Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16


Захаваць сябе ў няволі як асобу магчыма толькі абстрагуючыся ад жудаснай турэмнай рэчаіснасьці. У цяжкіх, экстрэмальных абставінах нельга «загрузаць» у непрыемнасьцях, заглыбляцца ва ўласную бяду, засяроджвацца на крыўдзе, на злосных пачуцьцях: гневе, помсьце, раздражненьні. Усё зласьлівае, як і адчай, прыводзіць да розных хваробаў цела.

Юры Бандажэўскі

Для мяне неацэнным дапаможнікам у вязьніцы стаў прыведзены вышэй псыхатрэнінг расейскага адмыслоўца ў галіне ірацыянальнай псыхалёгіі Ігара Вагіна. Таксама вельмі дапамаглі інтэлектуальная праца, вера, маральная падтрымка звонку і ліставаньне з тымі, хто на волі. Вялікім маральным стымулам былі і спатканьні (хай вельмі рэдкія) з блізкімі. Важнасьць такіх кантактаў для зьняволенага цяжка пераацаніць, але тут шмат што залежыць і ад сямейнікаў. Ніжэй, зыходзячы з уласнага досьведу, дазволю сабе некалькі парадаў для іх.

Пішыце лісты

Чалавеку на волі цяжка ўявіць сабе тое штодзённае чаканьне пошты, якое перажываюць людзі за кратамі, калі яны просяць турэмніка прынесьці з цэнзарскай лісты з волі і пакутуюць ад таго, што ім у гэтым адмаўляюць.

Ліставаньне для зьняволенага мае вельмі вялікае значэньне, бо гэта адна зь нямногіх формаў сувязі вязьня з вонкавым сьветам. Яна дапамагае чалавеку за кратамі адыйсьці ў думках ад цяжкага нэгатыву вязьніцы.


Сям'я Юрыя Бандажэўскага: жонка, дзьве дачкі і ўнучка

Сям'я Юрыя Бандажэўскага: жонка, дзьве дачкі і ўнучка

Тым, хто сядзіць, параіў бы падтрымліваць актыўную перапіску зь сябрамі і роднымі. Пісаць пажадана ня толькі пра падзеі (іх ня так ужо і шмат), але і пра ўласныя пачуцьці. Прычым менш фіксавацца ў лістах на розных сваіх балячках, на ўсім кепскім. Паспрабуйце паглядзець на сытуацыю з гумарам. У турэмнай абстаноўцы падставы для гэтага можна заўсёды знайсьці. Напачатку гэта будзе цяжка. Затое калі гэта ўвойдзе ў звычку, вы здабудзеце сапраўдны сродак ад нуды. Не крыўдуйце, калі вам не заўсёды адказваюць. Пісаць лісты ў зону цяжка.

Сваякам, блізкім ды ўвогуле ўсім, хто піша зьняволеным за краты, варта рабіць гэта як мага часьцей. Дапамагаюць тыя лісты, у якіх дарагія для вязьня людзі прымушаюць яго думаць пра далейшае жыцьцё пасьля турмы, як кажуць, будаваць пляны на будучыню. Ня трэба саромецца выказваць свае пачуцьці да зьняволенага. Мяне да сьлёз краналі лісты ад незнаёмых мне замежных дзетак, якія ўкладалі ў капэрты намаляваныя імі мае партрэты. Лісты былі для мяне крыніцай найвялікшага пазытыву. Калі я чытаў іх, а потым вяртаўся да іх у думках, я адчуваў сябе патрэбным чалавекам. Гэта вельмі важнае адчуваньне для любога зьняволенага.

За адзін раз мне маглі прынесьці дзьве-тры тысячы капэртаў (пісалі пераважна замежнікі, а таксама родныя ды блізкія мне людзі). Калі мяне этапавалі на вольнае пасяленьне, мой архіў, некалькі сотняў тысяч лістоў, вывозілі спэцыяльнай машынай. Дзякуй усім ім, блізкім і зусім не знаёмым мне людзям! Вы пераканалі мяне, што я не самотны.



Мне пашчасьціла зь міжнароднай падтрымкай. Вялікая падзяка праваабаронцам, найперш такой арганізацыі, як Amnesty International. Яна падтрымлівае тых, хто цярпіць за свае погляды. Гэта вельмі важная, проста неацэнная справа. Тое ж самае магу сказаць пра падтрымку з боку журналістаў незалежных беларускіх СМІ, а таксама замежных выданьняў. Вельмі ўдзячны створаным за мяжой грамадзкім рухам у маю падтрымку.

Спатканьні: некаторыя пажаданьні сваякам ды блізкім

Зыходзячы з уласнага досьведу, ведаю, што перажывае зьняволены, чакаючы спатканьня, падчас спатканьня і пасьля яго.

Гэта, з аднаго боку, велізарны маральны стымул. А зь іншага — ня менш вялізарны стрэс для арганізму, як у маральным, так і ў фізычным пляне. Людзям, якія ідуць на спатканьне са зьняволеным, трэба гэта дакладна разумець. Адно неасьцярожнае слова ці жэст можа нанесьці магутны псыхалягічны ўдар па чалавеку, які на доўгі час пазбаўлены нармальнага ўспрыманьня навакольнага сьвету. Трэба памятаць, што чалавек у няволі ўспрымае рэальнасьць па-іншаму, і разумець, што наперадзе ў вашага блізкага шмат маральных ды фізычных выпрабаваньняў. Трэба берагчы дарагіх вам людзей.

Таму да спатканьня трэба старанна рыхтавацца, прадумваць усе свае дзеяньні да драбніц. Калі хочаце, можна скласьці плян будучай сустрэчы: калі што казаць, калі гатаваць ежу, калі разам есьці. Таксама трэба, каб момант разьвітаньня ў канцы спатканьня не нагадваў «канец сьвету». Неабходны пазытыўны погляд на будучыню. Ніколі ня трэба траціць надзею: жыцьцё працягваецца ў любых умовах.

Юры Бандажэўскі з жонкай у абласным судзе, Гомель, 18.06.2001

Юры Бандажэўскі з жонкай у абласным судзе, Гомель, 18.06.2001


У маёй памяці ўсплывае такі эпізод. У першыя тыдні пасьля таго, як мяне этапавалі з Гомельскага СІЗА ў калёнію № 1 (была такая папраўчая ўстанова ў Менску на Кальварыйскай), я быў пазбаўлены ўсялякіх кантактаў з вонкавым сьветам. Натуральна, мне было вельмі цяжка ў маральным пляне, і я быў на мяжы псыхалягічнага зрыву. Усё ўнутры дрыжала ад напругі. Мне здавалася, што блізкія мяне згубілі. Калі я прыйшоў на першае кароткатэрміновае спатканьне (тэлефонная размова праз шкло), я меў вельмі прыгнечаны выгляд. Жонка Галіна, мая вучаніца ў навуцы, дзіцячы лекар па прафэсіі і выдатны псыхоляг па жыцьці, сказала мне словы, якіх я ніколі не забуду: «Не хвалюйся, я цябе знайду, дзе б ты ні быў!»

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».
Гэта адразу мяне супакоіла. Прыйшоўшы ў атрад, я расказаў пра гэта сваім таварышам па няшчасьці. І яны адразу адзначылі: «Вось гэта жонка, вось гэта сапраўдны сябар!»

Трэба змагацца за роднага чалавека, які апынуўся за кратамі. Нельга кідаць яго ў турме сам-насам зь ягонымі праблемамі. Цяпер усё часьцей можна пачуць такія слушныя словы: «Разам са зьняволеным сядзіць і яго сям’я. Яна таксама пакутуе маральна і фізычна».

Не дазваляць сабе тупець

Нішто ня шкодзіць чалавеку ў няволі так як гультайства. Гэта наўпросты шлях да дэградацыі асобы.

Калі вас за кратамі абавязваюць працаваць ці прапануюць працу — трэба працаваць. Нельга паразытаваць на сям’і. Праца можа быць рознай, трэба толькі імкнуцца выбраць яе, зыходзячы з уласных магчымасьцяў. Не адмаўляйцеся ад прапановы асвойваць новыя прафэсіі.

Пры любых абставінах давайце працу мозгу, бо інтэлектуальная дзейнасьць ёсьць вельмі важным зьвяном захаваньня чалавечага арганізма ва ўмовах няволі. У залежнасьці ад узроўню адукацыі і сацыяльнага разьвіцьця яна можа быць рознай. Гэта, перш за ўсё, чытаньне кніг рознага зьместу (у кожным ізалятары, турме, папраўчай установе ёсьць бібліятэкі), газэт, прагляд тэлевізійных перадач. Дзейсны спосаб падтрымаць і нават пашырыць інтэлект — вывучэньне замежнай мовы, пры гэтым адбываецца трэніроўка памяці. Можна паспрабаваць прыдумляць крыжаванкі. Ня шкодзіць задумвацца пра наступствы любых вашых ды чужых рашэньняў, аналізаваць перавагі і недахопы розных варыянтаў, весьці дзёньнік.

Юры Бандажэўскі з жонкай, Жэнэўскае возера, 2012

Юры Бандажэўскі з жонкай, Жэнэўскае возера, 2012



Цягам усяго часу майго зьняволеньня я натаваў свае думкі на розных лістах ды абрыўках паперы. Па сутнасьці, гэтак жа я рабіў і цягам усяго майго сьвядомага жыцьця. Аднак менавіта за кратамі адбылася канцэнтрацыя майго мысьленьня ды ўвагі да самых галоўных для мяне навуковых праблемаў. Калі ў галаве ўзьнікала нейкая гіпотэза, я потым цягам некалькіх дзён або тыдня абдумваў яе, праглядаючы тую навуковую літаратуру, якая ў мяне мелася.

Сваёй любімай навукай, якая стала для мяне ня проста працай, справай жыцьця, але таксама задавальненьнем, радасьцю, асалодай, я ў няволі займаўся шмат. Калі ў турэмнай камэры я стамляўся фізычна і маральна, я заплюшчваў вочы і паглынаўся ва ўласны навуковы сьвет. З поўнай упэўненасьцю магу сказаць, што навука стала маім выратаваньнем, яна прымусіла мяне жыць і змагацца, адстойваючы ўласныя прынцыпы. Працуючы ўначы за кратамі над атрыманымі вынікамі, я сьпяшаўся, бо разумеў, што магу не пасьпець сказаць тое, што, неабходна сказаць. Акрамя дапаможніка па выжываньні я ў тых умовах напісаў кнігу для францускага выдавецтва, шэраг навуковых артыкулаў.

Наколькі мне вядома, палітвязень, гісторык паводле адукацыі Зьміцер Дрозд таксама напісаў ў няволі навуковую манаграфію. А да таго ж пасьля вызваленьня — кнігу вершаў.

Спрабаваць пісаць у вязьніцы пачынаюць многія — хто кнігі, хто вершы, хто прозу. Гэта цікава і гэта дапамагае.


Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG