Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 22


Пасьля вызваленьня з-за кратаў (2005) працягваць на радзіме паўнавартасную навуковую дзейнасьць было немагчыма — я ня меў ані месца працы, ані магчымасьці для правядзеньня навуковых дасьледаваньняў, ані адпаведнага грамадзкага статусу.

Юры Бандажэўскі

У якасьці пасьляслоўя

У красавіку 2006 пры непасрэдным удзеле тагачаснага амбасадара Францыі ў Беларусі я пакінуў маю радзіму і пасяліўся ў францускім горадзе Клермон-Фэран, ганаровым грамадзянінам якога я зьяўляўся і працягваю зьяўляцца.

Рашэньне зьехаць за мяжу мне далося нялёгка. На Захадзе, дзе я часта бываў і дагэтуль, я адчуваю сябе нармальна максімум два тыдні, і ўсё. Пасьля Францыі былі жыцьцё і праца ў Літве. Аднак нарэшце спыніўся на Ўкраіне. Цяпер жыву пад Кіевам, працую ў Чарнобыльскай зоне. Тут мне ўсё нагадвае маю родную Беларусь, дзе я рос, жыў, працаваў, адчуваў сябе моцным чалавекам. Ня ведаю, як усё будзе далей.


Будзем працаваць

«Здароўе чалавека і экалёгія» па-ранейшаму застаецца галоўнай тэмай маіх дасьледаваньняў. За пасьлятурэмны час напісаў каля 40 навуковых прац, у тым ліку 10 кніг навуковай тэматыкі, арганізаваў і правёў 4 міжнародныя навукова-практычныя канфэрэнцыі, стварыў ва Ўкраіне каардынацыйны аналітычны цэнтар «Экалёгія і здароўе», распрацаваў і ўкараніў праект «Мадэль сыстэмы комплекснага жыцьцезабесьпячэньня ў зоне радыёактыўнага забруджваньня». Неўзабаве выйдзе з друку падрыхтаваная мной і маімі калегамі манаграфія «Абарона здароўя людзей ва ўмовах радыеактыўнага забруджваньня навакольнага асяродзьдзя». Яна прысьвечаная пытаньням правядзеньня супрацьрадыяцыйных мерапрыемстваў, а таксама карэкцыі мэтабалізму ў людзей, на якіх цягам многіх гадоў узьдзейнічае радыяцыя, чые арганізмы стала назапашваюць у сабе інкарпараваныя радыёнукліды.

Вынікі маёй больш як 20-гадовай дасьледчыцкай дзейнасьці, і пра гэта я пісаў вышэй, дазваляюць рабіць высновы, што сталае ўтрыманьне ў арганізьме нават невялікай колькасьці радыёцэзію ў арганізьме ( ад 10 БК/кг) можа прывесьці чалавека да інваліднасьці і заўчаснай сьмерці, ня кажучы ўжо пра цяжкія хваробы. У тым ліку і пра генэтычна абумоўленыя паталёгіі, якія ў нармальных умовах не разьвіліся б.

Жэнэва, 2012. Сустрэча асацыяцыі ліквідатараў

Жэнэва, 2012. Сустрэча асацыяцыі ліквідатараў



Зразумела, карэкцыя мэтабалізму людзей, якія жывуць на пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторыях, павінна ажыцьцяўляцца на ўзроўні дзяржавы. У тым ліку — такімі яе інстытутамі, якія на доўгі час у выніку розных абставін замяняюць чалавеку дом. Гэта дзіцячыя дамы, войска, турмы і г.д. Дзеці-сіроты, вайскоўцы, вязьні, гэтаксама як і іншыя чальцы грамадзтва, не павінны заўчасна паміраць.

На жаль, адпаведнай працы на дзяржаўным узроўні ані ў Беларусі, ані ва Ўкраіне, ані ў Расеі ня робіцца. Мая задача разам з аднадумцамі — дамагацца, каб яна распачалася.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

Галоўнае, пра што трэба ведаць — колькасьць радыёнуклідаў у арганізьме. Калі вы носіце ў сабе адносна невялікую колькасьць Cs-137 ( да 30 БК/кг), то пры адсутнасьці новых паступленьняў арганізм сам пазбавіцца ад гэтых таксычных рэчываў натуральным шляхам, праз ныркі. Калі ж у арганізьме назапашаная значная колькасьць радыёцэзію (звыш 50 БК/кг), можна скарыстаць адсарбцыйныя прэпараты, у прыватнасьці энтэрасарбэнты, здольныя зьвязваць некаторую частку шкодных рэчываў і выводзіць іх праз страўнікава-кішачны тракт. Ужываць дадзеныя прэпараты варта, аднак, кароткімі курсамі — ня больш за 2–3 тыдні, бо існуе небясьпека, што з арганізму будуць выводзіцца карысныя элемэнты і злучэньні.

Для карэкцыі абмену рэчываў неабходна рэгулярна прымаць вітамінныя прэпараты (вітаміны А, Е, С, група В), мікраэлемэнты, калій і кальцый, а таксама ёд, улічваючы сталы дэфіцыт яго ў арганізьме шмат каго з жыхароў краіны. У гэтым пляне былі б карысныя марскія водарасьці і дыетычныя дадаткі, створаныя на іх аснове. Водарасьці — крыніца кальцыю, натрыю, калію, фосфару, жалеза, ёду, нікелю, медзі, марганцу, цынку, кобальту, хрому, сэлену, ванадыю, тытану, малібдэну.

Улічваючы ўзьдзеяньне радыенуклідаў на імунную сыстэму, асобам усіх узростаў абавязкова трэба вызначаць індывідуальную адчувальнасьць да банальных харчовых (і нехарчовых — такіх, як лекавыя прэпараты) агентаў. Калі казаць пра дзяцей, то мы рэкамэндуем рабіць такія тэсты адразу ж пасьля нараджэньня дзіцяці, выкарыстоўваючы кроў з пупавіны. Гэта дазволіць прадухіліць алергічныя рэакцыі, якія ў шэрагу выпадкаў прыводзяць да цяжкіх наступстваў, аж да гібелі арганізму.

Юры Бандажэўскі і Сьвятлана Алексіевіч на Чарнобыльскай канфэрэнцыі ў Парыжы

Юры Бандажэўскі і Сьвятлана Алексіевіч на Чарнобыльскай канфэрэнцыі ў Парыжы



Арганізацыя харчаваньня пацярпелага насельніцтва павінна грунтавацца на індывідуальным, рацыянальным і дыетычным падыходах. Агульнае патрабаваньне — забясьпечваць арганізм сераўтрымальнымі амінакіслотамі (малочныя прадукты), складанымі некрухмальнымі вугляводамі (гародніна і садавіна), вітамінамі (гародніна, садавіна, прадукты з цэльнага збожжа, печані), мінэраламі (малочныя прадукты, мяса, морапрадукты, збожжавыя). Аднак рацыён харчаваньня павінен быць індывідуальны і ўзгоднены зь лекарам-дыетолягам і тэрапэўтам з улікам вашых канкрэтных захворваньняў.

Зьменшыць утрыманьне цэзію-137 і стронцыю-90 у харчаваньні можна праз кулінарную апрацоўку прадуктаў. Агульныя прынцыпы наступныя: прадукты трэба чысьціць і старанна мыць іх у праточнай вадзе; вымочваць некалькі гадзін у 4% растворы кухоннай солі; варыць 5–10 хвілін, дадаўшы кухоннай солі, потым зьліць ваду і далей гатаваць у новай вадзе. Толькі пасьля гэтага прадукты можна ўжываць у ежу.

Каб прадухіліць пападаньне ў арганізм радыёактыўных агентаў, варта ўстрымацца ад грыбоў і лясных ягад.

Як бы банальна ні гучалі гэтыя словы, але памятайце: шмат што ў жыцьці чалавека залежыць выключна ад яго самога. Мая сёньняшняя актыўная навуковая ды грамадзкая дзейнасьць — доказ таго, што ў такіх экстрэмальных умовах, як турма, можна выжыць, выстаяць і да таго ж захаваць сябе як асобу. Зразумела, пры адной умове: няспынным пошуку прыстойных шляхоў. Бо фармальна выжывае большасьць вязьняў, але толькі адзінкі (асабліва гэта тычыцца тых, хто займаецца разумовай дзейнасьцю) вяртаюцца зь няволі здатнымі працягваць галоўную справу свайго жыцьця.

Проста трэба змагацца за сябе. Ведаць дзеля чаго ты жывеш. Калі ты жывеш дзеля блізкага чалавека – жыві і змагайся. Калі дзеля справы – таксама жыві і змагайся. Павінна быць мэта, а ня лёзунгі. Вызначыце для сябе сваю галоўную мэту і шукайце шляхі для яе зьдзяйсьненьня. Яны знойдуцца. Я выстаяў, і вы таксама выстаіце.


Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 21
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 20
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 19
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 18
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 17
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG