Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XIX. Судзьдзі і сакратаркі


Дом правасудзьдзя ў Менску

Дом правасудзьдзя ў Менску

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

З назіраньняў за судовым працэсам

Гаворка пра ўнутраныя парадкі ў беларускіх судах. Гэтыя парадкі, безумоўна, — адлюстраваньне і таго, як выконваецца правасудзьдзе, што пры гэтым галоўнае: закон ці тэлефонны званок начальніка?

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.


Супрацоўніца суду ўзяла журналісцкае пасьведчаньне і запісала прозьвішча ў сьпіс, які ляжаў перад ёю на стале. Працэдура нагадала мне рэгістрацыю перад выбарамі. Але з той розьніцай, што замест «вучылкі» з начосам перада мной была прыгажуня з бэджыкам «Валерыя» на моднай сукенцы. А яшчэ замест кабінкі для галасаваньня пасьля «рамкі» і вобшуку чакала заля з жалезнай клеткай на сцэне. Кожны ўваход туды суправаджаўся боязьзю, што зараз зазьвініць трэці званок, а ты не пасьпеў заняць месца. Спускаюся па рэдкіх шырокіх ступенях, і тэатральныя эмоцыі зьмяняюцца турэмнымі. Канавалава і Кавалёва ўжо прывялі. Вось-вось працэс адновіцца.

У той дзень чакаўся агляд рэчавых доказаў, пра што сьведчыла, сярод іншага, новая расстаноўка сталоў на сцэне. У прыватнасьці, стол запасных сяброў калегіі адсунулі зусім убок, а на ягоным месцы выставілі скрыні з рэшткамі бомбаў, адзеньнем абвінавачаных, ашчэпкамі і гайкамі, посудам з падвалу Канавалава ды іншым. Дэманстрацыю рэчавых доказаў праводзіў асабіста судзьдзя Аляксандар Федарцоў. У чорнай судовай мантыі, у белых гумовых пальчатках на даўгіх далонях, якія ён спрытна запускаў у кардонную скрыню, судзьдзя зьнешне быў падобны да фокусьніка, які забаўляе публіку паміж паветранымі гімнастамі і дрэсіраванымі драпежнікамі. Хоп — і «гайка са сьлядамі ўзьдзеяньня на мэтал», а потым хоп — «кавалак апаленай плястмасы шэрага колеру». Здаецца, судзьдзя прадбачыў падобную алегорыю і таму трымаўся яшчэ больш сур’ёзна, чым раней. Трэба аддаць спадару Федарцову належнае: і на авансцэне ён ні на сэкунду ня траціў кантролю над заляй. Аднаго разу я толькі ледзь прыўзьняў руку, намякаючы, што не пасьпеў разгледзець чарговы прадмет, як судзьдзя імгненна спыніўся і прадэманстраваў рэч паўторна. Сярод іншага публіцы паказалі і адзежу абвінавачаных, у тым ліку чорную куртку Канавалава з чырвонай стужкай на каўняры і ягоныя чорныя, з абвіслымі каленкамі, штаны. Паказаўшы гэтыя рэчы, судзьдзя адразу зьмяніў пальчаткі.

...Ужо пасьля працэсу, на вуліцы Леніна, каля сапраўднага Вярхоўнага суду, а не ягонай імітацыі ў выглядзе Палаца правасудзьдзя, я выпадкова сустрэў Аляксандра Федарцова. Судзьдзя ішоў насустрач не адзін — побач бегла маленькая дзяўчынка, магчыма, унучка. Дагэтуль я бачыў толькі, як Федарцоў сядзіць на чале судовага «трыюмвірату» альбо ідзе па сцэне са стосам тамоў справы ў руках. Тут ён нёс пакунак зь дзіцячымі рэчамі і бесклапотна ім памахваў. Мы абмяняліся позіркамі. Я ўсьлед падумаў: а якая ноша была цяжэйшая?

Перафармулюю пытаньне: ці цяжка быць беларускім судзьдзём, у якога да ўсіх звычайных крытэраў працы дадаўся і такі — уключаць у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу і ЗША ці не? З фармальнага пункту гледжаньня, вядома, — якая там розьніца? Ну, не паедзе судзьдзя ў Вільню на закупы ці ў Гішпанію на адпачынак, але ж Масква і Турцыя не закрытыя. Калі ласка — едзь сабе. Аднак у глыбіні душы кожны з нас прагне ня толькі грошай за сваю працу, але і павагі, хаця б увагі дзяцей, а яшчэ больш — унукаў. Каб вось тая ўнучка, што бегла побач, не саромелася дзеда, калі вырасьце, а ганарылася ім.

Тэлефоннае права, пра якое мы часта гаворым адносна судовай сыстэмы ў Беларусі усё роўна не адмяняе асабістага выбару судзьдзі ў пэўнай сытуацыі

Не судзіце, каб і вас не судзілі. Ну, так. Толькі, — скажа спадар Федарцоў (і будзе мець рацыю) — камусьці трэба браць на сябе і гэты цяжар ды несьці яго да скону. Тэлефоннае права, пра якое мы часта гаворым адносна судовай сыстэмы ў Беларусі, перакананы, усё роўна не адмяняе асабістага выбару пэўнага судзьдзі ў пэўнай сытуацыі. Для мяне гэта значыць, што ўчорашні фігурант сьпісу неўязных сёньня цалкам можа прыняць мужнае і законнае судовае рашэньне. Аляксандар Федарцоў стылёва вёў працэс даволі дэмакратычна, але часам, на маю думку, ён быў і перадузяты. Гэтак я вырашыў, прыкладам, пасьля ягоных прычэпак да адваката Станіслава Абразея, які абараняў Кавалёва. Некалькі разоў судзьдзя пераходзіў на павышаны тон і ўрэшце нават зрабіў адвакату заўвагу. Праўда, тут прычынай магло быць тое, што адвакат Кавалёва сам быў добра прычэпісты. Больш заяўляў хадайніцтваў, задаваў больш пытаньняў. Штопраўды, часам і паўтараўся, за што і атрымліваў ад судзьдзі. У любым выпадку на працу Дзьмітрыя Лепрэтара, абаронцы Канавалава, судзьдзя рэагаваў раўней.

Падрабязьней на працы адвакатаў спынюся пазьней, а зараз вернемся да судзьдзяў. За апошнія гады заўважыў, што прадстаўнікі гэтай прафэсіі сталі больш... паважныя, на бюракратычнай мове гэта гучыць — «павысіўся іх статус». Магчыма. Пагаджуся. Кажуць, што і заробкі судзьдзяў істотна павысіліся. Але неяк паступова з павышэньнем статусу судзьдзяў падупаў, прынамсі ў маіх вачах, агульны аўтарытэт судоў, разладзіўся іх унутраны парадак, зьнік вобраз суду як высокамаральнай і інтэлектуальнай установы. Мяркую найперш па паводзінах шараговых супрацоўнікаў. Гэтыя паводзіны, як лякмусавая паперка, сьведчаць пра норавы начальства.

Супрацоўнік спэцслужбаў у цывільным абшуквае ўдзельніка працэсу перад пачаткам паседжаньня

Супрацоўнік спэцслужбаў у цывільным абшуквае ўдзельніка працэсу перад пачаткам паседжаньня



Ёсьць такі асобны клан сярод гэтых супрацоўнікаў — сакратары судзьдзяў. Калі назіральнікі лічаць, што гэта звычайныя шарагоўцы, абавязак якіх — толькі натаваць і адказваць на званкі, яны сур’ёзна памыляюцца. Сакратар — гэта найбліжэйшы памочнік, які ня толькі вядзе запісы на працэсе, але і рыхтуе судовыя дакумэнты ды выконвае іншыя вельмі важныя функцыі. У выніку часта сакратар робіцца другім «я» судзьдзі, яго рэальным намесьнікам, а то і саўдзельнікам. Ня раз я назіраў, як сакратаркі «ратуюць» сваіх гаспадароў. Асабліва пасьля 19 сьнежня гэта была тыповая карціна. Бацькі адміністрацыйна арыштаванага хлопца дамагаюцца адказу, дзе будуць судзіць іх дзіця, бо хочуць прысутнічаць на працэсе. «Тут, тут, вас паклічуць, чакайце», — кажа мілая сакратарка і выходзіць з прыёмнай з ключом і тэчкай у руках. За ёй праз хвіліну выходзіць і замыкае дзьверы судзьдзя. Быццам па сваіх справах, безь ніякіх дакумэнтаў. Яшчэ праз хвіліну ў іншым кабінэце пачынаецца працэс. Атрымайце 15 сутак і расьпішыцеся!

Ад сакратарак шмат залежыць, яны сапраўды шмат робяць — а чаго так стараюцца? Па маіх назіраньнях, сакратары — гэта кадравыя рэзэрвы судзейскай прафэсіі. У канцы 90-х гадоў у Ленінскім судзе Менску праходзіў працэс над вядомым прадпрымальнікам і былым дэпутатам Андрэем Клімавым. Працэс быў доўгі, разьбіраліся, колькі тысяч цаглін прыпісалі на будоўлі дома, які ўзводзіла фірма дэпутата Клімава. Пакуль разьбіраліся, сакратар суду зацяжарала. Перад прысудам яе ўрачыста адпраўлялі ў дэкрэтны адпачынак, нават Клімаў з лавы падсудных пажадаў посьпехаў. Як у ваду глядзеў. Сам потым зазнаў яшчэ два суды і тры тэрміны, а сакратарка пасьля дэкрэтнага стала судзьдзёй. І цяпер працуе ў гэтай якасьці. Добры старт з палітычнага працэсу.

Сакратаркі судоў — сама дасканаласьць. У Палацы правасудзьдзя ў калідоры можна шыю скруціць, праводзячы позіркам то адну, то другую кабетку. Па керамічнай падлозе яны ходзяць выключна на дзесяцісантымэтровых шпільках... Спадніцы пад такія абцасы, канечне, надзяюць толькі кароткія — іншых у судах на сакратарках не бывае

Наколькі мне вядома, шмат хто з судовых сакратароў вучыцца на юрыдычным і марыць стаць судзьдзёй. Для іх шанцаў, што гэта атрымаецца, вядома, больш, чым у простага чалавека з вуліцы. Але ў выніку мы ўжо маем, а далей будзем яшчэ больш замацоўваць генэрацыю судзьдзяў, выхаваных на прыкладах сваіх непасрэдных начальнікаў. Для мяне гэтыя прыклады, калі меркаваць па вялікім сьпісе невыязных, даволі сумнеўныя.

А ў астатнім сакратаркі судоў — сама дасканаласьць. У Палацы правасудзьдзя ў калідоры можна шыю скруціць, праводзячы позіркам то адну, то другую кабетку. Па керамічнай падлозе яны ходзяць выключна на дзесяцісантымэтровых шпільках, нават зімой не мяняюць модныя батыльёны на нізкі абцас. Чачотка гучыць у калідоры — галава баліць. Спадніцы пад такія абцасы, канечне, надзяюць толькі кароткія — іншых у судах на сакратарках не бывае. Ну, магчыма толькі ў Вярхоўным судзе маюць уяўленьне пра дзелавы дрэс-код і яго прытрымліваюцца. На працэсе над тэрарыстамі ў гэтым сэнсе ўсё было больш-менш. Але ў раённых і нават менскім гарадзкім судах — поўная вольніца. Бесьперапыннае дэфіле.

Ці магчыма гэта неяк зьмяніць у цывілізаваны бок? Аднойчы на адміністрацыйным працэсе, які вяла судзьдзя Тацяна Паўлючук (цяпер неўзная ў краіны Эўразьвязу), я не стрымаўся і зрабіў заўвагу адносна зьнешняга выгляду сакратара суду. Тацяна Паўлючук, сама жанчына прыгожая, мяркуючы па яе позірку ў адказ, у заўвагах ня мела патрэбы.

Але што да мяне, то зьнешні выгляд сакратарак сьведчыць ня столькі пра іхні асаблівы статус: гэта паказчык кланавасьці, нават усёдазволенасьці найперш для судзьдзяў. «А нам усё роўна!» Разумею, нехта скажа, што ня трэба перабольшваць, тут гаворка толькі пра моладзевыя норавы і сэзонныя зьмены моды. Значыць, пакуль ня той сэзон.

У судовых сакратарак зьявіліся сур’ёзныя канкурэнткі — судовыя выканаўцы, якіх таксама набіраюць у асноўным зь лепшай паловы чалавецтва

Дарэчы, у судовых сакратарак некалькі гадоў таму зьявіліся сур’ёзныя канкурэнткі — судовыя выканаўцы, якіх таксама набіраюць у асноўным зь лепшай паловы чалавецтва. Гэтых ня менш прыгожых жанчын, аднак, адзелі ў ня вельмі прыгожую форму. Нейкую старамодную і занадта цёмную. Ці то з-за гэтага, ці то зь іншых прычын, але заўважна, што з сакратаркамі яны надта не кантактуюць. Можа, жаночая зайздрасьць, ці што? На ганку Палаца правасудзьдзя ў канцы судовага дня заўсёды стаяла групка судовых «выканальніц» — дымілі цыгарэтамі, як першыя ангельскія паравозы, і неяк насьцярожана паглядалі ў бок журналістаў з камэрамі, якія чакалі выхаду ўдзельнікаў працэсу. А раптам гэта іх здымуць і потым пакажуць на ўвесь сьвет? Але што здымаць і запісваць — хапала і бязь іх. Наперадзе быў прагляд цікавага відэа і камэнтары да яго.




Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі


Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG