Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпрабаваная на мне самім ды іншых зьняволеных сыстэма выжываньня досыць далёкая ад афіцыйнай мэдыцыны. Я шмат чаго сабраў зь літаратуры па нетрадыцыйнай мэдыцыне, потым як навуковец прааналізаваў.


ФІЗЫЧНЫ І ПСЫХАЛЯГІЧНЫ ТРЭНІНГ

Такім чынам — да выпрабаванай на мне самім ды іншых зьняволеных сыстэме выжываньня. Адразу ж скажу, гэтая сыстэма досыць далёкая ад афіцыйнай мэдыцыны. Па сутнасьці, афіцыйныя мэдыкі не займаюцца гэтымі пытаньнямі, а сытуацыя, у якую трапляюць людзі ў няволі, ламае чалавека і робіцца прычынай раньняй сьмерці. Я нават не лічу сябе аўтарам. Проста ў калёніі, дзе я сядзеў, была нядрэнная бібліятэка. Я шмат чаго сабраў зь літаратуры па нетрадыцыйнай мэдыцыне, потым як навуковец прааналізаваў стан чалавечага арганізму ва ўмовах стрэсу і магчымасьці для выжываньня.

Ва ўмовах адсутнасьці своечасовай кваліфікаванай мэдычнай дапамогі, каб прадухіліць ускладненьне стрэсу, зьняволены павінен прымяніць комплекс захадаў, якія ўзьдзейнічаюць на духоўны стан і фізычны статус ягонага арганізму. Захады гэтыя накіраваныя на забесьпячэньне жыцьцёва важных органаў энэргіяй.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

Ёсьць меркаваньні, што паўшар’і галаўнога мозгу чалавека ствараюць электрычнае поле, што адыгрывае вырашальную ролю ва ўсіх працэсах, якія адбываюцца пры пачуцьцёвым успрыманьні, мысьленьні, любой фізычнай дзейнасьці. Так лічыць аўстрыйскі навуковец, спэцыяліст у біялёгіі, біякібэрнэтыцы, высокакваліфікаваны псыхалягічны трэнэр Герхард Эгетсбэргер. Складнік электрычнага поля — псыхічнае поле мозгу. Яно строга індывідуальнае і залежыць ад паводзіннай дзейнасьці чалавека. Напружанасьць і канфігурацыя поля мозгу залежыць таксама ад стану здароўя і самаадчуваньня. Можна навучыцца сьвядома кіраваць гэтым полем і тым самым уплываць на працаздольнасьць і стан здароўя.

Падчас стрэсу трэба энэргетычна падсілкоўваць мазгі, бо менавіта яны маюць такую патрэбу найперш. Гэта можна ажыцьцявіць з дапамогай цыкляў практыкаваньняў. Перш за ўсё — праз выкарыстаньне шэрагу спэцыяльных позаў, якія гарманізуюць унутраныя энэргетычныя плыні і ліквідуюць застойныя зоны. Па-другое, ужываньне чаргаваньня высілкаў і расслабленьне мышцы ніжняй частцы таза — Puboccocygeus (PС-мышцы), якая адыгрывае ролю генэратара энэргіі. Сэнс практыкаваньня ў тым, каб «перапампоўваць» энэргію з вобласьці таза празь сьпінны мозг у галаўны мозг. Гэта так званы энэргетычны трэнінг.

З пункту гледжаньня энэргетычнага забесьпячэньня арганізму вельмі эфэктыўнымі аказваюцца пэўныя практыкаваньні. Зь іх і пачнём.

Практыкаваньні на энэргетычнае забесьпячэньне арганізму

Вельмі эфэктыўным лічыцца комплекс практыкаваньняў «Вока адраджэньня». Гэты комплекс я знайшоў у кнізе брытанскага адстаўнога палкоўніка Пітэра Келдэра («Око возрождения: древний секрет тибетских лам», П. Кэлдер, 1997), які, захварэўшы, наведаў адно з самых таямнічых месцаў на Зямлі — Тыбэт і навучыўся ў тамтэйшых манахаў практыкаваньням, якія кардынальна мяняюць цела і энэргетыку чалавека, вяртаючы страчанае здароўе, маладосьць і прыгажосьць.

Падобныя практыкаваньні цалкам рэальна выконваць ва ўмовах вязьніцы. Больш за тое, гэта неабходна, калі чалавек мае мэту выйсьці адтуль не зламаным.

У Тыбэце лічаць, што ў нармальнага здаровага чалавека вонкавыя межы энэргетычных віхураў даволі далёка выходзяць за межы цела. Асабліва гэта тычыцца магутных і разьвітых ва ўсіх адносінах індывідуўмаў. Усе віхуры ў іх зьліваюцца ў адно шчыльнае поле, якое круціцца і па форме нагадвае гіганцкае энэргетычнае яйка. Звычайныя людзі таксама нагадваюць яйка, аднак шчыльнасьць поля ў ім розная, цэнтар віхураў па шчыльнасьці энэргіі істотна адрозьніваецца ад пэрыфэрыі. У старых і хворых амаль уся энэргія віхураў сканцэнтраваная пры цэнтры. Самы хуткі і радыкальны спосаб захаваць здароўе і маладосьць — надаць віхурам іх нармальныя энэргетычныя характарыстыкі. Для гэтага рэкамэндуецца 5 простых практыкаваньняў «Вока адраджэньня».

Практыка рытуальных дзеяньняў — ня проста фізычная трэніроўка і сродак самааздараўленьня, гэта адзін са значна больш магутных, глябальных інструмэнтаў авалоданьня воляй. Трэба ўвесь час памятаць пра калясальную сілу ўтоеных рэзэрваў нашага арганізму і простыя спосабы яго самарэгуляцыі. Акрыяньне прыходзіць праз усьведамленьне.

Рытуальнае дзеяньне 1




Мае на мэце надаць кручэньню віхураў дадатковы момант інэрцыі, хуткасьць і стабільнасьць. Зыходнае становішча: стоячы проста з гарызантальна выцягнутымі ў бакі на ўзроўні плячэй рукамі. Прыняўшы гэтую позу, трэба круціцца зьлева направа вакол сваёй восі, пакуль не пачнецца лёгкае галавакружэньне. Перш чым пачаць круціцца, зафіксуйце позірк на нейкай нерухомай кропцы непасрэдна перад сабой. Пачаўшы паварочвацца, не адрывайце позірку ад абранай вамі кропкі, наколькі гэта будзе магчыма. Максымальная колькасьць паваротаў тулава за адзін раз у бальшыні выпадкаў не павінна перавышаць 21.

Рытуальнае дзеяньне 2



Выконваецца ўсьлед за рытуальным дзеяньнем 1. Яно напаўняе віхуры эфірнай сілай, павялічваючы хуткасьць іх кручэньня.

Зыходнае становішча для другога рытуальнага дзеяньня — лежачы на сьпіне, на подсьціле. Галоўная задача подсьцілу — ізаляваць цела ад халоднай падлогі. Выцягнуўшы рукі ўздоўж тулава і прыціснуўшы далоні з шчыльна злучанымі пальцамі да падлогі, трэба падняць галаву, прама прыціснуўшы падбародак да грудзіны. Пасьля гэтага трэба падняць прамыя ногі вэртыкальна, не адрываючы ад падлогі таза. Калі магчыма, падымайце ногі ня проста вэртыкальна, а яшчэ далей «на сябе», аж пакуль таз не пачне адрывацца ад падлогі. Галоўнае пры гэтым — не згінаць ногі ў каленях. Затым павольна апусьціце на падлогу галаву і ногі. Расслабце ўсе цягліцы і паспрабуйце паўтарыць яшчэ раз. На самым пачатку трэба выдыхнуць, цалкам пазбавіўшы лёгкія ад паветра. Падымаючы галаву і ногі, варта рабіць плаўны, але вельмі глыбокі і поўны ўдых, апускаючы — такі ж выдых. Чым глыбей дыхаць, тым вышэйшая эфэктыўнасьць практыкаваньня.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG