Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вінцук Вячорка

чацьвер 22 лістапад 2018

Архіў
Карціна Андрэя Дубініна «Клюб Дзяржынскага, або Ноч паэтаў», 2017

Прэс-рэліз МУС Беларусі словам «ліквідацыя» называе апэрацыю ў Заслаўі.

У лацінскай мове быў бяскрыўдны прыметнік liquidus з адным са значэньняў «чысты», у тым ліку «вольны ад даўгоў». У новых эўрапейскіх мовах дзеяслоў, адпаведны бел. ліквідаваць (што зрабіць? — зьліквідаваць), набыў юрыдычнае значэньне — «спыніць дзейнасьць, існаваньне нечага».

Бальшавіцкі рэжым СССР упадабаў гэтае слова: «ликвидация неграмотности», «ликвидация эксплуататорских классов», «ликвидация капиталистических элементов города и деревни» і г. д. Усё як бы ў грамадзкім, сыстэмным, абагульненым значэньні. І міжваенны слоўнік Ушакова яшчэ з інэрцыі фіксуе толькі спалучэньне «ликвидировать (что)».

Але... Спачатку бывалі як бы сьмешныя агаворкі: «Разговаривают о ликвидации неграмотных и малограмотных...» — прыклад з омскай «раёнкі» падаюць дасьледнікі Андрэй і Тацяна Фясенкі ў грунтоўнай працы «Русский язык при Советах» (Нью-Ёрк, 1955). І хутка выявілася, што ВЧК-ГПУ-НКВД менш за ўсё цікавіла лацінская юрыдычная сэмантыка слова «ліквідацыя». Сталінскія заклёны пра «ликвидацию кулачества как класса на базе сплошной коллективизации» (1929 г.) абярнуліся для сялянаў зусім ня рымскім ачышчэньнем ад даўгоў. А спыненьнем фізычнага існаваньня.

Аўтары кнігі канстатуюць:

...Існуе і шэраг эўфэмізмаў, якія ўлада сьвядома насаджае для прыкрыцьця тэрарыстычнай сутнасьці бальшавіцкай сыстэмы.

Прыкладаў маса: «высшая мера социальной защиты» (= пакараньне сьмерцю); «Он работает в системе / «органах»; «информатор»... І г. д.

Палач-расстрельщик именуется «исполнителем», а для самих актов террора созданы такие «заменители», как «ликвидировать» (расстрелять), «репрессировать» (арестовать, сослать), а также «изъять», что может означать как одно, так и другое... (с. 48–49)

Словы ликвидировать, ликвидация аказаліся вельмі патрэбнымі сыстэме. Яны стратэгічна важныя і цяпер, прыкладам, у расейскіх сэрыялах, якія культывуюць станоўчы вобраз НКВДыста.

Я быў уражаны, знайшоўшы ў Оксфардзкім слоўніку ангельскай мовы, акрамя юрыдычнага значэньня слова liquidate, і другое, «нефармальнае», — «забіць некага, як правіла, гвалтоўным чынам». Але ўсё стала на свае месцы: значэньне разьвілася пад уплывам расейскага ликвидировать. Гэта яшчэ адзін дастойны ўклад расейскай энкавэдысцкай мовы ва ўсясьветную лексычную скарбонку — поруч з словам gulag.

Ці можна было захаваць жыцьцё нападніку з Заслаўя? Думкі былых міліцыянтаў

Курапаты

Усьлед за грамадзкімі дзеячамі, палітыкамі, бізнэсмэнамі пра рэстарацыю ля Курапатаў пачалі выказвацца чыноўнікі ды выканаўцы замоваў зь дзяржаўнага боку. Ведаючы некаторых зь іх асабіста, чакаў, што хоць намёкам хоць нехта прызнае хоць якую сваю віну ў зьнявазе курапацкай памяці. Здаецца, пакуль марна.

Ад шматслоўных і шчодра праілюстраваных інтэрвію ў неабазнанага чытача ўзьнікае жаданьне адмахнуцца: усё там цьмяна, няма калі разьбірацца, дасталі ўжо гэтыя абаронцы. А мапы дык наагул, як сьведчаць спэцыялісты ў мэдыяадукацыі, — бранябойны сродак уплываць на сьвядомасьць.

Аднак уважлівы чытач адразу бачыць супярэчнасьці. Напрыклад, чытаем у інтэрвію: „...І праект зон аховы, і гэтая схема [2004 г.] не зьяўляюцца нарматыўна-прававым актам, якія на сёньняшні дзень рэгіструюцца ў рэестры. Гэта нарматыўна-тэхнічны акт“. Усяго толькі. Значыць, межы зонаў пасунулі законна.

Схема зон аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці 1-й катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты», зацьверджаная Пастановай Міністэрства культуры ад 12.05.2004 № 15
Схема зон аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці 1-й катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30–40 гадоў ХХ стагоддзя ва ўрочышчы Курапаты», зацьверджаная Пастановай Міністэрства культуры ад 12.05.2004 № 15

Але няўжо былы супрацоўнік Міністэрства культуры думае, што ўсе, каму баліць, забыліся на дакумэнт Генэральнай пракуратуры ад 27.11.2012? „Межы ўказанай ахоўнай зоны зацьверджаныя пастановаю Міністра культуры Рэспублікі Беларусі ад 12.05.2004 № 15, якая зьяўляецца нарматыўным прававым актам“ (гэта прадстаўленьне пракуратуры аб скасаваньні парушэньняў зонаў аховы Курапатаў). Нагадаю, што пракуратура і мае сачыць за выкананьнем нарматыўных прававых актаў.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

А вось Міністэрства культуры абавязана каардынаваць працу ўсіх дзяржаўных органаў у галіне культуры. Чаму яно не арганізавала выкананьня пракурорскага патрабаваньня і вынасу „Бульбаш-холу“ з зонаў аховы (у межах якіх пракуратура не сумнявалася), былы службовец маўчыць.​

Яшчэ адно інтэрвію — зь іншай, новай вэрсіяй тлумачэньня, чаму скарацілі ахоўныя межы Курапатаў з заходняга боку. Маўляў, было разыходжаньне схемы межаў аховы 2004 году і яе апісаньня, і межы трэба было пасунуць у глыбіню лесу, туды, дзе лес канчаўся ў 1930-я гады, і ўжо ад іх лічыць ахоўныя зоны. Але ж умоўная схема зь мізэрным маштабам — ня мапа. І пры сумневах зьвяртаюцца менавіта да апісаньня з прывязкай да мясцовасьці. Чытайма ў пастанове Міністэрства культуры «Аб зонах аховы матэрыяльнай нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасьці „Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 30-40 гадоў ХХ стагодзьдзя ва ўрочышчы Курапаты“ ад 12 траўня 2004 году: заходняя мяжа тэрыторыі ўласна Курапацкага мэмарыялу — “лінія, якая праходзіць на ўскраіне ляснога масіву „Брод“».

Фармулёўка не пакідае ніякай прасторы для маніпуляцыяў. І менавіта ад гэтай лясной ускраіны — сучаснай, а ніякай не гістарычнай — і адлічваюцца далей на захад 120 мэтраў мяжы зоны аховы, паралельнай узьлеску. У якую роўненька і трапляе вялікі кавалак „Бульбаш-холу“.

Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран

Прашу прабачэньня ў сьвежага чытача за доўгія цытаты, але ж тут лёзунгамі гаварыць не выпадае. Хоць маральны бок справы відавочны: спэцыяліст, які ўсё выдатна разумее, не настаяў на дакумэнтальна пацьверджаным, юрыдычна замацаваным праве Курапатаў на годныя зоны аховы, а скарыстаў недакладнасьць схемы 2004 году для іх скарачэньня ў 2014 годзе.

Дарэчы, за год да таго, у 2013-м, Мая Тодараўна Кляшторная, дачка расстралянага паэта і прафэсійны архітэктар, паставіла за свае сродкі ахоўныя камяні зь дзяржаўнай сымболікай на ўсіх межах гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты. Ставіла яна іх са згоды Міністэрства культуры. На заходняй мяжы — з боку „Бульбаш-холу“ — камяні стаяць уздоўж узьлеску. Значыць, тады Міністэрства не сумнявалася, дзе мяжа?

Кажуць: пакажыце іншыя мапы ды схемы! Нагадаю, што абаронцы курапацкага мэмарыялу не працуюць і не працавалі ў сфэры аховы помнікаў на дзяржаўных стаўках ці ганарарах ад бізнэсу — адрозна ад тых, хто цяпер дае апраўдальныя інтэрвію. Але не сумняваюся, што наша грамадзянская супольнасьць, якая ўжо зрабіла немагчымае — стварыла і ў цэлым пакуль што адстаяла народны мэмарыял Курапаты — здолее і выкрыць праўду пра падзеі 2012–2014 гадоў, і адстаяць праўны статус зонаў аховы Курапатаў — на прафэсійным узроўні.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG