Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Справа «віцебскіх тэрарыстаў». Дзьмітрый Канавалаў — «страшны чалавек». (Віктар Федаровіч, 13.10.2011, сайт naviny.by).

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


«Зьбіраючы доказы віны Дзьмітрыя Канавалава, сьледзтва немалы час патраціла на збор штрыхоў да своеасаблівага вэрбальнага партрэту галоўнага абвінавачанага. Гэты штрыхі пастаўлялі ўсе, хто хоць некалькі слоў мог сказаць пра асобу Дзьмітрыя. У гатовым выглядзе гэты партрэт будзе прадстаўлены ў спрэчках бакоў, калі абвінавачаньне выступіць з выкрывальнай прамовай. Цалкам магчыма, што ў ёй пракуроры выкарыстаюць словы Вікторыі Крупенінай, даўняй знаёмай абвінавачаных, якую сёньня, у дваццаты дзень слуханьняў, дапыталі ў судзе як сьведку.

Дзяўчына нічога не змагла паведаміць па сутнасьці крымінальнай справы, якую разглядаюць. Пра злачынную дзейнасьць альбо нейкія крымінальныя схільнасьці Канавалава яна, хутчэй за ўсё, ня ведала. З Кавалёвым Вікторыя была мала знаёмая, а вось Канавалава лічыла сваім сябрам, зь якім у невялікай кампаніі яны, што называецца, перасякаліся. Адно такое „перасячэньне“ з нагоды сьвяткаваньня 8 сакавіка ў 2007 годзе і зацікавіла сьледзтва.

Падчас павольнага танца Канавалаў, які быў добра выпіўшы, раптам сказаў
Падчас павольнага танца Канавалаў, які быў добра выпіўшы, раптам сказаў Вікторыі: „Я страшны чалавек“ ...

Вікторыі: „Я страшны чалавек“. Дзяўчына паспрабавала пераканаць партнэра, што ён добры, але той да сказанага дадаў: „Калі б ты даведалася, які я, ты б са мной не кантактавала“. Вакол усе весяліліся, а Дзьмітрый застаўся адзін у калідоры, абхапіўшы галаву ракамі.

У судзе Крупеніна пацьвердзіла свае паказаньні, якія давала на папярэднім сьледзтве, у тым ліку і выказваньне пра тое, што Канавалаў не хацеў мець сям’ю і дзяцей.

Разам з падобнымі паказаньнямі іншых сьведак, у тым ліку і пра суіцыдальныя спробы Канавалава, абвінавачаньне валодае шырокім спэктрам цёмных фарбаў, каб намаляваць партрэт абвінавачанага ў змрочных і нават злавесных колерах».

Да спробаў суіцыду, як і ўвогуле да псыхалягічнага партрэту Канавалава і Кавалёва, мы вернемся пазьней.

Адбіткі пальцаў

Гэтыя адбіткі фігуруюць у справе аб тэракце як бы ў дзьвюх іпастасях. Першая — гэта непасрэдныя адбіткі Дзьмітрыя Канавалава, якія служаць «забойчым» доказам віны Канавалава ў спробе ўзарваць бомбу на сьвяце Незалежнасьці 3 ліпеня 2008 году на праспэкце Пераможцаў. Плюс сам Канавалаў прызнаецца ў гэтым злачынстве, плюс ёсьць шэраг экспэртыз, у тым ліку пра тое, што гайкі з бомбы супадаюць з такімі ж, знойдзенымі ў ягоным падвале, альбо што ў мэханізьме бомбы ўжыты будзільнік, аналягічны такому ж з кватэры Канавалава. Плюс яшчэ ёсьць доказы наконт паходжаньня тратылу ў неразарванай бомбе — яго, паводле сьледзтва, набыў Кавалёў і прадаў Канавалаву, прычым Кавалёў ад гэтых паказаньняў і на судзе не адмовіўся. А паколькі выбух 2008 году ўваходзіць эпізодам у агульную справу Канавалава-Кавалёва, то адбіткі пальцаў — адзін з краевугольных камянёў усёй базы доказаў.

Але, бадай што, ня меншае значэньне маюць адбіткі пальцаў Канавалава і для самага значнага эпізоду справы — тэракту ў мэтро, хоць у часе нібыта адстаюць ад яго амаль на два гады. Гісторыя з адбіткамі пальцаў нагадвае ўзьведзены спускавы мэханізм пісталета: ён мог стрэліць у любы момант, але баёк ударыў у пістон раніцай 9 красавіка 2010 году, калі міліцыянт Канстанцін Грышман прыйшоў да Канавалава дадому, каб узяць адбіткі пальцаў шараговага «ўхіліста» — аднаго зь ліку прыкладна 20 чалавек, якія заставаліся ў раёне «не ахопленыя дактыляскапіяй» і гэтым рэзка пагаршалі міліцэйскую справаздачнасьць. Вось жа, зьвернемся да паказаньняў сьведкі Грышмана.

26 кастрычніка ў суд зьявіўся міліцыянт Канстанцін Грышман. Распавёў, што сам ён служыць у абласной управе Віцебскай міліцыі, у інфармацыйным цэнтры, але незадоўга да эпізоду з дактыляскапаваньнем Канавалава яго камандзіравалі ў РАУС, як кажуць, для ўзмацненьня. Прычына ў тым, што ў раёне прыкладна 20 чалавек, якія стаяць на вайсковым уліку, яшчэ не здалі адбіткі пальцаў. Вось іх і трэба было абысьці і зьняць у іх адбіткі. Да Канавалава Грышман прыйшоў
паводле ягоных паводзінаў ніколі б не падумаў, што ён мог такое зрабіць ...

не адзін, а разам з опэрупаўнаважаным. Дзьверы адчыніла маці Канавалава, сам ён спаў. Папрасілі пабудзіць. Канавалаў яўна не хацеў здаваць адбіткі, спачатку казаў, што здаваў ужо, калі забіралі ў войска. Міліцыянты патлумачылі, што чамусьці ў базе дадзеных ягоных пальцаў няма і таму прыйдзецца працэдуру паўтарыць. Прычым нікуды хадзіць ня трэба, «зараз жа і адкатаем». Але зноў згоду не атрымалі, згадаў Грышман. Паводле сьведкі, Канавалаў працягваў адмаўляцца, прапаноўваў на пачатку будучага тыдня зайсьці і здаць пальцы, а зараз, маўляў, ён хварэе. Але міліцыянты не саступалі. «Урэшце ён пагадзіўся, прычым ня памятаю, каб асабліва хваляваўся. Увогуле, паводле ягоных паводзінаў ніколі б не падумаў, што ён мог такое зрабіць», — сказаў суду міліцыянт Канстанцін Грышман. У той жа дзень, як паказаў сьведка, ён адвёз дактыляскапічную карту Канавалава ў цэнтар.

Далейшая частка допыту сьведкі прысьвячалася пытаньню, у які дзень стала вядома, што забраныя ў Канавалава адбіткі супадаюць з тымі, якія знайшлі на бомбе 3 ліпеня 2010 году.

10 красавіка была нядзеля, выходны, і таму дактыляскапічная картка Канавалава трапіла ў базу дадзеных у панядзелак, 11-га красавіка, а ў сераду 13-га, раніцай, да 10.30 ён знайшоў супадзеньне і паведаміў пра гэта начальніку аддзелу Шайко. Такія паказаньні даваў суду Канстанцін Грышман. Аднак суд зьвярнуў увагу на разыходжаньні ў гэтых паказаньнях з тым, што міліцыянт казаў сьледчым. Аказалася, што на папярэднім сьледзтве Грышман называў як дзень, калі стала вядома пра супадзеньне пальцаў, 12 красавіка. «Дык усё ж калі вы вызначылі, што пальцы супадаюць?» — запытаў судзьдзя Аляксандар Федарцоў. Сьведка крыху павагаўся і пацьвердзіў паказаньні, якія даў зараз, у судзе, — што супадзеньне пальцаў было выяўлена 13-га красавіка, а на сьледзтве ён зблытаў дні.

Пасьля гэтага адзін з пацярпелых запытаўся ў сьведкі, чаму міліцэйская кампутарная сыстэма, якая параўноўвае адбіткі, першапачаткова знайшла супадзеньне толькі аднаго пальца Канавалава, а ня ўсіх чатырох ягоных пальцаў з бомбы, хоць усе гэтыя адбіткі былі ў базе дадзеных. Судзьдзя Аляксандар Федарцоў пытаньне зьняў: «Ён ужо распавёў усё, што ведаў», — коратка пракамэнтаваў рашэньне судзьдзя Федарцоў.

У прысудзе апытаньне Канстанціна Грышмана згадана наступным чынам.

Прысуд Ст. 58. «Сьведка Грышман К.К. суду паказаў, што 9 красавіка 2011 году, пасьля ўдакладненьня ў РАУС зьвестак пра асобаў, якія не прайшлі дактыляскапію, разам зь іншым супрацоўнікам прыбылі раніцай да месца жыхарства Канавалава Д.Г., дзе правялі яго дактыляскапію. Пры гэтым сьведка паведаміў, што Канавалаў адмаўляўся яе праходзіць, спасылаючыся на розныя прычыны: спачатку казаў, што ён стаміўся, потым, што ён нібыта ўжо праходзіў дактыляскапію, пазьней абяцаў прыйсьці сам у панядзелак. Скончылі дактыляскапію каля 11 гадзіны раніцы. У сераду 13 красавіка 2011 году недзе з 10 да 11 гадзіны было высьветлена супадзеньне адбіткаў пальцаў Канавалава з адбіткамі, якія знайшлі на пакунку ад соку „Садочак“ і скотчы».




Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG