Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7.


Нескладаныя практыкаваньні, якія ўваходзяць у склад энэргетычнага трэнінгу, актывізуюць энэргетычную сыстэму і накіроўваюць жыцьцёвую энэргію ў галаўны мозг. Дадам, што ва ўмовах зьняволеньня, дзе вязьні гадамі ня маюць сэксуальных кантактаў з жанчынамі, гэтыя практыкаваньні робяць супакаяльны ўплыў і ў пэўнай меры здымаюць сэксуальнае напружаньне.

Юры Бандажэўскі

Рунічныя практыкаваньні спрыяюць бесьперашкоднаму перацяканьню жыцьцёвай энэргіі. Яны здымаюць напружаньні цягліц і актывізуюць дзейнасьць залоз, якія спрыяюць гармоніі і раўнавазе. Рунічныя практыкаваньні спрыяюць таму, каб наша цела стала добрым правадніком жыцьцёвай энэргіі. Усе практыкаваньні трэнінгу трэба праводзіць тварам на захад.

Практыкаваньне 2

Найбольш дзейснае для зьняцьця перанапружаньня цягліц і ліквідацыі застойных зон. Станьце тварам на захад. Павольна падыміце рукі над галавой. Далоні зьвернутыя адна да адной, паміж імі каля 20 см. Дыханьне глыбокае, спакойнае і раўнамернае. Заставайцеся ў гэтай пазыцыі на працягу 10 павольных удыхаў. Павялічваючы штодня гэты пэрыяд на адзін удых, дасягніце працягласьці ў 30 удыхаў.





Практыкаваньне 3

Практыкаваньне служыла ў старажытныя часы для трансфармацыі сэксуальнай сілы і паглыбленьня ў высокія сфэры быцьця. Павольна паварочвайце рукі, каб ваша фігура прыняла форму літары Y. Далоні плоскія, зьвернутыя ўгару. Асабліва трэба сачыць, каб дыханьне было спакойнае, без аніякага напружаньня. Заставайцеся ў гэтай пазыцыі цягам 10 павольных удыхаў. Павялічваючы штодня гэты пэрыяд на адзін удых, дасягніце ідэальнай працягласьці ў 30 удыхаў.





Практыкаваньне 4

Гэтая поза спрыяе росту душэўных сіл, ліквідуе блякаду і застой энэргіі. Адразу ж пасьля заканчэньня практыкаваньня 3 пераходзіце да выкананьня практыкаваньня 4. Выпрастаныя рукі апускайце адначасова наперад. Левая далонь павінна быць прыкладна на 10 см вышэй за правую. Пальцы — вялікі і сярэдні — зьлёгку датыкаюцца адзін да аднаго, астатнія выпрастаныя і накіраваныя на захад. Яны не павінны ні на кога паказваць. Захоўвайце гэтую пазыцыю на працягу 10 павольных удыхаў. Паступова павялічвайце гэты пэрыяд да 30 удыхаў.



Практыкаваньне 5

Гэтае старажытнае рунічнае практыкаваньне выкарыстоўваецца, каб накіраваць касьмічныя хвалі да залозаў і сонечнага спляценьня. Яно істотна расслабляе мышцы. Ад практыкаваньня 4 адразу ж пераходзьце да выкананьня практыкаваньня 5. Нахіліце абедзьве рукі ўніз так, каб ваша постаць нагадвала літару Т. Далоні зьвернутыя ўніз. Заставайцеся ў гэтай пазыцыі на працягу 10 павольных удыхаў. Павялічваючы штодня гэты пэрыяд на 1 удых, дасягніце ідэальнай працягласьці ў 30 удыхаў.



Практыкаваньне 6

Гэтае практыкаваньне спрыяе перацяканьню энэргіі і гарманізуе дыханьне. Пастаўце далоні на ўзроўні твару, каб іх краі глядзелі наперад, а вялікія пальцы не адстаўляліся. Адлегласьць паміж зьвернутымі адна да адной далонямі павінна складаць 35–40 см. Энэргічна выдыхнуўшы праз нос, рэзка выпрастайце правую руку, каб яна стала гарызантальна. Адначасова з такім жа энэргічным, рэзкім удыхам праз нос вярніце руку ў зыходнае становішча. Тое ж самае паўтарыце для левай рукі. Кожны рух варта выканаць 5 разоў. Паступова можна давесьці колькасьць рухаў да 15.

Пасьля заканчэньня першай часткі трэнінгу спакойна апусьціце рукі. Зрабіце некалькі спакойных удыхаў і выдыхаў. Расслабцеся.



Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG