Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Лукаш Калюга. Нядоля Заблоцкіх

Нядаўна ў кнігарні я натрапіў на цудоўны геаграфічны атляс. Атляс, які прэзэнтуе зямную геаграфію ў тым выглядзе, у якім яна нібыта ніколі не існавала — але ўсё ж існуе і почасту падаецца больш рэальнай за свой кананізаваны прататып. Атляс выдуманых пісьменьнікамі гарадоў і краін. На першы погляд нічым не адметныя, мапы гэтага атлясу ўключаюць у сябе вялікія і малыя мясцовасьці, створаныя выключна пісьменьніцкай фантазіяй — а яна цалкам здатная да таго, каб падмяніць сабой так званую рэальнасьць. Так ці інакш, так званай рэальнасьці давялося пасунуцца. Нічога дзіўнага. Чытач Вонэгута хаця б прыкладна ўяўляе сабе, дзе знаходзіцца мітычная Рэспубліка Сан-Лярэнца, і пры гэтым зь цяжкасьцю назаве месцазнаходжаньне самай сапраўднай выспы Наўру. Чытач Маркеса ведае, дзе знаходзіцца Маконда, і ня можа назваць сходу сталіцу Сурынаму. Мэтропаліс, Кіцеж, Смолвіль... Тое самае з Эльдарада і зямлёй Саньнікава. Часам мы ведаем больш пра Тлён, чым пра плянэту, на якой жывем. І нават шчасьлівыя савецкія чытачы Юліяна Сямёнава былі лепш абазнаныя ў справах фіктыўнай краіны Нагоніі, чым якога-небудзь рэальнага Султанату Брунэй (хаця геаграфію ў СССР выкладалі куды лепей, чым сёньня).

Беларускі пісьменьнік зь дзіўным, нетыповым для таго часу псэўданімам Лукаш Калюга стварыў як мінімум два населеныя пункты, якія заслугоўваюць быць пазначанымі ў гэткім атлясе. Той, што крыху большы, завецца Хлюпск — ужо не мястэчка, яшчэ ня места, але з вучылішчам, турмой, царквой і вакзалам. Той, што крыху меншы — звычайная вёска пад назваю Баркаўцы, недзе на Меншчыне. Пераважна ў тых Баркаўцах, але таксама трохі і ў Хлюпску, разгортваецца дзея першай у новай беларускай літаратуры сямейнай сагі — аповесьці «Нядоля Заблоцкіх». Гіпнатычнага твора, які настолькі выбіваецца з усёй афіцыйна прызнанай прозы тых часоў, што яго можна прыняць за нейкі пераклад. Пераклад з калюганскай. Да якога ў маёй калекцыі тэкстаў не пасуюць ніводная шуфлядка, ніводзін футарал — матэрыял ня той, а простае шкло тут ажно пацее ад дыханьня цэлага статку пэрсанажаў.

Гэта не адзіны твор Калюгі, але, як на мяне, дык галоўны; здаецца, менавіта яго ня мог напісаць ніхто іншы ні ў воднай краіне, улучна з Нагоніяй і Сан-Лярэнца. Сучасьнікі прыгадваюць, што Калюга «любіў аловак» і пісаў «Заблоцкіх» на адваротным баку канцылярскіх лістоў. Улічваючы дапаркеравую эпоху, факт не выглядае чымсьці асаблівым. Але ўжо сама гэтая фраза «Калюга любіў аловак» кажа пра аўтара больш, чым усе даведнікі. Сымбіёз з рэччу, поўнае зьліцьцё. Чалавек у пошуках чароўнай палачкі. Аловак быў зь ім да апошніх дзён.

Арыштаваны на пачатку 30-х, ён быў сасланы ў Сібір, потым трапіў у Чалябінскую вобласьць, біць чалабітныя цару і перавыхоўвацца. Калюга не зрабіў ні першага, ні другога — і тамсама, у выгнаньні, быў паўторна асуджаны і расстраляны ў 28-гадовым узросьце. О, гэтая наіўная бальшавіцкая вера ў кулю... Быццам яна, куля, зможа некалі параўнацца з кропкай. Быццам яна здольная замяніць аловак. Можна сказаць, пісьменьнік сышоў у іншы сьвет пераможцам. Пераможцам усеагульнага страху: Яўген Лецка піша ў сваёй прадмове да зборніку Калюгі: «Да гонару пісьменьніка... трэба сказаць, што ён быў адным зь нямногіх, хто ні вусна, ні ў друку не выступаў зь якімі-небудзь абвінавачваньнямі, разноснай крытыкай на адрас тых, каго білі ці зьбіраліся біць, не каяўся за памылкі ўласныя, якіх не было, але якія прымушалі прызнаць. Такога тэарэтыкі і практыкі чалавеканенавісьніцтва дараваць не маглі». Ён сышоў пераможцам часу — напісанае ім засталося і прачыталася. І, галоўнае, пераможцам прасторы і рэальнасьці. Першую частку «Заблоцкіх» яму яшчэ ўдалося надрукаваць, другая пісалася ў ссылцы, гэтая аповесьць так і не была завершаная — але нягледзячы на гэта Лукаш Калі-Юга пасьпеў стварыць сьвет досыць жыцьцяздольны, каб той змог выжыць пасьля сьмерці аўтара і загаварыць.

Часам даводзіцца чуць, што Баркаўцы, дзе Заблоцкія і іх суседзі пражываюць свае «сто гадоў адзіноты», усё ж ня цалкам выдуманае месца, а наноў расфарбаваная аўтарам ягоная родная вёска Скварцы. І што Хлюпск — не такі ўжо і Хлюпск, а знаёмы нам з маленства горад-герой Мінатаўрск, які прысутнічае на кожнай мапе. Так могуць казаць толькі людзі, якія не глядзелі перадачу «Як гэта працуе» і не разумеюць законаў функцыянаваньня літаратуры. Зь літаратуры нічога нельга дазнацца. Сьмешна вывучаць па літаратурных творах гісторыю з геаграфіяй ці, страшна сказаць, палітыку. Кожнае апісанае ў паэзіі або прозе паселішча суадносяцца з рэальнымі гарадамі, шабанамі і вёскамі, як герогліф з набранай курсівам кірыліцай. Нам павінна быць напляваць, ці існавала ў сапраўднасьці Маконда і колькі праўды пра Стамбул і Карс у кнігах Памука. Кнігі пішуцца не для гэтага.

Некалькі пакаленьняў Заблоцкіх праходзяць у аповесьці падрабязную аўтарскую інвэнтарызацыю. Тыя шматлікія дробныя падзеі, якія адбываюцца зь імі, падаюцца лягічнымі, жыцейскімі — але толькі на першы погляд. Насамрэч існаваньне ўсіх гэтых бедных Вінцэнтаў, Юсіпаў, Пархімаў, Савостаў, бацькоў, жанок, дзяцей, суседзяў, настаўніка Зубрыцкага і гэтак далей увесь час залежнае ад ірацыянальных сілаў — таму ад першага да апошняга слова, якое пасьпеў напісаць аўтар, над сям’ёй, над родам Заблоцкіх вісіць нейкі праклён марнасьці. Усё адно ўсё будзе ня так і пойдзе не туды. Эпіграф да аповесьці — вусьцішны дыялёг пра сэнс гэтага ня надта пэўнага існаваньня.

«— Такі ж нешта робім?
— Каб мы ня ведалі, што мы робім, дык мо б не рабілі».

І гэтых людзей зьбіраліся далучыць да будаўніцтва новага сьвету... У выніку — дзеяньне дзеля дзеяньня, навізна дзеля навізны без надзеі на вызнаньне новай веры. Адзінота перамагае: бацькі аддаюць дзяцей вучыцца, спрабуюць прыстроіць «недзе каля паноў», хаця і самі не разумеюць, навошта; а мацяркі зь іхнай інтуіцыяй супраць: усё падман; а дзецям, здаецца, усё адно — а ў выніку ніхто так і не адужае вялікай, самадастатковай баркаўцоўскай адзіноты.

Адукацыя, культура, усё «гарадзкое» ў Калюгі паўстае ледзьве не заганным: прынамсі, настолькі чужым, што людзі прызнаюць іх нібыта празь сілу і ў любым выпадку сумняваюцца, што камусьці ў Баркаўцах гэта патрэбна. Сьляпому імкненьню да «панскага хлеба» (гарадзкой культуры) проціпастаўлены «парадачак» — такі, як у Юсіпа Заблоцкага. Кожны замах на яго ўспрымаецца падазрона. Старэйшыя баркаўцоўцы адчуваюць сваім зьвярыным нутром, што ім кінуты выклік, што праз той кавалак зямлі, на якім стаяць Баркаўцы, праходзіць — штохвіліны пашыраючыся — расколіна, а што рабіць, ня ведаюць. Спрабуюць падмануць яе дзеяньнем. Проста так, каб рукі склаўшы не сядзець. Ня будзь салодкім, а то праглынуць, ня будзь горкім, а то заплююць, любяць казаць у Баркаўцах мясцовыя аматары залатой сярэдзіны. Нават на вайну Баркаўцы спазьняюцца. Куды ім. Для вялікай гісторыі іх нібы не існуе.

Баркаўцы, гэтаксама як Маконда, ледзь ня ўвесь час падуладныя воднай стыхіі. Размытыя вуліцы, вільгаць, вада, сырасьць, вогкасьць, балоцістасьць вечнай нізіны. Ужо сама прыпавесьць, пакладзеная ў аснову твора, пра Заблоцкага, які, спрабуючы падмануць мытнікаў, прывязвае свой каштоўны груз — сто пудоў мыла — да днішча карабля, і мыла ўрэшце размываецца, пагружае тэкст у водную стыхію. Баркаўцы — гэта выспа, ня Выспа Беларусь, што гучыць больш горда, чым хацелася б — але бедная, нядольная і неадольная беларуская выспа, адна з тысячаў. Адзінота кожнай унікальная, як гаворка ці арнамэнт. Іхнае аб’яднаньне — сьветлы і чысты міт. Калюга — гэта такое дыялектнае слова, якое азначае лужыну, казалі калісьці выкладчыкі. А мне ўсё адно чулася ў псэўданіме аўтара Заблоцкіх Калі-Юга — найгоршы век, эпоха, на тры чвэрці складзеная зь беззаконьня. Час, у які жыў Калюга і працягваем жыць мы з вамі.

«Нядолю Заблоцкіх» называюць першым творам у стылі магічнага рэалізму. Напэўна, так і ёсьць. Але ці бывае наогул іншы, не-магічны рэалізм? Сьвет Заблоцкіх працуе, жарэ, кахае, грае на цымбалах, гаворыць вялікія і малыя словы. Але тут жа: нейкія зялёныя ўспышкі, містыка, Езус без нагі, якога частуюць лазою, загадкавыя фармазонскія птахі, якіх малюе Клемка, рыба, якая можа згніць на кручку, бо рыбак пра яе так і ня ўспомніў, шапкі, якімі зьбіраюцца закідаць японцаў, дубовыя лінейкі, якія зношваюцца за год, пагуляўшы па пальцах вучняў, труна, якую робіць сабе Гіляры Змышлевіч, а ў дадатак яшчэ і надмагільны помнік, на якім прыгожымі польскімі літарамі стаіць ягонае імя... І ніхто асабліва не зьдзіўляецца. Такая, маўляў, рэальнасьць.

Побач з Заблоцкімі і іхным атачэньнем у аповесьці вельмі актыўна дзейнічае яшчэ адзін герой. Гэта — аўтар. Ні ў водным іншым творы Калюгі ён так не шчыруе і не размаўляе з чытачом так шмат і так шматзначна. Чытач «Заблоцкіх» мусіць пачувацца кімсьці накшталт інспэктара, важнай «праверкі» з горада. Аўтар водзіць яго па Баркаўцах і ваколіцах, перабірае нагамі, лісьлівіць, балбоча, робіць нібыта ўсё, каб спадабацца і не пакінуць сумневу ў сваёй добранадзейнасьці. А насамрэч зьдзекуецца зь няпрошанага госьця, са штампаў, з сучаснасьці, з татальнага кантролю і страху, з новых панічоў-камуністаў і камсамольцаў. Калі пазьбіраць ягонай балбатні па тэксьце хаця б малы кошык, атрымаецца такі зьедлівы маналёг:
«Нагінайцеся, нагінайцеся, таварыш чытач! Ня варта хаджаламу чалавеку ссадзіць лабэціну ў нізкіх вінцэнтавых дзьвярох... Вы ж не захочаце, можа, у столь галавою ўпёршыся стаяць... Калі вы, таварыш чытач, нікуды ні на які сход не сьпяшаецеся, ніякага дакладу, справаздачы, спрэчак ня маеце на гэты час... Усялякія ночы бываюць, таварыш чытач... Мы з вамі, таварыш чытач, бязбожнікі — дык нам да гэтага што?...»

Магчымасьці зьедліва пасьмяяцца з «таварыша чытача», не даючы яму разабрацца што да чаго, аўтар прамінуць ну ніяк ня можа. Бо гэта апошняя магчымасьць, «праверка» ўсё адно павінна выкрыць шкоднікаў, і аўтар не ўратуецца. І ў «Хлюпскім весьніку» выйдзе артыкул пра тое, як доблесныя супрацоўнікі мясцовай мытні выкрылі партыю кантрабанднага мыла. Вось аўтар прыпыніўся на хвілінку ў сваіх брудных ботах, зірнуў на месяц і ажно заходзіцца ў праведным гневе, паказваючы на той месяц пільнаму таварышу чытачу:

«П’яны, хісткі месяц выйшаў быў на неба за сваёй работаю... Нам, цьвярозым сьмешна. Калі гэта даўней, яшчэ за капіталізмам — хай сабе!.. Але ў наш гарачы будаўнічы час мы б іначай глянулі на гэта: ён не таптаў бы наш сацыялістычны мурог — узялі б мы пад суровую самакрытыку такія шкодніцкія праявы. Мы цяпер паглядзелі б, што там: сапраўды круглы, вясёлы, радасны твар ці, можа, гэта ў яго толькі адна маска?»

І партайгеносэ чытач задзірае галаву. Не разумеючы, што і ён сам для Баркаўцоў — толькі халодны месяц, непазьбежны, трохі п’яны і хісткі ад праставону і запівону ў сельсавеце, але мінучы і часовы, як і кожнае нябеснае сьвяціла. Такога можна падмануць. Было б мыла, быў бы карабель.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG