Лінкі ўнівэрсальнага доступу

XІ. Хто ўзарваў мэтро? Бомбы


Фрагмэнты выбухоўкі, якую мэдыкі выцягнілі зь цела аднаго з пацярпелых ад выбуху ў мэтро

Фрагмэнты выбухоўкі, якую мэдыкі выцягнілі зь цела аднаго з пацярпелых ад выбуху ў мэтро

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

У сучасным разуменьні бомба — гэта выбуховае прыстасаваньне ў мэталічнай абалонцы, якое кідаюць з самалёта на галовы ворагаў. Між тым першапачаткова бомбамі называлі любы выбуховы снарад, а ў другой палове 19 стагодзьдзя гэтае слова замацавалася менавіта за зарадамі, якія ўжывалі тэрарысты ў змаганьні з уладай. Іх гэтак і называлі — «бамбісты», тых, хто кідаў бомбы ў цароў, генэрал-губэрнатараў і г.д. Паступова саматужна вырабленыя бомбы рабіліся ўсё больш дасканалымі і магутнымі, іх пачалі ўжо ня кідаць пад ногі ахвярам, а падкладаць у будынкі, цягнікі, нават пад дарогі. З гэтага пункту гледжаньня торба з выбуховым прыстасаваньнем, якую 11 красавіка 2011 году пранесьлі і ўзарвалі ў менскім мэтро, — тыповая бомба, а таму дазвольце далей яе гэтак і называць. Множны лік у загалоўку гэтай часткі нашых дасьледаваньняў выкарыстаны таму, што ў справе фігуруе некалькі бомбаў, пры гэтым сьледзтва даводзіць, што ўсе яны былі шмат у чым падобныя і вырабленыя адной асобай і ў адным месцы.

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Гаворка пра Д. Канавалава і пра ягоны падвал у доме № 8, корпус 1 на вуліцы Рэпіна ў Віцебску. Вось пра гэты падвал давайце і пачнём.

16 верасьня, на другі дзень працэсу Ўладзіслаў Кавалёў пачаў даваць паказаньні, і тады назіральнікі ўпершыню пачулі пэўныя зьвесткі пра падвал Канавалава, дзе той, паводле сьледзтва, зрабіў свае бомбы. Пры гэтым сам Кавалёў паведаміў пра падвал няшмат — ад большасьці паказаньняў, дадзеных на сьледзтве, ён адразу адмовіўся, сказаўшы, што яны былі дадзеныя пад псыхалягічным ціскам. Пра падвал Канавалава прагучала літаральна некалькі словаў: што ў таго быў такі падвал, дзе яны калі-нікалі бавілі час за півам і слухалі музыку. Зь якога часу ў Канавалава было гэтае памяшканьне, ён не згадаў, але дакладна, што яно зьявілася яшчэ да службы Канавалава ў войску (2009–2010 гады). Ці былі якія прыстасаваньні, хімічныя рэчывы ў тым падвале, сам Кавалёў нічога не сказаў. Заўважу, што падчас дачы паказаньняў абвінавачанаму задаюцца пытаньні. Спачатку на гэта мае права пракурор, потым пацярпелыя, іншыя абвінавачаныя, адвакаты. І, канечне, судзьдзя, які можа запытацца ў любы час. Такім чынам, фактычна дача паказаньняў у судзе праходзіць у выглядзе складанага, шматбаковага допыту. Паказаньні Кавалёў даваў больш як дзень. Гаворка пра падвал Канавалава заходзіла некалькі разоў.

Спачатку пракурор удакладніў, што менавіта Кавалёў памятае з абстаноўкі ў гэтым памяшканьні. Той нічога асаблівага не дадаў: памятае стол, зэдлік, нейкія паліцы, на іх нейкія рэчы.

Больш падрабязна Дзьмітрый Канавалаў распавёў пра падвал на наступных допытах. Быў агалошаны пратакол допыту Канавалава 18 красавіка, які вёў сьледчы Галь. Канавалаў заявіў, што часткова вырабляў выбухоўку на кухні ў хаце, а часткова ў сваім падвале. Пералічыў прылады, якія там меў: электрычная плітка, каструля, мэталічная міска, паяльнік, два малаткі, піла. З хімічных рэчываў там, сярод іншага, была аміячная салетра, ацэтон, серная кіслата ў ёмістасьці на 4 літры. Пра тое, як у яго зьявіўся гэты падвал, паведаміў, што проста заняў пустое памяшканьне, навесіў замок, правёў электрычнасьць, далучыўшыся да праводкі ў агульным падвале. Праз больш як два тыдні, на допыце 5 траўня ўдакладніў, што прысабечыў пусты падвал у 2006 годзе.

Дзьмітры Канавалаў

Дзьмітры Канавалаў

У судзе зачыталі пратакол допыту Канавалава ад 26 красавіка. Сярод іншага абвінавачанаму задалі пытаньні адносна знойдзеных у ягоным падвале хімічных рэчываў. Пра клей ПВА патлумачыў, што рабіў зь яго дапамогай плястыфікацыю выбухоўкі. Ацэтон выкарыстоўваў для вырабу «кісы» — гэта трыацэтон трыпераксід, вельмі нетрывалае рэчыва, якое ўжываў у якасьці дэтанатара асноўнага зараду. Пра некаторыя рэчывы Канавалаў даваць тлумачэньні адмовіўся. Прыкладам, у яго быў знойдзены нейкі «фізін». «Гэта лекавы сродак, на што ён мне, не скажу», — адказаў Канавалаў сьледчым. Пра знойдзеныя пакункі ўратрапіну паведаміў, што ён быў патрэбны для вырабу асноўнага зараду на базе аміячнай салетры. Адзначу, што аміячная салетра набываецца ў любой садовай краме ці на рынку, гэта шырока распаўсюджанае хімічнае ўгнаеньне, ўратрапін — гэта сухі сьпірт, набываецца ў гаспадарчай ці іншай спэцыялізаванай (турыстычныя тавары) краме. На выбухоўку для бомбы, якая выбухнула 11 красавіка, пайшло 10 пакункаў уратрапіну коштам 6 тысяч рублёў кожная, паведаміў на допыце Канавалаў. Дарэчы, кошт самой бомбы Канавалаў ацаніў у 300 тысяч рублёў (паводле коштаў пачатку вясны 2011 году).

Сьведка апісала абстаноўку ў падвале Канавалава — даволі змрочную, мяркуючы па яе ўспамінах. У прыватнасьці, Натальля Піпкіна згадала пра фашыстоўскія крыжы, намаляваныя на сьценах, а таксама пра вяроўку зь пятлёй, якая вісела каля сьцяны

Цікавая дынаміка паказаньняў Канавалава адносна падвалу і таго, што ў ім адбывалася. На першых допытах у красавіку ён прызнаецца, што вырабіў выбухоўку часткова на кухні, часткова ў падвале, але тады ня памятаў, зь якога часу ў яго гэты падвал. 5 траўня Канавалаў ужо згадвае, што падвал прыстасаваў для сябе ў 2006 годзе. А яшчэ празь месяц, 11 чэрвеня, заявіў, што ў першыя дні пасьля арышту хлусіў, калі казаў, што прыгатаваў выбухоўку «на кухні ў каструльцы». «Гэта няпраўда, насамрэч усё рабіў у падвале, а хлусіў таму, што не хацеў казаць пра падвал».

Пра падзеі, зьвязаныя з падвалам, распавяла сьведка Натальля Каралёва, якая ведала абодвух падазроных зь сярэдзіны 2000-х гадоў. Восеньню 2008 году ёй пазваніў Канавалаў. Сказаў, што ня хоча жыць і таму рэзаў вены, а зараз сядзіць у сваім падвале. Назаўтра раніцай пазваніў зноў, прасіў прыйсьці і дапамагчы, перавязаць рукі. Каралёва сказала, што дэталяў ня памятае, але памятае, што Канавалаў прапаноўваў ёй выпіць гарэлкі ды наглытацца нейкай атруты, каб разам пайсьці з жыцьця.

На допыце 12 траўня Каралёва паказала, што ў падвале Канавалава ня бачыла хімічных рэчываў, у прыватнасьці салетры, марганцоўкі ці таблетак гідрапэрыту, а таксама якіх-колечы прыладаў для вырабу хімічных рэчываў. У судзе, калі ў яе ўдакладнялі гэтыя паказаньні, Каралёва ня выключыла, што магла зблытаць падвал Канавалава з падвалам Ільлі Коласава — маладога чалавека зь іхнай кампаніі.

А вось што распавяла пра падвал Канавалава сьведка Натальля Піпкіна (былое прозьвішча — Радзівонава). Яна бачыла ў падвале аміячную салетру і таблеткі сухога сьпірту. У сьнежні 2010 году Канавалаў на сваім мабільным тэлефоне прадэманстраваў ёй відэа выбуху, на якім узрывалася выбухоўка, прымацаваная да дрэва. Канавалаў казаў ёй, што гэта ён зрабіў. Сьведка апісала абстаноўку ў падвале Канавалава — даволі змрочную, мяркуючы па яе ўспамінах. У прыватнасьці, Натальля Піпкіна згадала пра фашыстоўскія крыжы, намаляваныя на сьценах, а таксама пра вяроўку зь пятлёй, якая вісела каля сьцяны.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG