Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што хаваецца за дзяржаўным плянам адкрыць лінію для ахвяраў хатняга гвалту


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Берасьцейскай вобласьці плянуюць адкрыць гарачую лінію для пацярпелых ад хатняга гвалту. Фармальна гэта можна лічыць добрай навіной, але д’ябал, як звычайна, хаваецца ў дэталях.

Калісьці ў Беларусі была агульнанацыянальная лінія для людзей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту. Яна працавала восем гадоў, пакуль яе не закрылі ў 2021-м. Тады сілавікі ў рамках зачысткі грамадзянскай супольнасьці прыйшлі ў офіс арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы», якая і арганізоўвала дапамогу.

«Гендэрных пэрспэктываў» больш няма, «Радзіславы» і створанага ёй сховішча – таксама. Большасьць актывістак, якія працавалі з праблемай хатняга гвалту, вымушаны былі выехаць за мяжу альбо знаходзяцца ў турме. Новыя ініцыятывы, якія зьяўляюцца ў Беларусі, ня могуць быць шырока вядомымі з той простай прычыны, што адкрыта працаваць у краіне цяпер могуць толькі актыўна ляяльныя Лукашэнку суполкі. А сэнс такога кшталту ініцыятыў акурат у тым, каб пра іх ведалі ўсе.

Вядома ж, добра, калі хоць бы наш міжсабойчык ведае, куды зьвяртацца. Але давайце шчыра – трэба, каб ведала і настаўніца са Століна, і прадавачка са Шчучына, і прыбіральшчыца з Бараўлян. А ў іх засталіся толькі дзяржаўныя опцыі, якія, наколькі мы ведаем, абараняюць вельмі сумнеўна – у мінулым бывала і што агрэсар трапляў у так званае сховішча, і што жанчына грукала ў дзьверы, якія вялі са сховішча ў апорны пункт, а міліцыянты там нават не ведалі, што гэта за дзьверы такія. Гэта ня кажучы ўжо пра тое, што тэма хатняга гвалту застаецца табуяванай, міліцыянты могуць на поўным сур’ёзе спытацца ў суседзяў: «А ён яе часта б’е ці як ва ўсіх?», дый даверу да так званых праваахоўнікаў у грамадзтве, мякка кажучы, няшмат.

Але прапагандысты справаздачацца, якая дзяржава малайчына і плянуе адкрыць гарачую лінію ажно ў адной вобласьці! Ну цяпер людзі зажывуць спакойна!

Вось толькі няясна з такой лёгікай, навошта раней ліквідавалі арганізацыі, якія якасна займаліся праблемай хатняга гвалту. Ці ўсё ж праблема ў грамадзтве ёсьць, а зьнішчэньне той жа «Радзіславы» было памылкай? Але хто будзе гэтай праблемай займацца, калі фактычна страчана пераемнасьць паміж пакаленьнямі?

«Старыя» актывісткі і экспэрткі ня могуць гэтым паўнавартасна займацца празь перасьлед у Беларусі, а «новыя» ня маюць магчымасьці адэкватна пераняць досьвед. І, паўтаруся, адкрыта працаваць у цяперашніх умовах змогуць толькі тыя, хто пакажа поўную ляяльнасьць Аляксандру Лукашэнку. А як тады яны змогуць гаварыць аб праблемах у гэтай сфэры? У ёй жа ўсё ўжо мусіць быць ідэальна, пры Лукашэнку не бывае інакш.

Карацей кажучы, перад намі чарговая фікцыя. Дзяржава пракладае свой унікальны шлях барацьбы з хатнім гвалтам, які мусіць прынцыпова адрозьнівацца ад заходняга. Па сутнасьці, гэта проста імітацыя актыўнай дзейнасьці. Калі ў яе ўключыцца чалавек, якога сапраўды хвалюе праблема хатняга гвалту ў Беларусі, ён ці яна там доўга не пратрымаецца, бо ня будзе магчымасьці адэкватна разьвіваць сфэру дапамогі. Затое ўсё будзе ў парадку ў звычайных функцыянэраў – у іх цяпер адкрыюцца новыя магчымасьці.

А людзі, зь якіх зьдзекуюцца дома, так і будуць пакутаваць.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG