Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 21


Псыхалягічны стрэс, абумоўлены турэмным зьняволеньнем, выклікае зьмены з боку жыцьцёва важных сыстэм арганізму. Сытуацыя пагаршаецца ў выніку спэцыфічных прыёмаў працы турэмнікаў зь вязьнем. Напрыклад, выкарыстаньнем самага рознага віду катаваньняў, як фізычных, так і псыхічных.

Юры Бандажэўскі

Апошняя частка напісанага мной у няволі дапаможніка «Сыстэма выжываньня чалавека» прысьвечаная пытаньням паталягічных зьменаў фізыялягічных функцый чалавека ва ўмовах няволі. Яна разьлічаная на маіх калегаў-мэдыкаў, якія заклапочаныя тэмай здароўя чалавека за кратамі, а таксама на чытачоў, якія цікавяцца мэдыцынай ды біялёгіяй. Дарэчы, нямала з тых, зь кім я разам сядзеў, мелі шырокі кругагляд і добрую адукацыю, у тым ліку, і мэдычную, а таму зь цікавасьцю ставіліся менавіта да навуковага абгрунтаваньня сыстэмы. (У дадзенай інтэрнэт-вэрсіі гэты разьдзел падаецца ў скароце)

Што такое стрэс?

Паняцьце «стрэс», уведзенае ў мэдыцынскую практыку канадзкім фізіёлягам Гансам Сэлье ў 1936 годзе, трывала ўвайшло ў наша жыцьцё. Стрэс вызначаецца як ціск, прэсінг вонкавых фактараў на арганізм. Толькі 10% людзей лічацца абсалютна ўстойлівымі да стрэсу. Для ўсіх астатніх рэакцыя на стрэс залежыць ад сілы, працягласьці дзеяньня і індывідуальнай уразьлівасьці ў адносінах да пэўных стрэсараў (агентаў, якія выклікаюць стрэс). Улічваючы тое, што ва ўмовах зьняволеньня асноўнае месца сярод фактараў узьдзеяньня займае псыхалягічны, мы будзем весьці гутарку менавіта пра гэты фактар стрэсу.

Псыхіятр Тацьцяна Дзьмітрыева
Псыхіятр Тацьцяна Дзьмітрыева
Паводле расейскага адмыслоўца ў галіне сацыяльнай і судовай псыхіятрыі, доктара мэдычных навук Тацьцяны Дзьмітрыевай (1951-2010), вострая псыхічная рэакцыя на стрэс выяўляецца ў двух крайніх па сваёй выяўленасьці варыянтах.

Вострае псыхаматорнае ўзбуджэньне ўзьнікае часьцей. Пры гэтай рэакцыі паводзіны ў першую чаргу вызначаюцца асноўным інстынктам, інстынктам самазахаваньня. Вонкава яна выяўляецца лішнімі, хуткімі немэтанакіраванымі рухамі. Міміка і жэсты надзвычай жывыя, тэмп гаворкі паскораны, часта паўтараюцца адны і тыя ж фразы, часам гаворка мае характар маналёгу. Меркаваньні павярхоўныя, часам пазбаўленыя сэнсу. Адсутнічае здольнасьць канцэнтраваць увагу на тым, што паведамляецца, тлумачэньні ўспрымаюцца зь цяжкасьцю. Гэтым людзям цяжка знаходзіцца ў адной позе, яны то ляжаць, то ўстаюць, то бязмэтна рухаюцца зь месца на месца. Часта ў іх назіраецца гіпэрэмія твару, празьмерная патлівасьць, часам зьяўляюцца пачуцьці смагі і голаду.

Другая разнавіднасьць вострай рэакцыі на стрэс — стан, які выяўляецца ў вонкавай зьнерухомеласьці (здранцьвеньні). Чалавек робіцца як бы староньнім назіральнікам сваёй уласнай жыцьцёвай сытуацыі. У крайніх выпадках разьвіваецца так званы псыхалягічны ступар, калі чалавек ляжыць з заплюшчанымі вачыма, не рэагуе на атачэньне. Усе рэакцыі арганізму запаволеныя, зрэнка слаба рэагуе на сьвятло. Дыханьне робіцца радзейшым, бясшумным, неглыбокім. Арганізм як бы імкнецца максымальна адгарадзіць сябе ад рэчаіснасьці. Звычайна такія людзі падоўгу сядзяць у адной позе, не шукаюць дапамогі, нічым не цікавяцца, у іх прытуплена пачуцьцё смагі і голаду, вонкава яны робяць уражаньне спустошаных, эмацыйна вычарпаных людзей.

Магу з поўнай упэўненасьцю пацьвердзіць дадзеную выснову прафэсара Дзьмітрыевай, бо сам знаходзіўся ў стане вострай рэакцыі на стрэс. Пры гэтым хачу адзначыць, што ў пачатковы пэрыяд маёй асабістай трагічнай сытуацыі ў мяне было вострае псыхаматорнае ўзбуджэньне з усімі вышэйпералічанымі прыкметамі. Затым, па меры зьнясільваньня арганізму (прыблізна празь месяц), разьвілася другая разнавіднасьць вострай рэакцыі на стрэс, і я на працягу дня заставаўся ў поўным здранцьвеньні.

Міхалевіч апісвае катаваньні ў СІЗА КДБ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00
Наўпроставы лінк


У большасьці людзей у зьняволеньні празь некаторы час узьнікаюць наступствы вострай рэакцыі на стрэс. Перадусім гэта паніжаны ўвесь час настрой, млявасьць, апатыя, эмацыйная абыякавасьць. Зьнікае цікавасьць да навакольнай рэчаіснасьці, жаданьне атрымліваць задавальненьне, прападае імкненьне пазнаваць новае, нязьведанае. Людзі пазьбягаюць вялікіх кампаній, аддаюць перавагу адзіноце.

Характэрныя навязьлівыя ўспаміны пра стрэсавую сытуацыю. У большасьці выпадкаў яны непрыемныя. Аднак некаторыя асобы самі выклікаюць успаміны пра стрэсавую сытуацыю, што дапамагае «ператраўліваць» стрэс.

Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».
Практычна заўсёды маюць месца парушэньні сну (цяжкія засынаньні, частыя начныя прачынаньні, раньнія прачынаньні ў трывозе), нярэдка ўзьнікаюць начныя кашмары.

Паводзіны пачынаюць зьмяняцца. У пэрыяд чуйнаваньня павялічваецца пільнасьць, насьцярожанасьць да ўсяго, што навокал. Нярэдка разьвіваецца так званая набытая бездапаможнасьць. Думкі пацярпелых увесь час занятыя трывожным чаканьнем паўтору стрэсавай сытуацыі, перажываньняў, спалучаных зь ёй, і зазнанага пачуцьця бездапаможнасьці. Праз гэтае пачуцьцё бездапаможнасьці цяжэй бывае ўцягваць асобу ў кантакт з навакольнымі людзьмі. Розныя гукі, пахі ці сытуацыі могуць лёгка стымуляваць успаміны пра падзеі, зьвязаныя з псыхатраўмай, што і прыводзіць да думак пра сваю бездапаможнасьць. Характэрныя праявы такога стану — цяжка канцэнтраваць увагу, цяжка запамінаць, зьніжаецца працаздольнасьць.


Фрагмэнт рэпартажу Бі-Бі-Сі, прысьвечанага прысуду над Кавалёвым і Канавалавым. Карэспандэнт Джон Суіні паспрабаваў на сабе некаторыя мэтады, якія, паводле сьведчаньняў, ужываюцца ў турмах Беларусі.

Стрэс і зьмены электрычнай актыўнасьці мозгу

Асоба, якая перажыла стрэс, рэдка зьвяртае ўвагу на адзначаныя расстройствы і не выказвае адпаведных скаргаў, але менавіта гэтыя расстройствы зьніжаюць якасьць жыцьця і агульны ўзровень функцыянаваньня асобы. Фізіялягічныя дасьледаваньні паказалі, што на першых стадыях разьвіцьця стрэсавых станаў спачатку зьмяняецца абмен рэчываў або электрычная актыўнасьць пэўных структур мозгу (лімбіка-рэтыкулярных), якія ўдзельнічаюць ў рэгуляцыі функцыяў унутраных органаў, а таксама паводзінаў, эмоцыяў, памяці і інш.). Потым назіраюцца такія рэакцыі як зьмена рытму дзейнасьці сэрца і дыханьня, крывянога ціску, дыўрэзу. Пра эмацыйных стрэсах у асобных утварэньнях мозгу зьмяняюцца хімічныя ўласьцівасьці нейронаў ( у перакладзе са старажытнагрэцкай νεῦρον — валакно, нэрв).



Трэба падкрэсьліць, што эмацыйны стрэс — гэта сыстэмная рэакцыя арганізму Апроч псыхічных расстройстваў, маюць месца і саматычныя адхіленьні. У прыватнасьці, адзначаецца падвышэньне верхняга і ніжняга артэрыяльнага ціску (на 20–40 мм рт. сл.) Падвышэньне артэрыяльнага ціску звычайна не прыводзіць да пагаршэньня псыхічнага ці фізычнага стану. Аднак у дынаміцы разьвіцьця стрэсавых станаў у людзей зьмяняюцца суадносіны асноўных сардэчна-сасудзістых і дыхальных паказчыкаў.

Пасьля ўзьдзеяньня стрэсара нярэдка абвастраюцца ці дыягнастуюцца ўпершыню захворваньні, якія носяць назву псыхаматозаў — язвавая хвароба страўніка ці дванаццаціперснай кішкі, халецыстыт, халянгіт, каліт, запоры, бранхіяльная астма і іншыя.

Асобы, якія перанесьлі стрэс, страчваюць здольнасьць мадуляваць трывогу і агрэсію. Пры банальных навакольных падзеях яны рэагуюць гіпэрактыўнасьцю як на эмацыйныя, так і на сэнсарныя стымулы (сярод якіх зрок, слых, смак, дотык, нюх), зь цяжкасьцю кантралююць свой стан, прычым у мужчын агрэсія, як правіла, скіраваная на навакольных людзей (вонкі), а ў жанчын — унутр і характарызуецца самадэструктыўнымі паводзінамі. Вонкава гэта выяўляецца схільнасьцю да выбуховых рэакцый і раптоўных агрэсіўных дзеяньняў.

З пункту гледжаньня ацэнкі фізіялягічных рэакцый арганізм адказвае на ўзьдзеяньне стрэсара наступным чынам:

1. Стадыя трывогі — у ёй удзельнічаюць усе ахоўныя сілы арганізму. Мабілізуюцца ўсе яго сыстэмы. Хвалюючыся, чалавек страчвае велізарную колькасьць энэргіі.

2. Стадыя прыстасаваньня — на гэтай стадыі адбываецца настройка сыстэм арганізму і псыхікі на дадзеную сытуацыю. Гэта вельмі важная стадыя. Яна падрыхтаваная папярэдняй стадыяй і таксама залежыць ад энэргетычнага забесьпячэньня арганізму.

Калі арганізм ня здолеў прыстасавацца да стрэсавага ўзьдзеяньня і ягоныя энэргетычныя рэсурсы вычарпаліся, то ўзьнікае трэцяя стадыя стрэсу — стадыя зьнясіленьня. Адбываецца прыгнечваньне псыхічнага і фізычнага стану. Пры гэтым узьнікаюць розныя хваравітыя рэакцыі, якія ляжаць у аснове шмат якіх паталягічных працэсаў і захворваньняў. Такім чынам, наступства стрэсавага ўзьдзеяньня — зьнясіленьне энэргетычных рэсурсаў арганізму.

Іншымі словамі, псыхалягічны стрэс, абумоўлены турэмным зьняволеньнем, выклікае зьмены з боку жыцьцёва важных сыстэм арганізму. Сытуацыя пагаршаецца ў выніку выкарыстаньня турэмнікамі такіх спэцыфічных прыёмаў працы як фізычныя ды псыхічныя катаваньні. Варыянтаў падобных прыёмаў вялікае мноства і яны ўжо агучаныя некаторымі нашымі палітвязьнямі ды звычайнымі зьняволенымі.



Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 20
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 19
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 18
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 17
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG