Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 18


Вернутая пасылка для палітвязьня Зьміцера Дашкевіча
Вернутая пасылка для палітвязьня Зьміцера Дашкевіча

Важную ролю ў забесьпячэньні энэргетычнага поля чалавека адыгрывае ежа. Значнасьць харчовага фактару для падтрыманьня жыцьця не падлягае аніякаму сумневу.

Юры Бандажэўскі

Якасны склад харчаваньня можа рабіць важкі ўплыў на стан арганізму. І гэта ня значыць, што здаровым станеш, спажываючы толькі найлепшыя, самыя дарагія прадукты. Размова ідзе пра сумяшчальнасьць тых ці іншых рэчываў, зь якіх яны складаюцца, з працэсамі абмену рэчываў у арганізьме таго ці іншага чалавека. Аказваецца, нягледзячы на зьнешняе падабенства асноўных мэтабалічных цыклаў, існуюць індывідуальныя, папуляцыйныя, расавыя асаблівасьці. І менавіта імі вызначаецца пераноснасьць або непераноснасьць тых ці іншых харчовых прадуктаў.

Ежа і яе роля ў забесьпячэньні энэргетычнага поля чалавека

Пітэр д'Адамо
Пітэр д'Адамо
Амэрыканскі лекар-натурапат, вучоны-дыетоляг Пітэр д’Адамо распрацаваў канцэпцыю харчаваньня людзей у залежнасьці ад групы крыві. Адштурхнуўшыся ад антыгенаў, ён стварыў практычныя рэкамэндацыі па харчаваньні людзей той ці іншай групы крыві. Яны ня толькі падтрымліваюць жыцьцядзейнасьць здаровых людзей на належным узроўні, але і аказваюць лячэбнае і прафіляктычнае ўзьдзеяньне пры шэрагу захворваньняў.

Ад стану абмену рэчываў залежыць энэргетычнае поле чалавека, яго здольнасьць супрацьстаяць зьнешнім духоўным і фізычным узьдзеяньням. Вось жа, фактар харчаваньня ў экстрэмальных умовах вельмі важны.

Варта асабліва падкрэсьліць, што і сама рэакцыя арганізму на стрэс залежыць ад групы крыві. У прыватнасьці, людзі з 2-й групай крыві схільныя да празьмернай рэакцыі нават на нязначны фактар стрэсу, рэагуючы падвышэньнем утрыманьня адрэналіну і картызолу ў пэрыфэрычнай крыві. Блізкія да іх — асобы з 3-й групай. А вось людзі з 1-й групай нашмат больш устойлівыя да стрэсу, чым людзі з 2-й і 3-й. Паводле гэтага паказчыку носьбітам 1-й групы блізкія людзі з 4-й.



Якія прадукты найлепш дасылаць у няволю ды набываць у турэмнай атаварцы?

Не паглыбляючыся ў нюансы дыетычнай канцэпцыі Пітэра д’Адамо, лічу сваім абавязкам выкласьці асноўныя прынцыпы харчаваньня людзей з рознымі групамі крыві, бо гэта дазволіць зьняволеным лягчэй пераносіць пакуты няволі і быць менш схільнымі да захворваньняў. Калі вязень атрымлівае пасылку ў лепшым выпадку два разы на год, то родным трэба сабраць перадачу максымальна якасную.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

Тое ж самае тычыцца і выбару прадуктаў у турэмнай краме.

Нават улічваючы тое, што за апошні час эканамічны стан грамадзтва істотна пагоршыўся і харчовы рацыён у многіх сем’ях звузіўся, я наўмысна пакідаю ў пераліку прадуктаў тыя, якія шмат для каго зь беларусаў цяпер выглядаюць далікатэснымі, неабавязковымі. Распрацоўваючы сыстэму харчаваньня адпаведна групе крыві, амэрыканскія навукоўцы імкнуліся зрабіць яго гарманічным, збалянсаваным. Я ж толькі выкарыстоўваю ды ўкараняю гэтыя рэкамэндацыі. Лічу, што ў нас любы ўдумлівы чалавек (а жаданьне выжыць уласьцівае менавіта ўдумлівым людзям) паспрабуе адаптаваць рэкамэндацыі пад сябе, пад фінансавыя магчымасьці сям’і ды выбар на айчынным харчовым рынку, нават пад тую ежу, якая выдаецца ў турме.

Наведніцы Гарадзенскай турмы
Наведніцы Гарадзенскай турмы


Дадам, што сярод тых хто сядзеў у адзін час са мной, і тых, хто сядзіць у беларускіх турмах цяпер — людзі з самым розным дастаткам — ад маламаёмых да вельмі заможных. Харчовыя перадачы вязьням дэманстравалі самыя розныя спажывецкія кошыкі з тых, што існуюць сёньня ў краіне: ад семак і вады да сапраўды далікатэсных прадуктаў. Прычым, далікатэсы нярэдка атрымлівалі вязьні, чые сем’і мелі даволі сьціплыя даходы. Усе дзякуючы іх маці і жонкам, якія нярэдка ўладкоўваліся адразу на некалькі прац, абы толькі падтрымаць роднага ім чалавека.


Зь ліста на «Свабоду» жонкі вязьня Андрэя К., датаванага кастрычнікам 2011 (кошты на прадукты таго часу)
Хачу пералічыць тое, што імкнуся адвезьці мужу на спатканьне або накіраваць з пасылкай. Сядзець яму яшчэ доўга. Нягледзячы на тое, што ён там шмат працуе, заробкі аніякія. А фінансаваньне ўтрыманьня зьняволеных зьмяншаецца. Калі не дапамагаць з волі, лёгка працягнуць ногі.

Такім чынам, вось ён, сьпіс.

1. Цыгарэты "Winston" — ад 10 блёкаў, улічваючы цяперашнія цэны — ад 550 000.
2. Гарбата. Мой муж любіць "Lipton" у заварачных пакеціках — 1 пакунак 100 пакецікаў, нават ня ведаю, колькі ўжо цяпер каштуе, напэўна, дзесьці 45—50 тысяч, а трэба 10—15 пакункаў — ад 500 000.
3. Кава — я набываю распушчальную "Nescafe", якая па 200 г. у пачцы, адзін пачак каштуе каля 40 тысяч, трэба 10—15 пачкаў — ад 400 000.
4. Сала з пражылкамі мяса (паджарка) — ад 10 кг, купляю сырое, салю сама дома, 1 кг цяпер дзесьці 35 тысяч — ад 350 000.
5. Алей сланечнікавы — 3—4 бутэлькі — ад 75 000.
6. Арэхі, сухафрукты — тут колькі можаш, столькі і купляй, вітаміны там патрэбныя вельмі-вельмі — ад 200 000.
7. Каўбаса — таксама колькі можна, столькі і купляеш, чым больш, тым лепш — ад 300 000.
8. Сыр — хоць цэлую галоўку, мой муж любіць яго — ад 100 000.
9. Цыбуля, часнык — гэта таксама вітаміны для іх, таму максымальна шмат — ад 100 000.
10. Шакаляд — цяпер купляю цукеркі, таньней і разнастайней — ад 150 000.
11. Печыва рознае — ад 100 000.
12. Пюрэ бульбянае, вытворца "Мівіна" — таксама максымальна магчымая колькасьць — ад 250 000.
13. Шматкі аўсяныя, грачаныя, ячныя, рысавыя, якія не патрабуюць гатаваньня — ад 150 000.
14. Мыла туалетнае - 10-20 кавалкаў – ад 50 000.
15. Мыла гаспадарчае — 10—20 кавалкаў — ад 60 000.
16. Шампунь — 2 бутэлькі як мінімум — ад 50 000.
17. Парашок пральны — ад 3 кг — ад 60 000.
18. Зубная паста, шчоткі — ад 50 000.
19. Ну і ўсялякая драбяза, кшталту крэму для твару, шкарпэтак і г.д. — ад 100 000.


Разам — 3 мільёны 595 тысяч беларускіх рублёў, і гэта ўлічваючы, што кошты ўжо заўтра будуць іншыя. Магу накіраваць у зону чатыры пасылкі ў год. Часам хочацца абрабаваць банк.

Пра сямейны бюджэт думаць не даводзіцца, яго проста няма. І гэта толькі перадача, а яшчэ ж трэба сабрацца на спатканьне — купіць ежы на трое сутак, а яшчэ кожны месяц адправіць мужу на рахунак грошай на атаварку. Увогуле я сама ня вельмі разумею, як я жыву і дзе на ўсё грошы бяру — імкнуся зарабіць, дзе толькі магу, здаю плязму ўжо 6 гадоў (затое ўжо ганаровы донар), навучылася разам з дачкой здавольвацца малым і неяк выжываю, вось толькі гэты крызіс падкасіў канчаткова".

Калі казаць пра мой уласны досьвед, то, як і большасьці сем’яў зьняволеных, маім сямейнікам было і дорага, і складана сабраць харчовую пасылку ў няволю. Я, зыходзячы з сваёй 3-й групы крыві, сам выбіраў прыярытэтныя для мяне прадукты з тых, якія ня мог набываць у атаварцы або атрымліваць зь ежай у турэмнай сталоўцы. Дарэчы, я з павагай ставіўся да любых сталоўскіх прадуктаў: еў той хлеб, тую баланду, якую мне прыносілі, усё, што мне адпавядала. Не падыходзілі майму арганізму макарона ды грэчка, якія сваякі часта кладуць у пасылкі. Таму я прасіў перадаваць мне, напрыклад, аўсянку. Еў рысавую кашу, стараўся спажываць як мага болей гародніны. Прасіў, каб мне перадавалі капусту, а замест далікатэснай вэнджанай каўбасы — салёнае сала, якое цудоўна рабілі мае мама ды жонка. У гэтым прадукце, дарэчы, радыяцыя практычна не назапашваецца. Вярнуўшыся ўначы са зьняволеньня дадому, я адразу адрэзаў кавалак і з задавальненьнем зьеў...


Шмат для каго са сваякоў вязьняў збор харчовых перадач у месцы зьняволеньня – праблема. Апытаньне ля Івацэвіцкай калёніі - сярод людзей, якія прынесьлі перадачы сваім родным і блізкім.

Падкрэсьліваю, што ў няволі вельмі важныя тыя прадукты, якія, у залежнасьці ад асаблівасьцяў арганізму, засвойваюцца лёгка, і на якія арганізм ня траціць шмат энэргіі.

Толькі тады гэтыя прадукты дапамогуць, а не пашкодзяць чалавеку.

Пра галадоўкі за кратамі

Юры Бандажэўскі ў ГМУ, 1998
Юры Бандажэўскі ў ГМУ, 1998
​Апошнім часам беларускія зьняволеныя ўсё часьцей зьвяртаюцца да такіх акцыяў, як пратэстныя галадоўкі.

Як лекар і як чалавек, які хварэў у няволі, хачу адзначыць: я праціўнік пратэстнага галаданьня ў такіх умовах. Адстойваць свае ідэалы магчыма, калі кантралюеш сваю нэрвовую сыстэму. Калі ж вы галадаеце, то рэзка зьнясільваецеся. Вы ня можаце адэкватна рэагаваць на сытуацыю. На мой погляд, гэта тое, чаго дамагаюцца тыя, хто вас кінуў за краты.

Сьведчу, што калі чалавек у экстрэмальных умовах ня будзе прымаць ежу цягам месяца, ад яго нічога не застанецца. Увогуле. А ва ўмовах радыяцыі — тым больш, бо ў арганізьме адбываецца шмат дэструктыўных працэсаў. Адмаўляцца ад любых прадуктаў на гэтым этапе — гэта ненармальна. Сам я, нягледзячы на ўсю цяжкасьць маёй сытуацыі, не галадаў.

Калі ў табе ў тых умовах бачаць моцнага, перакананага чалавека, гэта істотна большая рэзыстэнтнасьць, чым выклік: «Вось я зараз памру ў вас на вачах!» Чалавек павінен імкнуцца рэалізаваць сябе поўнасьцю. Вось маё асноўнае пажаданьне тым, хто сядзіць там.



Гарманальныя зьмены падчас пратэстнага галадньня

Галаданьне ёсьць цяжкім стрэсам для арганізму. Найбольш яскравыя зьмены адбываюцца ў гарманальнай сыстэме. Зьмяняюцца суадносіны актыўных і неактыўных формаў гармонаў шчытападобнай залозы, зь перавагай апошніх.

Трэба падкрэсьліць, што пры галаданьні адбываецца зьніжэньне інтэнсыўнасьці абмену рэчываў, пра што сьведчыць зьмяншэньне спажываньня кіслароду і адмоўны азоцісты балянс, абумоўлены ўсё большым утрыманьнем мачавіны ў крыві.

Падчас галаданьня непазьбежна разьвіваецца недастатковасьць вітамінаў, мікраэлемэнтаў і макраэлемэнтаў. Гэта прыводзіць да сур’ёзных мэтабалічных зрухаў. У прыватнасьці, недахоп тлушчараспушчальных вітамінаў (А, Е) прыводзіць да гіпавітамінозу (дэфіцыту вітамінаў) з адпаведнай клінічнай карцінай (У чалавека зьніжаецца працаздольнасьць, канцэнтрацыя, пагаршаюцца сон. Сыстэматычны недахоп вітамінаў адбіваецца на стане скуры, сьлізістай, цягліц, касьцей і важнейшых функцыях арганізму — такіх як рост, інтэлектуальныя і фізычныя магчымасьці, працяг роду, ахоўныя сілы).

Паказана, што ў жыхароў Беларусі рэгіструецца недастатковасьць названых вітамінаў у арганізьме. Гэта асабліва небясьпечна ва ўмовах дзеяньня радыеактыўных агентаў, якія актывуюць працэсы перакіснага акісьленьня ліпідаў і ўтварэньня свабодных радыкалаў.

У сувязі з гэтым галаданьне ва ўмовах радыяцыйнага ўзьдзеяньня адбываецца зь яшчэ больш выразнымі дэструктыўнымі працэсамі ў тканках і клетках.


Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 17
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG