Лінкі ўнівэрсальнага доступу

IV. Хто ўзарваў мэтро? Нараджаюцца новыя вэрсіі


Мэдыкі працуюць на месцы выбуху

Мэдыкі працуюць на месцы выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

17 студзеня 2012 году на сайце gonzo.by зьявіліся кадры зь відэасюжэту дзяржаўнага агенцтва БелТА, зьнятыя адразу пасьля выбуху ў мэтро ля бліжэйшага да Дома афіцэраў выхаду. На гэтых кадрах відаць, як з падземнага пераходу выходзяць чатыры чалавекі, двое зь якіх нясуць цяжкую брызэнтавую сумку, адзін трымае ў правай руцэ вялікую шпулю з чорным мэталічным провадам, а ў левай — прадмет, падобны да кандэнсатнай падрыўной машынкі.

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Адразу на форумах зьявіліся меркаваньні, што людзі ў цывільным, якія выходзяць зь пераходу прыкладна праз паўгадзіны пасьля выбуху, — не сапёры. Тым больш што былі і здымкі асобаў у чорнай вопратцы, пазначаных як група па разьмініраваньні.

Блогер Максім Чарняўскі паведаміў аўтару, што ўзяў здымкі з форумаў сайту tut.by, дзе можна знайсьці і іншыя сьведчаньні, якія выклікаюць падазрэньні. «Шмат хто разумеў, што Канавалаў і Кавалёў калі і стаяць за тэрактам, то яны ня самі па сабе. Але цяпер відавочна, што выканаўцы ўвогуле зусім іншыя», — сказаў Максім Чарняўскі па тэлефоне з Варшавы.





Вось яшчэ адзін камэнтар. Любоў Кавалёва, маці асуджанага на сьмерць: «Мне стала кепска, у літаральным сэнсе схапіла сэрца! Хлопцы сядзяць, невядома за каго, і людзі пацярпелі».

А вось як пракамэнтаваў здымкі незалежны журналіст Сяргей Сацук, вядомы сваімі журналісцкімі расьсьледаваньнямі. Камэнтар зьявіўся на сайце svaboda.org неўзабаве пасьля інтэрвію з блогерам Максімам Чарняўскім.

«Хай блогер патлумачыць, навошта ўзрыўнікам, якія нібыта на фота і на відэа БелТА, прыстасаваньне для пошуку выбуховых прыстасаваньняў у цяжкадасягальных месцах? Гэта такі адмысловы тэлескапічны дручок зь люстэркам на канцы, якое круціцца ва ўсе бакі. На відэа вельмі добра бачна, што яго нясе чалавек у паласатай футболцы. І што, хіба бомбу ў мэтро ўзарвалі з дапамогай падрыўной машынкі, да якой цягнулі правады ад лаўкі? Суцэльнае глупства. А наконт відэа, дзе гэтыя двое быццам бы побач з Канавалавым — пракруціце гэтае відэа па кадрах, і ўсё стане зразумела».




Некалькі гадзін пазьней у інтэрнэце зьявіўся і камэнтар прэсавага сакратара МУС Канстанціна Шалькевіча, які заявіў, што на фота і відэа «супрацоўнікі Выбуховатэхнічнага цэнтру ўнутраных войскаў, якія ўзялі з сабой усё неабходнае абсталяваньне і выехалі, абсалютна ня ведаючы пра тое, што адбылося ў мэтро», — пракамэнтаваў Сяргей Сацук.

На наступны дзень, 18 студзеня, міліцыянты запрасілі ў гэты Цэнтар журналістаў і пазнаёмілі з трыма з чатырох супрацоўнікаў, якія трапілі на фота, ды назвалі іх прозьвішчы.

Між тым гэтыя заявы не змаглі пераканаць некаторых назіральнікаў, якія сачылі за справай аб тэракце.

З інтэрвію «Уладзімер Барадач: «Рэжым рыхтуецца да вайны супраць уласнага народу», якое з'явілася праз некалькі дзён ў сеціве

Палкоўнік спэцслужбаў Уладзімер Барадач зноў сьцьвярджае, што вінаватыя ў «крывавай бойні» ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году — не асуджаныя за тэракт Канавалаў і Кавалёў, а беларускія спэцслужбы.

Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

Карэспандэнт: Афіцыйныя ўлады ўжо заявілі, што гэтыя людзі — сапёры. Але чаму іх не дапусьцілі да месца трагедыі і адклікалі празь некалькі хвілін пасьля прыезду на месца здарэньня?

Уладзімер Барадач: Мае высновы наступныя: група (паводле дадзеных МУС) па трывозе выехала да месца тэракту і праз 20 хвілін была на месцы здарэньня. У мэтро яна была ўжо праз 30 хвілін і праз 10 хвілін вярнулася назад. У сувязі з гэтым у мяне напрошваецца шэраг пытаньняў не на карысьць высноваў сьледчай групы. Па-першае, сьцьвярджаецца, што за гэты час (3–4 хвіліны) група агледзела, зь іхніх слоў, шырокую тэрыторыю на прадмет наяўнасьці мін і вярнулася назад. Гэта чарговая хлусьня. Я выключаю на 90% магчымасьць датычнасьці дадзеных асоб у поўным складзе да самога выбуху зараду, загадзя пакінутага ў ножцы лаўкі. Хоць, улічваючы наяўнасьць у іх кантрольна-вымяральных прыбораў і сродкаў, прывядзеньне выбуховых прылад у дзеяньне было б цалкам магчымым.

Па-другое, дадзеных спэцыялістаў не дапусьцілі да месца выбуху, хоць, па ідэі, трэба было задзейнічаць усе сілы для пошуку выбуховай прылады перад прыбыцьцём туды Лукашэнкі. Чаму гэтыя хлопцы, якія прыбылі аднымі зь першых, не былі дапушчаныя да працы, як і пазьней замежныя спэцыялісты, практычны вопыт якіх быў нашмат большы, чым у нас? Значыць, была загадзя падабраная група, якая павінна была выканаць указаньні зьверху і выключыць уцечку інфармацыі зь месца здарэньня, і ў тым ліку і для сваіх сьпяцоў. Бо спэцыялісты, якія прыбылі да месца тэракту, могуць на месцы выбуху вызначыць вагу выбуховага рэчыва, месца яго закладкі, спосаб узрываньня, тып выбуховай прылады і г.д.
Не было прызнаньняў Канавалава, было сыстэматычнае выбіваньне паказаньняў да страты пульсу і ўмяшаньня лекараў

Значыць — было што хаваць. Бо адразу ўстанаўлівалася тое, што ніякая торба ня выбухала (ні Канавалава, ні Сылюэта, які граў яго ролю). Бо адну ножку лаўкі панесла б паралельна цягніку да эскалятара, а другую — да калёны, а таго, хто сядзіць на лаўцы, разьнесла б на шматкі: ён бы прыліп да столі.

Гэта ламала б усю карціну сьледзтва, і торба Канавалава, вакол якой і было сфабрыкаванае абвінавачваньне і якая зьяўлялася асноўным рэчавым доказам на працэсе, выпадала з доказнай базы. Больш супраць Канавалава і Кавалёва нічога няма. Гэта пацьвердзіў на прэс-канфэрэнцыі Швед, адказваючы на пытаньне, як выйшлі на Канавалава: «Мы ведалі, што зь цяжкай торбай ён ня мог далёка сысьці, і яго шукалі ў вызначаным квадраце».

Чыстай падробкай было і зьмесьціва склепа Канавалава. Яго нават не павезьлі на сьледчы экспэрымэнт у Віцебск для апазнаньня прадметаў. Ён бы сам зьдзівіўся свайму багацьцю. Уявіце, «спэцыяліст» рыхтуецца да пасяўной і купляе каля 20 мяхоў салетры (і ня толькі). Ён ня ведае нават, колькі яму неабходна для вырабу бомбы.

Выбуховае рэчыва «кіса», якое было выяўлена ў яго, не даказвае яго віну, а даказвае падлог. Ня верыце мне, паверце навукоўцу, спэцыялісту міжнароднага ўзроўню, доктару навук Захматаву.

Любая новая інфармацыя, нават гэтыя здымкі, кажа пра тое, што прадстаўнікі асабістых спэцслужбаў «сям’і» Лукашэнкі наладзілі гэтую крывавую бойню з мэтай запалохаць пратэстную масу людзей і дыскрэдытаваць апазыцыю, апраўдаць гвалт над грамадзянамі 19 сьнежня ў дзень выбараў».

У пэўных дэталях, аднак, і Ўладзімер Барадач памыляецца. Прычым істотна. Прыкладам, гаворка не пра мяхі з салетрай, якія ў хаду ў буйных сельскіх гаспадарках, а пра дзьвюхкіляграмовыя пакункі з салетрай. Гэты тавар без праблемаў можна набыць і ў гарадзкой гаспадарчай краме, а значыць, Канавалаў бяз рызыкі выклікаць вялікія падазрэньні мог паступова набыць хімікат у патрэбнай яму колькасьці, прынесьці яго ў падвал і рабіць, што трэба. З падобных памылак зразумела, што палкоўнік часам карыстаецца інфармацыяй зь не зусім дасьведчаных крыніц, а магчымасьці праверыць гэтую інфармацыю ў яго абмежаваныя, бо ён знаходзіцца ў Нямеччыне. Каб высьветліць супярэчнасьці аўтар пазваніў Барадачу і задаў яму яшчэ некалькі пытаньняў. Гэтая размова зьявіцца пазьней.




Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG