Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янка Купала

Свой дакастрычніцкі – то бок самы плённы, цікавы і трагічна абарваны на паўслове – пэрыяд бывае ва ўсяго, ня толькі ў беларускіх пісьменьнікаў. Напрыклад, дакастрычніцкі пэрыяд ложка, які нехта выкінуў на сьметнік перад нашым домам, відавочна, даўно мінуў – а якія, пэўне, кульбіты выраблялі на ім уладальнікі, як скакалі па ім дзеці!.. Па ўсім відаць, што завяршаецца дакастрычніцкі пэрыяд у памідораў, якія так старанна падсьвечваюць лямпамі ў вечаровым супэрмаркеце. А людзі ж, тыя наогул неяк імкліва прамінаюць свае дакастрычніцкія пэрыяды, нібы намагаючыся як найхутчэй выйсьці з пары росквіту – бо яна ня надта спрыяе выжываньню. Дакастрычніцкі пэрыяд Янкі Купалы даў белліту аднаго з самых буйных і супярэчлівых паэтаў і скончыўся не ў кастрычніку 1917, а значна пазьней, у 1930, жахлівым кафкіянскім Verwandlung паэта ў драўлянага жаўнера, Каяна Лупаку. Але ён быў, гэты “дакастрычнік” – і паэт быў таксама.

Вязынка. Фота: panasiux

Вязынка. Фота: panasiux


На бяду, першае знаёмства беларуса з Купалам адбываецца ў раньнім падлеткавым узросьце. Так бы мовіць, трохі пазьней за Спайдэрмэна і трохі раней за Сьпінозу. Акурат тады, калі чалавек канчаткова расчароўваецца ў Дзеду Марозу, бацьках і мастацкім слове. Купала зьяўляецца эфэктна: як джын з бутэлькі, як deus ex machina, але падлетак яшчэ занадта малы, каб набываць алькаголь ці мець правы кіроўцы – хаця яму ўжо хочацца і таго, і другога. І трэцяга, і пятага: у арганізме віруюць першыя гарманальныя атакі, у галаве сумбур замест музыкі і прага самасьцьвярджэньня, уласнае цела расьце ва ўсе бакі і ня слухаецца, зьяўляецца звычка грызьці пазногці, падлетак крытычна аглядае сябе ў люстэрка і тут:

Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.

Худыя плечы, рукі ў крыві, ногі ў лапцях, сьляпы, глухі. Пагарджаны век. Далей, пра сілу, чытаць ужо няма моцы. Ёсьць за што ўзьненавідзець сябе, і Купалу ў прыдачу. Як сталася, што вершы, прызначаныя быць заклікам да абуджэньня, праграмуюць, наадварот, пажыцьцёвае аўтсайдэрства? Але гэта папрок не паэту, пра гэта трэба спытаць аўтараў школьнай праграмы.

Вокладка зборніка “Жалейка”, 1908

Вокладка зборніка “Жалейка”, 1908

Шмат якія ягоныя вершы – гэта дыялёгі зь люстэркам у руках. Вось, глядзіце, гэта мы з вамі. Пагаджаешся: як жа можна ня верыць у адлюстраваньне. Ён быццам бы заўсёды трымае перад намі люстэрка і гаворыць зь ім, чытачу застаецца толькі ківаць і слухаць. Чымсьці гэта нагадвае візыт да цырульніка: абвязаны ручніком, ты сядзіш, міжволі слухаеш майстра і ў канцы назіраеш у паслужлівым люстэрку сваю патыліцу. Цёмны, так бы мовіць, бок беларуса. Са знакамітым някрасаўскім каўтуном, які цырульнік гатовы састрыгчы, зрэзаць, садраць жыўцом – толькі б пазбавіцца гэтага знаку бяды, якім нас на стагодзьдзі узнагародзіў празьмерна ўражлівы расеец:

Он и теперь еще: тупо молчит
И механически ржавой лопатою
Мерзлую землю долбит!

Як старарэжымна ставіўся Купала да сваіх першых тэкстаў! Як выпісваў канцоўкі, хвалюючыся, каб яго правільна зразумелі, не пакідаючы двухсэнсоўнасьцяў. Як старанна расстаўляў клічнікі і шматкроп’і. Пасьля кожнага ягонага верша так і бачыцца-чуецца выдыхнутае з палёгкай на марозным паветры “dixi“. Але асабіста для мяне той, сапраўдны паэт Купала пачынаецца тады, калі ў ягонай творчасьці зьяўляецца цудоўная недагаворанасьць. Уласна кажучы, недагаворанасьцю жыве любая добрая паэзія, і Купала тут не выключэньне. Мае ўлюбёныя вершы Купалы сканчаюцца… нічым. Таму яшчэ доўга праводзіш вачыма “Паяжджанаў” – сапраўды вельмі ўдалы твор, якія пішуцца гады ў рады, твор, дзе магія словаў перадаецца ад страфы да страфы – нібы сьвечка ад сьвечкі запальваецца.

Яшчэ да перамогі калектывізацыі ў вершах Купалы словы “мы” і “народ” пасьпяхова канкуравалі зь “я”. Найлепшае сьведчаньне таго, што ён рана ўсьвядоміў сябе мэсіям. Тым, каму дазволена трымаць люстэрка, хто мае права і ноччу, і днём “рабіць агледзіны”. Ня толькі падлеткам – усім нам Купала расказаў і паказаў, хто мы. Тое, што Багушэвіч прамовіў калісьці напаўголасу, Купала выкрыкнуў – і яму спадабалася. Ніхто не чакаў такога надрыву ад сьціплага чалавека з амаль жаноцкім, шырокім у сьцёгнах псэўданімам. Высьветлілася, што мы – беларусы, і нас не адзін мільён. Што мы люнатыкі – бо ўсё робім у сьне: “прачніся”, яшчэ адно папулярнае слова з Купалавага лексыкону, на нас ня дзейнічае. Што ўсім пакінулі спадчыну як спадчыну: каму млын, каму асла, каму ката ў ботах – а нам родную старонку, мову і – увага – вялікую, тоўстую, тлустую, пякучую, як мэдуза, крыўду.

Арлен Кашкурэвіч. “Янка Купала ў Смаленску. 1918”.

Арлен Кашкурэвіч. “Янка Купала ў Смаленску. 1918”.

Крыўда – галоўная тэма Купалы. Я бачу яго ў белым халаце навукоўца, ён нахіліўся над сталом, дзе ляжыць і пульсуе яна, жывая Беларуская Крыўда, і ён прэпаруе яе, коле іголкамі, рэжа, прыладжвае трубкі, робіць аналізы. Яму можна, яму яе народ сам прынёс. Спаймаў і прынёс. Народ адчуваў яе як аднародную, цягучую масу, якую нехта сказаў несьці, вось і нясем: можа, так і трэба? Але прафэсар пасьля бяссоннай ночы ў лябараторыі ведае: крыўда – складаны арганізм, у якім багата нутраных слаёў. Крыўда нацыянальная, гістарычная, сацыяльная, літаратурная, асабістая. Крыўда звычайная і крыўдус экстатыкус, крыўдус грандыёзус. У творах Купалы крыўдзяцца ўсе: беларусы на маскалёў і ляхаў, чалавек на бога, прырода на людзей і людзі на прыроду, бацькі на дзяцей – за тое, што хочуць пазбавіцца крыўды, і дзеці на бацькоў – за тое, што ня хочуць раструшчыць гадзіну. Крыўдзіцца прарок, хаця і не прарочая гэта справа – за тое, што вось ён прарочыць, прарочыць, а яму ў адказ: “Па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?” Крыўдзяцца панічы – бо парушанае іхнае панскае адвечнае права. Крыўдзіцца аўтар – бо ня чуюць, не прачынаюцца суайчыньнікі. Крыўдзіцца краіна – бо забралі пасаг між народамі. Крыўдзіцца нават Мікіта Зносак – хаця ён, як сам прызнаецца, не з крыўдлівых. Курчыцца на стале крыўда, б’ецца, як мільёны сэрцаў – даючы свае жыцьцёвыя сокі Kупалавай паэзіі.

Але крыўда – усё ж ня надта творчае пачуцьцё. Творчыя пачуцьці – любоў і нянавісьць. І калі зь любоўю ў Купалы ўсё як мае быць: “Яна і я” (а ня “Мы і яны”!) уражвае сваёй інтымнасьцю, то нянавісьць, сапраўдную гаючую нянавісьць замяняе якраз-такі крыўда. Купала шчыра спрабаваў ненавідзець. Але зноў спрацавала люстэрка, ён сам у ім адбіўся – “з свайго прыпынку выгнаныя вон, мы дзякуем, што торбы апранулі”, як могуць гэтыя пахілыя пасажыры з торбамі кагосьці ненавідзець? Пакрыўдзіцца, паскардзіцца – гэта так.

Там, дзе крыўды няма – Купала, хутчэй, мяккі рамантык. Абсалютна закансэрваваны ў беларушчыне. “Немцы едуць, нашы йдуць, немцы нашых падвязуць” – але Купалу не патрэбны былі ніякія эўрапейскія ўплывы. Груба кажучы, ён займаўся ў сваім куце рамантызмам тады, калі ўсе астатнія ўжо даўно сустракаліся зь дзеўкамі. У час росквіту дадаізму, футурызму і іншай лухты ён прыгадвае пра дні, што “ў нябыт уцяклі”, ягоныя вершы ратуюцца на курганах, сярод хохлікаў і ведзьмаў. “Магілу льва” яму потым, напэўна, прыгадвалі энкавэдысты, бачачы ў ёй намёк на Троцкага. Вядома, усё гэта справа густу і формы – і “Бандароўну”, пры жаданьні, можна ператварыць у дадаістычны шэдэўр, рэч ня ў гэтым. А ў тым, што запозьнены беларускі нацыяналізм ня мог існаваць без такога ж запозьненага беларускага рамантызму.

Янка Купала. 1923

Янка Купала. 1923

Купала – сапраўдны беларускі нацыяналіст, які кліча краіне Ўладара, дыктатара накшталт Мусаліні. “Цяпер беларушчына – гэта наймаднейшая прафэсія, і кожныя жук і жаба хочуць рабіць на ёй кар’еру”, – саркастычна кажа настаўнік Здольнік у той кароткі міг, калі Крыўда адступіла ад беларусаў. Каб жа. Усё без выняткаў беларускае Адраджэньне на працягу ўсёй сваёй гісторыі спрабуе вярнуць гэты шчасьлівы стан. Завабіць, пераканаць і жука і жабу, навярнуць іх у сваю веру – занятак, які стаў для беларускага нацыяналізму сэнсам існаваньня. Сарказм успрымаецца ім нэрвова: добра было яму, Здольніку, казаць тады. Цяперашнія нацыяналісты толькі замілаваліся б, калі б ісьцінна-рускі Зносілов стаў бы дэклямаваць дурнаватае:

Беларусь, мая старонка,
Куток цемнаты,
Жыве Шыла, Грыб, Мамонька,
Будзеш жыць і ты.

Як гэта часта бывае, сярод такіх жывых, мілых пэрсанажаў “Тутэйшых” Здольнік – адзіны непрыемны. Бо надта ўжо правільны. І Менск яму не падабаецца, бо гэта ж “места”, а ня любая сэрцу вёска. Але ён наш, гэты Здольнік, так. З поглядамі самымі што ні ёсьць радыкальнымі. Калі б “Тутэйшыя” былі творам, скажам, швэдзкага генія, то іх забаранілі б там гэтаксама, як сёньня ў Беларусі. Хаця б за такую некарэктнасьць:

“Калісь амэрыканцы напісалі на сваім сьцягу несьмяротныя словы: “Амэрыка для амэрыканцаў”. І гэта памагло – сёньня Амэрыка вольная. Павінны і мы пайсьці па яе сьлядах і напісаць агністымі рунамі на сваім сьцягу: “Беларусь…”

У маім тэксьце там шматкроп’е, праца цэнзуры, але і так ясна: Беларусь для беларусаў. Рунамі. Ну мы ж усё разумеем, але ж некаторыя прымаюць як заклік да дзеяньня і цягнуцца да паходняў.

…Мне вось асабліва падабаецца, калі ў адсутнасьці патрыятызму мяне папракаюць людзі, якія баяцца гаварыць у Беларусі па-беларуску і гадуюць па-расейску дзяцей. Наўрад ці яны калісьці зразумеюць, што гэта насамрэч значыць:

“Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні…
Я ад вас далёка… Скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуў у чужыя грудзі?”

Верш, які адгукаецца, ня можа не адгукацца. Часам сярод “чужакоў” яна, радзіма, ёсьць большай “ласкай”, чым сярод сваіх, спадары патрыёты.

Графіці на набярэжнай Сьвіслачы ў Менску

Графіці на набярэжнай Сьвіслачы ў Менску


…Што й казаць, позьні Купала пакінуў неабмежаваныя магчымасьці для інтэрпрэтацыі яго твораў. Прыкмета вялікага паэта – ці гэта ад таго, што паэт сам ня ведаў, чаго хацеў? Спадзяюся, усё ж першае. Купала сам прызнаецца, што „сьцежкі не прастаў”, але ж далей кажа, што “ўсёй магчымасьцю магчымай таптаў сьляды, сябе таптаў”. І затаптаў. “Тутэйшыя” на патрэбу паддаюцца якой заўгодна інтэрпрэтацыі. Тое самае сякера ў руках Сымона, і словы Старца ў “Раскіданым гнязьдзе”, і Цярпеньне ў аднайменным вершы, і Чорны Бог, і шмат іншых загадкавых сьлядоў, кожны зь якіх мог пакінуць Пятніца, але з тым самым посьпехам – выпадковая хваля на прыбярэжным пяску.



Ранейшыя фрагмэнты сэрыі:


Гамбурскі рахунак Бахарэвіча
Кіно 1866 году (Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч)
Бог ня роўна delete (Францішак Багушэвіч)
Сумны крошынскі джаз (Паўлюк Багрым)
Шапэнгаўэру назло (Янка Лучына)
У чаканьні войта (Гутарка Данілы са Сьцяпанам)
Белагаловая без галавы (Саламея Пільштынова)
Усё цьвітуць і цьвітуць тыя макі… (Тарас на Парнасе)
Курсіў чарнакніжніка (Ян Баршчэўскі)
Карыда па-беларуску (Мікола Гусоўскі)
Нашы душы з дынаміту (Цётка)
Інтымны дзёньнік Макса Б. (Максім Багдановіч)
Невыносная зычнасьць шыпячых (Ядзьвігін Ш.)
Цёмнае мінулае Каяна Лупакі (Янка Купала)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG