Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўзарваў мэтро? XXIV. Роля Ўладзіслава Кавалёва


Уладзіслаў Кавалёў. Здымак зроблены 30 лістапада, калі Кавалёву і Канавалаву абвесьцілі вырак — сьмяротнае пакараньне

Уладзіслаў Кавалёў. Здымак зроблены 30 лістапада, калі Кавалёву і Канавалаву абвесьцілі вырак — сьмяротнае пакараньне

Штодня на сайце Свабоды — новы разьдзел кнігі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?

Уладзіслаў Кавалёў, 1986 году нараджэньня, у адрозьненьне ад свайго сябра Дзьмітрыя Канавалава, ад спробаў абараніцца ў судзе не адмовіўся і да апошняга паседжаньня спрабаваў аспрэчыць вэрсію сьледзтва адносна свайго ўдзелу ў тэракце ў мэтро ды іншых злачынствах.

Ад аўтара

Аўтар дзякуе ўсім, хто дасылае ўдакладненьні, заўвагі і парады. Яны бяруцца пад увагу і будуць улічаныя пры падрыхтоўцы кнігі да друку.

Між тым з часткай заўваг аўтар ня можа пагадзіцца, бо мае свой погляд на тое, што бачыў на судзе і пра што даведаўся, вывучаючы акалічнасьці справы. На гэтыя заўвагі аўтар гатовы адказаць і абмеркаваць іх, калі кніга будзе надрукаваная.

Адразу Кавалёў прызнаў толькі незаконныя дзеяньні з выбухоўкай: што перадаў Канавалаву кавалак тратылу, які захоўваў у адмысловым месцы, а да таго набыў тратыл у дваровага сябра Куксёнка. А таксама прызнаў, што двойчы браў удзел ва ўзрываньні выбуховых пакетаў у пад’ездах жылых дамоў і ў выбуху на будынку бібліятэкі. Гэта было на пачатку 2000-х гадоў, калі ён яшчэ вучыўся ў школе. Тыя ўчынкі Кавалёў назваў «бясшкоднымі падлеткавымі гульнямі».

Допыт Кавалёва ў судзе пачаўся 16 верасьня, на другі дзень працэсу. Кавалёў не пацьвердзіў ранейшыя паказаньні, што ён ведаў пра бомбу ў торбе, зь якой Канавалаў прыехаў у Менск 10 красавіка. Адмовіўся Ўладзіслаў і ад былых прызнаньняў, што прысутнічаў пры тым, як 11 красавіка Канавалаў падключаў драты да бомбы, зь якой потым адправіўся ў мэтро. І што той крыху раней дэманстраваў яму пульт дыстанцыйнага падрыву бомбы ды тлумачыў, як зь ім абыходзіцца. Кавалаў сьцьвярджаў, што да затрыманьня і першага допыту ў міліцыі нічога ня ведаў пра датычнасьць Канавалава да выбуху, дый зараз у гэта ня верыць, лічыць, што сябар зь нейкай прычыны на сябе нагаворвае. Пра свае ранейшыя, на сьледзтве, паказаньні, што ён ведаў пра бомбу і, хоць і мог, не прадухіліў тэракт, патлумачыў: мяне запалохалі сьледчыя.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук запытаў Уладзіслава Кавалёва: чым канкрэтна пагражалі яму сьледчыя, што ён агаварыў сябе? «Пагражалі артыкулам, паводле якога прадугледжаная сьмяротная кара», — адказваў Кавалёў

«Сказалі, што ўсё роўна табе суд не паверыць, што ты нічога ня ведаў, таму чым больш паведаміш, тым лепш для цябе. За неданясеньне ды іншае пагражае максымум 25 гадоў, а калі не прызнаесься, зробяць пасобнікам, намажуць лоб зялёнкай ды расстраляюць», — распавёў суду Кавалёў.

Тое, што Канавалаў прызнаваўся яму ў зьдзяйсьненьні тэракту ў ноч на 4 ліпеня 2008 году ў Менску і 12 ды 22 верасьня 2005 году ў Віцебску, Кавалёў таксама не пацьвердзіў.

Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук запытаў Уладзіслава Кавалёва: чым канкрэтна пагражалі яму сьледчыя, што ён агаварыў сябе? «Пагражалі артыкулам, паводле якога прадугледжаная сьмяротная кара», — адказваў Кавалёў. Пракурор не супакойваўся: «Ну і што? Вам жа і без таго інкрымінаваўся артыкул, паводле якога за пасобніцтва ў тэракце пагражае сьмерць. У чым тут пагроза? Яны мусілі гэта выставіць і выставілі супроць вас, а вы, калі гэтага не рабілі, мусілі не саступаць. Не дапамагаў, і ўсё. Але вы ўсё прызналі. Чаму, калі вы не вінаваты?»

Паводле намесьніка генпракурора Аляксея Стука, пра некаторыя падрабязнасьці Ўладзіслаў Кавалёў распавёў раней за Дзьмітрыя Канавалава. Гэтак, ужо на першых допытах ён паведаміў пра колер вечка дыстанцыйнага пульта, якім Канавалаў падарваў бомбу ў мэтро. «Адкуль вы пра гэта маглі ведаць, калі раней ня бачылі пульта?» — запытаў у абвінавачанага Аляксей Стук. Кавалёў спаслаўся на сьледчых, якія яго дапытвалі. Маўляў, ад яго патрабавалі паведамляць больш дэталяў, вось ён пад дыктоўку сьледчых і даў гэткія паказаньні. Стук зноў ня даў веры. «А адкуль гэта ведалі сьледчыя? Канавалаў, мяркуючы па ягоных паказаньнях, пра гэта яшчэ не казаў, і сьледчыя не маглі ведаць, бо на той момант яшчэ не было дадзеных агляду месца тэракту і заключэньня экспэртаў пра знойдзеныя рэчы», — дапытваўся дзяржаўны абвінаваўца.

У адказ Кавалёў, як і раней, настойваў на тым, што спалохаўся.

Супастаўляючы паказаньні Кавалёва ў судзе і на сьледзтве, суд высьвятляў яшчэ шмат момантаў. Гэтак, на сьледзтве Кавалёў казаў, што калі на вакзале ён ускідаў на плячо цяжкую торбу Канавалава (у торбе была бомба), той яго спыніў, маўляў, «асьцярожна», і далей яны панесьлі торбу ўдвух. На судзе Кавалёў гэтыя паказаньні абверг. Маўляў, нічога сябар не казаў, проста сьцягнуў зь ягонага пляча торбу і яны пайшлі, трымаючы яе кожны за сваю ручку. «Чаму? Ну, узвалілі вы на плячо гэтую торбу — і нясіце самі?..» Кавалёў адказаў, што было цяжка. «А калі цяжка, няўжо не спыталіся, што ў торбе?» Паводле Кавалёва, ён нічога не распытваў, а проста дапамагаў сябру.

«Яшчэ адна дэталь, — не адставаў пракурор. — Вось вы падыходзіце да падземнага пераходу, Канавалаў бярэ ў вас ваш мабільны тэлефон і набірае зь яго нумар агенцтва, каб арандаваць кватэру. У яго што, не было свайго мабільніка? Быў. З вамі зусім нядаўна празь яго размаўляў. Чаму ён бярэ ваш тэлефон і чаму вы яму даяце свой тэлефон, каб ён зь яго званіў у агенцтва?» Кавалёў адказаў, што ня ведае. На пытаньне, ці дзяліўся Канавалаў плянамі на 11 красавіка, адказаў, што ня памятае.


З інтэрвію «Псыхалягічны партрэт Канавалава падайдзе кожнаму другому беларусу» ( Інтэрфакс-Захад, 29.12.2011) з дзяржаўным мэдычна-судовым экспэртам псыхолягам Людмілай Мун, якая цягам двух тыдняў прафэсійна кантактавала з Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым ў аддзеле стацыянарных экспэртыз асоб са строгім назіраньнем Дзяржаўнай службы мэдычных судовых экспэртыз. Людміла Мун ёсьць адной з аўтараў псыхоляга-псыхіятрычнага заключэньня, якое было прадстаўленае суду.

З псыхалягічнай характарыстыкі Ўладзіслава Кавалёва

Высокі ўзровень эмацыйнага інтэлекту; (...) здольны распазнаваць эмоцыі іншых людзей, разумець пачуцьці партнэраў па зносінах і суперажываць ім; добрая здольнасьць зразумець становішча іншага, уявіць сьвет вачыма іншага чалавека; эмацыйная ўстойлівасьць, уменьне кантраляваць свае эмоцыі і паводзіны, стрэсаўстойлівасьць...


Пытаньне Людміле Мун: "Кавалёў паводле ўзроўню інтэлекту (паводле тэсту Равэна IQ=114), эмацыйнага разьвіцьця — значна вышэйшы. Дзіўна для саўдзельніка ў гэткім злачынстве?

Мун: «Пры гэтым Кавалёў — няўпэўнены ў сабе чалавек, асоба, якая вагаецца. Ён крыху наіўны і бязвольны. Ён ставіць плянкі, задае мэты, але рэалізаваць задачу ня можа. Канавалаў кажа: «Я хачу гэта», і робіць гэта. А Кавалёў кажа «Я хачу», і на гэтым усё... Задачы ставіць умее, а выканаць ня можа.


З псыхалягічнай характарыстыкі Ўладзіслава Кавалёва

Лёгка мяняе свой пункт гледжаньня; вылучаюцца агульныя мэты, але не канкрэтызуюцца шляхі іх дасягненьня; (...) неапраўданая пасьпешлівасьць у прыняцьці рашэньняў, ва ўчынках. Гатовы адмовіцца ад уласных інтарэсаў, калі іншы чалавек мае над ім уладу..
.

— Мне падалося, што Кавалёў мае залежнасць ад Канавалава. Хацеў спыніць кантакты, ня меў сувязі месяцамі, але адзін званок Канавалава, і Кавалёў пакідае размарожанае на вечар мяса разам з плянамі зарабіць мільён і робіцца ягоным падзельнікам?

— Я думаю, тут прэваліруе іншы фактар. Любы чалавек, які перажыў далёкія і доўгія пераезды, ведае, што ў чужым горадзе кожнага знаёмага са свайго гораду ўспрымаеш як блізкага сябра. Гэтым можна патлумачыць тое, што калі Кавалёў прыяжджаў у Віцебск, яму не было патрэбы бачыцца з Канавалавым, а вось у Менску, у чужым горадзе, усё па-іншаму.

— А Кавалёў баіцца сьмерці?

— У мяне склалася ўражаньне, што ён нават ня думаў пра выключную меру. Кавалёў выказваў упэўненасьць, што калі яму і дадуць тэрмін, то гадоў 10, і строіў пляны на жыцьцё пасьля вызваленьня.

З характарыстыкі Ўладзіслава Кавалёва ў прысудзе

Прысуд, ст. 91. «Характэрнымі асаблівасьцямі асобы Кавалёва У.Ю. зьяўляюцца нявызначанасьць сваіх плянаў, схільнасьць да радыкалізму, патрэба ў незвычайных прыгодах, хвалюючых падзеях, вольнае стаўленьне да агульнапрынятых маральных правілаў і нормаў, схільнасьць да хлусьні. Кавалёў У.Ю. меў магчымасьць выбару розных варыянтаў дзеяньня, быў здольны на кантроль і карэкцыю паводзінаў на кожным этапе. Ён адзначаецца скрытым, замкнёным характарам».


З допыту Ўладзіслава Кавалёва ў судзе 16 верасьня

Пытаньні Кавалёву задавалі ня толькі прадстаўнікі пракуратуры і судзьдзя, але і пацярпелыя. (Ні пра што не пытаўся толькі Канавалаў.) Пацярпелы Самвэл Саакян запытаў Уладзіслава, ці казаў яму Канавалаў, калі званіў 9 красавіка, што ў яго зьнялі адбіткі пальцаў? Адказ быў — «Не». Прадстаўнік пацярпелай Інэсы Крутой, яе бацька Аляксандар Круты прасіў удакладніць, які быў дзень і час, калі ён чуў крыкі Канавалава: позьні вечар 12 красавіка ці першыя гадзіны ўжо 13 красавіка? Кавалёў на гэта паўтарыў, што ня можа вылічыць дакладнага часу, толькі памятае, што гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як іх прывезьлі ў міліцыю пасьля арышту. Паведаміў некаторыя дэталі: апісаў сівога супрацоўніка гадоў 40–45, якога бачыў на першым паверсе, яшчэ адзін быў на другім паверсе, але як той выглядаў, нічога ня памятае. Сказаў, што крыкі Канавалава на яго вельмі моцна ўзьдзейнічалі і ён нават не выключае, што яго трымалі побач адмыслова, каб ён чуў, што адбываецца з Канавалавым, і хутчэй загаварыў.

Былі агалошаныя пратаколы допытаў Кавалёва падчас сьледзтва, на якіх ён прызнаваў, што ведаў пра будучы тэракт. Прыкладам, вось пратакол допыту Кавалёва, зь якога вынікае, што ўжо 10 красавіка на менскім вакзале Канавалаў прадэманстраваў яму зьмесьціва торбы: дзьве 5-літровыя плястыкавыя бутлі з парашком жоўтага колеру ўсярэдзіне. Плястыкавыя бутлі з блакітнымі накрыўкамі. Пытаньне сьледчага: «Чаму не зьвярнуўся ў міліцыю, каб прадухіліць тэракт?» — «Таму што ён мой сябар». На пытаньне, ці шкадуе пра тое, што адбылося, адказаў, што адчувае пачуцьцё віны, бо ведаў і мог прадухіліць, але не зрабіў гэтага. «А чаму не прадухіліў?» — «Бо баяўся адказнасьці», — сказаў Кавалёў. Адзначу, што, прачытаўшы на сьледзтве пратакол таго допыту, Кавалёў сам у яго дадаў, што бачыў, як Канавалаў скручваў драты да бомбы. Гэта было 11 красавіка на арандаванай кватэры на вуліцы Караля, прыкладна за гадзіну да выбуху. Ён у гэты час стаяў побач і не пускаў за шырму Яну Пачыцкую, якая хацела туды зайсьці.

Уладзіслаў Кавалёў. Фота зь сямейнага архіву

Уладзіслаў Кавалёў. Фота зь сямейнага архіву

Гэты допыт быў запісаны на відэа і прадэманстраваны ў судзе. Падзялюся сваімі ўражаньнямі. Кавалёў сядзіць перад сьледчымі, апрануты ў чорнае паўпаліто, за ягонай сьпіной бачны адвакат (не С. Абразей, які будзе абараняць яго на працэсе, а жанчына, дзяржаўны абаронца), у пакоі знаходзяцца некалькі чалавек у цывільным. Рукі Кавалёва ў кайданках, але ягоны твар спакойны, сьлядоў зьбіцьця на ім не відаць. Гаворыць роўным, магчыма, крыху напружаным голасам. Адназначна, што Кавалёў не выглядае такім стомленым, якім быў на першых допытах ад 13 красавіка Канавалаў. Што яму было млосна, як было млосна Канавалаву, не відаць, дый сам ён ня скардзіўся на самаадчуваньне, не прасіўся адпачыць і ў прыбіральню, на пытаньні сьледчых рэагаваў спакойна, адказваў не асабліва сьпяшаючыся, але і безь вялікіх паўзаў. Ва ўласьцівым яму стылі — гледзячы ў вочы таму, хто задае пытаньне, як потым будзе адказваць і ў судзе.

Сьледчы шмат распытвае Кавалёва пра Канавалава. Вось прыклады размоў:

— Ці вы чулі, каб ён выказваў незадавальненьне жыцьцём у Беларусі?

— Не.

— Ці выказваўся нэгатыўна пра кіраўніцтва Беларусі?

— Не.

...

— Вы асуджаеце ўчынак Дзьмітрыя?

— Так, напэўна.

— Чаму напэўна?

— Так.

Вяртаемся ў суд. Зноў Кавалёў тлумачыць, чаму ягоныя паказаньні ў судзе разыходзяцца з тым, што казаў на сьледзтве. «Мне пагражалі... Ня тое што крычалі, але размова была вельмі жорсткая. Быў цырк, прадстаўленьне... Зачытвалі 289 і 406 артыкулы Крымінальнага кодэксу і прапаноўвалі параўнаць, казалі, што мне суд не паверыць, калі скажу, што нічога ня ведаў». Далей Кавалёў прывёў прыклад: «...Мне сказалі, што Пачыцкая дае паказаньні, кажа, як бачыла мяне за шырмай, калі там быў Канавалаў з торбай, таму і я вырашыў прызнацца, што быў там зь ім».

Зачыталі зьвесткі пра дзёньнік, які вёў Кавалёў. Гэты дзёньнік сьледчыя знайшлі на ягонай менскай кватэры.

— І якую мэту вы ставілі сабе на бліжэйшыя 5 гадоў?

— Зарабіць 1 мільён даляраў. Плянаваў заняцца бізнэсам, пачаць сваю справу.

Рыхтаваў сябе дзеля гэтага псыхалягічна: ставіў сабе псыхалягічныя задачы, вывучаў працы псыхолягаў.

— І чагосьці дасягнулі?

— Часткова вырабіў у сабе псыхалягічную ўстойлівасьць.

Пра тое, чаму ён назваў на допытах дакладны колер накрывак ад бутляў з выбухоўкай і апісаў прыстасаваньне для дыстанцыйнага падрыву бомбы, Кавалёў патлумачыў: гэтыя зьвесткі яму паведамілі на допыце ва Ўправе барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Тамсама паведамілі і пра адбіткі пальцаў Канавалава, што яны супалі з тымі, якія знайшлі на бомбе 2008 году.





Працяг — будзе.

Папярэднія разьдзелы кнігі

Уступ

Вэрсіі добрая і дрэнная

Прызнаньне — каралева доказаў

Як нараджаюцца новыя вэрсіі

Відэа: чалавек з торбай

Чорная куртка з чырвонай стужкай на каўняры

Сьляды на адзеньні

Чорная торба з надпісам «Vest»

Забойчы доказ

Чаму экспэрта Сініцына судзілі таемна?

Бомбы

Што было ў падвале Канавалава?

Канавалаў зьбіраў бомбу «на аўтамаце»

Экспэртызы і сьледчыя экспэрымэнты

Хто ўзарваў мэтро? XV. Навошта?

«Яму заўсёды падабаліся выбухі»

Ці здаровы Канавалаў псыхічна?

Схільны да самагубства?

Судзьдзі і сакратаркі

Як Канавалаў сабраў бомбу

Ханжанкоў: Беларускі сындром

Пульт і паражальныя элемэнты

Пракуроры

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG