Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? ХХ. Як Канавалаў сабраў бомбу


Cтанцыя мэтро пасьля выбуху

Cтанцыя мэтро пасьля выбуху

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Паводле сьледзтва, добрае веданьне хіміі ў аб’ёме школьнай праграмы плюс прыродныя здольнасьці ў гэтай галіне і набыты ў юнацтве досьвед «узрыўпакетчыка» дапамаглі Дзьмітрыю Канавалаву вырабіць моцную выбухоўку, дастаткова трывалае дэтанацыйнае рэчыва і ўрэшце сабраць бомбы, якія маглі ўзрывацца праз зададзены час ці на адлегласьці некалькі дзясяткаў мэтраў ад таго, хто ініцыюе выбух.

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Якія доказы гэтаму прадставіла сьледзтва і як яны былі вывучаны ў судзе?

Мы ўжо згадвалі, што ў Канавалава знайшлі сшытак і два аркушы паперы з запісамі і схемамі пра выбухоўку і бомбу, а экспэртыза пацьвердзіла, што, па-першае, запісы былі зробленыя рукой Канавалава, а па-другое, паводле гэтых запісаў сапраўды можна было зрабіць выбухоўку і сабраць бомбу. І што гэтак і было зроблена. (Некаторыя адрозьненьні, аднак, экспэртыза зафіксавала.)

Канавалаў у судзе прызнаў сябе вінаватым у тэрактах 2008 і 2011 гадоў, але даваць паказаньні адмовіўся. Ці азначае гэта, што ён абверг прызнальныя паказаньні, якія даваў падчас папярэдняга сьледзтва? Вернемся да гэтых паказаньняў. Зь іх вынікае:
  • Канавалаў вырабляў выбухоўку самастойна.
  • Месцам вырабу выбухоўкі і бомбаў быў ягоны падвал, адмыслова прыстасаваны для гэтых мэтаў.
  • Хімічныя рэчывы для выбухоўкі набываў у адкрытым продажы ці на чорным рынку. Тратыл набыў у Кавалёва.
  • Канавалаў плянаваў узарваць бомбу ў мэтро ў траўні ці пазьней, але з-за таго, што яго выклікалі позвай для здачы адбіткаў пальцаў, зьмяніў пляны і тэрмінова пачаў вырабляць бомбу. Прыход да яго раніцай 9 красавіка міліцыянтаў, каб узяць адбіткі пальцаў, прымусіў яго яшчэ больш прысьпешыцца. Назаўтра Канавалаў выправіўся з бомбай у Менск.
  • У якасьці паражальных элемэнтаў Канавалаў выкарыстаў шарыкі, цьвікі, ролікі і нарэзаныя «баўгаркай» кавалкі арматуры.
  • Праводзіў выпрабаваньні выбуховых рэчываў і дыстанцыйнай бомбы малой магутнасьці, а таксама праз выпрабаваньне дасьледаваў асаблівасьці разьлёту ашчэпкаў бомбы.
  • Тратыл для бомбы 2008 году Канавалаў узяў у Кавалёва, які гэта пацьвердзіў і патлумачыў, што, у сваю чаргу, набыў гэтую выбухоўку ў Куксёнка.

Якія доказы гэтага былі прадстаўленыя суду?


На сьледчым экспэрымэнце 20 красавіка Канавалаў прадэманстраваў, як і з чаго сабраў бомбу. На допытах падрабязна апісаў, як і з чаго вырабляў выбухоўку, у тым ліку дэтанацыйнае рэчыва, так званую «кісу» — трыперакіс ацэтону. Экспэртыза пацьвердзіла, што гэтак сапраўды магчыма зрабіць выбухоўку і бомбу.

Таксама экспэртыза пацьвердзіла, што канструкцыя бомбы 2008 году, на якой былі знойдзеныя адбіткі пальцаў Канавалава, збольшага адпавядае запісам Канавалава, якія знайшлі ў ягоным падвале. Прыпой у бомбе 2005 году супадае з прыпоем, які быў знойдзены ў падвале Канавалава. Абрэзкі арматуры, якія знайшлі на месцы тэракту ў мэтро, вырабленыя з мэталу, роднаснага таму мэталу, які быў знойдзены ў падвале Канавалава. Паводле экспэртаў, арматура была нарэзана пілой «баўгарка», якая належала брату Канавалава Аляксандру і захоўвалася ў падвале Дзьмітрыя Канавалава.

Хімічныя рэчывы, якія знайшлі ў падвале Канавалава, супадаюць з рэчывамі, неабходнымі, каб вырабіць выбухоўку.

На здымках з фотаапарату Канавалава, на якіх на відэа зьнятае выпрабаваньне бомбы каля чыгуначнай станцыі Грышаны, зьняты палец Канавалава. Паказаньнямі Кавалёва і сьведкі-машыніста пацьверджана, што выпрабаваньні адбываліся каля станцыі Грышаны. Агляд месца выпрабаваньня засьведчыў наяўнасьць варонкі і сьлядоў выбухаў на дрэве. Кавалкі трубы, знойдзенай на месцы выпрабаваньняў, роднасныя трубе, знойдзенай у падвале Канавалава, вырашылі экспэрты. На сьледчым экспэрымэнце Канавалаў прадэманстраваў, як ён дасьледаваў асаблівасьці разьлёту ашчэпкаў бомбы.

На сьледзтве Кавалёў паведаміў і потым пацьвердзіў у судзе, што набыў у сьведкі Куксёнка тратыл і перадаў яго Канавалаву. Гэтыя паказаньні Кавалёва пацьвердзіў на сьледзтве і Канавалаў. Паводле экспэртаў, кавалкі скотчу з бомбы 2008 году, якую сабраў Канавалаў і якая не разарвалася на газоне праспэкту Пераможцаў з боку гатэля «Плянэта», і кавалкі скотчу, які быў знойдзены ў падвале Канавалава, да разрыву былі адной стужкай. Паводле сьледчых пракуратуры, у падвале Канавалава знайшлі пальчаткі і маску, на якіх захаваліся адбіткі ягоных пальцаў.

Экспэрты Інтэрполу пацьвердзілі, што на бомбе 2008 году былі адбіткі пальцаў Канавалава.

Пра гэта 6 лютага 2012 году паведаміла БелТА са спасылкай на начальніка Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрполу ў Беларусі Аляксандра Петрана.

«Начальнік НЦБ патлумачыў, што на наступны дзень пасьля тэракту 2008 году ў Менску ў Генэральны сакратарыят Інтэрполу былі накіраваныя сьляды пальцаў тады яшчэ меркаванага злачынцы. Гэта менавіта тыя адбіткі, якія знайшлі ўнутры выбуховага прыстасаваньня, якое не спрацавала. Пазьней — у 2011 годзе — яны супалі з адбіткамі пальцаў Канавалава. «Аналіз праводзіўся і ў нас, і ў Інтэрполе, і даў адзін і той жа вынік», — паведаміў Аляксандар Петран. Ён дадаў, што ў Інтэрпол былі накіраваныя ня толькі адбіткі, але і генатыпаскапічная інфармацыя. Акрамя таго, паводле эпізоду 2008 году замежныя калегі аказалі вялікую дапамогу ў справе аналізу канструкцыі выбуховага прыстасаваньня. Таксама пасьля выбуху 2011 году Інтэрпол дапамог у першы ж дзень пасьля тэракту атрымаць палепшаны фотаздымак злачынцы. У генэральны сакратарыят глябальнай паліцэйскай арганізацыі былі адпраўленыя кадры з камэр вонкавага назіраньня, якія ўсталяваныя ў цэнтры Менску непадалёк ад уваходу на станцыю мэтро «Кастрычніцкая».





Прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў Генэральнай пракуратуры, КДБ, МУС і Сьледчага камітэту адносна вынясеньня Вярхоўным Судом РБ сьмяротнага прысуду Д. Канавалаву і Ў.Кавалёву

02.12.2011


Журналісты: Як выйшлі на Канавалава?

Алег Пякарскі, першы намесьнік кіраўніка МУС: «Калі вы зьвярнулі ўвагу, то ён зайшоў на станцыю мэтро «Фрунзенская» ня з боку грамадзкага транспарту, а там, дзе забароненыя прыпынкі таксі і ўсіх маршрутак. Была зроблена звычайная выснова: чалавек з такой вагой ня мог перасоўвацца дастаткова далёка. Было прынятае рашэньне адмысловым супрацоўнікам правесьці вышуковыя мерапрыемствы. Мы падрыхтавалі больш за 10 тысяч фатаздымкаў, каб прыцягнуць грамадзкасьць да пошуку гэтай асобы, але прафэсіяналізм спэцслужбаў дазволіў затрымаць яго праз 27 гадзін. Мы б не змаглі вылічыць адрас, калі б чалавек ня выйшаў на вуліцу. Усё было дастаткова банальна. Пасьля зьдзяйсьненьня злачынства яны проста пілі гарэлку, ім не хапіла, Канавалаў вырашыў купіць яшчэ. І вярнуўся, зноў-такі, «на адрас». Было прынятае рашэньне ісьці туды. Безумоўна, фізычная сіла была ўжытая, бо была пагроза магчымага паўторнага выбуху. Усе размовы пра тое, што міліцыя яго быццам зьбівала, — нам гэтага не было патрэбы рабіць, бо ён будзе пакараны праз суд. У сераду, 13 красавіка, мы хацелі зьвярнуцца да ўсіх людзей і паказаць гэты фотаздымак (дэманструе фотаздымак, на якім меркаваны тэрарыст ідзе па вуліцы — А.Г.). Але змаглі затрымаць яго самі 12 красавіка. Яго вылічылі адмысловыя супрацоўнікі, якія ў вялікім натоўпе могуць вылічыць пэўнага чалавека паводле прыкметаў. Але, на жаль, мы іх ніколі ня ўбачым.

З матэрыялаў справы, агалошаных у судзе

Што стала вядома ў судзе пра ўжываньне фізычнай сілы супроць Канавалава і Кавалёва?

На допыце 28 красавіка Дзьмітрый Канавалаў заявіў, што адразу пасьля затрыманьня супроць яго ўжывалі сілу. Дзеля чаго? «Каб даў паказаньні». Паводле Канавалава, яго зьбівалі два супрацоўнікі. Апісаў аднаго зь іх: ростам пад 1 мэтар 80 сантымэтраў, у чорным швэдры. Другога не запомніў. Білі па галаве кулакамі, рабілі «ластаўку» — зьвязвалі за сьпінай рукі з нагамі і клалі на крэсла. У выніку ён «узяў» на сябе выбухі 2005 году ў Віцебску, якіх не рабіў. Адкуль яму вядомыя падрабязнасьці пра гэтыя выбухі? Чытаў у газэтах, у прыватнасьці ў «Камсамолцы», а пэўную інфармацыю атрымаў, калі да бацькі ў 2005 годзе прыходзілі міліцыянты і задавалі пытаньні пра часткі ад гадзіньнікаў, якія былі знойдзеныя на месцы выбуху. Сьледчы задаў рэзоннае пытаньне: чаму ён пра гэта не казаў раней, у прыватнасьці, на допыце 17 красавіка? Гэтага Канавалаў не патлумачыў, а толькі сказаў, што зараз згадаў і вырашыў распавесьці.

6 кастрычніка 2011 году на працэсе былі зачытаныя дадзеныя судова-мэдычных экспэртыз Канавалава. Першы раз яго аглядалі 13 красавіка. Нагадаю, Канавалава і Кавалёва затрымалі каля 9-й вечара 12 красавіка, калі верыць першаму намесьніку міністра ўнутраных спраў Алегу Пякарскаму, які заявіў 02.12.2011, што на пошук тэрарыстаў хапіла 27 гадзін. Якія ж цялесныя пашкоджаньні знайшлі лекары ў Канавалава?

Дзьмітры Канавалаў

Дзьмітры Канавалаў

13 красавіка лекары СІЗА КДБ вызначылі ў Канавалава вострае рэсьпіраторнае захворваньне, прызнаўшы пры гэтым, што паводле стану здароўя ён прыдатны для ўтрыманьня ў ізалятары. Сам Канавалаў сказаў, што скаргаў на здароўе ў яго няма.

Паводле маіх запісаў інфармацыі, якая прагучала ў судзе, наступным разам Канавалава аглядалі 25 красавіка. Тады ў яго знайшлі цялесныя пашкоджаньні. Канавалаў паведаміў лекарам, што быў у мэтро, куды прыносіў бомбу і сказаў, што мог атрымаць пашкоджаньні пры затрыманьні. Пасьля гэтага пашкоджаньняў яму не наносілі, запісана ў экспэртызе са словаў Канавалава.

У Канавалава знайшлі кровападцёкі на галёнцы, ссадзіну на сьпіне ў раёне лапаткі, на сьцягне і грудзях. Даўнасьць адных пашкоджаньняў вызначылі ў 1–2 дні, іншых — у тыдзень, паходжаньне — ад удару тупым прадметам, ступень — лёгкая. Гэтым разам Канавалаў скардзіўся, што яму млосна. Па выніках агляду лекары вырашылі, што перашкод для ўтрыманьня Канавалава ў ізалятары няма.

Да гэтага варта дадаць паказаньні Ўладзіслава Кавалёва на судзе, у якіх ён паведаміў, што ўва Ўправе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй, куды іх прывезьлі пасьля затрыманьня ўвечары 12 красавіка, знаходзячыся ў калідоры, чуў крыкі Канавалава, якога, як ён мяркуе, зьбівалі. Пра сябе Кавалёў сказаў, што супроць яго фізычную сілу не ўжывалі.

Вядома, што разам з Канавалавым і Кавалёвым у той жа аддзел міліцыі прывезьлі Яну Пачыцкую. Ці казала сьведка што пра зьбіцьцё Канавалава? Не. Яна толькі сказала, што чула ў міліцыі, што Канавалаву зрабілася блага і да яго выклікалі хуткую дапамогу. З-за чаго яму стала блага, ня ведае, больш нічога ня чула.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук заявіў у спрэчках, што Канавалава адмыслова не зьбівалі, іншых незаконных мераў узьдзеяньня да яго не ўжывалі, а цялесныя пашкоджаньні ён атрымаў у момант арышту супрацоўнікамі спэцаддзелу «Алмаз». Аляксей Стук спаслаўся на дадзеныя праверкі, якая праводзілася паводле скаргаў Канавалава на ўжываньне фізычнай сілы.

З інтэрвію журналістам прадстаўнікоў Генпракуратуры, КДБ, МУС і Сьледчага камітэту ад 02.12.2011.

— Ці можна вырабіць моцнае выбуховае прыстасаваньне ў падвале, дзе няма выцяжкі?

Віктар Вягера, першы намесьнік старшыні КДБ: «Сёньня адкрый Інтэрнэт, і там расьпісана, як можна вырабіць „кісу“. Ёсьць розныя тэхналёгіі. Калі „кіса“ вырабляецца невялікі партыямі, захоўваецца ў адмысловым растворы, то яе можна зрабіць і пакласьці, зрабіць і пакласьці. Тут няма ніякіх супярэчнасьцяў з хіміяй. Хоць у падвале, хоць у якім закрытым памяшканьні. Гэта магчыма».

Экспэрт крыміналістычнага цэнтру МУС: «Для вырабу гэтай выбухоўкі не патрабуецца адмысловага абсталяваньня, ніякага адмысловага посуду».

— Чаму на рэчах Канавалава зь ягонага падвалу не было знойдзена ягоных адбіткаў пальцаў?

Экспэрт МУС: «Нельга казаць гэтак, што яны не былі знойдзеныя. Было знойдзена шмат адбіткаў пальцаў, але толькі ў кіно ўсё раз — і супала. Па-першае, вы не забывайце, што гэта падвальнае памяшканьне. Па-другое, гэта пакункі рэактываў, якія не спрыяюць захаваньню сьлядоў пальцаў рук. Гэта дынамічныя сьляды, то бок мазкі, шматлікія накладкі адных адбіткаў на іншыя. Толькі зыходзячы з гэтых пазыцый не ўдалося ідэнтыфікаваць сьляды таго ці іншага чалавека».

— Які матыў у Канавалава, акрамя «дэстабілізацыі грамадзкай абстаноўкі»?

Андрэй Швед

Андрэй Швед

Андрэй Швед, першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту: «Матыў тут абсалютна зразумелы: чалавек супрацьпастаўляе сябе грамадзтву. Ён такім чынам спрабаваў самарэалізавацца. Мы дасьледавалі разьвіцьцё Канавалава, пачынаючы зь дзіцячага садку, там ёсьць асаблівасьці. Ён сам не абвяргаў, што пакуты людзей прыносяць яму маральнае задавальненьне. У дадзенай пэўнай сытуацыі адбылася сур’ёзная дэфармацыя асобы Канавалава. Ён перайшоў мяжу і стаў монстрам, якому ягоныя дзеяньні прыносяць задавальненьне. Іншага матыву тут я ня бачу».

— Як патлумачыць, што ўвесь працэс Канавалаў быў да ўсяго абыякавы? Ці не давалі яму транквілізатары?

Андрэй Швэд:
«Калі ўжо быць шчырым, то ў СІЗА КДБ з Кавалёва і Канавалава проста пылінкі зьдзьмухвалі, а шэраг допытаў пераносілі з-за таго, што адзін прыходзіў і казаў, што пераеў. Нават такія моманты былі. Гэта распавядаецца дзеля таго, каб вы разумелі, у якіх умовах іх трымалі. Ніякага ціску на іх не аказвалі».

Віктар Вягера: «Ніякіх рэчываў ім не давалі. Яны ўтрымліваліся ў СІЗА КДБ не ў адзіночных камэрах, а ў камэрах агульнага тыпу. Што тычыцца бясьпекі, былі прынятыя беспрэцэдэнтныя захады дзеля таго, каб пазьбегнуць іх магчымага атручэньня. Харчы перадавалі ў запячатаных упакоўках, а адзеньне, якое ім перадавалі, цалкам перамывалася і праходзіла тэрмічную апрацоўку. Клопат быў дастаткова сур’ёзны».

— Ці ёсьць у Канавалава і Кавалёва замоўцы?

Андрэй Швэд:
«Не, і гэта 100% упэўненасьць, якая грунтуецца на выніках праверкі сьледчай групы, вышуковых мерапрыемстваў. Ніхто за імі не стаіць. Ня трэба шукаць тут сэнсацыі, яе проста няма. Няма ніякіх сумневаў, што Канавалаў і Кавалёў — гэта адзіночкі, якія такім чынам спрабавалі рэалізавацца ў жыцьці».

— Чаму на адзеньні, скуры, валасах Канавалава ня знойдзена выбуховых рэчываў, калі ў момант выбуху ён быў у мэтро?

Экспэрт МУС:
«Каб магчыма было знайсьці мікрачасьцінкі пасьля выбуху, адлегласьць павінна быць прыкладна 2,5 мэтра. Вы самі бачылі на відэазапісе, на якой адлегласьці знаходзіўся Канавалаў. Тым больш што ён стаяў за рогам перахода. Мы дасьледавалі ня толькі ягоныя рукі і адзеньне, але і што было пад пазногцямі, змывы з твару, вушныя ракавіны, насавыя поласьці. Тыя выбуховыя рэчывы, якія ўжываліся, лёгка распушчаюцца ў вадзе. Зыходзячы з таго, што мінула дастаткова часу ад моманту вырабу і да затрыманьня Канавалава, гэтага было дастаткова дзеля таго, каб гэтыя хімічныя рэчывы зьніклі. Тут ня трэба было нічога рабіць адмыслова. Дастаткова было памыць рукі і твар».

Дадзеныя экспэртызы адносна 46 белых таблетак у ёмістасьці, знойдзеных у Канавалава падчас затрыманьня. Экспэртыза ад 7 ліпеня вызначыла, што гэта быў нітрыт натрыю — рэагент для вырабу брызантных рэчываў. Брызантнасьць — гэта якасьць рэчыва разбураць, ад французскага «brise» — разбурэньне.



Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG