Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вы шуміце, шуміце


Паўлюк Шукайла

Здымкі зь сямейнага архіву П. Шукайлы

Пісьменьнікі самі фармуюць сваіх папярэднікаў, напісаў некалі Борхес. Нітачка не канчаецца за наступным паваротам, проста яе цяжка намацаць у цемры. Зьнішчаны бальшавікамі беларускі паэт-футурыст Паўлюк Шукайла быў рэабілітаваны ў канцы пяцідзясятых, але па-сапраўднаму ажыў, матэрыялізаваўся і загаварыў толькі на пачатку дваццаць першага стагодзьдзя, калі найноўшая беларуская паэзія нарэшце адчула ў ім патрэбу, радасна ўбачыўшы ў загінулым паэце свайго беднага, блуднага брата (а таксама дзядзьку, бацьку і свата). Шукайла надаў найноўшым скандалістам гістарычную легітымацыю і падарыў ілюзію літаратурнай пераемнасьці. Адно ягонае размашыстае, як рэзкі рух рабром далоні, імя ўжо выклікае павагу. Заканамерна, што найаўтарытнейшым шукайлазнаўцам стаў паэт-бумбамлітавец Віктар Жыбуль; ён жа грае Шукайлу ў авангардовых спэктаклях; выдавецтва «Галіяфы» заснавала штогадовую паэтычную прэмію імя паўсталага з забыцьця футурыста, а наш сучасьнік, герой «Запісак беларускага тэрарыста» Зьмітра Вішнёва прызнаецца:

«Я зрэдзьчас кашляў і ціха чытаў верш Паўлюка Шукайлы».

Зрэшты, у гэтым прызнаньні ад пачатку закладзеная іронія, бо сам Шукайла, паводле ўспамінаў яго сучасьнікаў, асаблівай ціхмянасьцю не вылучаўся. «Хадзіў па сцэне» (божа, які кашмар! што будзе гаварыць княгіня Маралія Сідараўна?..)... І «размахваў рукамі, то завываў, то ўскрыкваў, то шаптаў». Махаў Шукайла ня толькі рукамі — а і сваёй «ільвінай грывай», і тоўстым кіем, якім вучыў апанэнтаў правільнаму погляду на паэзію. У адрозьненьне ад якога-небудзь літаратурнага махальніка Іванова «махальніка» Шукайлу ніяк не магчыма западозрыць у канфармізьме — ягоныя ўзмахі былі яму толькі на шкоду.

Шукайлу расстралялі пасьля трэцяга арышту, яго забілі за тое, за што замучылі ў турме Хармса — за тое, што вылучаўся, высоўваўся, занадта вытыркаўся, быў нефарматны ў краіне татальнага шаблёну і стаць іншым быў няздольны, нават калі б захацеў. Ды што там паэзія... Ягоным перасьледнікам хапала і зьнешняга нефармату ахвяры. Уладзімер Арлоў у сваім эсэ так апісвае Шукайлу: «Ужо адно ягонае аблічча — „баярская“ бабровая шапка, паліто з кенгуровым каўняром, залаты гадзіньнік, цяжкі сукаваты кій у руках — патыхала скандалам ці, прынамсі, нейкай небясьпекаю». У такім убраньні і на свабодзе? Жывы? НКВД гэтага сабе ніколі не даравала б. І гадзіньнік спыніўся.

Толькі вось Хармс ня меў перакананьняў, адно талент; Шукайла ж быў камуністам (ня блытаць з бальшавікамі). А хутчэй нават тым, да чаго пасуе забытае, рамантычнае слова «камунар». Мешаніна з ідэалізму, вясковасьці, пратэсту, амбітнасьці, чуласьці, рэўнасьці, кідкасьці, зацятасьці, маніі велічы, велічы маніі, харошага паэтычнага вар’яцтва і яшчэ чорт ведае чаго, што варылася ўсё разам у загадкавым кацялку пад бабровай баярскай шапкаю. Нездарма менавіта гэты «чырвоны прафэсар» з адукацыі, лефавец па сваіх літаратурных схільнасьцях, беларус па нацыянальнасьці і поўны шукайла па сьветапоглядзе стаў заснавальнікам тагачаснага бумбамліту, Беларускай літаратурна-мастацкай камуны. Пра памеры Шукайлавага таленту чытачу меркаваць цяжка — магчыма, ягоным галоўным талентам была яркасьць ягонай асобы, што ня так ужо й мала. Усе людзі перажываюць калі-небудзь узрушэньне, даведваючыся, што ў сапраўднасьці навакольны сьвет ня мае колеру, фарбы рэчам і істотам надае толькі мудрагелістая гульня сьвятла; так і Шукайла быў промнем, які асьвятляў даволі шэры сьвет літаратуры свайго часу, арганізуючы кантрасты і сьвятлацені, дорачы сваёй прысутнасьцю ў літаратуры фарбы тым, хто іх ад пачатку ня меў і мець не зьбіраўся. На фоне Шукайлы той сьвет выглядае нейкім весялейшым...

Сьвет, аднак, ня быў Шукайлу асабліва ўдзячны за арганізаваную ім падсьветку. «Хам», «літаратурны клоўн», «тыповы авантурыст-гістэрык», «крыкун», «цяжкі атлет лёгкай вагі», «галасісты бандыт» — так любоўна называлі Шукайлу калегі і крытыкі. Пракляты бумбамлітаўскі мадзярніста не маўчаў, даставалася ўсім: нават Жылку і Дубоўку. Адзін з апанэнтаў Шукайлы прыпісаў няўрымсьліваму Паўлюку выдатны вершык, які ўпрыгожыў бы любы «Тазік», ня толькі беларускі, і безь якога не абыходзіцца бадай што ніводнае згадваньне паэта-камунара:

«Выйду я на сенажаць
І з нагана ў жабу — бац!»

Гэтая пародыя кажа пра ўспрыманьне Шукайлы сучасьнікамі нават больш за ягоную ўласную творчасьць. З аднаго боку — сенажаць яна і ў Афрыцы сенажаць: як Шукайла ні спрабаваў адарвацца ад каранёў, гідліва крывячыся:

«што мне да поля зь яго васількамі?...»,

ён усё адно заставаўся паэтам з народу, вясковым хлопцам. Але далей у нашай выкрывальнай пародыі: наган, агрэсія, жаба як наіўны сымбаль антыэстэтызму і гэтае «бац» — стрэл, які вызваляе месца для нечаканай рымы, але адначасова і руйнуе ўвесь сэнс. Такім, відаць, яго і ўспрымалі добразычліўцы: «здатны паэт», як назваў яго Юрка Віцьбіч, але ж страляе па жабах... Такі ён, відаць, і быў.

Вясковы футурыст — такое магчыма толькі ў Беларусі. Кажуць, падчас сваёй працы ў Маскве Шукайла хадзіў улетку ў вышыванцы і на дзьвярах ягонай маскоўскай кватэры вісела шыльдачка па-беларуску. Любіў Шукайла кульнуць зубровачкі і зацягнуць «Перапёлачку». Карацей, нацдэм нацдэмам. Хаця Шукайла абвяргае і гэта, у сваім самым вядомым вершы з тых, што дайшлі да нашых дзён. Ён наогул усё абвяргае, адно слова — футурыст.

Зьлева направа: Сьцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, Янка Відук (Скрыган). Полацак, 1927 г.
Зьлева направа: Сьцяпан Сямашка, Паўлюк Шукайла, Пятрусь Броўка, Янка Відук (Скрыган). Полацак, 1927 г.

Пачынаецца той верш прыгожа: «На Беларусі вада з крыві, палеткі з курганоў і крыжоў...». Але далей кій пагрозьліва ўзьнімаецца ў чаканьні расправы. Шукайла дае ў карак шавіністам з братняй Русі: яны, „«бровы „серьезно надвінув“, гаварылі, і сьвет слухаў, што беларус не чалавек — быдліна...» Некаторыя «русацяпы», маць іх за нагу, дагэтуль «каркаюць варонамі». Але і айчынныя нацыяналісты Шукайлу не свае: яны яшчэ сям-там квакаюць, гэтыя жабы: дайце мне наган! Беларусь, паводле Шукайлы, мусіць ачысьціцца ад адных і ад другіх, і далей, у будучае, «сталёвымі калёнамі». «Касьцьмі ляжам на пуцявіне, а трутнёў зь Беларусі вон!..» Зусім у традыцыі адшумелага ня так даўно заходнеэўрапейскага футурызму, які імкліва палітызаваўся. «Трутні — гэта гледзячы зь якога боку зірнуць», — ласкава пасьміхаючыся ў вусы, сказаў галоўны пчаляр і апусьціў на твар сетку. Неўзабаве нават ляяльнасьць да ўладаў перастане быць надзейнай аховай. А пакуль што рыма «нацыяналісты-ачысьцім» прэтэндуе на самую арыгінальную ў беларускай паэзіі канца дваццатых. Калі ня браць у разьлік «сенажаць-бац», вядома.

Кім толькі ня быў Шукайла за сваё нядоўгае жыцьцё... Партызанам, перабежчыкам, сакратаром райкаму, рэдактарам, інспэктарам па справах беларусізацыі, сцэнарыстам, кіношнікам, начальнікам, «подследственным», бамжом, зьняволеным. Вось з чаго магла б паўстаць цікавая літаратура. Але не паўстала. Не знайшлося такой душы, якая б прымусіла Шукайлу паспрабаваць выкласьці ўсё гэта прозай — а такое было б чытво. У пакінутым нашчадкам вобразе — са сваёй бабровай шапкай, прыгожым кіем-віцінай і залатым гадзіньнікам — Шукайла заўжды будзе нагадваць мне аднаго сымпатычнага літаратурнага пэрсанажа ў самы трагічны для яго момант. Маецца на ўвазе Бэндэр, які ў футрах з зашытымі ў іх каштоўнасьцямі ў фінале «Залатога цяляці» пераходзіць Днестар. Розуму і абаяльнасьці ў Шукайлы было ня менш. І, я ўпэўнены, жыць яму было ня менш цесна. І вось воля блізка. На тым беразе. І тут Вялікага камбінатара рабуюць памежнікі, прымушаючы вярнуцца назад. Гэта — самы нясьмешны момант у адной з самых вясёлых кніг у сьвеце, і самы балючы. Гумар канчаецца. Моц эмпатыі да галоўнага героя, моц шкадаваньня дасягае свайго апагею. Будучыня — гэта ілюзія. Будучыня немагчымая. Будучыні няма. Нават для футурыстаў.

Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)
Крыўда, праўда і брыда (Янка Купала)
Тым, хто шукае Туле (Якуб Колас)
Зацемкі падчас зацьменьня (Алесь Гарун)
Ампутацыя немагчымая (Максім Гарэцкі)
Нехта трэці (Максім Гарэцкі)
Крыжыкі-ножыкі (Зьмітрок Бядуля)
Ацалелы ў пакоі сьмеху (Кандрат Крапіва)
Не чапай маіх кругоў (Уладзімер Дубоўка)
Лініі разрэзу (Уладзімер Жылка)
Сто пудоў адзіноты (Лукаш Калюга)
Квадратны рай (Пятрусь Броўка)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG