Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12


Фота са стадыёну ў калёніі "Віцьба-3"

Фота са стадыёну ў калёніі "Віцьба-3"

Падчас майго зьняволеньня (пачатак 2000-х) сядзела шмат людзей, народжаных у 1950–1960-х. Сёньня на іх зьмену прыйшло так званае пакаленьне Х. Тыя, хто зьявіўся на сьвет у сярэдзіне 1960-х – пачатку 1980-х На гэты час у розных краінах сьвету пасьля сэксуальнай рэвалюцыі прыпаў рэзкі дэмаграфічны спад. Да пакаленьня Х у вязьніцы паступова падцягваецца і наступнае пакаленьне Y.

Юры Бандажэўскі

У любым выпадку сёньня ў беларускіх турмах знаходзяцца пераважна прадстаўнікі рэпрадуктыўнай часткі насельніцтва. Толькі ў параўнаньні зь іншымі ўзроставымі катэгорыямі іх цяпер стала прапарцыйна больш чым у нулявыя. Зразумела, што будучыня нацыі зьвязаная і з гэтымі людзьмі таксама.

Ад чаго залежыць жыцьцёвы тонус

За кратамі я, як лекар, неаднойчы задумваўся пра гэтую будучыню праз прызму стану здароўя маладых арыштантаў. Тут праблемы мужчынскай псыхасаматыкі найбольш сканцэнтраваныя, і шмат што бачыцца больш рэльефна. Вязьні (прыкладна дзьве траціны з маладых – несямейныя) на працяглы пэрыяд пазбаўленыя блізкіх кантактаў з жанчынамі. Самыя маладыя арыштанты, тыя, хто на шмат гадоў трапіў за краты ў 18 – 19-гадовым узросьце па хуліганцы, увогуле ня маюць аніякага сэксуальнага досьведу. Большасьць жа 30 – 40-гадовых жонкі кінулі. Калі няма працяглага сямейнага мінулага, мала хто зьбіраецца чакаць баламутаў-мужоў.

Многія маладыя сядзельцы нярэдка паводзяць сябе нэрвова і агрэсіўна, многія, наадварот, – апатычныя. І без таго цяжкі псыхалягічны стан (як, дарэчы, і ў моладзі на волі) пагаршаецца адсутнасьцю маральных арыентыраў, а таксама прафэсійных, сямейных, розных іншых экзыстэнцыйных пэрспэктываў.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

У нармальных умовах жыцьцёвы тонус, адчуваньне ўнутранай раўнавагі падтрымлівае ў арганізьме эндакрынная сыстэма. Яна каардынуе дзейнасьць усіх органаў і сыстэмаў чалавека, рэгулюе рост і разьвіцьцё арганізму; таксама палавое дыфэрэнцыяваньне і рэпрадуктыўную функцыю. У сукупнасьці з нэрвовай сыстэмай гармоны эндакрыннай адказваюць за эмацыйныя рэакцыі, псыхічную дзейнасьць чалавека і шмат што яшчэ.

Айчынная мэдыцына вывучае гарманальны тонус вельмі мала. Хоць падобнае дасьледаваньне, калі мы хочам ведаць, якімі будуць нашчадкі цяперашніх 40 – 30 – 20 гадовых, сёньня больш чым актуальнае.

Тым часам заходнія спэцыялісты, перадусім псыхіятры, усё часьцей зьвяртаюць увагу на асэксуальнасьць сярод так званага пакаленьня Х. Лічыцца, што ва ўсім сьвеце такіх людзей, якія адмаўляюцца пакідаць пасьля сябе нашчадкаў, заводзіць сем’і, мець увогуле нейкія сувязі з супрацьлеглым полам, сёньня 7 мільёнаў. Лічба гэтая стала расьце. Падобная тэндэнцыя закранула і Беларусь. Зразумела, зьвязаная яна далёка ня толькі са зьняволенымі. Менавіта ў нашай краіне і ў суседніх зь ёй постcавецкіх рэспубліках маюцца свае характэрныя асаблівасьці.

Схаванае бясплодзьдзе

З майго турэмнага дзёньніка. 24 лістапада 2003, Менск, ПК-1 на Кальварыйскай


Юры Бандажэўскі. Папраўчая калёнія-паселішча № 26, пасёлак Гезгалы на Гарадзеншчыне

Юры Бандажэўскі. Папраўчая калёнія-паселішча № 26, пасёлак Гезгалы на Гарадзеншчыне

"Узьдзеяньне Cs-137 і іншых невядомых фактараў прыводзіць да таго, што ў арганізьме зьніжаецца вытворчасьць актыўных рэчываў – гармонаў і мэдыятараў, у выніку чаго арганізм ня ў стане адказваць адэкватнай рэакцыяй на любыя стрэсавыя ўзьдзеяньні. Так, парушэньне сынтэзу гармону картызолу можа адбывацца пры парушэньні сынтэзу парфірынаў, якія ўваходзяць у склад цытахрому Р-450. Апошні і рэгулюе (актывуе) працэс сынтэзу дадзенага гармону, як, зрэшты, і андрагенаў, якія адказваюць за ўзбуджальнасьць псыхасэксуальнай цэнтраў ЦНС, сэксуальную цягу (лібіда) у абодвух палоў."

…Я працую над артыкулам на тэму "Чарнобыль і рэпрадуктыўнае здароўе нацыі". Мой запіс, верагодна, зроблены з прычыны асэнсаваньня праведзеных незадоўга да арышту дасьледаваньняў па вывучэньні ўзроўню гармонаў у крыві дзяўчынак 15-16 гадоў. Разам з калегамі мы працавалі на Буда-Кашалёўшчыне і ў некаторых іншых “чарнобыльскіх” раёнах Гомельшчыны.(Цікавая акалічнасьць: у найбольш радыяцыйна забруджаных у выніку аварыі на ЧАЭС Гомельшчыне і Магілёўшчыне ў апошнія два дзесяцігодзьдзі назіраецца найвялікшы рост злачыннасьці па краіне. Прычым як сярод мужчын, так і жанчын. Як і мужчынская злачыннасьць, жаночая таксама памаладзела. Сярод злачынак шмат непаўналетніх. Згодна з апублікаванымі зьвесткамі, толькі прыкладна 10% жанчын-зьняволеных належаць да нерэпрадукцыйнага ўзросту.)

Непаўналетнія злачынкі жаночай калёніі ў Гомелі. Каля 40% асуджаных жанчын ва ўзросьце ад 18-ці да 30-ці гадоў. Фота Віктара Стралкоўскага

Непаўналетнія злачынкі жаночай калёніі ў Гомелі. Каля 40% асуджаных жанчын ва ўзросьце ад 18-ці да 30-ці гадоў. Фота Віктара Стралкоўскага



Дык вось падчас дасьледаваньняў у 1999, нас уразіла тое, што гармонагенэз, гэта значыць вытворчасьць палавых прадуктаў, у тых юных дзяўчатак быў вельмі дрэнным. Мы заўважалі, што на пэўнай стадыі цыклу, замест адных гармонаў пераважалі іншыя. Гэта сьведчыла пра цалкам зрушаны эндакрынны абмен і спрычыняла зьніжэньне лібіда, а таксама і бясплодзьдзе. Трэба таксама адзначыць, што Буда-Кашалёўскі раён пацярпеў ад радыяцыі, яшчэ і да Чарнобылю.

Дасьледаваньні гарманальнаго ўзроўню ў крыві маладога пакаленьня Гомельшчыны шмат у чым патлумачылі дэмаграфічную сытуацыю ў Беларусі, дарэчы, адну з самых трывожных у Эўропе. Адрозна ад эўрапейскіх краін, дзе людзі фэртыльнага ўзросту не нараджаюць дзяцей, таму што гэтага ня хочуць, у Беларусі існуе схаванае бясплодзьдзе, зьвязанае менавіта з парушэньнем гармонагенэзу як у мужчын, так і ў жанчын. Гэта выяўляецца ў тым, што маладыя людзі проста ня хочуць сэксуальнай блізкасьці.

Рэпрадуктыўнае здароўе нацыі

Згодна з выдадзенымі савецкім выдавецтвам "Атомиздат" яшчэ задоўга да аварыі на ЧАЭС кнігамі пра глябальныя выпадзеньні на тэрыторыі Беларусі радыеактыўнага цэзію, мяркую, што схаванае бясплодзьдзе пачалося ў нас на Бацькаўшчыне дзесьці пасьля 1965 году, калі стаў катастрафічна падаць дэмаграфічны індэкс.


Лекцыя Бандажэўскага з сайту цэнтра "Экалёгія і здароўе"

Паводле дасьледаваньняў украінскіх калегаў, дынаміка сэксуальных расстройстваў сярод мужчынскай часткі насельніцтва рэспублікі назіралася там і да Чарнобылю. У 1970-я гады зьніжэньне лібіда было ўласьцівае 8–10% сельскіх жыхароў, розныя сэксуальныя расстройствы (зьніжэньне лібіда, паскоранае семявывяржэньне і г.д.) – 14–16% гараджанаў, лічбу 26–27% давалі мужчыны, занятыя на шкоднай вытворчасьці. У якасьці галоўнай прычыны тады называліся сацыяльныя фактары. Пасьля 26 красавіка 1986 колькасьць мужчын з сэксуальнымі расстройствамі істотна павялічылася. Згодна з публікацыямі ва ўкраінскіх СМІ, сэксуальныя расстройствы маюць прыкладна 40% ліквідатараў-чарнобыльцаў.

Здароўе бацькоў ня можа не адбівацца на працэсе разьвіцьця эмбрыёнаў. Шматлікія дэфэкты абумоўленыя падаўленьнем абменных працэсаў у клетках зародкаў.

Пранікненьне радыецэзію ў арганізм жанчыны ў пэрыяд цяжарнасьці можа выклікаць парушэньне разьвіцьця зародка. Перад турмой мне ўдалося правесьці шэраг экспэрымэнтальных дасьледаваньняў на лябараторных жывёлах і паказаць здольнасьць радыенуклідаў выклікаць прыроджаныя дэфэкты, якія апошнім часам, на жаль, часта сустракаюцца ў чалавечай папуляцыі – дэфэкты пярэдняга аддзелу чэрапу, расколіна верхняй губы і цьвёрдага нёба (у народзе яны называюцца "заечая губа" і "ваўчыная пашча"), чэрапна-мазгавая кіла, адсутнасьць касьцей зводу чэрапу – экзэнцэфалія, адсутнасьць вачэй – анафтальмія. Тэндэнцыя больш чым трывожная.

Дапамагаем сабе самі

Што я магу пажадаць маладым зьняволеным, якія сур'ёзна думаюць пра стварэньне сям'і і здаровых дзяцей? Пакуль дзяржава не праводзіць ніякіх буйнамаштабных навуковых распрацовак па рэпрадукцыі насельніцтва з улікам аварыі на ЧАЭС, не абараняе насельніцтва ад узьдзеяньня шкодных для арганізму фактараў вонкавага асяродзьдзя, спадзявацца можна толькі на сябе. Паспрабуйце сур'ёзна паставіцца да тых рэкамэндацыяў, якія прапанаваныя мной у гэтай кнізе, або пашукайце штосьці падобнае сабе самі. Загартоўвайцеся, рабіце фізычныя практыкаваньні, хадзіце на стадыёны, якія сёньня ёсьць у шмат якіх ПК.


Стадыён калёніі "Віцьба-3". Зьлева сталоўка, правее будынак у дрэвах – вар'ятня

Стадыён калёніі "Віцьба-3". Зьлева сталоўка, правее будынак у дрэвах – вар'ятня



Таксама: калі выйдзеце на волю, паспрабуйце перагледзець сваё харчаваньне. Калі няма магчымасьці абысьціся без прадуктаў з радыяцыйна заражаных тэрыторыяў, мінімізуйце шкоду радыенуклідаў спэцыяльнай апрацоўкай ежы. Напрыклад, колькасьць радыенуклідаў у грыбах, мясе ды іншых прадуктах істотна зьменшыцца, калі тыя паляжаць у солевым растворы. З малочных прадуктаў лепш выбіраць тварог, бо ў ім радыенуклідаў будзе істотна менш, чым у малацэ, зь якога ён прыгатаваны. Акрамя таго, ёсьць сельгаскультуры, якія менш паглынаюць радыенукліды. Менавіта іх і трэба высаджваць.

Што вельмі важна: прыкладзіце ўсе намаганьні для таго, каб адмовіцца ад шкодных звычак. Такіх, як курэньне і алькаголь, я ўжо не кажу пра наркотыкі. Усё гэта неспрыяльна ўплывае на мужчынскае і жаночае рэпрадуктыўнае здароўе. У спалучэньні з пастаянным хранічным радыяцыйным узьдзеяньнем (радыенукліды Cs-137 і Sr-90 пастаянна прысутнічаюць у прадуктах харчаваньня жыхароў эўрапейскай часткі былога СССР) гэта для чалавечага арганізму магутны разбуральны фактар. Радыеактыўнае ўзьдзеяньне падрывае энэргетычныя здольнасьці арганізму, у выніку чаго той страчвае натуральную рэзыстэнтнасьць (супраціўляльнасьць) да вышэйназваных неспрыяльных фактараў.


Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG