Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XVI. «Яму заўсёды падабаліся выбухі»


Цела адной з архвяраў выбуху ля ўваходу ў падзямельны пераход на станцыю мэтро

Цела адной з архвяраў выбуху ля ўваходу ў падзямельны пераход на станцыю мэтро

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Як бачым, ужо зь першых допытаў Канавалаў называе мэту сваіх дзеяньняў, хоць і вельмі агульна, не тлумачачы будучых плянаў, безь якіх гэтая мэта застаецца да канца не зразумелай. На далейшых допытах нічога новага ад Канавалава пра яго далейшыя пляны не зьяўляецца. А што пра матывы сябра казаў Ўладзіслаў Кавалёў?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


На допыце 12 красавіка Кавалёў паведаміў пра пляны Канавалава нібыта зь ягоных словаў, сказаных яшчэ на вакзале, што той «зьбіраўся зрабіць выбух у мэтро», маўляў, яму «ўсё роўна губляць няма чаго», бо яго хутка вылічаць. Паводле гэтага расповеду Кавалёва, Канавалаў пасьля тэракту зьбіраўся скончыць жыцьцё самагубствам і паказваў яму нейкія капсулы. Маўляў, у выпадку перадазіроўкі наступіць сьмерць. Аднак у судзе Кавалёў ад гэтых паказаньняў адмовіўся. Сказаў, што пад псыхалягічным ціскам сьледчых агаварыў і сябе, і Канавалава.

Наступным разам пра матывы Канавалава Кавалёў выказаўся на допыце 29 красавіка. У судзе пратакол гэтага допыту таксама зачыталі і паказалі відэазапіс. Распавядаючы пра падзеі 2005 году ў Віцебску, Кавалёў паведаміў, што Канавалаў хацеў, каб пацярпелі людзі, і пасьля першага выбуху быў незадаволены тым, што пацярпела няшмат. А які матыў быў у Канавалава? — удакладніў сьледчы. «Мне падаецца, яму заўсёды падабаліся выбухі, бо ён зь вялікім задавальненьнем пра іх распавядаў», — адказаў Кавалёў і дадаў, што пры гэтым «Канавалаў узбуджаўся і размахваў рукамі. Іншым разам, на допыце 23 траўня, Кавалёў сказаў: «З кантактаў з Канавалавым я зразумеў, што ён хацеў стаць тэрарыстам. Ён з захапленьнем распавядаў пра выбухі ў Маскве». Ад усіх гэтых паказаньняў на сьледзтве Кавалёў у судзе таксама адмовіўся.

У выніку суд пагадзіўся з фармулёўкай матыву Канавалава, якую прадставіла сьледзтва на падставе паказаньняў самога Канавалава: віцебскія выбухі 2005 году — «для дэстабілізацыі абстаноўкі», менскі выбух 2008 году — «для дэстабілізацыі абстаноўкі», выбух у мэтро 2011 году — «для дэстабілізацыі абстаноўкі».

Прысуд, ст.89. «Матывам і мэтай Канавалава Д.Г. пры зьдзяйсьненьні выбухаў у месцах зграмаджэньня людзей зьяўляліся дэстабілізацыя абстаноўкі і запалохваньне насельніцтва (вылучана аўтарам). На гэта ў сваіх неаднаразовых паказаньнях указваў Канавалаў Д.Г., які казаў, што ў выніку выбуху хацеў пасеяць у людзях страх, паніку з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі. Кавалёў У.Ю. таксама аказваў пасобніцтва ў зьдзяйсьненьні выбуху ў мэтро з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі і запалохваньня насельніцтва. Падчас сьледзтва Кавалёў У.Ю. казаў, што Канавалаў Д.Г. хацеў дэстабілізаваць абстаноўку. Яму падабалася назіраць за наступствамі выбуху, які ён зьдзейсьніў. Ён распавядаў пасьля выбуху ў Менску каля „Стэлы“ пра паніку сярод людзей, як усе разьбягаліся ад месца выбуху».

Параўнаем гэта з артыкулам аб тэрарызьме Крымінальнага Кодэксу.

КК РБ, артыкул 289. Тэрарызм

1. Зьдзяйсьненьне выбуху, падпалу альбо іншых дзеяньняў, якія ствараюць небясьпеку гібелі людзей, нанясеньня ім цялесных пашкоджаньняў, прычыненьня шкоды ў буйным памеры альбо надыходу іншых цяжкіх наступстваў, з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку, або запалохваньня насельніцтва (вылучана аўтарам), або аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі, або перашкоды палітычнай ці іншай грамадзкай дзейнасьці (тэрарызм), —

караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.


2...

3. Дзеяньні, прадугледжаныя часткамі 1 ці 2 дадзенага артыкула, зьвязаныя з забойствам чалавека альбо зьдзейсьненыя арганізаванай групай, —

караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 25 гадоў, або пажыцьцёвым зьняволеньнем, або сьмяротнай карай».




Такім чынам зазначу, што прызнаны судом матыў фактычна капіюе фармулёўкі артыкулу Крымінальнага Кодэксу аб тэрарызьме.

Ці быў зьвязаны матыў Канавалава з палітыкай? На тым жа допыце Кавалёва ад 29 красавіка ён паведаміў, што Канавалаў пасьля выбуху ў Менску ў 2008 годзе быў ня згодны з тым, што ягонае злачынства сьледчыя кваліфікуюць паводле артыкула аб хуліганстве, а не аб тэрарызьме. Нібыта Канавалаў нават зачытваў яму, Кавалёву, артыкул аб тэрарызьме і дадаваў, што «ў турму не зьбіраецца, лепш скончыць жыцьцё самагубствам».

На допыце ад 5 траўня Канавалаў сказаў сьледчым, што на выбарах 2006 году ён галасаваў за Аляксандра Мілінкевіча. «Палітыка Лукашэнкі не падабалася», — патлумачыў абвінавачаны ў тэрарызьме свой выбар. У судзе гэтая інфармацыя прагучала падчас зачытваньня пратаколу допыту, бо сам Канавалаў даваць паказаньні адмовіўся. Далей высьвятляць палітычныя погляды Канавалава суд ня стаў.

Тады ж назіральнікам стала вядома шмат новага пра асобу Канавалава, але пра гэта пазьней. А пакуль згадаем яшчэ адзін «палітычны» момант судовага працэсу. 22 верасьня 2011 году на працэсе пацярпелы Самвэл Саакян хадайнічаў аб агалошваньні часткі пратаколу допыту Канавалава ад 27 траўня. Задаволіўшы хадайніцтва, судзьдзя Федарцоў пачаў зачытваць фрагмэнт пратаколу допыту, які вёў сьледчы Сушко. Заўважу, што частку словаў судзьдзі Федарцова было не разабраць, але часам складалася ўражаньне, што ён адмыслова быццам нешта прапускае.

Канавалава заводзяць у клетку ў судзе

Канавалава заводзяць у клетку ў судзе

Канавалаў: «...для запалохваньня насельніцтва».

Сьледчы: «Вы хацелі палітычных зьменаў, але як бы грамадзяне адрэагавалі на тэракт?»

Канавалаў: «...ня думаў, што мяне вылічаць... не хацеў, каб было шмат загінулых...»

З таго, што пасьля гэтага прачытаў судзьдзя, вынікала, што Канавалаў не пацьвярджае, быццам пасьля тэракту ён зьбіраўся скончыць жыцьцё самагубствам.

На гэтым месцы ня вытрымаў пацярпелы Саакян: «Чаму вы не агалошваеце пратакол цалкам? Пра тое, што ён хацеў зьмяніць уладу?» — крыкнуў зь месца пацярпелы, што было суцэльным парушэньнем судовага парадку, паводле якога задаваць пытаньні суду не дазваляецца. Судзьдзя Аляксандар Федарцоў не адрэагаваў на гэтае парушэньне, але і не дадаў нічога да прачытанага.

У прысудзе, які быў вынесены Канавалаву і Кавалёву, пра намер зьмяніць уладу не сказана ані слова.


Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Навошта?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG