Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXIII. Пракуроры


Актавая заля Дома правасудзьдзя. Тут праходзіў працэс Кавалёва-Канавалава

Актавая заля Дома правасудзьдзя. Тут праходзіў працэс Кавалёва-Канавалава

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

З назіраньняў за судовым працэсам


Дзяржаўнае абвінавачаньне на працэсе прадстаўлялі намесьнік генэральнага пракурора Аляксей Стук, супрацоўнік вайсковай пракуратуры Аляксандар Мартынчык і супрацоўнік Генэральнай пракуратуры Дзьмітрый Цімафееў.

Аляксей Стук, высокі і статны, займаў месца ў цэнтры вялікага пракурорскага стала, як і належыць галоўнаму па званьні сярод прадстаўнікоў абвінавачаньня. Аляксею Стуку давялося часьцей за іншых браць слова, ён больш задаваў пытаньняў на допытах абвінавачанага Кавалёва і сьведак, гэта зь ягоных вуснаў прагучала патрабаваньне пакараць сьмерцю абодвух абвінавачаных. Ці можна дапусьціць, што пракурор Стук ня верыў у віну тых людзей, якім патрабаваў сьмерці?

У чужую душу ня ўлезеш, але, калі меркаваць толькі па зьнешніх прыкметах, то наўрад ці. Падчас працэсу пракуроры адмаўляліся даваць інтэрвію, а пасьля суду на агульнай прэсавай канфэрэнцыі Аляксей Стук сумненьняў у справядлівасьці прысуду ня выказаў. У мяне ёсьць пэўныя падставы меркаваць, што і на працэсе намесьнік Генэральнага пракурора не сумняваўся ў тым, што Канавалаў учыніў тэракт, а Кавалёў яму садзейнічаў. Патлумачу, чаму гэтак думаю.

Уявіце абед у Палацы правасудзьдзя. Звычайная сталоўка з буфэтам і раздачай, звычайная чарга людзей з падносамі, якія рухаюцца да касы, выбіраючы салаты, першую страву, другую, кампот ці каву-гарбату. На абед судзьдзя Федарцоў выдзяляў гадзіну, але яго самога ў сталоўцы я ня бачыў, а вось пракуроры, пацярпелыя, адвакаты, сьведкі, ахоўнікі — усе таўкліся ў адной чарзе. Як і журналісты. (Абвінавачаных, па нашых назіраньнях, кармілі прывезенымі абедамі, папярэдне перавозячы з аднаго крыла будынка ў другое.) Званок зь бюро засьпеў мяне з падносам, калі я атрымаў першую страву і чакаў другой. Трэба тэрмінова перадавацца. Не выходзячы з чаргі, надыктоўваю ў тэлефон вынікі ранішняга паседжаньня, тым часам набліжаючыся да касы. Раптам чую ад суседа справа: «Грузьдзіловіч, журфак, выпуск 1981 году? Вайсковыя зборы праходзілі ў Слоніме?» Сусед справа — Аляксей Стук. Толькі пасьля гэтай фразы пазнаю ў ім высокага хударлявага курсанта з узводу юрыстаў, зь якім на зборах дзяжурылі на кухні, разам абіралі бульбу для ўсёй роты. Трыццаць гадоў мінула ад апошняй сустрэчы. У майго знаёмага памяць на твары аказалася лепшая.

На абед судзьдзя Федарцоў выдзяляў гадзіну, але яго самога ў сталоўцы я ня бачыў, а вось пракуроры, пацярпелыя, адвакаты, сьведкі, ахоўнікі — усе таўкліся ў адной чарзе. Як і журналісты

Першы і апошні раз за працэс мы абедалі за адным сталом. З журналісцкага пункту гледжаньня для мяне такая сустрэча была яшчэ і вялікай удачай, але па-чалавечы няёмка было адразу нешта выведваць пра справу. У кароткай размове згадалі «студэнцкае мінулае, баявых таварышаў». Мяне, аднак, больш цікавіў працэс, асабліва паводзіны Кавалёва. Як мне падалося, ён няўпэўнена адмаўляўся ад былых паказаньняў і даваў недастаткова лягічныя тлумачэньні сваіх паводзінаў 10–11 красавіка. Заўважу, што якраз да абеду ішоў допыт Кавалёва, і менавіта Аляксей Стук высьвятляў, калі Кавалёў казаў праўду — на допыце падчас сьледзтва ці зараз у судзе. «Гэта не інтэрвію, — пачаў я асьцярожна, — проста заўважу, што Кавалёў гаворыць неяк няўпэўнена...» Далей я разьлічваў на паўзу, але Аляксей Стук адказаў амаль імгненна. Стала зразумела, што паводзіны Кавалёва яго неяк асабіста чапляюць. «Ніхто яго не прымушаў, ён сам усё расказаў раней за Канавалава! У тым ліку тое, пра што Канавалаў не казаў», — гэта амаль даслоўны адказ пракурора Аляксея Стука.

Пазьней на працэсе ад Аляксея Стука давялося чуць і пра тое, што Кавалёў распавядаў сьледчым дэталі, якіх ён ня мог пачуць ад апэратыўнікаў на першых допытах. Маўляў, хлусіў, калі сьцьвярджаў, што яму надыктоўвалі паказаньні. І зноў у інтанацыі пракурора чулася нешта асабістае, як і тады, у сталоўцы. Было ўражаньне, што ня толькі Стук, але і ягоныя калегі Мартынчык і Цімафееў як да чалавека ставяцца да Кавалёва інакш, чым да Канавалава. Да апошняга — больш нэўтральна.

У адзін зь дзён, калі допыт Кавалёва прыпыніўся, я падышоў да Аляксея Стука з прапановай выказацца для нашага радыё — не па сутнасьці справы, бо да прысуду, зразумела, гэта немагчыма, а проста ахарактарызаваць абвінавачаных як асобаў: «Вось якімі яны вам падаюцца як людзі?» Адразу спадар Стук не адказаў «не», а абмежаваўся дыпляматычным «магчыма, пазьней». Падчас суду, аднак, размовы так і не адбылося. Ужо пасьля таго, як сьмяротны прысуд Канавалаву і Кавалёву быў выкананы, я зьвязаўся з прэсавай службай пракуратуры і папрасіў нагадаць Аляксею Стуку пра нашу гутарку наконт інтэрвію. Пазьней мне перадалі ад яго катэгарычнае «не».

Я падышоў да Аляксея Стука з прапановай выказацца — не па сутнасьці справы, бо да прысуду, зразумела, гэта немагчыма, а проста ахарактарызаваць абвінавачаных як асобаў: «Вось якімі яны вам падаюцца як людзі?» Адразу спадар Стук не адказаў «не», а абмежаваўся дыпляматычным «магчыма, пазьней»

Таму цяпер даводзіцца гадаць: ці сапраўды Кавалёва за нешта як чалавека незалюбілі пракуроры, а можа і судзьдзя, ці мне гэта падалося? А калі так, то за што? Ці не за тое, што адмовіўся ад паказаньняў? Можа, яны па-мужчынску больш паважалі Канавалава за тое, што той не выкручваўся, не мяняў пазыцыю?

Цяжка ў гэтым разабрацца. Разумею, што шмат для каго з назіральнікаў якраз непрызнаньне віны — асноўны доказ невінаватасьці, а для ня меншай колькасьці іншых прызнаньне — асноўны доказ віны. «Чаму ён маўчыць, ня кажа, што не вінаваты? Раз маўчыць, значыць, вінаваты», — даводзілася чуць камэнтары пацярпелых пасьля прысуду. А побач, на ганку суду, інтэрвію давала назіральніца: «Ён не прызнаў сябе вінаватым, ён адмовіўся ад паказаньняў, яны нічога не даказалі...»

У тым, што пракуроры ўсё ж жывыя людзі, а ня проста заточаныя на рэпрэсіі чыноўнікі, можна было цягам году пераканацца на любым з палітычных працэсаў. Пракуроры блыталіся, нэрваваліся. Магчыма, і спачувалі. Ці рабілі выгляд. Адразу пасьля першага спатканьня Ірыны Халіп з мужам, кандыдатам на прэзыдэнта Андрэем Саньнікавым (гэта было ў траўні 2011 году, неўзабаве пасьля суду, побач з «Валадаркай»), я запісваў зь ёй відэаінтэрвію. Ірыну найбольш уразіў расповед мужа пра тое, як малады пракурор, які падтрымліваў у судзе абвінавачаньне, пасьля прысуду прыйшоў да яго ў «стакан» і выбачаўся, казаў, што яго прымусілі, а сам ён за Саньнікава нават галасаваў. Вось якія бываюць сярод пракурораў сарамлівыя вальнадумцы! Цікавы мог бы аказацца кавалак у інтэрвію, аднак, параіўшыся, мы вырашылі ўсё ж яго не запісваць. Сэнсацыя сэнсацыяй, але раптам гэта пашкодзіць чалавеку... Што ў выніку? Празь нейкі час Ірыне ўсё ж давялося распавесьці пра гэты выпадак. Проста малады пракурор на касацыі зноў гэтак жа рашуча падтрымаў абвінавачаньне супроць Саньнікава, і захоўваць ягоную таямніцу ўсякая ахвота прапала. А можа, ён сам лічыць, што сваім перакананьням і ня здраджваў? Ну, галасаваў за Саньнікава — і што? Гэта ж было да таго, як Саньнікаў, паводле суду, учыніў злачынства, а не пасьля. Чаго яму баяцца? Якія да яго могуць быць прэтэнзіі? У нас жа свабода палітычных поглядаў, толькі трэба ведаць час і месца.



Пра месца. На адным з пасяджэньняў я са свайго шэрагу заўважыў, што матэрыялы справы ў некаторых тамах надрукаваныя на нейкай дзіўнай паперы. Гэта тычылася аркушаў, якія перагортваў вайсковы пракурор Аляксандар Мартынчык. Яны былі з адваротнага боку ня белыя, а нейкія жоўта-зялёныя з чырвонымі лініямі. Абмен зьвесткамі ў «журналісцкай ложы» вывеў на разгадку: гэта былі вайсковыя мапы. Аказваецца, дэталёвыя мапы краінаў Заходняй Эўропы, якіх тоны засталіся ў беларускім Генштабе ад былога савецкага войска, некалькі гадоў таму парэзалі на аркушы і дагэтуль выкарыстоўваюць у справаводзтве. Гэтак шмат іх было надрукавана, усё рыхтавалі кідок да Ла-Маншу, але ня выйшла. Затое мапавая папера аказалася вельмі прыдатная для крымінальнага справаводзтва, у тым ліку па тэракце. Было ў гэтым нешта змрочна-сымбалічнае: тэрарызм, магчымыя вайна з Эўропай...

Трэці пракурор, Дзьмітрый Цімафееў, запомніўся на працэсе сваімі ляканічнымі прычэпістымі пытаньнямі — відаць было, што ён дасканала вывучыў шматтамовую крымінальную справу. Яшчэ зьвярнуў увагу, што на ягоным сінім мундзіры ўжо блішчэла некалькі значкаў ці нават ордэнаў, а з выгляду пракурор быў маладжавы.

У адзін зь дзён спадар Цімафееў зачытаў пратакол допыту Кавалёва на папярэднім сьледзтве ад 19 красавіка. На гэтым допыце Ўладзіслаў Кавалёў распавёў пра сваіх знаёмых, якія выступалі за «чысьціню расы», называлі сябе правымі фанатамі, апраналіся як скінхэды. Кавалёў патлумачыў, што потым перастаў зь імі кантактаваць, але ў прадстаўнікоў пракуратуры цікавасьць да такіх дэталяў, як бачым, засталася. Гэтаксама не забылі прадстаўнікі пракуратуры агаласіць допыт Дзьмітрыя Канавалава, на якім той паведаміў, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году галасаваў за Аляксандра Мілінкевіча. Якое гэта мела дачыненьне да сутнасьці справы, засталося загадкай.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG