Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11


Юры Бандажэўскі

Юры Бандажэўскі

Упэўненасьць — аснова посьпеху. У тым ліку і ў няволі. Людзі, ня ўпэўненыя ў сабе, ня здольныя прааналізаваць і ацаніць аб’ектыўна складаную сытуацыю, ня могуць своечасова прыняць адказнае рашэньне. Ім невядомае такое паняцьце, як сіла духу. Упэўненасьць — гэта стан духу. Захаваць і разьвіць упэўненасьць дапамагае адмысловы трэнінг.


Юры Бандажэўскі

Асноўныя палажэньні сыстэмы трэнінгу ўпэўненасьці

  • Разьвіцьцё і захаваньне ўнутранага стану ўпэўненасьці.
  • Пастаноўка «гарсэта ўпэўненасьці» (упэўнены позірк, упэўненая постаць, упэўненыя манэры, упэўненая хада, упэўнены голас).
  • Трэніроўка мадэляў упэўненых паводзінаў (як прасіць, каб не адмовілі, трымаць псыхалягічны ўдар, умець, калі трэба, гаварыць упэўнена, умець упэўнена распавядаць пра сябе).
  • Прыняцьце жыцьцёвых правілаў упэўненага ў сабе чалавека.

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

У працэсе трэнінгу ўпэўненасьці ў псыхіцы і паводзінах чалавека адбываюцца магутныя трансфармацыі.

Вось некаторыя псыхатэхнічныя прыёмы павышэньня ўнутранай упэўненасьці ў сабе.

Узгадайце моманты, калі вы адчувалі максымальную ўпэўненасьць у сабе. Узгадайце момант, калі вы адчулі сябе героем. Яшчэ раз, эмацыйна ярка перажывіце яго. Адзначце апорныя сымптомы вашай упэўненасьці.

Для замацаваньня вопыту можна на запясьце левай рукі надзець мэдычную гумку. Цяпер, паўтараючы апісаную вышэй мэтодыку і адчуўшы прыліў няўпэўненасьці, трэба адцягнуць і рэзка адпусьціць гумку, «заякарыўшы» няўпэўненасьць болевым адчуваньнем. Боль яе блякуе. А выклікаўшы ў сабе стан упэўненасьці, трэба падмацаваць яго станоўчай эмоцыяй — напрыклад, выпіць кубак гарбаты.



Пастарайцеся ўвайсьці ў ролю чалавека, якім вы захапляліся ці захапляецеся. Можна ўзгадаць герояў кніг або кінафільмаў. Можна стварыць зводны вобраз ідэальнага героя — такога, якім бы вы хацелі быць у жыцьці. Уявіце яго яскрава, ужывіцеся ў ягоны характар, звычкі. Урэшце, зьліцеся зь ім у адно.

Маскоўскі псыхатэрапэўт Ігар Вагін, чыя кніга «Выйграй у лёса ў рулетку» дапамагла Юрыю Бандажэўскаму ў зьняволеньні.



Тэхнікі «Намток » і «Люстэрка для героя»

«Намток»


Перапішыце ў сябе ў галаве фразу: «Я ня ўпэўнены, што гэта ў мяне атрымаецца» на фразу «Я ўпэўнены, што спраўлюся з гэтым, я хачу гэтага, я магу гэта зрабіць, я ўжо раблю гэта».

«Люстэрка для героя»


Заплюшчыце вочы і ўявіце, што вы ў вялікім пакоі з двума люстэркамі на процілеглых сьценах. У адным зь іх вы бачыце сваё адлюстраваньне. Ваш вонкавы выгляд, выраз твару, поза — усё кажа пра гранічную ступень няўпэўненасьці. Вы чуеце, як нясьмела і ціха прамаўляеце, а ваш унутраны голас пастаянна паўтарае: «Я горшы за ўсіх». Паспрабуйце абсалютна зьліцца са сваім адлюстраваньнем у люстэрку і адчуць, як вы з галавой акунаецеся ў балота няўпэўненасьці. З кожным удыхам і выдыхам узмацняйце адчуваньні страху, трывогі, недаверу. А потым павольна «выйдзіце» зь люстэрка і адзначце, як ваш вобраз памалу цьмянее і нарэшце згасае зусім. Вы да яго ўжо ніколі ня вернецеся. Павольна павярніцеся і ўгледзьцеся ў сваё адлюстраваньне ў другім люстэрку. Вы ўпэўнены ў сабе чалавек, Памяць падказвае тры яркія падзеі вашага жыцьця, калі вы былі «на кані». Успомніце гукі, вобразы, пахі, якія суправаджалі тады ваша пачуцьцё ўпэўненасьці. Ваш унутраны голас прарываецца вонкі: «Я веру ў сябе, я ўпэўнены ў сабе». Чырвоны слупок вашай упэўненасьці падымаецца па шкале градусьніка і з кожным вашым удыхам і выдыхам набліжаецца да стаградуснай адзнакі.





Які колер вашай упэўненасьці? Напоўніце сябе ім. Стварыце вакол сябе воблака ўпэўненасьці і атачыце ім сваё цела. Дадайце музыку ўпэўненасьці, пахі. Паспрабуйце ўбачыць знакі, вобраз вашай упэўненасьці і зьліцеся зь імі. Уявіце размашысты надпіс пазалочанымі літарамі на базальце: «Я ўпэўнены ў сабе». Уявіце сабе велічэзную аўдыторыю. Вы стаіце на сцэне, і вам пляскаюць дзясяткі тысяч чалавек. Зрабіце глыбокі ўдых і расплюшчыце вочы.
Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG