Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коні сытыя, ваўкі цэлыя


Андрэй Макаёнак

Андрэй Макаёнак. 1950-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак. 1950-я гг. З фондаў БДАМЛМ

Адно з азначэньняў, якое так любяць ужываць у дачыненьні да савецкай літаратуры тыя, каму ў свой час намуляў шыю перакрухмалены піянэрскі гальштук — «пурытанская». Яе асэксуальнасьць проста ня ставіцца пад сумнеў. Маўляў, а як інакш магло стацца ў краіне, дзе «сэксу няма і быць ня можа»? Міт пра расейскую кабету, якая нібыта прамовіла гэтыя гістарычныя словы падчас нейкага тэлемосту, трывае й дагэтуль. Між тым, відавочна, што чуткі пра нейкія надзвычайныя, абумоўленыя ідэалёгіяй цнатлівасьць, нявіннасьць і перакрухмаленасьць савецкага прыгожага пісьменства моцна перабольшаныя. Прасьцей кажучы, брахня ўсё гэта і выдумка агентаў міжнароднага пэрфэкцыянізму. Фальшыўка, сфабрыкаваная ў «Поршэ». Бадай, самым яскравым абвяржэньнем усіх падобных закідаў ёсьць п’еса беларускага драматурга Андрэя Макаёнка «Зацюканы апостал», напісаная ў 1960-м. Паводле задумы аўтара, ужо ў другой карціне першай дзеі гэтай п’есы адзін з актораў, падлетак, мусіў проста на сцэне нармальнага савецкага тэатру напампаваць гумовую жанчыну («безь ніякае маскіроўкі — галыш», удакладняе драматург). Жанчыну з таго слаўнага сямейства, якія завуцца сэкс-лялькамі і прадаюцца ад 20 да 500 эўра за штуку, у залежнасьці ад мадыфікацыі. Калі аўтар сьмела піша пра такое — значыць, ня ўсё так кепска было ў савецкіх тэатраў з сэксам, густам і рэквізытам, а ў савецкіх драматургаў — з фантазіяй. Дык жа ня трэба нам сьпяшацца з высновамі — як і з напампоўваньнем лялек: могуць лопнуць проста на сцэне.

Сцэна са спэктаклю “На досьвітку” А. Макаёнка. Жана – Зінаіда Браварская, Мішэль – Уладзімер Кудрэвіч. Нацыянальны аккадэмічны тэатар імя Я. Купалы, 1952 г. З фондаў БДАМЛМ

Сцэна са спэктаклю “На досьвітку” А. Макаёнка. Жана – Зінаіда Браварская, Мішэль – Уладзімер Кудрэвіч. Нацыянальны аккадэмічны тэатар імя Я. Купалы, 1952 г. З фондаў БДАМЛМ

Праўда, «Зацюканы апостал» — п’еса ўжо сталага, прызнанага драматурга Макаёнка, які мог дазволіць сабе крышачку больш за пачаткоўцаў зь іхнымі жывымі і таму нецікавымі, зашпіленымі на ўсе гузікі жаночымі пэрсанажамі. Праўда і тое, што дзеяньне п’есы адбываецца недзе за мяжою — як дасьціпна пазначае аўтар, «недзе на ўзьбярэжжы паўднёвага мора, здаецца, Міжземнага. Можа, нават на заваляшчым якім-небудзь востраве ў якім-небудзь акіяне, мелкім, неглыбокім, дзе і вады ўсяго па калена». Ня ведаю, як каму, а мне апісаньне падазрона нагадвае менскі ляндшафт (усе мы жывем пасярод аднаго Акіяну), але ж рэч ня ў гэтым. Сучасьнікі кажуць, што паводле першапачатковай задумы, месцам падзей мусіў стаць Савецкі Саюз — але тады б у справу непазьбежна ўмяшалася цэнзура. Цікава, дарэчы, ці быў у савецкім варыянце п’есы прадугледжаны той эпізод зь лялькай, або зьявіўся пазьней як сродак дадаць твору заходняга калярыту, а лёганькай прамысловасьці СССР даць творчы стымул дзеля разнастайнасьці яе асартымэнту?

Андрэй Макаёнак. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак. З фондаў БДАМЛМ

Ня менш цікава пазначаны аўтарам і час, у які адбываецца дзеяньне: «якраз паміж мінуўшчынай і будучыняй. Акурат у сьвежай баразьне паміж імі». Добра зашыфраваная сучаснасьць, аднак, прарываецца ў гэтым творы з кожнай старонкі. Разгубленыя канфармісты Тата і Мама, амаральныя роўна настолькі, каб не выдзяляцца з шэрагаў сярэдняй клясы, гэтага «хрыбта нацыі». Дачка, Дзед і... І Сын-вундэркінд — з тых «сярдзітых маладых людзей», якіх неўзабаве назавуць тэды-боямі, а потым гіпі, панкамі, мэталістамі, скінамі і іншым «яростным студотрядом», у залежнасьці ад ступені «сярдзітасьці». Ён, яшчэ не дарослы да таго, каб бавіцца з татавымі лялькамі, задавальняецца пакуль што дасьледаваньнем бацькоўскай амаральнасьці і крывадушнасьці. Вырасьце — паедзе ў Парыж на барыкады ці ў Вудсток, гледзячы на што хопіць Татавых зьберажэньняў. Хутчэй за ўсё, памрэ маладым ад перадозу, з томікам Сартра або Кастанэды пад галавой. Усё гэта сапраўды магло б адбывацца на ўзьбярэжжы любога акіяну — і нават у межах савецкай берагавой лініі. Якая — такі лёс усіх гэткіх межаў — ляжыць у той самай баразьне паміж мінуўшчынай і будучыняй, якую так па-майстэрску выкапаў драматург. Савецкія дэкарацыі маглі ўратаваць «Зацюканага апостала» — замежныя яго зьнішчылі. Замест твора пра герояў нашага часу атрымаўся тэкст пра герояў часу іхнага. Над баразной залунаў сьцяжок — як над амбасадай.

Андрэй Макаёнак (справа) з народным артыстам Беларусі Леанідам Рахленкам. Менск, Цэнтральны сквэр, лета 1956 г. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак (справа) з народным артыстам Беларусі Леанідам Рахленкам. Менск, Цэнтральны сквэр, лета 1956 г. З фондаў БДАМЛМ

У часы майго дзяцінства найбольш папулярным жанрам была, вядома, фантастыка, і што цікава: чыталі збольшага перакладную замежную, да сваёй савецкай ставіліся зь лёгкай пагардай. Бо немагчыма было паверыць у савецкія блястары і зьвездалёты: у нас такога, блін, не бывае... Макаёнак у «Апостале» — наіўны і часта выклікае ўсьмешку, у адрозьненьне ад яго пэрсанажаў. А ўсё таму, што імкнецца выглядаць больш сучасным за самага сучаснага з сучасных аўтараў. Гэта відаць па мове твору — падкрэсьлена рэзкай, месцамі наўмысна «моладзевай», штучна «замежнай»; напэўна ж, яму здавалася, што герой гэтай самай сучаснасьці, той самы хлопчык-з-пальчык, які коўзаецца ў яе баразьне, па той бок заслоны, можа быць толькі такім — сьмешна-бунтоўным «інтэлектуалам». Сын у п’есе Макаёнка спрэс размаўляе цытатамі — бацькі навучылі, на сваю галаву. Ён, як Дзюма-бацька ў дзяцінстве, якім яго апісаў Маруа — прачытаў некалькі разумных кніг і лічыць, што ведае ўсё на сьвеце і здольны яго перавярнуць адной левай. Праблема ў тым, што і драматург, калі шчыра, паўстае ў п’есе такім самым саманадзейным — такое адчуваньне, што ён не без ваганьняў аддаў Сыну-пэрсанажу ўвесь свой тагачасны інтэлектуальны багаж, а п’есе — успаміны пра ўсе свае замежныя камандзіроўкі, перамяшаныя з газэтнымі прапагандысцкімі клішэ. У выніку атрымалася сатыра — на савецкую рэчаіснасьць, а заадно і на ўсіх савецкіх драматургаў, якія лічаць, што схапілі сучаснасьць за аголены нэрв, а самі больш за ўсё падобныя да прыстасаванца-Таты. Ці ўсьведамляў гэта сам аўтар?

Андрэй Макаёнак (справа) з народнымі артыстамі Беларусі Барысам Платонавым і Ірынай Ждановіч. 1962 г. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак (справа) з народнымі артыстамі Беларусі Барысам Платонавым і Ірынай Ждановіч. 1962 г. З фондаў БДАМЛМ

«Для буржуазнага асяродзьдзя характэрныя дзьве рысы... псыхічная дэпрэсія на аснове прыніжэньня асобы і на гэтай глебе зьяўленьне фашысцкай ідэалёгіі і культу сілы» — не саромеючыся, піша аўтар ва ўступе да п’есы. Бедныя Тата з Мамай, колькі ж разоў ім адмаўлялі ў савецкай візе?... Аўтар зусім не задумваецца пра тое, што Сын у яго творы меў прынамсі свабоду чытаць што хоча і свабоду нахапацца ўсяго адусюль — ці меў такую магчымасьць сам Макаёнак? Пад такім ракурсам «Зацюканы апостал» чытаецца ўжо як перасьцярога Макаёнка супраць свабоды — і ня болей; якія ўжо тут «барозны»...

...Існуе такая крывадушна-паблажлівая фармулёўка: «засталіся ў сваім часе...» Лявоніха — на арбіце, таблетка — пад языком. Ня ўсё, што пішацца, manet, некаторае volat, такія правілы бадмінтону. Выбачайце, калі ласка. Калі апошнюю фразу аздобіць дзьвюхкосьсем, атрымаецца назва адной зь першых п’есаў Макаёнка, якая прынесла яму славу, славу сатырыка. Чытаючы тую «Калі ласку», немагчыма пазбавіцца ад адчуваньня, што Ён Гэта Наўмысна — столькі тут абсурду і іншых насарогаў. У ролі лысай сьпявачкі — пінская шляхта. «Выбачайце, калі ласка» — такі сабе сталінскі вадэвіль пяцідзясятых на калгасныя тэмы, з сваімі Кручковымі, Куторгамі, Грышкамі і Марысямі... З алькагалізмам і танцамі, з гонкамі на газіках, з хітрым яўрэем, з ачкаўцірацелем-галавяцяпам, з ахвярамі інтрыг, якіх урэшце ратуе харошы пракурор — разам з плянам нарыхтовак і ўсёй справаздачнасьцю. Зь пісарам-карэспандэнтам:

Андрэй Макаёнак (у цэнтры) са скульптарамі Анатолем Анікейчыкам (зьлева) і Заірам Азгурам (справа) каля Літаратурнага музэю Янкі Купалы. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак (у цэнтры) са скульптарамі Анатолем Анікейчыкам (зьлева) і Заірам Азгурам (справа) каля Літаратурнага музэю Янкі Купалы. З фондаў БДАМЛМ

«Калібераў: Акрамя таго, я чытаў, што вы і для літаратуры тое-сёе робіце. Пішаце, творыце...
Гардзіюк (скромна): Зьбіраю матэрыял...
Калібераў: Героіка, рамантыка, напэўна, вабяць?
Гардзіюк: Не, сатыра.
Калібераў: Сатыра. (Успомніў). Ах, так-так, „Гогалі і Шчадрыны нам патрэбны“. Правільна, правільна...»

Правільна. Правільна найперш тое, што ў патрэбе мець сатырыкаў прызнаецца ня хтосьці з герояў п’есы, а сам Калібераў — галоўны яе адмоўны пэрсанаж. Калібераў і журналістка Гардзіюк — у адной зьвязцы, і толькі пракурор сам па сабе, як кот, ці іншы які драпежнік.

Сцэна са спэктаклю “Трыбунал” А. Макаёнка. Цярэшка Калабок – Іёсіф Матусевіч, Паліна – Зінаіда Канапелька. Беларускі акадэмічны тэатар імя Я. Коласа, 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

Сцэна са спэктаклю “Трыбунал” А. Макаёнка. Цярэшка Калабок – Іёсіф Матусевіч, Паліна – Зінаіда Канапелька. Беларускі акадэмічны тэатар імя Я. Коласа, 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

У сваім часе, як дома, адхіліўшы запрашэньне ісьці баляваць у вечнасьці, засталіся шмат якія такія лысыя сьпявачкі Макаёнка. Але што дастанецца сучаснаму чытачу? Ня так ужо й мала. Напрыклад, Макаёнак як змагар з чыстай кампазыцыяй, без шалупіньня сюжэтаў — кампазыцыяй, якую ён упершыню паспрабаваў на гнуткасьць у згаданым намі вадэвілі і зь якой у сваіх пазьнейшых рэчах, як, скажам, у «Пагарэльцах» і «Кашмары», пачаў вырабляць амаль абстракцыянісцкія штукі. А паміж імі быў «Трыбунал» — самая знакамітая яго рэч. Гэта — трагікамэдыя, якую псуе фінал — настолькі мэлядраматычны, наколькі правільны з пункту погляду ідэалёгіі. Сам па сабе яе канфлікт дужа нацягнуты, але выкананьне бездакорнае да самай перадапошняй дзеі, дзе прыгожа разьвешаныя па сьценах стрэльбы страляюць тады, калі трэба — але чамусьці ўсё ў аўтара.

Сцэна са спэктаклю “Трыбунал” А. Макаёнка. Цярэшка Калабок – Іёсіф Матусевіч, Паліна – Зінаіда Канапелька. Беларускі акадэмічны тэатар імя Я. Коласа, 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

Сцэна са спэктаклю “Трыбунал” А. Макаёнка. Цярэшка Калабок – Іёсіф Матусевіч, Паліна – Зінаіда Канапелька. Беларускі акадэмічны тэатар імя Я. Коласа, 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

Вяскоўца Цярэшку немцы прызначылі старастам, прававерная сям’я Цярэшкі вырашае забіць яго за здрадніцтва, у выніку высьвятляецца, што Цярэшка выконвае партызанскае заданьне; пра гэта даведваюцца добрыя сямейнікі, якія рэзка перадумваюць «тапіць бацьку» — і толькі малодшы сын Валодзька, нічога не падазраючы, падрывае сябе разам зь нямецкай камэндатурай. Аўтар тут працуе выключна на тэатар, робіць усё, каб п’еса глядзелася і людзі сьмяяліся і плакалі там, дзе трэба. Што да сьмеху, то адчуваецца: з «Трыбуналам» Макаёнку было найцяжэй — бо гэта якраз не сатыра, тут мала вывесьці тыпы, тут трэба жывое, грубае, ранімае... Галоўны герой, зь ягонай прэтэнзіяй на архетып беларуса, зь ягонымі амаль клясычнымі «прамовамі Цярэшкі», зь ягоным шэдэўральным «Хай і Гітлер» — атрымаўся; там жа, дзе не атрымлівалася, у пустоты і дзіркі заўжды можна ўставіць якога немца зь ягоным акцэнтам — танны сьмех, але ж сьмяюцца. Ці нейкі застольна-сэксуальны намёк, народ гэта любіць яшчэ болей. А лялькі ён, народ, насамрэч баіцца. Інстынктыўна й падсьвядома — ня ўпісваецца баба гумовая ў сьвята ўраджаю.

Андрэй Макаёнак (справа) з расейскім паэтам Андрэем Вазьнясенскім. 1973 г. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак (справа) з расейскім паэтам Андрэем Вазьнясенскім. 1973 г. З фондаў БДАМЛМ

«Трыбуналам» Макаёнак давёў чытачу сваю народнасьць — але давёў і тое, што сам ён большы за таго сатырыка, якога выгадавала ў ім эпоха і ўласны сумны посьпех. Часам і ён спрабаваў быць галодным падчас усеагульнай жратвы, вось гэтай, апісаньне якой, ледзь не на трасянцы, уражвае ў Макаёнка найбольш:

«...І ўсе зноў накідваюцца на жратву. Чуваць, як над усёй краінай разносяцца нейкі шэлест, бульканьне, звон талерак, лязгат нажоў, відэльцаў, хруст, чаўканьне. Усе сьвяшчэннадзействуюць: жуюць, глытаюць, п’юць, улагоджваюць страўнікі, шлункі...»

Гэта з п’есы «Кашмар». На жаль, сатырычнай — бо пасьля жратвы пачынаецца новая дзея. Хаця можна было б проста паставіць кропку.

Андрэй Макаёнак. Фатаздымак з запрашэньня на творчую вечарыну драматурга. 1974 г. З фондаў БДАМЛМ

Андрэй Макаёнак. Фатаздымак з запрашэньня на творчую вечарыну драматурга. 1974 г. З фондаў БДАМЛМ

Некалі я пісаў ужо, за што не люблю сатыру — за яе флюгернасьць; сатырык заўжды вальналюб на дзяржаўнай службе. Не люблю і драматургію, з прычынаў больш асабістых: у кожнай п’есе пад касьцьмі патэнцыйнага гледача гіне раман ці апавяданьне. Хаця Дыкенс і казаў пра тое, што «кожны аўтар-бэлетрыст насамрэч піша для сцэны». Гэта ня так. Проза не патрабуе адмысловай візуалізацыі і паламаных зэдлікаў, для яе шкілетаў ня трэба купляць у краме сапраўдную шафу. Добрую прозу бачыш і чуеш і так, без рэмарак. У нейкай з прадмоваў да Макаёнкавых твораў прыводзяцца словы драматурга пра «сытых коней руціннасьці, на якіх гарцуюць сатырычныя пэрсанажы». Прыгожая фраза, якая выдае ў Макаёнку таленавітага літаратара, пісьменьніка на сатырычнай стаўцы, які вымушаны, ганяючы тых сытых коней, раз за разам пазіраць на лес, чакаючы каманды «стоп». Дзярэ коза ў лесе лозу, воўк дзярэ ў лесе козу, а ваўка — мужык Іван, а Івана — ясны пан. Коні руціннасьці мусяць застацца жывыя — як і пэрсанажы. І абавязкова накормленыя «жратвой» — інакш што будзе есьці стары сатырык. Хлеб патрэбны ўсім, а відовішчы дастаюцца толькі ахвотным.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)
Слупы — і часам кактусы (Пімен Панчанка)
Вырванае з рэбраў (Ларыса Геніюш)
Знакі і сымбалі (Міхась Стральцоў)
Сны Адама (Янка Юхнавец)
Чорны плашч перапёлкі (Іван Чыгрынаў)
Свая вайна (Кастусь Акула)
Не на той вуліцы (Барыс Сачанка)
XS
SM
MD
LG