Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Стральцоў

Як і ўсе канцлягеры сьвету, гэты меў прыгожую і паэтычную назву «Лячэбна-працоўны прафілякторый». Зрэшты, яны і цяпер яшчэ існуюць на Беларусі, гэтыя храмы рэсацыялізацыі; іх, здаецца, у краіне цэлых пяць. У СССР паводле вэрдыкту суду туды маглі адаслаць на тэрмін ад года да двух. «Людзей, якія сядзелі ў ЛТП, ніхто не зьбіраўся лячыць», — прыгадвае дырэктар нейкага савецкага прадпрыемства, якое напоўніцу карысталася працай «пятай роты». — «Гэта была танная працоўная сіла, гэта быў прымус і гвалт, гэта была турма. Кожны савецкі ўчастковы мусіў выправіць у ЛТП за год хаця б аднаго алькаголіка і дэбашыра. Часта хапала простай заявы суседзяў. Працавалі асуджаныя добра, але — семдзесят адсоткаў тых, хто пабываў у ЛТП, абмывалі вызваленьне проста пад брамаю прафілякторыю».

Менавіта ў такую ўстанову, згодна зь біяграфіяй, трапіў на пачатку 80-х, незадоўга да сьмерці, адзін з самых цікавых, і, як на мяне, самы дзіўны беларускі савецкі пісьменьнік Міхась Стральцоў. Пра літаратуру мы яшчэ пагаворым, а сам факт таго, што Стральцоў сядзеў у ЛТП, сьведчыць, на мой погляд, пра ягоную чалавечую неабароненасьць, страшную нават па мерках бяспраўнага савецкага Сустрэча. Зьлева направа: Міхась Стральцоў, Мікола Прашковіч, Мікола Капыловіч. Менск, парк імя М. Горкага, канец 1960-х гг. З фондаў БДАМЛМ

Сустрэча. Зьлева направа: Міхась Стральцоў, Мікола Прашковіч, Мікола Капыловіч. Менск, парк імя М. Горкага, канец 1960-х гг. З фондаў БДАМЛМ

чалавека, і пра бясконцую далёкасьць ад улады, якая, як вядома, сваіх верных слуг, нават апошніх падонкаў, у крыўду не дае. Сучасьнікі лічылі Стральцова цалкам апалітычным, а ніводзін суд у сьвеце не ўважае чамусьці добрыя тэксты за зьмякчальную акалічнасьць, вось падперці імі, нібы жардзінамі, тыя акалічнасьці, што на судовым жаргоне называюцца абцяжваючымі — гэта калі ласка. Ня думаю, што Стральцоў перапіў бы ўвесь саюз пісьменьнікаў... . Наогул, ня ведаю, што ён быў за чалавек, ды гэта і ня так цікава для мастацтва — Уладзімер Арлоў называе яго «высокім патрыцыем нашай літаратуры», паверым яму на слова.

І ўсё ж гэтае адчуваньне неабароненасьці, нейкай неагрэсіўнасьці і ў той самы час — выразнага інтэлектуальнага супраціву ў тэкстах Стральцова вельмі вострае. Гэта тая дабрыня, якая апякае і выклікае пачуцьцё сораму ў тых, хто зь ёй сутыкаецца. Чаму? Магчыма, таму, што ў гэтай стральцоўскай дабрыні няма ні каліва маралізатарства. «Я аднойчы бачыў кепскага чалавека» — рэдка калі мараль дае выявіць сябе такім выкшталцоным чынам. Няўмольны закон пісьменства кажа, што знайсьці патрэбныя, нефальшывыя словы для добрага — значна цяжэй, чым для благога. Ужо самое існаваньне нефарматных стральцоўскіх тэкстаў было пратэстам. Нібы самотнае курэньне там, дзе курыць забаронена...

«Ведаеш,
Калі ты раніцай курыш,
Разгублены і задуменны, мне балюча глядзець на цябе.
І днём між людзей ты ходзіш
Нейкім далёкім рэхам,

Міхась Стральцоў (справа) і Мікола Капыловіч. Менск, парк імя М. Горкага, канец 1960-х гг. З фондаў БДАМЛМ

Міхась Стральцоў (справа) і Мікола Капыловіч. Менск, парк імя М. Горкага, канец 1960-х гг. З фондаў БДАМЛМ

«...і цыгарэт выкурваеш болей, чым прамаўляеш слоў» — такі працяг гэтага верша, пакутлівай спробы аўтапатрэта. Што цікава — Стральцоў, адзін зь нямногіх, чые тэксты, асабліва празаічныя, і сёньня выглядалі б нефарматна і арыгінальна, — такое ў Беларусі, звыклай выпадаць з часу, як Хармсава старая з акна, здаралася нячаста. Нейкі ён несавецкі — не антысавецкі, бо розьніцы паміж савецкім і антысавецкім мала, а менавіта не-савецкі, па-за ідэалёгіяй, па-за бітвай бронзавых статуй, якая скрыгоча там, наверсе: яе бліскучыя пырскі абмінулі стральцоўскую творчасьць, ён пісаў, застаючыся ўнізе, і, мяркуючы па эсэ «Загадка Багдановіча», ад пачатку здагадваючыся, якім будзе лёс.

Калі б у беларускай літаратуры давалі прэмію міру — яе атрымаў бы Стральцоў. Як і любая прэмія міру, гэтая ўзнагарода была б дадзеная не за сапраўдны мір, а за ягоную ілюзію — што ж, мір і ў такім выглядзе лепшы за вайну (спытайце жон і мацярэй, як казаў Еўтушэнка). Стральцоў шукаў у сьвеце гармонію і суладзьдзе — але пісалася пра вусьціш і адзіноту. «Мне хацелася прымірыць вёску і горад у сваёй душы», — піша аўтар у сваім «Сене на асфальце», першым з двух твораў, якія застануцца пасьля Стральцова ў вечнасьці. Так і бачыш перад сабой горад у эўрапейскім гарнітурчыку і вёску ў фрэнчы і арафатцы, якія паціскаюць адно аднаму рукі пад прыцэлам аб’ектываў. А паміж імі, над гэтымі непрымірымымі рукамі — ён, аўтар. Вёска і горад у беларускай літаратуры так і не сышліся, не ўтварылі адзінства, як і раней, абстрэлы, тэракты і абяцаньне скінуць каго ў мора, а каго з парахода сучаснасьці. Тэрмін, зрэшты, застаўся, сенам на асфальце дагэтуль палохаюць студэнтаў і называюць цэлую плынь у літаратуры... — але і загалоўкі рэпартажаў пра ўручэньне прэміі міру кагосьці супакойваюць. Што да пазалітаратурных рэалій... Беларуская вёска памірае, і гэты працэс, відаць, зацягнецца яшчэ надоўга, беларускі горад пакуль не адбыўся як беларускі, сена на асфальце ляжыць, бо ветру няма — штыль. Хармсавай старой зручней будзе падаць.

Міхась Стральцоў. 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

Міхась Стральцоў. 1970 г. З фондаў БДАМЛМ

У душы Стральцова прымірэньне адбылося, але не такое, якога ён чакаў. Здаецца, замест міру тут проста робіцца выбар: і робіцца ён на карысьць вёскі. Бо «Пара касавіцы» толькі здаецца прымірэньнем, насамрэч гэта трыюмф негарадзкое культуры. Герой Стральцова разумее, што інакш нельга — «Сена на асфальце», у пэўным сэнсе, працяг разваг Абдзіраловіча, пошук немагчымага кампрамісу. Наогул, гэты твор вельмі незвычайны кампазыцыйна — некалькі апавяданьняў, некалькі лістоў, ён падобны да зьмесьціва кішэні старой курткі, дзе і пакамечаныя лісткі школьнага сшытка, і тытунёвы пыл, і вырваны з газэты расклад прыгарадных электрычак, і засохлая кветка, ён пабудаваны, як на першы погляд бязладныя перамяшчэньні чалавека, які ніяк не абярэ, дзе яму жыць, бярэ квіткі то ў той, то ў гэты бок, спрабуе прыстроіцца, знайсьці апраўданьне то аднаму, то другому выбару — яму трэба выбраць паміж каменем і нажніцамі, а ён выбірае паперу. Урэшце, гэта не гарэлка прыводзіць паэта ў ЛТП, гэта яна — папера, праклятая, здольная прыняць на сябе ўсе сны і ўсе думкі, якая заўжды мае другі бок...

Міхась Стральцоў. Канец 1970-х гг. З фондаў БДАМЛМ

Міхась Стральцоў. Канец 1970-х гг. З фондаў БДАМЛМ

Ужо ў раньняга Стральцова было відаць, што плынь сьвядомасьці — ягоны мэтад, адкрыты ім аўтаномна, без удзелу настаўнікаў. У апавяданьні 1960 года «Блакітны вецер» прастора дзеяньня абмежаваная пакоем, пад’ездам, ня надта доўгай вуліцай, час — нейкай начной гадзінай. Лагацкі праходзіць па гэтым няхітрым маршруце і вяртаецца абноўлены — тут няма ні сюжэту, як такога, ні дзеяньня, усё ўнутры героя, усё — ягоны няспынны ўнутраны маналёг, плынь думак дыктуецца навакольлем, ягонымі выпадковымі гукамі, пахамі, колерамі. Ужо ў гэтым і іншых раньніх апавяданьнях Стральцоў ідзе на сьмелы экспэрымэнт — ён не хавае, што ён аўтар, ён нібы прыадчыняе дзьверы ў тэкст, каб кожны мог зайсьці, ацаніць, паглядзець, са сваім ліхтарыкам. Гэта адбываецца настолькі ненавязьліва, што чытач уваходзіць — і калі ён не забудзе, што знаходзіцца ў майстэрні, то будзе ўзнагароджаны.

Зможа ўбачыць, напрыклад, як выглядае аголены прыём — зь якога можа нешта атрымацца, а можа, і не: аўтар сам гэтага ня ведае. Зможа разам з аўтарам перажыць натхненьне — і вусьціш стварэньня. Пераканацца, наколькі ён мала ведае і наколькі мала чуе з таго, чым поўніцца сьвет. Паспрабаваць заняцца расшыфроўкай знакаў быцьця. Аднак перад гэтым трэба адмовіцца ад звычнага інструмэнтарыю. Выкінуць з душы ўсё сена і саскрэбці зь сябе ўвесь асфальт. Застацца голым у цемры. Безабаронным. Такім, якім ты і ёсьць. Усё гэта як ніколі перажываецца ў, як яго любяць называць, самым загадкавым апавяданьні беларускай літаратуры — «Смаленьне вепрука».

Міхась Стральцоў. 1984 г. З фондаў БДАМЛМ

Міхась Стральцоў. 1984 г. З фондаў БДАМЛМ

Гэты тэкст, на мой погляд, найлепшае, што было напісана ў Беларусі савецкіх часоў. Такому не навучыш, такое можна толькі слухаць з заплюшчанымі вачыма. Па эстэтыцы, па сіле ўспрыманьня, па стылі, па інтанацыі, абранай аўтарам — усё гэта тут супала такім шчасьлівым чынам, што дзень, калі напісалася «Смаленьне», мог бы лічыцца пачаткам новай эры. Гэта тэкст для гурманаў — літаратурных, вядома, а не аматараў мармуровай сьвініны. Апавяданьне выразна падзяляецца на дзевяць частак. Першая — лірычны пачатак, які задае музычную тэму для ўсяго тэксту. Тут Стральцоў аказваецца майстрам — настолькі ўсё ў меру, і настолькі ўсё бачыш і адчуваеш: як «ападаюць інеем сырыя туманы», як неба цісьнецца да зямлі, як «хмельна, бы першаком, пахне ў навакольлі дымам». Але — стоп. Аўтар адным узмахам рукі спыняе чараўніцтва, нібы баючыся, што яго сапсуюць прагныя турысты. Ён вяртае чытача на зямлю — як будзе вяртаць яшчэ ня раз, і чытач вымушаны скарыцца гэтаму адчуваньню меры. «Мне даўно хацелася напісаць адно апавяданьне і назваць яго так: „Смаленьне вепрука“. Цяпер ведаю, што, бадай, не напішу», — нясьпешна тлумачыць аўтар. Вельмі цікавае тлумачэньне гэтаму: «баюся, каб тое, што хацеў напісаць, не прыцішылася няўзнак, а то і не згубілася там, у зьдзейсьненай пісаніне». Каму, як ня аўтару, ведаць, што слова запісанае ёсьць мёртвым. Гэта адказнасьць за цуд літаратуры — самадастатковы і жывы, пакуль пульсуе творчасьць. Стральцоў — ці не адзіны ў белліце, хто здолеў адчуць, што каштоўнасьць сапраўднай літаратуры ня мае ніякага дачыненьня да факту яе публікацыі. Дык навошта тады?... — пытаецца ён, нібы прадбачачы неўразуменьне тых, хто ўпэўнены ў адваротным. А вось навошта: «проста падумалася, што, можа, адзавецца на астачу нейкай лёгікай тое, што тут раскажу. Паглядзім». Аўтар яшчэ ня ведае, што выйдзе, і прапануе разам прасачыць, падумаць — і гэта заварожвае.

Зразумела, што гэта — таксама такі прыём, якім заваёўваецца давер, але ж як удала ўжыты, без усялякага какецтва, і як фізычна-прыемна чытаецца пасьля такога адступленьня далейшы тэкст. Аўтар апісвае раён горада, дзе жыў калісьці — там быў конскі базар, прыяжджалі зь вёсак сяляне. «Так было, а можа, і цяпер бывае...» І рэфрэнам: сырыя туманы, хмяльны пах дыму — у такую пару сьвяжуюць вепрукоў.

На сьвяткаваньні юбілею К. Шэрмана. Зьлева направа: Карлас Шэрман, Ванкарэм Нікіфаровіч, Міхась Стральцоў, Аляксей Зарыцкі. Менск, кастрычнік 1984 г. З фондаў БДАМЛМ

На сьвяткаваньні юбілею К. Шэрмана. Зьлева направа: Карлас Шэрман, Ванкарэм Нікіфаровіч, Міхась Стральцоў, Аляксей Зарыцкі. Менск, кастрычнік 1984 г. З фондаў БДАМЛМ

У чацьвертай частцы аўтар адчыняе дзьверы яшчэ шырэй, дзеліцца задумай: у аповедзе, які ён хацеў напісаць, павінна была згадвацца тая парá і чуцца вёска, і гэта, піша ён, наўмысна зьніжаючы градус аповеду, зноў, зь дзіўнай упартасьцю вяртаючы нас у рэальнасьць, яму «трэба было загнаць у падтэкст». Непатрэбная і небясьпечная шчырасьць — але аўтара гэта не хвалюе, ён ведае, што ў майстэрні застануцца тыя, для каго ён усё гэта піша, словамі пра «падтэкст» ён нібы адпалохвае выпадковых наведнікаў гэтага дзіўнага цёмнага пакоя, дзе адбываецца чараўніцтва. Гэта як падтакваньне ім — ня верыце, і правільна робіце. Не бывае такога. Для вас не бывае.

Справа налева: Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Аляксандар Станюта. 1986 г. Фота Анатоля Каляды, газэта “Літаратура і мастацтва”. З фондаў БДАМЛМ

Справа налева: Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Аляксандар Станюта. 1986 г. Фота Анатоля Каляды, газэта “Літаратура і мастацтва”. З фондаў БДАМЛМ

Пятая частка распавядае пра таямнічую цыклічнасьць прыроды, яе настойлівыя знакі, якія вядуць чалавека да неабходнасьці забіць прызначаную жывёліну, пра старажытны закон, які гэты акт апраўдвае і тлумачыць. У шостай ракурс зьмяняецца: набліжэньне сьмерці і само забойства паказваецца ўжо вачыма самой ахвяры. У сёмай аўтар робіць выгляд, што раскрывае сюжэт задуманага апавяданьня: зьяўляецца «сын», чалавек, які «рынуўся ў жыцьцё, не ашчаджаючы сябе, шчыра беручы ў людзей і шчыра аддаючы», але і ён нарэшце «зазнаў і расчараваньне, і адчай, і нудліва-вінаваты позірк сяброў, і нетрывалую ласку жаночага сэрца». І вось ён сядзіць і выпівае са знаёмым, прыгадваючы маці, якая некалі ласкава папракнула яго ў тым, што ён марнуе запалкі — і думае пра тое, што марна растраціў сілу сваёй любові. У восьмай частцы сыну сьніцца сон пра яго вёску, а ўдзень прыносяць тэлеграму — сумную тэлеграму, мяркуючы па ўсім, яна паведамляе пра сьмерць. Дзявятая частка пачынаецца з тых самых туманоў, з таго самага дыму, а потым мы даведваемся, што перад намі было не апавяданьне, а эпітафія апавяданьню.

Міхась Стральцоў. 1987 г. Фота Уладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

Міхась Стральцоў. 1987 г. Фота Уладзімера Крука. З фондаў БДАМЛМ

Эпітафія апавяданьню — гучыць як назва новага жанру, але і гэта падман: апавяданьне напісанае, і аўтар дзякуе тым, хто быў побач, лёгкім кіўком. Ня будзем рабіць выгляд, што мы тут усё зразумелі. Чытаючы Стральцова, трэба ня столькі думаць над кожным радком, колькі аддавацца стыхіі тэксту — ён сам выводзіць да нейкіх высноваў, часам — неверагодных у сваёй простасьці, але чамусьці недасяжных. Апошнія радкі «Смаленьня вепрука» сапраўды намагаюцца азвацца схаванай лёгікай гэтага тэксту, аўтар піша ў іх пра сябе: «Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасьць. Ён хоча верыць: я засьцярогся ад бяды — бо сказаў. Дабро і надзея і тут накрэсьлілі свой круг». Круг — замкнёны; адвечная цыклічнасьць прыроды, што падказвае чалавеку пару, калі трэба забіваць вепрука, нечакана набывае зусім новы сэнс. Ён раскрываецца двума радкамі ў канцы: «Няшмат лёгікі ў стратах, што прыносяць нам лета ці вясна, зіма ці восень». «Ёсьць рэчы, непадуладныя нам» — вось што пасяляе ў душы чалавека нязводную трывогу, і ён можа супакоіцца толькі цыклічнасьцю — прыроды, дабра і надзеі, бо непадуладнае заўжды раптоўнае, нечаканае — калі не зьвяртаць увагі на ягоныя знакі, рассыпаныя сям і там паміж сырых туманоў і конскага базару.

Непадуладныя нам рэчы... У расейскай мове ёсьць апяянае Набокавым слова «потусторонность», тая самая, якая «пріотворілась в темноте», іншасьвет, тое, што па-нямецку завецца «Jenseits». Стральцоў — пісьменьнік, які ўсё сваё ня надта доўгае жыцьцё імкнуўся спасьцігнуць гэты іншасьвет, гэтую «потустронность». Нездарма ў ягоных творах нярэдка апісваюцца сны — што ў прозе, што ў вершах, сны ёсьць праходам туды, на той бок, які ноч пакідае прачыненым для таго, хто не баіцца зазірнуць у цемру.

Прысьніўся верш — ня верш, а два радкі.
Абломак лодкі ўсплыў са дна ракі,
І кружыць вір счарнелую траву.
З абломкам лодкі к берагу плыву.
Прачнуўся. Дзень трывогаю прапах
І два радкі гаркотай на губах.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)
Сьпірахеты шчасьця (Францішак Аляхновіч)
Права на арытмію (Максім Танк)
Куды б ні занёс нас вецер (Натальля Арсеньнева)
Таемны сшытак (Аркадзь Куляшоў)
Пахвала зайздрасьці (Масей Сяднёў)
Слупы — і часам кактусы (Пімен Панчанка)
Вырванае з рэбраў (Ларыса Геніюш)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG