Маніторынг Lawtrend: За два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый

Ператрус у закрытай уладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, 2021
Ператрус у закрытай уладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, 2021

Працэс ліквіадці трэцяга сэктару Для параўнаньня: у канцы кастрычніка налічвалася 1057, у канцы верасьня — 1020 зьліквідаваных НКА.

У пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца лістапада 2022-га грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый (НКА) — аб’яднаньняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец лістапада ня менш за 699 (у кастрычніку — 667) НКА знаходзіліся ў працэсе прымусовай ліквідацыі або былі прымусова выключаныя з адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасьць арганізацый, якія прынялі рашэньне аб самастойнай ліквідацыі, таксама рэгулярна павялічваецца і складае на канец лістапада 403 (па выніках верасьня — 374, кастрычніка — 390).

Як і раней, «рашэньне аб самаліквідацыі прымаецца перш за ўсё з прычыны ціску на чальцоў, супрацоўнікаў НКА, неспрыяльнага прававога асяродзьдзя, агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, а таксама часта пад ціскам уладаў на НКА аб прыняцьці адпаведнага рашэньня».

У аглядзе канстатуецца рост колькасьці грамадзян, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці нібыта за стварэньне «экстрэмісцкіх фармаваньняў» і ўдзел у іх. Усё часьцей «экстрэмісцкія» артыкулы прымяняюцца да актывістаў, прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасьці. Працягваецца практыка прызнаньня інфармацыйных прадуктаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», пашырэньня «пералікаў грамадзян, арганізацый, фарміраваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Трывогу ў аўтараў дакладу выклікае практыка зьмяшчэньня грамадзян у ізалятары часовага ўтрыманьня на працяглы тэрмін. Людзі, якіх бесьперапынна караюць адміністрацыйнымі арыштамі, знаходзяцца ў месцах зь неадпаведнымі ўмовамі ўтрыманьня, праблемамі доступу да мэддапамогі, абмежаваньня перадач, у тым ліку лекаў.

У аглядзе нагадваецца аб тым, што ўлады працягваюць рыхтаваць законапраект са зьменамі ў законы «Аб грамадзкіх абʼяднаньнях» і «Аб палітычных партыях». Тэксту гэтага праекту пакуль няма ў публічнай прасторы, але пра новаўвядзеньні пісалі дзяржаўныя СМІ.

Паводле іх інфармацыі, плянуецца «ўстанавіць забарону стварэньня грамадзкага абʼяднаньня з мэтай гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу, прапаганды вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай, расавай варожасьці, ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай, экстрэмісцкай і іншай забароненай заканадаўствам дзейнасьці», а «ажыцьцяўленьне тэрарыстычнай, экстрэмісцкай і экстрэмісцкай і дзейнасьці зьяўляецца падставай для ліквідацыі грамадзкага абʼяднаньня».

Міжнародныя грамадзкія абʼяднаньні мусяць мець арганізацыйныя структуры ня толькі за мяжой, але і ў Беларусі.
Праект закону прадугледжвае аналягічныя абмежаваньні да стварэньня і дапаўненьні ў падставы для ліквідацыі палітычных партый. Заснавальнікам партыі павінен быць грамадзянін Беларусі, які пастаянна пражывае ў краіне. Праект закону таксама прадугледжвае выключэньне забароны фінансаваньня партый за кошт сродкаў з рэспубліканскага або мясцовага бюджэту і інш.

​
XS
SM
MD
LG