Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ядзьвігін Ш.

Кожны пісьменьнік – ці той, хто сябе ім лічыць – павінен зрабіць у жыцьці тры справы: пасадзіць у лужыну канкурэнтаў, нажыць невылечную хваробу і пакінуць нашчадкам хаця б адзін няскончаны раман. Тых, хто ня выканае гэтыя тры ўмовы, а асабліва трэцюю, чакае жахлівая кара, пасьля якой будзе толькі пагарда і забыцьцё. Не цяпер, вядома, а потым, потым – калі ты выпадкова апынешся ў нейкай закінутай лясной санаторыі, дзе мілавідная мэдсястра скажа табе разьдзецца да плавак і лезьці ў напоўненую кіпячай смалой ванну. Нудным пэдантам выглядае літаратар, які давёў усё ім задуманае да канца: расставіў усе кропкі ня толькі над “і”, але і над “ё”, вывеў слова “канец”, спытаў у жонкі, якога сёньня лютавіка, уздыхнуўшы, паставіў дату і задаволены сабой лёг у магілу. Завяршыць раман змогуць любы дурань, любая пасрэднасьць; пакінуць твор няскончаным – вось адзнака сапраўднага генія. Нацыянальная літаратура безь няскончанага раману – так, адны пісулькі ды цацкі, да такой ніколі ня будуць ставіцца сур’ёзна ні суседзі, ні чытачы, ні мэдсёстры. Перафразуючы Сыльвіё Бэрлюсконі, скажам, што не канчаць – прывілей мужчын і сапраўдных раманістаў.

Ядзьвігіна Ш. ня мама так назвала – насамрэч ён меў шляхетнае імя Антон Лявіцкі. Дзякуючы яму і ў беларускай клясыцы ёсьць свой недапісаны твор. Да таго, каб ня скончыць свой раман “Золата”, Ядзьвігін Ш. ішоў амаль усё жыцьцё (кажуць, па адной Беларусі аўтар наматаў больш за 5 400 вёрстаў). Чаго ён толькі не пісаў! Апавяданьні, абразкі, артыкулы. Бурлескі, байкі, балянсавыя справаздачы. Прыпавесьці, п’есы, падарожныя нататкі, пераклады. Успаміны, карэспандэнцыі, казкі, раман! Кім толькі ня быў: студэнтам, аптэкарам, крамнікам, садоўнікам, рэдактарам, кіраўніком кравецкіх майстэрняў вайсковага рыштунку і адным з аўтараў “Нашай нівы”. Курыў папяроскі з Купалам, з Багдановічам у адным трамваі езьдзіў – і памёр, як і Багдановіч, ад сухотаў. І пры гэтым – ні Купалавай славы, ні Багдановічавай, ні нават Шамякінскай, ніякай. Апытанкі на менскіх вуліцах паказваюць, што самы папулярны адказ на пытаньне, хто такая “Ядзьвігінша” – “бабка нейкая, экстрасэнс”. У Беларусі больш людзей ведае, хто такі Ёшка Фішэр.

Дуб на месцы сядзібы Лявіцкіх у Карпілаўцы

Дуб на месцы сядзібы Лявіцкіх у Карпілаўцы


Адзін з самых вясёлых анэкдотаў беларускага літаратуразнаўства зьвязаны менавіта зь Ядзьвігіным Ш. Распавядаюць, што нядбайныя студэнты, упершыню пабачыўшы хмяльнымі вачыма мяно нашага героя, чыталі яго няйнакш як “Ядзьвігін Трэці”. Напэўна, жахаліся пры гэтым і кляліся самі сабе завязаць з гарэлкай: бо лекцыі і сэмінары па двух першых Ядзьвігіных у іхнай памяці чамусьці ніяк не ўсплывалі. Адкуль у аўтара “Золата” і “Сабачай службы” такі псэўданім, ніхто дакладна ня ведае. “Кропка – і ша!” – жартавалі рэвалюцыйныя матросы, трэніруючыся ў стральбе па інтэлігентах. Ядзьвігіна Ш., які не прыняў гэтага бальшавіцкага спорту, з тымі матросамі нічога не яднала, ды і псэўданім ён сабе прыдумаў значна раней. Ша – і кропка: далей шэптам, чужым не разабраць. Шэршэ ля фам, несумненна: ці то закаханы быў пан Лявіцкі ў нейкую Ядзьвігу (і шаптаў ёй, залазячы ўначы ў акно: “ш-ш-ш…”) ці то яна яго кахала, бясспрэчнага тлумачэньня тут не існуе. Таму маем вольнасьць інтэрпрэтаваць загадкавае “Ш”, як хочам – пан Лявіцкі пакінуў нам гэтае права, пагатоў “Ш” дазваляе бліжэй прыгледзецца да ягонай спадчыны. Вось некалькі магчымых расшыфровак.

Можа, Ядвігін Шкляны? Бо проза ягоная празрыстая, як шкло – нават няўзброеным вокам відаць усе аўтарскія намеры і ўсе прыёмы, усю мараль і ўсе думкі. Наўрад ці гэта камплімэнт для літаратара, літаратура – мастацтва падману, і чым ён танчэйшы, чым цяжэй яго выкрыць, тым лепш. Беспакарана глядзець у чужыя вокны безь фіранак, вядома, занятак цікавы, але хутка надакучвае, значна больш зачароўвае падглядваньне скрозь жалюзі. Тое, што хацеў сказаць Ядзьвігін Ш., нібыта стаіць аголенае ў чыстым полі. Асабліва гэта адчуваецца ў апавяданьнях, але і больш позьняе “Золата” ня надта адрозьніваецца. Дастаеўшчына з “Золата” так і прэ; шматслоўнае апісаньне думак Васіля і Зосі не пакідае нават шанцу на загадку, чытач выключаны з гульні, за яго ўсё дадумалі і сказалі. “Золата” пісалася ў джойсаўскі час і мае, дарэчы, нейкія слабыя зачаткі праславутай “плыні сьвядомасьці”. А яшчэ прэтэнзію на псыхалягізм – ня надта абгрунтаваную, бо псыхалягізм усё ж прадугледжвае больш тонкую душэўную арганізацыю герояў. Дый аўтара… Але “Золата” было першай спробай напісаць беларускі раман – ня байку, ня казку, ня верш, ня заклік, ня скаргу – першы блін заўсёды сабаку, галоўнае, каб другі сабе.

З тым самым посьпехам Ш можа азначаць Шчыры. Шчырасьць, як і празьмерная празрыстасьць, згубіла ўжо не адзін твор і не аднаго аўтара – перанятая нашымі клясыкамі ў расейскіх пісьменьнікаў-народнікаў, яна прымушае чытача над кожным шчырым творам нэрвова перасмыкаць плячыма і з агідай адварочвацца, калі праўду-матку рэжуць ужо зусім без анэстэзіі, з задавальненьнем рэжуць, запісваючы яе крыкі на дыктафон. Хто навучыў Ядзьвігіна Ш. шчырасьці – можа, той Гаршын, якога беларускі пісьменьнік студэнтам перакладаў у турме? У сваім імкненьні сказаць тое, што ёсьць, Ядзьвігін Шчыры забывае выдумляць тое, што магло быць – і трыюмф тыпізацыі выносіць яго за браму творчасьці, у сьвет абстракцый: народ, гора, доля, праца.

Памятны знак у Радашкавічах

Памятны знак у Радашкавічах


Дык можа, Ядзьвігін Шпрыц? У кожным ягоным тэксьце, незалежна ад жанру, адчуваецца жаданьне ўпырснуць свайму народу пару міліграмаў жывой вады, зрабіць ін’екцыю волі і долі – або прышчэпку ад прыгнёту (яшчэ адна сьвятая абстракцыя). Пацыент вырываецца – доктара гэта не спыняе. Нам бы такую веру – у тое, што слова пісанае можа нешта зьмяніць у непісаным сьвеце. Ядзьвігін Шпрыц сам разумеў, што глыбока пад скуру яму ня трапіць, але народніцкая яго сутнасьць прымала гэта спакойна: згодна з тэорыяй малых справаў нават слабы ўкол мусіў выклікаць рэакцыю.

Ці, напрыклад, Ядзьвігін Шахматны. Падзел пэрсанажаў у творах Ядзьвігіна Ш. рыхтык як у шахматах, ёсьць чорныя і ёсьць белыя, белыя пачынаюць і часам выйграюць. Да гонару аўтара, яго героі ўжо ня толькі пешкі, часам яны здольныя на больш арыгінальныя хады: наўскос, праз усю дошку – белліт значна вырас з часоў Багушэвіча. Але галоўнай шахматнай адметнасьці, якая робіць мастацтва мастацтвам, няма нават у “Золаце” – гаворка пра ход каня: няправільны, ламаны ход, які ўскладняе гармонію гульні, дорачы гульцу нечаканыя рашэньні. Гэтую мэтафару ўвёў у літаратуразнаўства Віктар Шклоўскі, незадоўга пасьля сьмерці Ядзьвігіна Ш. у пачатку дваццатых. Коні ў “Золаце”, на жаль, толькі жывыя, ядуць авёс, і Васіль усё мучыцца, як яму пагаварыць з Зосяй.

Так, Ядзьвігін пісьменьнік даволі Шаблённы. У галаве ягонай было некалькі – бадай што тры – выпрацаваныя папярэднікамі схемы, якія ён па чарзе прыкладваў да свайго натхненьня: часам нешта супадала, і Ядзьвігін Ш. наіўна радаваўся, лічачы гэта новым творам. Калі дуб – магутны, калі бяроза, значыць, сьлёзы. Гульня ў асацыяцыі. Дубы, кусты і кусьцікі, бярозкі, травы, крапіва, сасонкі, грэчка, пад’яловец, сухадрэў, лаза і процьма іншых расьлін і дрэваў – вось дзе душа садоўніка-агародніка шчыруе; усё тое, што аўтар, каб дагадзіць традыцыі, надзяліў адпаведным характарам, стаіць непралазным лесам на шляху Ядзьвігінавай музы. “Золата” – спроба вырвацца з шаблёну, але не для таго іншыя пралівалі атрамант, каб пан Антон Лявіцкі так проста здолеў пазбавіцца сьціплай абаяльнасьці беларускіх і расейскіх клясыкаў. Раман – гэта сьвет, які аўтар мусіць стварыць, засяліць, пабудаваць інфраструктуру, напоўніць пахамі, гукамі і здольнасьцю да самааднаўленьня. Ніводзін куточак ня мусіць застацца неасвоеным. Сьвет свайго раману ён засяляе, так яго і не стварыўшы – таму ў выніку ўзьнікаюць пустоты. Хаця хто ведае, можа, яны мусілі запоўніцца ў канцы?

Але і Штукаром – у добрым, літаратурным сэнсе слова – Ядзьвігін мог быць, варта яму было на хвілінку забыцца на схемы. Зьдзіраць з твораў луску не найлепшых уплываў і даніны настаўнікам – занятак цяжкі, але ўдзячны. “Густыя дробненькія і беленькія, як часнок”, зубы Зосі, ейныя ж “чорныя – не, ня чорныя, а нават сінія” валасы, цудоўны скетч для сьвякроўкі з аркестрам, апісаньне смаку чалавечага поту, бліскучая “Сабачая служба” зь яе нечаканым тлумачэньнем – усё гэта асьвятляе змрочны сьвет Ядзьвігіна Шаблённага і дадае вастрыні Ядзьвігіну Шпрыцу. Ён падслухаў гэта ўсё падчас сваіх падарожжаў па радзіме, падслухаў і ў нататнічак запісаў, Ядзьвігін Шэльма, Ядзьвігін Шыцік – так называюць у некаторых раёнах Беларусі маленькага рачнога чарвячка, які хаваецца, “зашываецца” у перасоўную ракавінку і слухае адтуль шум навакольнага сьвету, пакуль яго ня скормяць рыбам.

Правапіс самотных шыпячых на сутыку эпох. Шыпеньне Ядзьвігіна Ш. – гэта не шыпеньне зьмяі, так, хутчэй, шыпіць кнот, які запальваюць у камінку, так шыпіць яешня на патэльні. Ядзьвігін Шляхетны – тут сумневаў ніякіх няма – не даваў сабе права нішчыць без суду нічога, нават тое, што не любіў. Таму і зьехаў у Вільню перад сьмерцю, не купіўся на спакусу паўдзельнічаць у беларусізацыі, якая неўзабаве вядома чым скончылася. Ён быў Ядзьвігін Шыбенік – у тым сэнсе, што ненавідзеў любы таталітарызм: царскі, бальшавіцкі, расейскі, беларускі, любы, і таму любая з гэтых сыстэмаў магла б спакойна адправіць яго на шыбеніцу. Але ён быў яшчэ і Ядзьвігін Шчасьлівы – і таму памёр сам, вольным чалавекам, у Вільні, у Сярэдняй Літве. Па-сутнасьці, героі розных ягоных твораў кажуць рэчы на першы погляд несумяшчальныя, узаемавыключныя:

“У людзей заўсёды ў сэрцы нейкае дабро сядзіць” –

але тады

“чаму сярод людзей я не знайшла каму пажаліцца?”

То бок дзе тая кнопка ў чалавека, якая прыводзіць дабро ў дзеяньне? І гэта, здаецца, тое пытаньне, што не давала спакою Ядзьвігіну Ш. усё ягонае жыцьцё. Дык можа, Ш. азначае Шукальнік?

Магіла Ядвігіна Ш. на могілках Росы ў Вільні

Магіла Ядвігіна Ш. на могілках Росы ў Вільні



Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG