Лінкі ўнівэрсальнага доступу

VII. Хто ўзарваў мэтро? Сьляды на адзеньні


Пацярпелы ад выбуху
Пацярпелы ад выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Усе бачылі аблокі пылу, якія вырываліся з тунэля паміж станцыямі ды з эскалятара станцыі «Кастрычніцкая» пасьля выбуху — гэта ня раз дэманстравала беларускае тэлебачаньне. Уяўлялася, што ў гэтых воблаках сярод мікрачасьцінак цэмэнту, бэтону, пабелу, пылу ня могуць не захавацца і мікрачасьцінкі выбуховых рэчываў, якія не згарэлі ў полымі выбуху, а віхрам былі занесеныя на адзеньне людзей, у тым ліку і падазронага Канавалава. Шмат хто з назіральнікаў за працэсам лічыў, што менавіта гэтае пытаньне — ці ёсьць на адзеньні Канавалава і Кавалёва сьляды выбуховых рэчываў — можа быць найважнейшым момантам пры вызначэньні віны падазроных. Сярод гэтых людзей быў і аўтар. Аднак, паводле экспэртаў, якія дасьледавалі адзеньне абодвух падазроных, на ім ніякіх сьлядоў не аказалася. Прычым ня толькі ва Ўладзіслава Кавалёва, але і ў Дзьмітрыя Канавалава, які непасрэдна ўчыніў, паводле сьледзтва, выбух у мэтро. Як гэта патлумачыць?

Ад аўтара

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


У судзе дадзеныя экспэртыз прагучалі 6 кастрычніка са спасылкай на том справы № 549. Выбуховатэхнічная экспэртыза, датаваная 28 красавіка 2011 году, высьветліла, што на адзеньні Канавалава Д.Г., на ягоных руках і твары няма сьлядоў выбуховых рэчываў. Пры гэтым было агалошана, што адзеньне, а таксама ўзоры валасоў, сьляды з пальцаў рук, змывы з твару браліся ў Канавалава 13 красавіка — фактычна ў дзень арышту. Тады ж былі агалошаныя дадзеныя аналягічнай экспэртызы Кавалёва У.Ю., датаванай 22 красавіка. Выбуховых рэчываў на адзеньні Кавалёва, ягоных руках, твары таксама не было знойдзена.





Вось як у прысудзе было патлумачана, чаму тэрарысты не «падчапілі» сьлядоў выбухоўкі.

Прысуд, ст. 84. «Кавалёў У.Ю. на сьледзтве ўказваў, што Канавалаў Д.Г. заўсёды страхаваўся, каб бомба не ўзарвалася ў руках ці падчас закладаньня. Канавалаў Д.Г. і Кавалёў У.Ю. заўсёды рабілі захады перасьцярогі. Адсутнасьць на апранутым на іх адзеньні выбуховых рэчываў зьвязаная з тым, што выбуховае рэчыва ў прыстасаваньні, якое было ўзарванае 11 красавіка 2011 году ў мэтро, было выраблена раней і знаходзілася ў асобных гермэтычных ёмістасьцях».
Меркаваньні

Высновы суду грунтуюцца на меркаваньні экспэртаў МУС РБ.

Пасьля заканчэньня працэсу адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў сілавых структур, якія былі задзейнічаныя ў пошуку тэрарыстаў і расьсьледаваньні. Журналістаў таксама вельмі цікавіла, чаму не знайшлі сьлядоў выбуху на адзеньні Канавалава. Вось якія тлумачэньні яны атрымалі.

З прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў Генпракуратуры, КДБ, МУС і Сьледчага камітэту ад 02.12.2001.

— Чаму на адзеньні, скуры, валасах Канавалава ня знойдзена выбуховых рэчываў, калі ў момант выбуху ён быў у мэтро?

Экспэрт МУС: «Каб магчыма было знайсьці мікрачасьцінкі пасьля выбуху, адлегласьць мусіць быць прыкладна 2,5 мэтра. Вы самі бачылі на відэазапісе, на якой адлегласьці знаходзіўся Канавалаў. Тым больш што ён стаяў за рогам пераходу. Мы дасьледавалі ня толькі ягоныя рукі і адзеньне, але і што было пад пазногцямі, змывы з твару, вушныя ракавіны, насавыя поласьці. Тыя выбуховыя рэчывы, якія ўжываліся, лёгка распушчаюцца ў вадзе. Зыходзячы з таго, што мінула дастаткова часу ад моманту вырабу і да затрыманьня Канавалава, гэтага было дастаткова дзеля таго, каб гэтыя хімічныя рэчывы зьніклі. Тут ня трэба было нічога рабіць адмыслова. Дастаткова было памыць рукі і твар».

Пасьля суду гэтыя высновы шмат разоў камэнтавалі і незалежныя экспэрты, сярод іх Уладзімер Захматаў з Украіны, доктар тэхнічных навук, прафэсар, аўтар 8 незалежных расьсьледаваньняў выбухаў у розных гарадах Украіны. З экспэртам размаўляў карэспандэнт сайту Ежедневник. (16.01.2012).

З інтэрвію «Экспэрт параўнаў выбух у мэтро з замахам на Гітлера»

— На якой адлегласьці ад эпіцэнтру выбуху на чалавеку мусілі застацца сьляды выбуховых рэчываў?

— На відэа бачна, што тэрарыст стаяў ад эпіцэнтру выбуху на дастаткова бясьпечнай адлегласьці, але пыл зь мікрачасьцінкамі выбуховага рэчыва, якое не ўзарвалася, да яго мусіў дайсьці.

— Чаму ж тады экспэрты не знайшлі на адзеньні Канавалава ніякіх сьлядоў ад выбуху? Ці можна было ў прынцыпе знайсьці на ягоным адзеньні ці на змывах з твару альбо з насавой поласьці якія-небудзь сьляды, якія б дазволілі адназначна сказаць, што ў момант выбуху ён быў у мэтро?

— За дзень могуць зьнікнуць любыя сьляды. Што зь цяжкасьцю адмываецца ад адзеньня, дык гэта парахавы гар, сьляды тратылу і некаторых іншых выбуховых рэчываў. Аманіты, якія былі ў дадзеным выбуховым прыстасаваньні, яны якраз лёгка змываюцца. Прадукты выбуху маглі застацца толькі на параненых людзях, а туды, дзе ён стаяў у момант выбуху — наверсе ў вэстыбюлі станцыі мэтро, наўрад ці што акрамя цэмэнтнага пылу магло даляцець. А па цэмэнтным пыле, нават калі нешта ад яго і засталося на адзеньні, нельга сказаць, што ён менавіта з мэтро. На адзеньні кожнага чалавека, які жыве ў горадзе, магчыма знайсьці часьцінкі цэмэнтнага пылу. А сьлядоў выбуховага рэчыва на ім магло ня быць. На відэа вось бачна, што ў момант выбуху ён ужо пачаў адыходзіць угару ў вэстыбюль (відаць, маецца на ўвазе тунэль паміж станцыямі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская». — А.Г.) непасрэдна перад выбухам (што яскрава даводзіць ягоную вінаватасьць), дык якія ж на ім могуць быць сьляды?


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG