Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Юрыдычная навука патрабуе давесьці ня толькі сам факт дзеяньня злачынцы, але і ягоны матыў — бяз гэтага няма складу злачынства, а без даказанага складу злачынства няма законнага прысуду і законнага пакараньня.

Здавалася б, матывы чалавека — цалкам закрытая, унутраная рэч. Адны выказваюць свае матывы адкрыта, другія хаваюць іх да апошняга. І ўсё ж матывы нават скрытнага чалавека ў пэўнай меры можна вызначыць па асобных выказваньнях, запісах, сьведчаньнях, учынках і памкненьнях. Дык які быў матыў Канавалава?

Вядома, што зь першага допыту, які пачаўся ўжо раніцай 13 красавіка, Канавалаў пачаў адказваць на пытаньне пра матыў сваіх дзеяньняў стандартнай фразай: «Каб дэстабілізаваць сытуацыю ў Рэспубліцы Беларусь». Між тым тлумачыць свой матыў далей Канавалаў упарта не жадаў і толькі аднойчы пашырыў фармулёўку пра «дэстабілізацыю» мэтай «запалохаць людзей».

Згадваю прагляд відэазапісу першага допыту Канавалава, ад 13 красавіка, на якім абвінавачаны выглядаў вельмі стомленым, адказваў на пытаньні павольна, нават зь відавочнай цяжкасьцю падбіраючы словы.

Андрэй Швед

Андрэй Швед

Намесьнік генпракурора, кіраўнік сьледчай групы Швед запытаўся ў Канавалава, як ён сябе адчувае і ці можа даваць паказаньні. Канавалаў адказаў, што «ў яго ўсё баліць». Чаму баліць? На гэта прагучаў адказ: «Таму што пілі».

Пачутае «пілі» потым сярод назіральнікаў выклікала спрэчкі. Адны казалі, што чулі, як Канавалаў казаў «пілі», другія — што ён сказаў «білі». Выгляд Канавалава быў такі, што пасавала і тое, і другое. Паводле рэканструкцыі падзеяў 12 красавіка напярэдадні арышту і адразу пасьля яго, тое, што адбывалася з Канавалавым, таксама ўкладаецца ў гэтыя два словы. Вядома ад сьведкі Пачыцкай і саўдзельніка Кавалёва, што калі Канавалаў вярнуўся пасьля тэракту ў кватэру, то сказаў: «Зараз будзем піць», хоць да сыходу з кватэры ўстрымліваўся ад сьпіртнога. Пра тое, як пілі і як Канавалаў, нецьвярозы, нешта незразумелае сьпяваў на кухні, таксама распавядала сьведка Пачыцкая.

Зь іншага боку, і пра зьбіцьцё Канавалава міліцыянтамі зьвесткі таксама досыць пэўныя. Спачатку падчас арышту яму дасталося ад супрацоўнікаў «Алмазу», і гэта ў выніку мусілі прызнаць афіцыйна. Магчыма, каб «сьпісаць» на «Алмаз» грахі сьледзтва, пракуратура прызнала, што Канавалаў атрымаў пэўныя цялесныя пашкоджаньні падчас затрыманьня, але тлумачылася гэта выключна патрэбамі арышту падазроных у тэракце. Між тым суду гэтак і не прадставілі доказаў, што Канавалаў аказваў супраціўленьне і патрэба зьбіваць яго сапраўды была. Таксама не было даказана, што ён меў намер супраціўляцца. Пра зьбіцьцё Канавалава ўжо пасьля затрыманьня, у міліцыі, казаў на судзе Ўладзіслаў Кавалёў. Ён заявіў, што чуў крыкі Канавалава ў міліцыі, куды іх прывезьлі адразу пасьля затрыманьня, і менавіта гэтыя крыкі, маўляў, падштурхнулі яго да прызнаньня ў тым, чаго ён не рабіў. То бок да самаагавору.

Вось што пра гэта сказана ў прысудзе.

Прысуд, ст. 89. «Заява Канавалава Д.Г. на сьледзтве пра тое, што прызнальныя паказаньні пра зьдзяйсьненьне ім выбухаў у Віцебску 14 і 22 верасьня 2005 году ён даваў пад узьдзеяньнем фізычнага гвалту, правераныя ў працэсуальным парадку, які вызначаны законам. Падчас мэдычнага агляду Канавалава Д.Г., пасьля дачы ім паказаньняў пра выбухі, зьдзейсьненыя ў Віцебску, Канавалаў Д.Г. патлумачыў пра час і абставіны атрыманьня ім неістотных цялесных пашкоджаньняў. Пры гэтым ён экспэртам заявіў, што цялесныя пашкоджаньні маглі быць нанесеныя ў часе ягонага затрыманьня. Пасьля затрыманьня ніякіх цялесных пашкоджаньняў супрацоўнікі праваахоўных органаў яму не наносілі. Адмыслоўцамі ў галіне мэдыцыны ўказана, што форма гвалту, пра якую паведаміў Канавалаў, не магла быць ужытая без пашкоджаньня запясьцяў рук. Аднак падчас першаснага і другаснага агляду абвінавачанага такога пашкоджаньня ў яго ня выяўлена.

Таму суд прыходзіць да высновы пра надуманасьць паказаньняў Канавалава Д.Г. пра ўжыты адносна яго гвалт і тлумачэньняў Кавалёва У.Ю. пра тое, што ён чуў крыкі Канавалава Д.Г., якія аказалі на яго псыхалягічнае ўзьдзеяньне».


Але вернемся да відэа допыту Канавалава. Паведаміўшы сьледчым, што напярэдадні яны з Кавалёвым і Пачыцкай пілі і што зараз яму дрэнна, ён усё ж не перастаў даваць паказаньні і пачаў тлумачыць, чаму зрабіў тэракт.

Канавалаў: «Каб дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі».

Сьледчы: «А навошта вам спатрэбілася дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі?»

Канавалаў: «Ніякіх асабістых мэтаў».

Сьледчы: «Тады навошта?»

Канавалаў: «Больш нічога адказваць ня буду».

Сьледчы: «А чаму ў мэтро? Каб больш забіць людзей?»

Канавалаў: «Так».

Сьледчы: «Вам не шкада было жанчын, дзяцей?»

Канавалаў: «Ня буду адказваць на гэтае пытаньне...»

Дыялёг Канавалава са сьледчым я запісваў ад рукі ўсьлед за відэазапісам і, хоць было нязручна, час ад часу падымаў вочы, каб паглядзець на твар Канавалава і пераканацца, што ягоныя словы адпавядаюць выразу на твары. Словы чалавека, як правіла, адпавядаюць міміцы і жэстам. Прыкладам, калі чалавек кажа «не», ён можа пакруціць у бакі галавой ці неяк мімікай узмацніць адмову. Звычайна гэта робіцца аўтаматычна. Але пасьля адказаў Канавалава ў мяне ня склалася ўражаньня, што вэрбальная адмова адлюстравала ягоны эмацыйны стан. Мінімум мімікі, увогуле ніякіх жэстаў. «Ня буду» — і ўсё. Мэханічна і абыякава, як да таго казаў пра незразумелую «дэстабілізацыю абстаноўкі».





Праўда, гэтак жа адназначна Канавалаў спыняў і іншыя размовы на асабістыя тэмы. Прыкладам, калі сьледчы паспрабаваў вывесьці яго на размову пра сямейныя каштоўнасьці і запытаў, ці спрабаваў той калі завесьці сваю сям’ю, Канавалаў гэтак жа спыніў тэму: «Ня буду адказваць на гэтае пытаньне».

Допыт Канавалава ад 13 красавіка складаўся зь некалькіх частак, бо падазроны адчуваў сябе дрэнна, расьціраў твар рукамі, казаў, што адчувае млявасьць, і некалькі разоў атрымліваў працяглыя перапынкі. Пасьля аднаго зь перапынкаў размова зайшла пра падзеі 2008 году — выбух на сьвяце незалежнасьці.

Сьледчы: «Ці ведалі вы, што там павінен быць кіраўнік дзяржавы?»

Канавалаў: «Так».

Сьледчы: «Чаму вы абралі тое месца, дзе заклалі бомбу?»

Канавалаў: «Бо там болей людзей».

Сьледчы: «У вас ёсьць знаёмыя за мяжой?»

Канавалаў: «Не».

Сьледчы: «Якім быў ваш матыў?»

Канавалаў: «Дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі».

Сьледчы: «Адкуль вы ўзялі гэты тэрмін?»

Канавалаў: «Не магу патлумачыць».

Дзьмітры Канавалаў

Дзьмітры Канавалаў

На тым жа допыце Канавалава апытвалі і пра выбухі дзьвюх самаробных бомбаў у Віцебску ў 2005 годзе. Тады ён яшчэ віну ў гэтых выбухах прызнаваў, а потым ад іх адмовіўся і ў судзе таксама сваёй пазыцыі не зьмяніў. Зноў сьледчы запытаў пра матывы выбухаў.

Канавалаў: «Каб дэстабілізаваць сытуацыю ў Віцебску».

Сьледчы: «І што, атрымалася?»

Канавалаў: «Так».

Сьледчы: «А што далей? Мэта якая?»

Канавалаў маўчыць.

Сьледчы: «А чаму не ўзрывалі больш? Не хацелі?»

Канавалаў: «Хацеў. Але не было магчымасьці. Пайшоў служыць у войска».

Сьледчы: «А да войска? Як вы тлумачыце гэтыя цыклы сваіх тэрактаў — праз 3 гады?»

Не чуваць адказу.

Гаворка зноў заходзіць пра выбух 2011 году.

Сьледчы: «Вы веруючы?»

Канавалаў: «Не».

Сьледчы: «Маеце кантакты з замежнымі спэцслужбамі?»

Канавалаў: «Я ўжо адказваў на гэтае пытаньне».

Сьледчы: «Як мяркуеце, вы дасягнулі сваёй мэты?»

Канавалаў: «Часткова. Бо я тут».

Сьледчы: «А якая ў вас галоўная мэта?»

Канавалаў: «Ня буду адказваць».

Сьледчы: «Вы меркавалі, што вас рана ці позна, але знойдуць?»

Канавалаў: «Так».

Сьледчы: «Вас дактыляскапавалі?»

Канавалаў: «Так».

...

Сьледчы: «Вас падштурхнула тое, што хутка вас могуць вылічыць?»

Канавалаў: «Так».

Сьледчы: «Вы атрымалі задавальненьне ад таго, што зрабілі?»

Канавалаў: «Ня буду адказваць».

На пытаньне пра сваю галоўную ў жыцьці мару Канавалаў таксама адказваць адмовіўся.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG