Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 19


Адрозна ад эўрапейцаў, большасьць беларусаў, як на волі, так і ў турме, нічога ня ведаюць пра сваю групу крыві. Хаця ў савецкія часы падобныя зьвесткі стаялі ў пашпартах многіх грамадзянаў. Сёньня веды найчасьцей прыходзяць, калі трэба рабіць экстраную апэрацыю або пераліваньне крыві. Я б параіў усё ж ведаць сваю групу крыві, нават і ў тым выпадку, калі вы не зьбіраецеся пераходзіць на прапанаванае мной харчаваньне.

Юры Бандажэўскі

Распрацаваная амэрыканцамі сыстэма харчаваньня паводле групаў крыві можа стаць для вязьня адным з спосабаў моцнай падтрымкі арганізму ва ўмовах стрэсу. На жаль, турэмную ежу, якая мае істотны ўплыў на якасьць жыцьця зьняволеных, нельга назваць якаснай і колькасна дастатковай. Адрозна ад цывілізаваных краінаў сьвету ў Савецкім Саюзе, а таксама ў постсавецкай Беларусі правільнае харчаваньне ніколі не разглядалася як адно з асноўных правоў зьняволеных, тым больш што ў тых умовах здароўе многіх ужо падарванае.


Выбар уласнай сыстэмы харчаваньня

Большасьць вязьняў харчуюцца ў няволі бессыстэмна. Тым часам найбольш «прасунутыя зьняволеныя», вывучаючы свой аоганізм, самі інтуітыўна прыходзяць да ўласнай сыстэмы харчаваньня. Так практыкуецца, напрыклад, макрабіятычная сыстэма (збалянсаванае харчаваньне), якая паходзіць з Усходу і накіраваная на выкарыстаньне жыцьцёвай энэргіі ежы. Наколькі мне вядома, у час мінулай адседкі на «хіміі» да гэтай сыстэмы прыйшоў і палітвязень Мікалай Статкевіч. Цяпер ён знаходзіцца ў непараўнальна горшых умовах утрыманьня, гэта тычыцца ў тым ліку і ежы. Я вельмі паважаю гэтага чалавека, а таму веру, што ён вытрымае нават у гэтай сытуацыі. Я спадзяюся, што хутка ён сам распавядзе, як перамог цяжкія выпрабаваньні.



(Зь інтэрвію Міколы Статкевіча, якое ён даў напачатку сьнежня 2010 . У ім кандыдат на прэзыдэнта распавёў пра звычку падтрымліваць сваю фізычную форму ў любых умовах, а таксама пра сыстэму збалянсаванага харчаваньня, да якой прыйшоў ва ўмовах пазбаўленьня волі).

У аснове сыстэмы харчаваньня паводле групаў крыві амэрыканскага дыетоляга Пітэра д’Адамо, да якой прыйшоў і я, ляжыць наступны прынцып: зьнясілены ва ўмовах няволі арганізм мусіць ужываць найбольш лёгкія зь гледзішча засваеньня прадукты і ў выніку траціць на іх найменш энэргіі.Толькі ў такім выпадку прадукты дапамогуць, а не пашкодзяць чалавеку. ( Улічваючы, што апошнім часам беларускіх вязьняў, асабліва палітычных, прынята ў турмах штрафаваць ежай, то бок максымальна скарачаць ім суму на атаварку, а таксама пазбаўляць іх харчовых пасылак, раю прытрымлівацца гэтай сыстэмы пасьля зьняволеньня. Са свайго досьведу ведаю, што правільна падабранае харчаваньне гэта адзін з галоўных шляхоў да аднаўленьня арганізму).

Асноўная сыстэма клясыфікацыі крыві — сыстэма AB0 (а, бэ, нуль) — паводле наяўнасьці або адсутнасьці пэўнага тыпу фактару «склейваньня» (аглютынагена):
0 (I) — 1-я група крыві
А (II) — 2-я група
В (III) — 3-я група
АВ (IV) — 4-я група

1-я група крыві

Гэтую групу маюць дзесьці 40% насельніцтва плянэты. Паводле клясыфікацыі амэрыканскага дыетоляга, людзі гэтай групы крыві належаць да так званых «паляўнічых».

Першую групу крыві, да прыкладу, маюць палітвязьні Эдуард Лобаў і Павал Севярынец

Каб здымаць стрэс, найлепшыя спосабы — інтэнсіўныя фізычныя нагрузкі і эфэктыўны абмен рэчываў. Апошняга можна дасягнуць праз адпаведную дыету. Яна будуецца на мясной ежы. Стрававальная сыстэма людзей з 1-й групай крыві прыстасаваная да такой дыеты — у прыватнасьці, ёсьць схільнасьць да падвышанай кіслотнасьці страўнікавага соку.

Доля жывёльных бялкоў у ежы павінна ўзрастаць па меры павелічэньня фізычнай нагрузкі і цяжкасьці стрэсавых сытуацый. У той жа час малочныя і збожжавыя прадукты не настолькі важныя, як для ўладальнікаў іншых груп крыві.

Акрамя мяса, мэтазгодна спажываць рыбныя прадукты. Не рэкамэндуюцца вялікія колькасьці малочных прадуктаў і яек, таму неабходна ўжываць дадаткі, якія ўтрымліваюць кальцый.

Уладальнікі 1-й групы крыві дрэнна засвойваюць бабовыя, не пераносяць прадуктаў з суцэльнага пшанічнага зерня. Асьцярожна трэба ўжываць макаронныя вырабы зь цьвёрдай пшаніцы. Паказаная гародніна, але не рэкамэндуюцца кукуруза, бульба, баклажаны.

Садавіна, як і гародніна, — выдатная крыніца клятчаткі. Яна таксама ўтрымлівае вітаміны і мінэральныя рэчывы. Аднак, варта пазьбягаць апэльсінаў, мандарынаў, суніц, дыняў.

Гарбата і зёлкі павінны аказваць заспакаяльнае ўзьдзеяньне на стрававальны тракт і не раздражняць імунную сыстэму. Таму прыдатныя ліпа, мята перачная, ягады шыпшыны, хмель, а таксама зялёная гарбата. Варта абмежаваць спажываньне кавы, бо яна выклікае павышэньне кіслотнасьці страўнікавага соку, а гэта вядзе да захворваньняў страўнікава-кішачнага тракту.

Каву цалкам можа замяніць зялёная гарбата. Яна таксама ўтрымлівае багата рэчываў, якія стымулююць арганізм, у прыватнасьці кафэін.
2-я група крыві

Гэтую групу крыві маюць прыкладна 30% насельніцтва на Зямлі. Дыетолягі ўмоўна называюць іх «земляробамі» (або «вэгетарыянцамі»).

Другую групу крыві мае палітвязень Аляксандар Францкевіч
Другую групу крыві мае палітвязень Аляксандар Францкевіч
Найлепшыя сродкі, каб здымаць стрэс, — заспакаяльныя працэдуры (ёга, энэргетычныя практыкаваньні, мэдытацыя), якія забясьпечваюць рэляксацыю. Носьбіты 2-й групы крыві дрэнна пераносяць псыхалягічныя ўзьдзеяньні; вось жа, неабходна авалодаць майстэрствам самазаспакаеньня. Калі гэтага не рабіць, то працяглыя стрэсавыя нагрузкі могуць прывесьці да разьвіцьця сардэчна-сасудзістых і анкалягічных захворваньняў. Фізычныя нагрузкі павінны быць памяркоўнымі, насіць заспакаяльны характар, не выклікаць раздражненьня і не зьнясільваць нэрвовую сыстэму.

Паводле характару рэкамэндаванага харчаваньня людзі, якія маюць 2-ю групу крыві, — вэгетарыянцы. У іх кіслотнасьць страўнікавага соку паніжаная, а таму мясная ежа дрэнна ператраўляецца.

Малочныя прадукты таксама дрэнна засвойваюцца, трэба пазьбягаць любых прадуктаў з суцэльнага малака. Перавагу варта аддаваць кісламалочным прадуктам. Ня трэба захапляцца яйкамі.

Вельмі добра засвойваюцца прадукты з соі. Карысна рэгулярна ўжываць у невялікіх дозах алей, пажадана аліўкавы або льняны, семкі гарбуза і сланечніку, арэхі. Добра ператраўляюцца збожжавыя прадукты, прычым перавагу пры гэтым варта аддаваць цэльнаму зерню, а не апрацаваным канцэнтратам і сумесям. Рэкамэндуецца рэгулярна ўключаць у мэню проса, кукурузную муку, цэльны авёс.

Вельмі добра есьці грэчку і вельмі важна — гародніну, аднак пазьбягаць памідораў. Варта есьці болей часнаку, жоўтай цыбулі, якія ўтрымліваюць антыаксыданты і стымулююць імунную сыстэму, прадухіляючы ўзьнікненьне пухлінных клетак.

З садавіны і ягад асабліва карысныя вішні, дурніцы, брусьніцы, журавіны, грэйпфруты, добра есьці разынкі. Усе яны ўтрымліваюць антыаксыдант — вітамін С, які прадухіляе рак страўніка. Людзям з 2-й групай крыві неабходна ўжываць штодня цёплую ваду, у якую выціснуты сок лімона. Гэта зьмяншае вытворчасьць сьлізі і стымулюе апаражненьне кішэчнага тракту.

Сярод напояў карысныя зялёная гарбата, кава (павышае кіслотнасьць страўнікавага соку). Іншыя напоі — чорная гарбата, содавыя, піва — супрацьпаказаныя.


3-я група крыві

Паводле клясыфікацыі д’Адамо, людзей з гэтай групай называюць таксама «качэўнікамі». Іх на плянэце каля чвэрці.

Трэцяя група крыві ў былога палітвязьня Юрыя Бандажэўскага
Трэцяя група крыві ў былога палітвязьня Юрыя Бандажэўскага
Арганізм людзей з 3-й групай крыві мае магчымасьці, каб зьменшыць нэгатыўнае ўзьдзеяньне самых разнастайных стрэсаў. Адказ на іх палягае ў чаргаваньні разумовай дзейнасьці і інтэнсыўнай фізычнай актыўнасьці. Менавіта ў спалучэньні гэтых рознатыповых рэакцыяў і хаваецца посьпех арганізму з гэтай групай крыві ў супраціве стрэсам. Чалавек пераносіць яго параўнальна лёгка і прыстасоўваецца да незвычайных сытуацыяў. Такія людзі менш канфліктныя, чым носьбіты 1-й групы крыві, і ў той жа час фізычны патэнцыял у іх вышэйшы ў параўнаньні з носьбітамі 2-й групы.

Людзі з 3-й групай крыві маюць здольнасьці, каб супрацьстаяць шматлікім сур’ёзным хваробам, асабліва сардэчна-сасудзістым і анкалягічным. Аднак яны схільныя да збояў імуннай сыстэмы, да сыстэмных хваробаў кшталту чырвонай ваўчанкі.

Ключ да здароўя для людзей з 3-й групай — збалянсаванае харчаваньне. Варта выбіраць для ежы розныя злакі ды крупы, перавагу аддаваць рысу і аўсу. Кукуруза і грэчка будуць зьніжаць абмен рэчываў, аслабляць дзеяньне інсуліну, што прыводзіць да ацёкаў ды стамляльнасьці. Варта пазьбягаць жыта, у якім ёсьць лектын.

Людзям з 3-й групай крыві лепш адмовіцца ад курынага мяса — у ім таксама ёсьць лектын, які выклікае аглютынацыю эрытрацытаў — і ад сьвініны.

Вельмі карысная для асобаў з 3-й групай крыві рыба. Паказаныя малочныя прадукты.

Карысна рэгулярна ўжываць у невялікіх дозах алей, пажадана аліўкавы або льняны. Сланечнікавага і кукурузнага алею лепш пазьбягаць. Не рэкамэндуецца есьці багата арэхаў. З бабовых перавагу лепш аддаваць фасолі. Арганізму людзей з 3-й групай крыві патрабуецца разнастайная гародніна, за выключэньнем таматаў, кукурузы, а таксама садавіна.

З напояў асабліва карысная зялёная гарбата, не супрацьпаказаная і кава.
4-я група крыві

Носьбіты гэтай групы крыві складаюць таксама дзесьці 25%. Дыетолягі ўмоўна называюць іх «новымі людзьмі».

Чацьвёртая група крыві ў палітвязьня Алеся Бяляцкага
Чацьвёртая група крыві ў палітвязьня Алеся Бяляцкага
Рэакцыя на стрэс выяўляецца ў заклапочанасьці, раздражняльнасьці, мітусьлівасьці. Пад уплывам стрэсавых сыгналаў арганізм слабее. Гэта праяўляецца ў зьніжэньні функцыі розных ланцужкоў імуннай сыстэмы. З гэтай прычыны носьбіты 4-й групы паддатныя на розныя захворваньні, у тым ліку сардэчна-сасудзістыя ды анкалягічныя. Каб прадухіліць непажаданыя наступствы, варта засвоіць майстэрства самазаспакаеньня. Фізычныя практыкаваньні павінны забясьпечваць спакой і канцэнтрацыю, засяроджанасьць. Разумовыя нагрузкі павінны быць сярэдняй інтэнсіўнасьці.

Носьбіты 4-й групы маюць нізкую кіслотнасьць страўнікавага соку, што абмяжоўвае здольнасьць ператраўляць мясныя прадукты, асабліва зь сьвініны ды кураціны. Аднак адмаўляцца ад мяса цалкам ня варта, бо гэта крыніца асноўных бялкоў. Непрымальныя — кансэрваваныя, сушаныя, вяленыя, вэнджаныя мясапрадукты: яны могуць стаць прычынай раку страўніка ў сувязі зь нізкай кіслотнасьцю страўнікавага соку.

Неабходны кампанэнт харчаваньня — малочныя прадукты, асабліва кісламалочныя. З розных гатункаў алею карысны аліўкавы, які зьніжае ўзровень халестэрыну ў крыві. Абсалютна непрымальныя — кукурузны ды сланечнікавы алей.

З арэхаў варта ўжываць грэцкія ды арахіс. З бабовых — сачавіцу, у якой утрымліваецца супрацьракавы антыаксыдант.

Карысна есьці авёс, рыс, проса. Таксама можна ўжываць прадукты з соі, ячменю, прарослай пшаніцы і жыта. Грэчкі ды кукурузы лепш пазьбягаць. Людзям, якія пакутуюць на бранхіяльную астму, інфэкцыйныя захворваньні дыхальных шляхоў, колькасьць пшаніцы лепш абмежаваць, бо яна можа стымуляваць падвышанае вылучэньне сьлізі органамі дыханьня і страваваньня.

Пажадана ўжываць у ежу гародніну. Садавіна таксама ўтрымлівае багата карысных для арганізму гэтай групы крыві рэчываў: рэкамэндуецца спажываньне сьліў, вішань, грэйпфрутаў, інжыру, журавін, ківі, лімонаў, агрэсту. Апэльсіны варта замяніць на грэйпфруты, бананы — на абрыкосы.

Людзі з 4-й групай крыві павінны кожную раніцу выпіваць шклянку цёплай вады, зьмяшанай з сокам лімона, што спрыяе ачышчэньню сьлізістых абалонак ад сьлізі. З сокаў асабліва карысныя высокашчолачныя — зь вішні, журавін, вінаграду, а таксама капусты і морквы. Канцэнтраваныя сокі лепш разводзіць гатаванай вадой, каб не раздражняць далікатную сьлізістую абалонку страўніка.

Гарбата зь зёлак выкарыстоўваецца дзеля стымуляцыі імуннай сыстэмы і прафіляктыкі сардэчна-сасудзістых захворваньняў. Для гэтага найбольш падыходзяць жэньшэнь, рамонак, ягады шыпшыны. Паказаныя зялёная гарбата ды кава. Настоі з каранёў лопуху і лісьця суніцы спрыяюць засвойваньню жалеза і служаць прафіляктыкай анэміі.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 18
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 17
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG