Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наступствы мы будзем яшчэ доўга расхлёбваць». За што і як ліквідуюць недзяржаўныя арганізацыі


Ілюстрацыйны каляж
Ілюстрацыйны каляж

Працэс ліквідацыі НДА у Беларусі пачаўся ў 2021 годзе. З таго часу перасталі афіцыйна працаваць ня менш за тысячу арганізацыяў. Трапілі пад ліквідацыю і супольнасьці, якія актыўна супрацоўнічалі зь дзяржавай.

13 ліпеня 2021 году Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным выказаўся пра недзяржаўныя арганізацыі. «Гэтыя паскудныя паўтары тысячы НДА. Чым яны займаліся — зразумела. Яны фінансаваліся звонку. Мы думалі: ну няхай, дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі», — заявіў ён.

Рэакцыя праваахоўных органаў была хуткай. Ужо 14 ліпеня ў краіне прайшло ня менш за 50 ператрусаў у офісах і прыватных кватэрах праваабаронцаў, актывістаў розных НДА, экспэртнай супольнасьці. Ня менш за 20 чалавек былі затрыманыя.

Пасьля 2021 году ліквідацыя НДА набыла масавы характар. На пазоў Міністэрства юстыцыі і яго ўпраўленьняў зьліквідавалі ня менш за тысячу арганізацыяў.

Пад «зачыстку» трапілі НДА спартовага, рэлігійнага, патрыятычнага, экалягічнага і іншых кірункаў. Таксама зьліквідавалі арганізацыі, якія шчыльна супрацоўнічалі з уладай.

«Праз тое, што адзін сябра трапіў у ізалятар, ліквідуюць усё аб’яднаньне»

Працэс ліквідацыі НДА не спыняецца і цяпер. Чытач Свабоды даслаў у рэдакцыю дакумэнт — пазоў у суд аднаго з упраўленьняў юстыцыі аб ліквідацыі недзяржаўнай арганізацыі, якая займалася ўшанаваньнем памяці загінулых у Другой усясьветнай вайне. (назву НДА не называем дзеля бясьпекі крыніцы. — РС). Яна супрацоўнічала з уладамі, удзельнічала ў дзяржаўных акцыях. Сябры арганізацыі пэрыядычна выступалі ў дзяржаўных СМІ.

Упраўленьне юстыцыі «ажыцьцявіла кантроль» за грамадзкім аб’яднаньнем за студзень 2020 — травень 2023 году і прыйшло да высновы, што згуртаваньне варта зьліквідаваць. Сярод прычынаў назвалі выкарыстаньне для лістоў блянкаў, форма якіх не адпавядае інструкцыі ў справаводзтве. Яшчэ адзін «грэх» — на агульным сходзе аб’яднаньня не заслухалі справаздачы аб працы рады, «што супярэчыць асноўным прынцыпам працы грамадзкіх аб’яднаньняў — прынцыпам законнасьці і галоснасьці». Угледзелі правяральнікі таксама парушэньні парадку прыёму ў сябры аб’яднаньня і выплаты сяброўскіх складак.

Ёсьць у дакумэнце і такая заўвага: «Адзін зь сяброў аб’яднаньня ўчыніў дзеяньні, не зьвязаныя з статутнай дзейнасьцю і накіраваныя на падрыў яго аўтарытэту — быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюджваньне экстрэмісцкай інфармацыі. Такім чынам сябра аб’яднаньня сваімі забароненымі заканадаўствам дзеяньнямі прычыніў шкоду рэпутацыі грамадзкага аб’яднаньня, таксама нанёс шкоду дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам краіны».

«Складана падзяліць НДА на апазыцыйныя і прадзяржаўныя»

Чаму дзяржава ліквідуе ня толькі «апазыцыйныя» НДА, але і прадзяржаўныя, цалкам ляяльныя да ўлады? Кіраўніца «Lawtrend» Вольга Смалянка кажа, што, камэнтуючы працэс ліквідацыі НДА, складана сказаць, якія зь іх «умоўна апазыцыйныя», а якія — праўладныя.

«Нават арганізацыі, кірунак дзейнасьці якіх быў на дэмакратызацыю, я не назвала б апазыцыйнымі. У нас нават партыі не выконвалі свае гістарычнае функцыі — барацьбы за ўладу. Ліквідавалі ня толькі, скажам, праваабарончыя арганізацыі, але і спартовыя, абаронцаў жывёл і іншыя. Што да азначэньня „праўладныя“, то тут яскрава выяўленыя толькі такія, як БРСМ ці Беларускі саюз жанчын — вось яны цяпер у фаворы, для іх створаныя найлепшыя ўмовы», — патлумачыла Смалянка.

Многія НДА, паводле праваабаронцы, шчыльна супрацоўнічалі з дзяржавай для дасягненьня сваёй місіі. Напрыклад, арганізацыі абароны ўразьлівых катэгорыяў грамадзян — жанчын, дзяцей, якія цярпелі ад хатняга гвалту. Зьліквідаваная ўладамі арганізацыя «Радзіслава» супрацоўнічала з МУС.

Уваходзілі ў створаныя грамадзкія рады, нацыянальную раду гендэрнай палітыкі такія арганізацыі, як «Гендэрныя пэрспэктывы», «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын». Але ў 2021 годзе іх выключылі з рады, там застаўся толькі Беларускі саюз жанчын.

«Таму і супраца зь дзяржавай не аберагла НДА ад ліквідацыі. „Пад нож“ трапілі арганізацыі рознай накіраванасьці», — дадае Вольга Смалянка.

Яна лічыць, і гэта вынікае ў тым ліку з новага закону аб грамадзянскай супольнасьці, што дзяржава стварае сваю ўласную грамадзянскую супольнасьць.

«Яшчэ доўга будзем расхлёбваць»

З словаў Смалянкі, найбольш ад ліквідацыі НДА пацярпелі ўразьлівыя групы грамадзян.

«Наступствы ліквідацыі НДА мы будзем яшчэ доўга расхлёбваць. У нас доўгі час НДА бралі на сябе функцыі дзяржавы, бо ў адным выпадку дзяржава не хацела, у іншым — не магла працаваць з, прыкладам, тымі ж уразьлівымі групамі. На іх дзяржава часта заплюшчвала вочы. І гэтым займаліся НДА. Яны аказвалі і сацыяльную, і псыхалягічную, і кансультацыйную дапамогу. Шкоду ад ліквідацыі такіх арганізацыяў яшчэ давядзецца ацаніць», — зазначыла Вольга Смалянка.

Яна зьвяртае ўвагу, што НДА — гэта ў першую чаргу супольнасьць неабыякавых людзей, якія аб’ядноўваюцца не па наказе зьверху.

З словаў экспэрткі, пакуль усё ж ня ўсе НДА «пайшлі пад нож». «Некаторыя працуюць, некаторыя вымушаныя мімікраваць пад прадзяржаўныя ў гэтай рэпрэсіўнай сыстэме, бо па-іншаму немагчыма. Але і працэс ліквідацыі не спыняецца», — зазначыла суразмоўца.

Паводле інфармацыі «Lawtrend», на ліпень 2023 году ня менш за 880 НДА знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі. Арганізацыяў, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, на канец ліпеня было ня менш як 492. Такім чынам, страты ў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, пачынаючы з 2020 году, складаюць ужо ня менш як 1372 НДА (грамадзкіх аб’яднаньняў, прафэсійных зьвязаў, палітычных партыяў, фондаў, недзяржаўных установаў і асацыяцыяў).

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод ліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG