Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе канчаецца прорва


Кузьма Чорны. Пошукі будучыні

«Мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі зьбітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вуха папяровыя трубкі і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камэру з пацукамі...»

Так апісвае Кузьма Чорны ў дзёньніку свой арышт. Яго, аўтара ўхваленага і захваленага «Трэцяга пакаленьня», узялі ў 1938-м у Менску і трымалі ў турме больш за паўгода — але ўрэшце выпусьцілі. Такое сабе прафіляктычнае мерапрыемства: нагадаць вінціку, хто ён, падправіць разьбу. Паказаць, што з паперы можна рабіць ня толькі кнігі, караблікі і розныя арыгамі, але і больш сур’ёзныя «вешчы». Вядома ж, наўрад ці ў органаў існавалі адмысловыя сродкі
Кузьма Чорны і Адам Бабарэка. Ліпень 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Кузьма Чорны і Адам Бабарэка. Ліпень 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
для катаваньня і прыніжэньня менавіта пісьменьнікаў, але ж у тых жахлівых папяровых трубках, куды весела раўлі слаўныя чэкісты, сапраўды міжволі бачыш нейкі злавесны сымбаль. Бога няма, а значыць, у ягоную «вушную ракавіну», пра якую пісаў Бродзкі, можна крычаць што заўгодна. Аглушыць, паралізаваць, зрабіць невыноснае выносным, пакінуць у галаве звонкую, балючую цішыню, у якую можна будзе, як раяль у пусты пакой, засунуць любую будучыню. Або ілюзію яе пошуку.

У маіх вачах Чорны пасьля 1938-га і да самай сьмерці ўсё больш робіцца падобны на Дастаеўскага — у яго найлепшых праявах. Чорнага называюць пачынальнікам беларускага раману — але гэта не зусім дакладна: здаецца, ён пачынальнік менавіта «дастаеўскага» беларускага раману, самадастатковага і даставучага да самага донца. «Пошукі будучыні», напісаныя ім перад сьмерцю, тут больш чым паказальныя. Кудысьці зьнікаюць упэўненасьць (і маладая самаўпэўненасьць), на месца якіх прыходзіць жах; дый у кожнага рамана Чорнага цяпер быццам бы трасуцца рукі. Ён піша таропка і часта неахайна, не зважаючы на паўторы, намагаючыся запісаць усё, усё, пакуль не спынілі; кожны радок выліваецца зь яго, як сьляза — і гэта ціхі плач на мяжы з паталёгіяй, бо чым часьцей чалавек плача, чым радзей гэта кранае. Як і Фёдар Міхайлавіч, Чорны мацней, чым калі, прасякаецца любоўю да слабых, занядбаных і кінутых, і гэтая любоў замяняе яму ўсё — такіх людзей баяцца дзеці і кусаюць сабакі.

«Я ў маленстве бачыў, як птушка далася ад тэлеграфны дрот і, скаваная ранамі ў нагах і крыльлях, канчалася на зямлі пад дротам. У яе вачах маглі зьмясьціцца смутак і скруха ўсяго сьвету».

Кузьма Чорны зь першай жонкай Ідай Чырвань, сёстрамі й братам. Канец 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Кузьма Чорны зь першай жонкай Ідай Чырвань, сёстрамі й братам. Канец 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Чорны набыў гэтую важную здольнасьць, безь якой мастацтва раману немагчымае — бачыць вялікае ў малым, у найдрабнейшым — у воку птушкі, у дзічцы, у гузіку, у парушынцы. Відаць, усьведамленьне гэтага свайго дару не прынесла яму нічога, апрача болю. Ён, пралетарскі нібыта, а насамрэч сялянскі пісьменьнік, усё часьцей згадвае бога. У позьніх раманах Чорнага таксама ўсё круціцца вакол зямлі — яе прыцягненьне неадольнае, як праклён: як аўтар ні падскоквае, увесь час апускаецца на тое самае месца. Але падскоквае ён усё вышэй, і бачыць усё больш. Вось ужо і суседнія землі ўбачыў: на імгненьне, але гэтага імгненьня хапіла, каб тое-сёе зразумець, зафіксаваць у замучанай памяці і занатаваць — пад акампанімэнт блізкай вайны... І яшчэ адна дзіўная аналёгія з Дастаеўскім — немцы. Так ненавіджаныя — ажно да любові — Фёдарам Міхайлавічам, яны зьяўляюцца і ў Чорнага — напрыклад, Густаў Шрэдэр з «Пошукаў будучыні» чыста дастаеўскі нават вонкава і нават з папраўкай на час. Дастаеўскі абняў бы свайго беларускага вучня, калі б прачытаў такое:

«У немца ўсё павінна быць вылічана: колькі аршынаў радасьці, колькі ўдзячнасьці, колькі сяброўства, колькі дабра другому, каб не перадаць лішне...»

Кузьма Чорны. 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Кузьма Чорны. 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Але гэта так, дробязь. Пратаколы славянскіх мудрацоў. Ніхто не пражыве твайго жыцьця за цябе. Ні Дастаеўскі, ні бог, ні бацькі, ні сябры, ні дзяржава, ні «немцы», ні родныя табе людзі. Герояў «Пошукаў будучыні» гэтае адкрыцьцё засьпявае ў розную пару і ў розным веку. Аўтара — тады, калі і было трэба; некаторых, як Волю Нянадавых — занадта рана, некаторых, як Паліводзкага — запозна. «Памажы мне, Божа, знайсьці дзьверы ў маю будучыню» — выразае на дрэве продак таго Паліводзкага, які, нібы маньяк, ганяецца за сваім золатам — і яму адгукаецца з будучыні сам Чорны: «Божа, напішы за мяне ўсе мае раманы, хіба так маліцца, ці што?» Гэта апошні сказ яго дзёньніка. І нават зямля тут не дапаможа, Чорны гэта разумее, нягледзячы на ўсё яе абагаўленьне. Расчараваньне ў зямлі ўкладзена ім у вусны карчмара, пэрсанажа эпізадычнага і на першы погляд нязначнага — добры сродак для аўтара пазбавіцца адказнасьці за свае сумневы. «Чаго мне баяцца? Па роднай зямлі іду», — кажа асьмялелы, нібы ап’янелы ад гора і вайны Нявада. «Ты думаеш, што родная зямля козыр на ўвесь сьвет...» — адказвае яму карчмар, чалавек, які на зямлі стаіць, але ёй ня дыхае, і гэта ратуе яго ад усеагульнага ўдушша.

«Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву». Але як? Героі «Пошукаў будучыні» лічылі, што жывуць убаку ад гісторыі. І, здаецца, яны мелі на гэта падставы. Каму патрэбныя нейкія богам забытыя Сумлічы? Але ўвесь гэты раман — гісторыя таго, як яны прачынаюцца і разумеюць, што насамрэч месца іхнага жыхарства: Вялікае Скрыжаваньне. Тут перакрыжоўваюцца шляхі з Усходу на Захад, з Поўначы на Поўдзень, хрысьціянства і паганства, тут сустракаюцца прычасьце буйвала і прычасьце ягняці, тут пуп зямлі, парослы зямлёй і тым, што рoдзіцца на зямлі, нібы невынішчальным валосьсем. І больш за тое: жудасна усьведамляць ім, што дзе б яны ні былі, Вялікае Скрыжаваньне застанецца зь імі.

Кузьма Чорны. 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Кузьма Чорны. 1925 г. З фондаў БДАМЛМ.
Калі раней Чорны пісаў пра зямлю, убачаную ім у людзях, то цяпер ён глядзіць на яе скрозь час — такі сабе пясочны гадзіньнік, напоўнены замест пяску глінай. Кансыстэнцыя, зрэшты, ні на што не ўплывае. Сымону Ракуцьку здалося, што ён выпаў з часу. І вось ён выпадкова бачыць сябе ў люстэрку «ў местачковай каапэрацыі» — і разумее, што нікуды ён ня выпаў, што зямля сыплецца, а ён ужо стары. Гэтае «каапэратыўнае» люстэрка — чароўнае і жудаснае, яно — мутны шкляны сваяк мільёнаў літаратурных люстэркаў, ад казачных і чароўных ажно да набокаўскага «олакреза». Увесь дзень Сымон Ракуцька, чалавек, які вырашыў «слухаць па сьвеце», то бок адкрыцца людзям у спадзяваньні, што і яму адчыняцца дзьверы ў будучыню, правёў «у одуме і суме» — і «больш ужо ніколі не глядзеўся» у гэты кляты кавалак сябе самога. Каб ня ведаць. Ня думаць. Не шукаць. Самападман настолькі ж велічны, наколькі бессэноўны. Заўважым, што люстэрка, у якім Сымон пабачыў сябе, прадаецца: яно — выбар. Ня хочаш — не глядзі. Але потым не наракай.

Тое, што героі ў «пошуках будучыні» спрабуюць зразумець на працягу ўсяго твора, знаходзіцца ад іх зусім блізка. Яно запісана на камяні, што ляжыць з спрадвечных часоў каля Вялікага Малога скрыжаваньня. Камень тут здавён называюць «сухім дзюбам». На тым камені малюнак: аднарогі бык і нацэленая на яго страла напятага лука. Малюнак бачыць пакаленьне за пакаленьнем: нулявое, першае, другое, трэцяе... А потым зноў чамусьці нулявое. Страла не ляціць, бык не варушыцца. І толькі паміж імі па шурпатым камені паўзе мураш.


Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Вы шуміце, шуміце (Паўлюк Шукайла)
Чысты, як шклянка (Пятро Глебка)
Уяві, што ты на Яве (Янка Маўр)
Пакуль ня скончыцца паліва (Міхась Лынькоў)
Зямля ў ілюмінатары (Кузьма Чорны)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG