняволеных. Аднак, нават таго, што ўсяго некалькі адсоткаў асуджаных знойдзе ў мэтодыках Юрыя Іванавіча цікавыя для сябе моманты, і гэта дазволіць ім захаваць здароўе за кратамі — ужо шмат. Таксама вельмі цікава і павучальна тое, што Юрый Іванавіч піша пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў, пра стаўленьне да рэлігіі, да самаразьвіцьця ў месцах пазбаўленьня волі. Гэта погляд чалавека разумнага і адукаванага, які адседзеў за кратамі, аднак пры гэтым не зрываецца на гістэрыку аб нечалавечых умовах. Ён імкнецца бесстароньне апісаць тое, што адбываецца ў вязьніцы, і даць рэкамэндацыі па пераадоленьні цяжкасьцяў, зь якімі сутыкаюцца нашы асуджаныя. Падобна практычна ўсім іншым вязьням Юрый Іванавіч сам набыў ва ўмовах пэнітэнцыярнай сыстэмы шэраг цяжкіх хранічных захворваньняў, аднак не дазволіў ім перамагчы сябе. Было б нядрэнна выдаць дапаможнік у нашай краіне і дамагчыся таго, каб ён быў ў кожнай турэмнай бібліятэцы, каб любы асуджаны змог азнаёміцца зь ім і знайсьці для сябе нешта важнае і патрэбнае. Пакуль такой літаратуры ў турэмных бібліятэках, на жаль, няма, можна параіць сваякам перадаваць выдрукаваныя рэкамэндацыі за краты сваім блізкім з тым, каб тыя ўсімі сіламі імкнуліся захаваць свае фізычнае і псыхічнае здароўе.»


Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 22
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 21
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 20
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 19
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 18
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 17
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG