Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхолягі падлічылі, што ў розных культурных групах ды асяродках адсотак няўпэўненых у сабе людзей у сярэднім вагаецца ад 40% до 60%. Мяркую, што ва ўмовах турэмнага зьняволеньня гэтая лічба істотна вышэйшая. Ва ўсялякім разе, у нашых турмах робіцца ўсё, каб вязень адчуваў няспынную няўпэўненасьць ды страх.

Юры Бандажэўскі

Досьвед найбольш дасканалых пэнітэнцыярных сыстэмаў заходнеэўрапейскіх краін сьведчыць: толькі вяртаньне вязьню пачуцьця самапавагі дапаможа ягонай псыхіцы перабудавацца на нармальны лад і ўвогуле скароціць колькасьць злачынстваў, якія зьдзяйсьняюцца чалавекам паўторна. У гэтых мэтах заходнія турэмныя псыхолягі выкарыстоўваюць у працы зь вязьнямі шэраг псыхатэхнік, якія дапамагаюць змагацца з сытуацыяй і ўзьняць уласны баявы дух.

Мабілізацыя сіл і ўздым баявога духу

Псыхатэрапэўты, сярод якіх і маскоўскі спэцыяліст Ігар Вагін, называюць гэта станам актыўнага баявога трансу. У такім стане адбываецца рэзкая зьмена актыўнасьці кары і падкоркі галаўнога мозгу. Чалавек «абуджаецца». Яго рэсурсы ўключаюцца ў працу. Каб дасягнуць гэтага, патрэбная адпаведная падрыхтоўка.

Заплюшчыце вочы і сканцэнтруйце ўвагу на дыханьні. Адчуйце, як вы дыхаеце ўсёй паверхняй цела. З кожным удыхам і выдыхам ваша цела напаўняецца сілай і спакоем прыроды — акіяну, зямлі, неба. З кожным удыхам цела павялічваецца ў аб’ёме — спачатку вы запаўняеце сабою пакой, потым — горад, і нарэшце дасягаеце памераў Сусьвету. Чыстае блакітнае сьвятло запаўняе кожную клетачку вашага неабсяжнага цела — сьвятло асалоды і супакою. Вам ужо невядомы страх. Сьвет становіцца ўсяго толькі працягам вашага «я».

«Я ўсё магу»

Актыўны баявы транс перш за ўсё характарызуецца адстароненасьцю ад сьвету і абсалютнай канцэнтрацыяй на адной задачы. Чалавек адчувае незвычайны ўздым сіл, які надае ўпэўненасьць: «Я ўсё магу». Звышмагчымасьці — гэта нішто іншае, як вызваленая ад страху ваша ўнутраная энэргія, якая дагэтуль драмала ў вас. У экстрэмальнай сытуацыі, пераадолеўшы страх, чалавек вызваляе велізарны патэнцыял энэргіі. Наша цела мае шмат ахоўных мэханізмаў, якія ўключаюцца ў экстрэмальных сытуацыях і ратуюць нам жыцьцё. Тады цалкам зьнікае боль, рэзка павышаецца самаабарона арганізму. Варта паверыць у сябе, «дамовіцца» з уласным целам — і ты непрыступны для ўдараў. Трэнінг дапаможа вам адчуць гэта.


Кліп на песьню гурту "Ляпіс Трубецкой"

Заплюшчыце вочы і ўявіце сабе, што вы ўжо стаіце на кучы бітага шкла. Прывучыце сваю падсьвядомасьць, што гэта магчыма. Адчуйце, як аскепкі ўпіваюцца ў ступні, але ня рэжуць скуру, а толькі ўгінаюць яе. Адчуйце, як храбусьціць і крышыцца шкло пад нагамі, ня ранячы іх. З кожным удыхам і выдыхам у думках напаўняйце ступні вадой або паветрам. Ні ваду, ні паветра немагчыма парэзаць. Уявіце, што ў мінулым вы ўжо шмат разоў хадзілі па бітым шкле і пры гэтым ані не параніліся. Адчуйце, што для вас гэта — норма, самая звычайная рэч. Узмацніце гэтае пачуцьцё ўпэўненасьці. Вы гэта можаце! А цяпер уявіце, што вы падаеце на сьпіну зь вялікай вышыні. Зноў уявіце сваё падзеньне з вышыні. І паспрабуйце ўбачыць сябе паветраным балёнікам. Успомніце, што цела — працяг нашых думак. Ваша цела лёгкае, як балёнік, як вашыя думкі пра яго. Уявіце, што вы лежыце на сьпіне і ў жывот вам адзін за адным ляцяць вострыя нажы. Даляцеўшы да жывата, яны адскокваюць убок. Адчуйце, што ваш жывот максымальна расслаблены. Ён мяккі, як пуховая падушка. Напоўніце сябе гэтым адчуваньнем абароненасьці і ўпэўненасьці.

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».
Узгадайце момант, калі вы выйшлі пераможцам з самай складанай сытуацыі ў вашым жыцьці, дасягнулі ўражальнага посьпеху і адчулі небывалы ўздым сіл, усёмагутнасьць. Уявіце сабе ва ўсіх падрабязнасьцях час, месца, іншыя характэрныя дэталі гэтай падзеі. Якія эмоцыі вы адчувалі ў той момант? Як вы адчувалі сваё цела? Што вы думалі пра сябе і навакольны сьвет? Адзначце зьмены ў вашым дыханьні, цягліцах. Расслабцеся. А зараз зноў выклічце ў сабе гэты стан і максымальна ўзмацніце яго. Сьцісьніце кулак — пастаўце так званы «якар». Цяпер кожны раз, калі вам спатрэбіцца адчуць стан пераможцы, — сьцісьніце кулак. І так да зьяўленьня аўтаматычнай рэакцыі ад аднаго толькі позірку на кулак.

***

Узгадаем фільм Андрэя Таркоўскага «Зеркало», яго пралог, калі юнак зь цяжкім заіканьнем нарэшце вымаўляе: «Я магу гаварыць». Гэта мэтафара вызваленьня чалавека ад уласнай лагафобіі і ад цяжару мінулага. Чалавек можа прымусіць сябе пазбавіцца ад любой фобіі і аднойчы сказаць: «Я ўсё магу».


Тэхніка танка, ледакола

Гэтая тэхніка дапамагае пераадольваць перашкоды. Уявіце сабе сваю мэту на вяршыні гары. Каб дабрацца да яе, вы мусіце пераадолець шэраг перашкодаў. Уявіце іх сабе вобразна — хай гэта будуць паваленыя дрэвы, горная рака ці нешта іншае, што вам падкажа падсьвядомасьць. А цяпер уявіце сабе, што вы магутны танк, які падымаецца па схіле гары, тым ці іншым чынам пераадольваючы перашкоды на сваім шляху. Нейкія ён зносіць моцай свайго корпуса, нейкія аб’яжджае, нейкія пералятае на вялікай хуткасьці, аж нарэшце апынаецца на вяршыні. Можаце ўявіць сябе магутным ледаколам, а перашкоды — вялікімі і малымі ледзянымі таросамі. Моц ледакола — гэта ваш унутраны напор, і ён такі, што праз усе перашкоды вы ўрэшце дасягаеце мэты. Адчуйце радасьць пераадоленьня.

Каб выжыць у экстрэмальнай сытуацыі, напрыклад, у турме або калёніі, вельмі карысныя наступныя татвы (санскрыцкі тэрмін, які азначае працэс пазнаньня сутнасьці).



Заплюшчыце вочы і ўспомніце самае чыстае, лёгкае паветра, якім вы хоць калі дыхалі. Павольны плаўны ўдых — і лёгкае чыстае паветра напаўняе кісьці рук, плечы. Выдых — і яно выходзіць праз рукі. Удых — паветра запаўняе ступні, галёнкі, сьцёгны, жывот, грудзі, выдых — і яно плаўна выходзіць праз ногі. Удых — паветра запаўняе ўсё вашае цела. Уласьцівасьці паветра — цяпер уласьцівасьці вашага цела. Лёгкасьць, празрыстасьць, бязважкасьць. Вы і ёсьць гэтае чыстае, празрыстае, лёгкае паветра.

Уявіце сабе лагодную блакітную ваду. Вы лежыце ў блакітным басэйне. Удых — і вада запаўняе вашы рукі, плечы. Выдых — і яна выходзіць праз рукі. Удых — і вада запаўняе вашы ногі, выдых — выходзіць праз ногі. Удых — і вада запаўняе вашу галаву, выдых — выходзіць. Удых — і ўсё ваша цела цалкам напаўняецца чыстай блакітнай вадой. Вы распускаецеся ў ёй. Уласьцівасьці вады — цяпер уласьцівасьці вашага цела і вашай псыхікі: цякучасьць, рухомасьць, усёпранікальнасьць.

А цяпер уявіце бурнае полымя. Вы дыхаеце ўсёй паверхняй цела, і з кожным удыхам агонь запаўняе вашы рукі, ногі, грудзі, жывот, галаву. Вы запоўненыя бурным полымем, і ўласьцівасьці агню — цяпер вашыя ўласьцівасьці.

Уявіце сабе лёгкі серабрысты мэтал. Павольны плаўны ўдых — і вашыя рукі і ногі запаўняюцца мэталам. Адчуйце, як уласьцівасьці мэталу — трываласьць, надзейнасьць, стойкасьць — становяцца вашымі ўласьцівасьцямі.

А цяпер уявіце цяжкую, рыхлую, надзейную зямлю. Вы лежыце на зямлі і дыхаеце ўсёй паверхняй цела. З кожным удыхам вы ўцягваеце ў сябе зямлю і нарэшце распускаецеся ў ёй. І ўласьцівасьці зямлі — цяпер вашы ўласьцівасьці: стабільнасьць, надзейнасьць, упэўненасьць.

І нарэшце, уявіце сабе магутнае, прыгожае дрэва. Удых — вашы рукі і плечы становяцца галінамі гэтага дрэва. Выдых — і вы набываеце ўсе ўласьцівасьці гэтага дрэва: гнуткасьць, зграбнасьць, трываласьць.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG