Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак Аляхновіч. У капцюрох ГПУ

Што ні кажы, а ўсе гэтыя савецка-расейскія барачныя абрэвіятуры мусяць захоўваць у беларускай мове свой арыгінальны выгляд. Осоавіахім, у якім чуецца нешта старазапаветнае, ГТО, ВЛКСМ, УСЛОН. Псэўдагрэцкі ДОСААФ, ВДНХ, ОБХСС, НВП, ЁКЛМН. БРСМ. ОМОН. Не перакладаем жа мы такія знаёмыя кожнаму зь дзяцінства словы, як «гестапа» і «штазі». НКУС гучыць зусім ня так жудасна, як НКВД, дзе выразна чуецца аднастайны пошчак пішучай машынкі, на якой друкуецца чарговы прысуд. А пераклад «ДПУ» наогул губляе ўсю злавеснасьць. Кіпцюры могуць быць толькі ў ГПУ: «дзіўнае, магічнае дзеяньне маюць гэтыя тры літары...» Аўтар гэтай цытаты меў права так гаварыць.

Францішак Аляхновіч. Фота Яна Булгака, 1914

Францішак Аляхновіч. Фота Яна Булгака, 1914

«У сакавіку 1944-га ў яго кватэру ў акупаванай немцамі Вільні ўвайшлі двое. Суседзі пачулі стрэл», — так піша Ўладзімер Арлоў у сваёй аўтарскай энцыкляпэдыі «Імёны Свабоды» пра апошнія хвіліны жыцьця Францішка Аляхновіча, беларускага пісьменьніка, які задоўга да Салжаніцына паказаў сьвету савецкае канцлягернае пекла, дзе яму давялося пабываць. Кніга Аляхновіча «У кіпцюрох ГПУ», неўзабаве перакладзеная на некалькі моваў, — нешта сярэдняе паміж мэмуарамі і раманам, тое, што прынята называць мастацкім дакумэнтам. Назва для яе была, відавочна, выбраная з разьлікам на камэрцыйны посьпех, але хто абвінаваціць у гэтым аўтара, які цудам уратаваўся з Салаўкоў? Цудам стаўся абмен Аляхновіча на Браніслава Тарашкевіча — у прытомнай краіне ўсю гэтую паўфантастычную гісторыю мусіў бы ведаць кожны, але: гэта яны не прахадзілі, гэта ім не задавалі... Тарам-пам-пам. Увесь дар Аляхновіча-апавядальніка дастаецца тым, каго ўжо ня трэба нічому вучыць і ні ў чым пераконваць.

А Аляхновіч хацеў пераканаць, навучыць і перасьцерагчы. Ён — той лекар, які вылечыўся сам. «Капцюры» можна ўспрыняць як мэтанакіраваную мэдычную прафіляктыку — або нават як вакцыну моцнага, імгненнага дзеяньня. «Бальшавіцкая атрута — як сыфілітычныя сьпірахеты, — піша ён, фармулюючы галоўную задачу сваёй кнігі. — ...Няхай мае словы аздараўляюць бедных людзей, няхай яны вучацца на маім прыкладзе...»

Але спачатку ў гэтым творы няма ніякага Аляхновіча. Ёсьць галоўны пэрсанаж, які завецца «Попутчік» — вядома ж, аўтар невыпадкова абірае гэты колішні неафіцыйны бальшавіцкі тэрмін, прыдуманы для абазначэньня тых, хто яшчэ ня «з намі», але зусім і ня «супраць нас». Дваццатыя. Попутчік жыве ў Вільні, ходзіць на службу, сымпатызуе Саветам, хаця і ўваходзіць па інэрцыі ў антыбальшавіцкую беларускую арганізацыю, але больш за ўсё ён марыць пра працу «на карысьць Бацькаўшчыны». І хаця ў тэксьце пра гэта амаль нічога няма, ужо самі першыя радкі на дотык гарачыя ад вогнішча нерэалізаваных амбіцыяў Попутчіка, і ад страху, што на Радзіме яго, некалі знанага, зусім забылі.

Гэтая гарачка вымушае яго зрабіць галоўную памылку ў сваім жыцьці. Ён — абсалютна несавецкі чалавек і, можа, таму так паддаецца прапагандзе адтуль. Попутчік хоча ў Менск, дзе, па чутках, буяе беларусізацыя — але гэта той выпадак, калі чуткі хочацца чуць, чуць і паўтараць. Менск. Агледзецца там, а потым і пераехаць назусім, разам зь сям’ёй. Замест гісторыі пра Ікара яго малы сын чуе цяпер перад сном ад бацькі аповед пра шчасьлівую казачную краіну, СССР. Каталіцкі катэхізыс для бедных падказвае словы: «Ах, як там добра!...» І Попутчік едзе.

Бедныя людзі... Дзіўная катэгорыя насельніцтва плянэты. Яны і цяпер сядзяць па ўсім сьвеце, ля чужых вогнішчаў, і ўсё часьцей думаюць: а можа, вярнуцца — кожны да свайго Менску? Што б там ні было: «ах, як добра!...» Добра жыць на радзіме. Дый, калі разабрацца: што там страшнага? Не зусім зразумела, што выклікае ў бедных людзей гэтыя галюцынацыі: загадкавае Heimweh? Страх забыцьця? Сініца ў руцэ? Гіпноз ужо ня трох, але чатырох магічных літар: с. в. а.ё.? «У капцюрох ГПУ» нібы адмыслова створаная для таго, каб класьціся на стол «бедным людзям» на самым подступе гэтай салодкай сьлепаты.

...І вось:



СССР, што праўда, пачаўся трохі раней. «Ня ведаю», — адказвае на ўсе пытаньні Попутчіка пасажыр міжнароднага цягніка. І — змрочным рэхам — тое самае празь некалькі месяцаў будзе адказваць спалоханаму Попутчіку супрацоўнік ГПУ. Зрэшты, тады ніякіх Попутчікаў ужо ня будзе: толькі сам аўтар, ён жа галоўны герой. А так усё добра пачыналася!.. Цёплы прыём («памятаюць! чакалі!») «ударыў у галаву, як віно». Адразу зьбянтэжыла эўрапейскую душу Попутчіка хіба толькі адсутнасьць кавярняў, замест якіх — нейкая Сталовая № 1. Тая Сталовая ў тэксьце нездарма мае першы нумар, яна — першае папярэджаньне Попутчіку. П’яныя твары гэпэушнай вярхушкі замест сям’і і сяброў, а як жа: у прыяцелі просіцца сам таварыш Апанскі — яго імя да сёньня носіць адзін зь менскіх завулкаў, на якія так мараць патрапіць, зноў і назаўжды, «бедныя людзі». Гарэлка на фартэп’яна — замест «Антокалю, падмястовага начнога рэстаранчыка, дансінгу». І другое папярэджаньне праігнараванае. Больш за тое: Попутчік становіцца савецкім грамадзянінам. І атрымлівае ў выніку — зусім хутка — дзесяць гадоў канцлягераў за «участіе в контрреволюціонной організаціі і действія в направленіі помошчі международной буржуазіі». Пачынаецца доўгая чарада кашараў, турмаў, перасыльных пунктаў, камэр, кратаў, допытаў, нараў, непасільнае паднявольнае працы, гвалту, прыніжэньняў, голаду, тугі і роспачы. Сьмерць ходзіць блізка, ГПУ, СССР, ГУЛАГ, Саўлаг — гэта ўсё яе імёны. «Круці ні круці — трэба памярці» — назва гэтай п’есы Аляхновіча робіцца зьместам яго жыцьця на доўгія сем гадоў, праведзеных збольшага на Салаўках — ажно да нечаканага вызваленьня.

Праз усю гэтую кнігу праходзіць Лес. Камароўскі лес у Менску, куды вывозяць людзей на расстрэл. Лес за закратаванымі вокнамі сталыпінскіх вагонаў. Карэльскія лясы, якія нікога не ратуюць, але даюць улетку паджыву сілам вязьняў. Лесапавал, лес чалавечых целаў у цесных камэрах і кашарах, лес трупаў, якія звальваюцца як папала на салавецкім магільніку. Лес — жывы калючы дрот, у якім заблытваюцца тыя, хто наважыўся ўцячы, лес — адзінае месца, дзе зьняволены можа хаця б зрэдзьчас пабыць на самоце, лес — месца, дзе сустракаюцца, забыўшы небясьпеку, пад узьдзеяньнем самага моцнага з інстынктаў салавецкія вязьні з мужчынскага лягеру і «женроты», і дзе крымінальнікі гвалцяць прайграную ў карты дзяўчыну. Аляхновіча потым шмат хто абвінавачваў у тым, што ён «усё прыдумаў» — але прыдумаць такое немагчыма. Але калі і атрымалася — якая розьніца для літаратуры?

«У капцюрох ГПУ» — гэта яшчэ і кніга пра трансцэндэнтнае, пра таемныя законы, якія рухаюць лёсам, пра не адразу распазнавальныя знакі і сымбалі. «Сны трэба тлумачыць наадварот» — пераконвае сябе Попутчік, якому прысьнілася ў Вільні, што ён ідзе па Менску, задыхаючыся ад нейкага дужа благога пачуцьця. «Грузавік будзе падскокваць па бруку Савецкай вуліцы, галава мая будзе біцца аб падлогу...» — мроіцца Францішку Аляхновічу ў менскай турме. Гісторыя пра Ікара забываецца менавіта тады, калі яе мараль ажно просіцца быць пачутай, крыкам крычыць, каб нагадаць пра сябе. Тарашкевіч на памежным пераходзе містычна нагадвае самога Аляхновіча сем гадоў таму. Дзьве цёткі, з выпадковай размовы якіх становіцца ясна, што за героем сочаць, стаяць на рагу не якіх-небудзь вуліц, а Вясёлай і Правіянцкай. Чалавек, які больш за ўсіх зрабіў для выратаваньня Аляхновіча, памірае, і месца ягонага пахаваньня аўтару невядомае — хаця гэта ён, аўтар, мусіў згінуць бясьследна на сваіх Салаўках... Дый самое забойства аўтара ў 1944-м доўгі час лічылася нераскрытым — нібы зь мінулага, недаадбытага аўтарам сярод сьпірахетаў шчасьця, вярнуліся колішнія наглядчыкі і каты — і давяршылі справу.

Яшчэ адзін сымбаль: герой і аўтар «Капцюроў», марачы пра жыцьцё і працу ў СССР, атрымлівае ў выніку, нібы пасьля ўгоды з д'яблам, магчымасьць пабачыць ня толькі Беларусь, але і ўсю імпэрыю зла — быццам бы ўзьняўшыся па-над ёй. Бо Салавецкі канцлягер, куды трапляе Аляхновіч, нібы наўмысна зробленая мадэль Савецкага Саюза, СССР у мініятуры. Глядзі, любуйся, ты, шчасьлівец: табе даецца ўнікальны шанец убачыць усё да драбніцаў. А потым прыйдзе расплата за такі нечалавечы зрок. Тут, на Салаўках, фактычна тая самая арганізацыя грамадзтва, тыя самыя герархіі, тыя самыя законы. Тут ёсьць свая «культура» — і свая «праўда», і яны — копія тых, што існуюць на ўяўнай «волі». Тут людзі жывуць у непарыўным сымбіёзе з блышыцамі і вошамі — і той факт, што блышыцы і вошы «на волі» поўзаюць не па целах, а ў душах, мала што зьмяняе. Увесь СССР дваццатых-трыццатых можна вывучыць і зразумець, не пакідаючы гэтых безнадзейных абтокаў.

Францішак Аляхновіч, 1944

Францішак Аляхновіч, 1944

Дзіўна, але гэтая кніга па інтанацыях часта нагадвае «Рабінзона Круза» (маю беларускі пераклад Алены Васілевіч, зроблены, праўда, з расейскай). Там, дзе аўтар апісвае звычаі і норавы жыхароў гэтага востраву, прыналежнага да бясконцага савецкага турэмнага архіпэлягу. І там, дзе размова ідзе пра выжываньне. Так, чалавек да ўсяго прывыкае, кажа Аляхновіч усьлед за Дастаеўскім, кажа без агіды, хутчэй, са спагадаю і зьдзіўленьнем. Але... Чалавек так па-майстэрску сканструяваны. Нават пакуты фізычныя і маральныя ня ў стане забіць яго памяці, яго назіральнасьці, яго здольнасьці да гумару і яго прагі да волі.

Тут хапае аповедаў, здольных па-сапраўднаму крануць, на тое яны і «Капцюры»: жанчына, якая аддае паёк для малога дзіцёнка свайму «хахалю», голыя людзі на марозе, адчуваньне бясконцага турэмнага калідора, боль, роспач, голад. Але мацней за ўсё ўражвае ня гэта. Бліжэй да канца маем апісаньне прыезду на Салаўкі Горкага. Вялікі пісьменьнік, сам былы катаржнік, на абвіслыя вусы якога цяпер з надзеяй глядзяць нават зьняволеныя тут перакананыя ворагі савецкага ладу, Горкі аднойчы гуляе па Салаўках без чэкістаў, размаўляе зь вязьнямі. А прыехаўшы ў Маскву, піша захоплены нарыс пра цудоўнае жыцьцё і эфэктыўную выхаваўчую працу ў канцлягеры — і зьяжджае на Капры. Гэта да пытаньня, ці можна гаварыць пра савецкую літаратуру — беларускую і іншую — як проста пра літаратуру, абмяркоўваючы яе мастацкія вартасьці і не кранаючы таго, што патрыёты-эстэты называюць «палітыкай», і што ў сапраўднасьці называецца: пісьменьніцкай годнасьцю.

Палітычна час, калі Аляхновіч апынаецца ў канцлягеры — гэта раніца сталінізму зь ягоным другім сьняданкам; але агульнакультурна — гэта пачатак эпохі мэдыяў. Кніга Аляхновіча адна зь першых у беларускай літаратуры адгукаецца на гэтую падзею. Яна мае два дужа цікавыя эпізоды, якія сьведчаць пра надыход мэдыйнай рэвалюцыі — вядома ж, дужа своеасабліва і ў кантэксьце даволі змрочным. Некаторыя вязьні са стажам, карыстаючыся пэўным, мінімальным Помнік Францішку Аляхновічу на могілках Росы ў Вільні

Помнік Францішку Аляхновічу на могілках Росы ў Вільні

узроўнем свабоды, слухаюць радыё: і як пранікнёна піша Аляхновіч пра гэтую вар’яцкую, нібы адмыслова для танчэйшага мучэньня створаную сытуацыю: седзячы на краі зямлі ў канцлягеры, уначы, пасьля абавязковага «Інтэрнацыяналу», чуць гукі вольнага сьвету... Варшава, Парыж, Прага, Лёндан... Такі вось правобраз Радыё Свабода. А яшчэ фільм пра Салаўкі, зьняты добрымі «савецкімі кінэматаграфістамі» і тыражаваны потым па ўсім Саюзе. Паглядзеўшы тую стужку, маці Аляхновіча піша яму: «Дык ня так там у вас і блага...» Мэдыі робяць тое, на што не хапае сілаў у стомленых забойцаў. Пракручваюць у сваіх мясарубках мазгі, не пакідаючы вонкавых сьлядоў.

Сны трэба тлумачыць наадварот. Але што рабіць, калі сны паўтараюцца? Саветы захопліваюць Вільню, і аўтар «Капцюроў» вымушаны хавацца ад новых уладаў. Ці трэба шукаць Аляхновічу апраўданьне за гэтыя радкі, напісаныя ім падчас акупацыі: «Калi, як загнаны зьвер, хаваючыся, каб ня трапiць iзноў у бальшавiцкiя рукi, пасьля году гэткага жудаснага жыцьця я нарэшце пачуў грукат нямецкiх бомбаў i пабачыў, як уцякалi бальшавiкi,- я перажыў часiну радасьцi...» Апраўданьне трэба шукаць іншым.

Тут можна было б паставіць кропку – але гэтае жыцьцё ня з тых, якія паддаюцца пунктуацыі. У часы нямецкай акупацыі Аляхновіч як чалавек аўтарытэтны паспрабаваў зрабіцца беларускім голасам – выдаючы ў Вільні газэту пад такой назвай. Пасьпяхова вылечыўшыся ў свой час ад сьпірахетаў чырвонага шчасьця, гэтым разам ён вырашыў «прагледзець» сьпірахету шчасьця карычневага. Дзеля выжываньня, дзеля прыкрыцьця або нават сьвядома – на гэты конт ёсьць розныя вэрсіі... Але далей – далей толькі цемра нашага няведаньня. З усяго гэтага магла б паўстаць кніга, прынамсі не слабейшая за «Капцюры». Бачынамі «Беларускага голасу» можна паблукаць і сёньня. А кнігі – самага дзейснага апраўданьня, на якое здольны пісьменьнік – няма.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Дзе канчаецца прорва (Кузьма Чорны)
Заўтра нас апраўдаюць (Андрэй Мрый)
Абутыя на папялішчы (Міхась Чарот)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG