Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXV. З допыту Кавалёва ад 29 красавіка


Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў у судзе

Дзьмітры Канавалаў і Ўладзіслаў Кавалёў у судзе

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

На гэтым допыце Кавалёў распавёў яшчэ больш пра свайго сябра Канавалава. У прыватнасьці, паведаміў, што той плянаваў узарваць бомбу ў мэтро, але не на станцыі, а ў вагоне. Бомба павінна была знаходзіцца ў корпусе вогнетушыцеля. Менавіта дзеля гэтага Канавалаў прывёз з войска 2 вогнетушыцелі і захоўваў іх у сваім падвале. «Казаў, што калі выбух адбываецца ў замкнёнай прасторы, прыкладам у вагоне, то людзі атрымліваюць яшчэ і баратраўмы — у іх вылазяць вочы, лопаюцца барабанныя перапонкі. Маўляў, пацярпелых будзе больш».

Пасьля агалошваньня пратаколу допыту ад 28 красавіка Кавалёў патлумачыў суду разыходжаньні ў паказаньнях.

— Сьледчы папярэдзіў, каб не мяняў паказаньні. Што мяняць паказаньні — сабе рабіць горш, бо не павераць.

— Чаму тады мяняеце паказаньні?

— Таму што баяцца больш няма чаго. Па тэлевізіі ўсё роўна зрабілі ворагам чалавецтва...

Адвакат спытаў у Кавалёва: хто да яго прыходзіў у камэру падчас сьледзтва?

— Прыходзілі шмат разоў, розныя людзі, у тым ліку з КДБ. Вялі размовы. Адвакат пры гэтым не прысутнічаў.


Дзе Кавалёў казаў праўду: на сьледзтве ці на судзе?

На працэсе былі агалошаныя зьвесткі, паводле якіх Кавалёў прайшоў праверку на паліграфе (дэтэктары хлусьні) адносна праўдзівасьці ягоных паказаньняў, дадзеных сьледчым КДБ. Заява Ўладзіслава Кавалёва пра жаданьне праверыцца на паліграфе, якая была зачытаная ў судзе, пісалася на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. Кавалёў пісаў: «...Я даваў паказаньні пра свой удзел і хачу добраахвотна працягваць супрацоўніцтва з КДБ... Гэта Канавалаў зрабіў тэракты ў 2005 і 2008 гадах, я пра гэта ведаў, але пераканаць яго адмовіцца ад тэрактаў ня змог. Патлумачыць, чаму не папярэдзіў, не магу... Прапаную праверыць мяне на дэтэктары хлусьні...»

Заява Кавалёва датаваная 5 траўня 2011 году. У прысудзе вынікі праверкі ня згадваюцца.

У апошнім слове на судзе Ўладзіслаў Кавалёў паўтарыў, што ня ведаў пра падрыхтоўку тэрактаў і дагэтуль ня верыць, што іх зрабіў ягоны сябар Дзьмітрый Канавалаў. І папрасіў у сябра прабачэньня, што агаварыў яго. Пра сябе Кавалёў прызнаў, што перадаваў Канавалаву тратыл і раней яго захоўваў, але ня з мэтай учыніць тэракт.

Як вызначылі ролю Ўладзіслава Кавалёва ў тэракце 2011 году судзьдзі?


Прысуд, ст. 84. «У судовым паседжаньні даказаная віна Кавалёва У.Ю. у саўдзеле ў форме пасобніцтве ва ўчыненьні тэрарызму, спалучанага з забойствам людзей, прычыненьнем цяжкіх ды іншых цялесных пашкоджаньняў шматлікім асобам, прычыненьні асабліва вялікай шкоды і іншых цяжкіх наступстваў.

Саўдзел Кавалёва У.Ю. выявіўся ў садзейнічаньні і дапамозе ў дастаўцы выбуховага прыстасаваньня, у набыцьці газэты, прадстаўленьні свайго тэлефону Канавалаву Д.Г. для арганізацыі пошуку, найманьня жылога памяшканьня і забесьпячэньня немагчымасьці вызначэньня месца знаходжаньня Канавалава Д.Г. з выбуховым прыстасаваньнем, забесьпячэньня бясьпекі Канавалава Д.Г. і магчымасьці яму безь перашкод з боку іншых асобаў прывесьці ў баявую гатоўнасьць выбуховае прыстасаваньне ў кватэры перад яго дастаўкай да месца выбуху.

Злачынныя дзеяньні Кавалёва У.Ю. у гэтай частцы падлягаюць кваліфікацыі паводле ч.6 арт.16 і ч.3 арт.289 КК Рэспублікі Беларусь.

Кавалёў У.Ю., аказваючы садзеяньне Канавалаву Д.Г. ва ўчыненьні злачынства, загадзя ведаў, што Канавалаў Д.Г. рыхтуе выбух у мэтро, прывёз выбуховае прыстасаваньне вялікай магутнасьці, якое ў шмат разоў перавышала памеры і моц папярэдніх выбуховых прыстасаваньняў, і мае намер яго ўзарваць менавіта ў замкнёнай прасторы ў мэтро, на той станцыі, дзе знаходзіцца найбольшая колькасьць людзей і менавіта ў «гадзіну пік».

Выкладзеная Кавалёвым у судзе пазыцыя, што ён не цікавіўся зьмесьцівам торбы і меркаваў, што ў ёй неабходныя штодзённыя рэчы Канавалава Д.Г., ёсьць надуманай, бо вага, аб’ём і шчыльнасьць напаўненьня торбы не маглі рэальна ўспрымацца як напаўненьне бытавымі рэчамі для трохдзённай паездкі. У пэрыяд знаходжаньня ў Менску Канавалаў не пераапранаўся, не карыстаўся якімі-колечы рэчамі з торбы, што таксама бачыў Кавалёў.




Кавалёў У.Ю., зыходзячы з аб’ёму выбуховага прыстасаваньня, месца і часу яго выбуху, усьведамляў, што ў выніку выбуху загінуць людзі. Кавалёў У.Ю. ведаў, што падрыў выбуховага прыстасаваньня ў мэтро зьяўляецца і кваліфікуецца менавіта як тэрарызм. Гэтыя абставіны яму распавядаў і тлумачыў са спасылкай на крымінальны закон Канавалаў Д.Г. задоўга да ўчыненьня гэтага выбуху.

...Кавалёў У.Ю. таксама аказваў пасобніцтва ва ўчыненьні выбуху ў мэтро з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі і застрашваньня насельніцтва. На сьледзтве Кавалёў У.Ю. адзначаў, што Канавалаў Д.Г. хацеў дэстабілізаваць абстаноўку. Яму падабалася назіраць за наступствамі ўчыненага ім выбуху...

...Аб’ектыўнасьць паказаньняў Кавалёва У.Ю. на сьледзтве пра садзеяньне Канавалаву Д.Г. ва ўчыненьні ім выбуху пацьвярджаецца тым, што Кавалёў У.Ю. аб’ектыўныя паказаньні пра колер і форму пульта кіраваньня выбухам, колер кнопкі даў сьледзтву непасрэдна пасьля затрыманьня 13 красавіка 2011 году за некалькі гадзін да таго, як пра гэтыя акалічнасьці даў паказаньні Канавалаў Д.Г.

...Паказаньні Кавалёва У.Ю. у судзе пра тое, што ён ня ведаў мэты прыезду Канавалава Д.Г., пра падрыхтоўку ім і зьдзяйсьненьне выбуху, ёсьць выдуманымі з мэтай ухіленьня ад адказнасьці і абвяргаюцца паказаньнямі Пачыцкай Я.У., зьвесткамі пра ягоныя тэлефонныя злучэньні і часам тэлефонных злучэньняў зь ягонага тэлефона, характарам ягоных узаемаадносін з Канавалавым Д.Г., ягонымі дзеяньнямі перад выбухам і пасьля яго»
.

З артыкула «Ці быў у Канавалава „куратар“? Новая праўда пра тэракты»


24.11.11. Інтэрфакс.

Дзьмітры Канавалаў

Дзьмітры Канавалаў

— Дзе выраблена выбуховае прыстасаваньне, якое не ўзарвалася ў 2008 годзе? Чаму расейскія экспэрты прышлі да высновы, што Віцебск у рэгіён вырабу выбуховага прыстасаваньня не ўваходзіць? І адкуль на ім адбіткі пальцаў невядомых? І чаму экспэрты палічылі, што бомбы, якая ўзарвалася і якая не ўзарвалася, выраблены рознымі людзьмі?

— Сапраўды, доўгі час лічылася, што прыстасаваньні 2008 году вырабляліся групай асобаў, прафэсіяналамі. Вэрсія «настаўніка і вучня», якая зьявілася тады ж, у 2008 годзе, завяла сьледзтва ў тупік. Але гэтая вэрсія мае тлумачэньне. Да 2008 году пагроза тэрарызму для Беларусі была толькі гіпатэтычная. Пасьля выбухаў на Дзень Незалежнасьці мы кансультаваліся з расейскімі экспэртамі, з ізраільскімі. Але ў кожнага зь іх свая лінія, абумоўленая ўнутранымі фактарамі. Так, расейцы бачаць ва ўсім каўказскі сьлед, ізраільцяне — арабскі. Які ў нас араба-каўкаскі сьлед!

Ключавое сумненьне — гэта высновы экспэртаў ФСБ пра зону вырабу выбуховага прыстасаваньня на падставе аналізу пылку расьлін, які знайшлі на ягоных элемэнтах. Чаму гэтую экспэртызу рабіла ФСБ? Таму што толькі ФСБ валодае ўнікальнай базай для правядзеньня падобных экспэртыз на падставе пылку расьлін, сабранага са ўсяго былога СССР. Тады была ідэя стварыць адзіную адкрытую базу, якой бы ўсе маглі карыстацца, ня толькі спэцслужбы, але ў першую чаргу мэдыкі. Аднак з шэрагу прычын сёньня гэтая база засакрэчаная і знаходзіцца ў выключным распараджэньні ФСБ.

Дэтанатар быў у пазыцыі «выключана», калі выбуховае прыстасаваньне трапіла на экспэртызу да ўзрыватэхніка. Але згадайце, што казалі хлопцы, якія яго знайшлі: хацелі папіць соку, адкрылі накрыўку — і выскачыў тумблер. Магчыма, тумблер быў узьведзены, але пры адкрыцьці накрыўкі ланцуг размыкаўся

Ведаю, што маладыя беларускія вучоныя, якія цікавяцца тэматыкай палінамарфалягічных дасьледаваньняў, цягам некалькіх гадоў праводзілі дасьледаваньні на наяўнасьць пылку граба, бука ды іншых рэдкіх расьлін у розных рэгіёнах Беларусі. Менавіта па арэалах, дзе растуць граб і бук, расейцамі быў вызначаны рэгіён вырабу фрагмэнту бомбы. Але з моманту збору ўзораў прайшоў не адзін дзясятак гадоў, мяняецца клімат, мяняюцца арэалы расьлін. Хто дзесяць гадоў таму ведаў пра баршчавік, які запаланіў у апошнія гады беларускія лясы? Вызначыць наяўнасьць у пыле пылку граба і бука — пылок гэтых расьлін фігураваў у справе — няцяжка. Ён захоўваецца цягам некалькіх гадоў у месцах, якія абароненыя ад сонца і вільгаці. Гэта можа зрабіць любы батанік зь мікраскопам. Высновы былі сэнсацыйныя! Сьляды цьвіценьня ўсіх гэтых расьлін былі знойдзеныя ў Віцебску менавіта ў раёне ДБК. Супадзеньне пылку — 99%!

Разумеючы, што гэтая экспэртыза — адзін з ключавых момантаў у справе, беларускія адмыслоўцы аблазілі ўсю краіну ў пошуку месцаў, дзе могуць адначасова расьці расьліны, не ўласьцівыя збольшага для нашага рэгіёну. Тлумачэньне прыйшло пасьля аналізу пробаў, якія ўзялі па ўсёй Беларусі. Аналягічны склад пылку знайшлі ў раёне Мірскага замку, Нясьвіжа і шэрагу іншых раёнаў старажытнай забудовы. ДБК — гэта стары раён, там калісьці была панская сядзіба, а за некалькіх кілямэтраў ад яго месьціцца біялягічны заказьнік, які ў народзе клічуць «Чортава барада». А ў 19 стагодзьдзі было вельмі папулярна засаджваць маёнткі экзатычнымі расьлінамі, у ліку якіх апыналіся грабы і букі.

— Чаму Канавалаў не актываваў першае выбуховае прыстасаваньне ў 2008 годзе? Дэтанатар быў у пазыцыі «выключана».

— Дэтанатар быў у пазыцыі «выключана», калі выбуховае прыстасаваньне трапіла на экспэртызу да ўзрыватэхніка. Але згадайце, што казалі хлопцы, якія яго знайшлі: хацелі папіць соку, адкрылі накрыўку — і выскачыў тумблер. Магчыма, тумблер быў узьведзены, але пры адкрыцьці накрыўкі ланцуг размыкаўся. Гэта магло быць зроблена зь меркаваньняў бясьпекі выканаўцы: калі што пайшло ня так, адкрыў пачак з сокам, і ўсё — прыстасаваньне дэактывавана.

— Чаму на выбуховым прыстасаваньні, якое не ўзарвалася, знойдзены адбіткі пальцаў невядомых?

— Таму што пасьля таго як яго знайшлі, яго чапалі, нюхалі, груба кажучы, лізалі ўсе, каму толькі хацелася. Неапраўданы гераізм разам з дурасьцю. Але гэта таксама можна патлумачыць тым, што мы не былі падрыхтаваныя тады да тэрактаў. І гэтае выбуховае прыстасаваньне адпачатку ўспрымалі як муляж. Два гады спэцслужбы і міліцыя шукалі адмыслоўцаў, якія ў пальчатках і масцы рабілі выбуховае прыстасаваньне. Правяралі хімікаў, студэнтаў-хімікаў, але ніхто не правяраў школьнікаў, якія ў апошнія гады мелі добрыя посьпехі ў хіміі.

— Дарэчы, і сабака не адрэагаваў на гэтае выбуховае прыстасаваньне, нягледзячы на тое, што ў яго склад уваходзіў тратыл?

— Гэта таксама ўмацавала сапёраў у думцы, што гэта муляж. Але сабака, па-першае, можа эфэктыўна працаваць у такім натоўпе толькі непрацяглы час, потым яму патрэбны адпачынак. Па-другое, перакіс ацэтону мае вельмі моцны пах, які адбівае пах тратылу. Акрамя таго, тратыл быў плаўлены, што таксама зьмяншае ягоны пах.

Цяжка сказаць, чаму Канавалаў нібыта памыліўся. Я мяркую, ён проста зьдзекаваўся. Хаця рукамі дзейнічаў прафэсійна, гэта дакладна бачна на відэазапісе сьледчага экспэрымэнту

А тая акалічнасьць, што Канавалаў паставіў пакунак з бомбай быццам за ачапленьнем, а знайшлі пакунак да ачапленьня, таксама мае тлумачэньне. Блытаніна паняцьцяў. Ачапленьне тады было толькі там, дзе знаходзіліся асобы пад аховай. Далей было не ачапленьне, былі патрулі, якія маглі папрасіць паказаць, што ў торбе, а маглі і не папрасіць.

— Чаму Канавалаў не ўзнавіў на сьледчым экспэрымэнце дакладную копію выбуховага прыстасаваньня ў мэтро, а таксама выбуховых прыстасаваньняў, якія былі ўжытыя на Дзень Незалежнасьці 2008 году? Чаму падчас экспэрымэнту выкарыстоўвалі розныя заменьнікі (муку, пясок, макарону, цукеркі), а не сапраўдныя рэчывы і элемэнты?

— Цяжка сказаць, чаму Канавалаў нібыта памыліўся. Я мяркую, ён проста зьдзекаваўся. Хаця рукамі дзейнічаў прафэсійна, гэта дакладна бачна на відэазапісе сьледчага экспэрымэнту. Кожны псыхоляг-пачатковец скажа, што вызначыць, ці хлусіць чалавек, фантазіруе, ці спрабуе нешта ўзгадаць, магчыма ня толькі па ягоных рухах, але і па ягоным позірку, інтанацыі, міміцы і шэрагу іншых прыкметаў.

Выкарыстаньне падчас сьледчага экспэрымэнту рэчываў і элемэнтаў, якія імітуюць сапраўдныя, абумоўлена ў першую чаргу пытаньнямі бясьпекі. Дзе гарантыя, што ён не паспрабуе ўзарваць сабранае ім прыстасаваньне? На сьледзтве ён увогуле даваў шмат хлусьлівых дэталяў, ад якіх потым адмаўляўся. Але ўсе ягоныя словы правяраліся, ён гэта ведаў і прымушаў сьледзтва «папрацаваць».

— Адно з ключавых пытаньняў: ці магчыма вырабіць такія выбуховыя прыстасаваньні ў непрыстасаваным падвале, без вэнтыляцыі, выцяжкі?

— Пытаньне — што вырабіць? Калі казаць пра выбуховае прыстасаваньне 2008 году, яно складалася з тратылу і трыперакісу ацэтону вагой каля 200 г. Так, за адзін раз столькі «кісы» складана вырабіць бяз выцяжкі, але за некалькі разоў гэта магчыма. Трыперакіс — не такое ўжо небясьпечнае рэчыва, як у нас падносяць. Яно ўжывалася тэрарыстамі з 19 стагодзьдзя. (...) Правільна прыгатаванае рэчыва стабільнае. Нестабільным яно робіцца зь цягам часу. Але яго магчыма даволі доўга захоўваць у адмысловым растворы. Словам, трэба ўмець зь ім абыходзіцца.

Калі ж казаць пра выбуховае прыстасаваньне 2011 году, на яго выраб пайшло няпоўныя 3 дні — з 5 па 8 красавіка. Па сутнасьці, з трыперакісу Канавалаў зрабіў толькі ініцыявальны зарад вагой 20 г. Усё астатняе — салетра і іншае — было набыта ў суседняй краме і зьмяшана літаральна за паўгадзіны. Акрамя таго, узімку і ўвесну гэтага году ён выпрабоўваў прыстасаваньне падобнага тыпу, гэта ёсьць на яго фота і відэа. Але выпрабоўваў на адкрытай прасторы. Відавочна, што моц, зь якой бомба выбухнула на станцыі, то бок у прасторы закрытай, была неспадзяванкаю для самога Канавалава.

На выраб выбухоўкі пайшло няпоўныя 3 дні — з 5 па 8 красавіка. Па сутнасьці, з трыперакісу Канавалаў зрабіў толькі ініцыявальны зарад вагой 20 г. Усё астатняе — салетра і іншае — было набыта ў суседняй краме і зьмяшана літаральна за паўгадзіны

— У судзе казалі, што стымулам да вырабу выбуховага прыстасаваньня стала дактыляскапаваньне Канавалава. Але адбіткі пальцаў у яго зьнялі толькі 9 красавіка. Дык што ж яго падштурхнула?

— Увечары 4 красавіка ён атрымаў позву зьявіцца для дактыляскапіі, там было пазначана, што ў адваротным выпадку ён будзе дактыляскапаваны прымусова. Раніцай ён пазваніў свайму майстру і сказаў, што захварэў, і пайшоў у падвал. Сьледчыя прааналізавалі ягоныя тэлефонныя злучэньні. Калі раней ён кожную гадзіну альбо размаўляў з кімсьці, альбо ўваходзіў у інтэрнэт, то пачынаючы з 5 чысла ён фактычна перапыніў зносіны. На ўсе прапановы сяброў сустрэцца ён адказваў адмовай. Да 8 красавіка ён зрабіў выбуховае прыстасаваньне і абтэлефанаваў усіх сяброў, арганізаваў сустрэчу. Падобна да таго, што разьвітваўся зь імі. Дадому прыйшоў пад 2-ю гадзіну ночы. Таму экспэрты, якія прышлі 9-га здымаць адбіткі пальцаў удома, зь цяжкасьцю яго пабудзілі перад 11-й гадзінай.

А тое, што ў яго рукі не пацелі ад страху, як казаў на сьледзтве экспэрт, дык ён вельмі дрэнна сябе адчуваў і ня вельмі добра цяміў. Канавалаў заўсёды вельмі цяжка перажываў пахмельле.

Дзеля падстрахоўкі пасьля гэтага ён знайшоў кватэру ў Віцебску на суткі, адвёз туды выбуховае прыстасаваньне, потым паехаў на вакзал і купіў квіток у Менск.

— Ягонае знаходжаньне ў Менску таксама не да канца высьветлена ў судзе. Што за жанчына знаходзілася ў найманай кватэры на вуліцы Караля, калі туды прыйшлі Кавалёў і Канавалаў? Што за карта расейскага апэратара сотавай сувязі «Мэгафон» была знойдзена?

— Кватэра на Караля здавалася канвэерам. Дакладней, яна была здадзена на доўгі тэрмін аднаму чалавеку, які пераздаваў яе на суткі без дазволу гаспадара. Таму нічога дзіўнага ў тым, што жыльцы маглі сутыкнуцца, не было, як і ў тым, што ў кватэры маглі быць знойдзены сім-карты.




Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Роля Ўладзіслава Кавалёва

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG