Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекцыя, падобная да інтэрвію. Пра што не сказаў Пуцін


Ад доўгачаканага інтэрвію Пуціна ў амэрыканскага журналіста Такера Карлсана чаканьняў, як выявілася, было няшмат, а тыя, якія былі, пацьвердзіліся.

І галоўная мараль адна: большасьць войнаў пачынаюцца без паважнай прычыны, на пустым месцы, зь бязглуздымі матывацыямі, за якія, аднак, вымушаныя па-сапраўднаму паміраць людзі.

Першая Ўсясьветная вайна пачалася, калі Нямеччына, Аўстрыя, Брытанія, Расея былі на піку сваёй эканамічнай і палітычнай магутнасьці. Аўстра-Вугоршчына была шматнацыянальнай і даволі талерантнай кантынэнтальнай імпэрыяй, Расея — магутнай краінай-кантынэнтам ад Фінляндыі да Паміру з гіганцкім патэнцыялам і пэрспэктывамі. Нямеччына лічылася новай эўрапейскай супэрсілай, інтэлектуальнай і заможнай. Тагачасная Брытанія — глябальная імпэрыя, над якой не заходзіць сонца, крыніца ведаў і перадавых думак. За што яны ваявалі? Што ім прынесла тая вайна, акрамя разбурэньня і мільёнаў ахвяраў?

Другая Ўсясьветная вайна пачалася, калі Нямеччына паднялася пасьля прыніжальнага Вэрсальскага міру, адрадзілася як эканамічная, вайсковая супэрсіла, а СССР устаў на ногі пасьля грамадзянскай вайны і крывавай перакоўкі бальшавікамі аграрнай эканомікі былой Расеі. Вынікам — шматмільённыя жахлівыя ахвяры, фактычнае зьнішчэньне цэлых народаў і культураў на эўрапейскім кантынэнце.

На Ўкраіну Пуцін напаў у 2014 годзе, калі Расея была на ўзьлёце, аблюбаваная інвэстарамі, прыцягальная, залітая грашыма ад сваіх прыродных рэсурсаў. І ўсё гэта было перакрэсьлена, зьнішчана з-за геапалітычных і гістарычных фантазій аднаго славалюбівага і ня надта адукаванага чалавека, якога лёс вынес на вяршыню ўлады. Менавіта гэтыя фантазіі і комплексы Пуцін дэманструе цягам усяго інтэрвію Карлсану — і нічога іншага.

«Мая першасная выснова — Карлсан безнадзейны інтэрвіюер, а Пуцін зьехаў з глузду», — нязвыкла простым тэкстам напісаў у твітэры выкшталцоны і рафінаваны галоўны вонкавапалітычны аглядальнік Financial Times, камэнтуючы інтэрвію. Цяжка не пагадзіцца.

Расея зьнішчана як сучасная рынкавая паважаная дзяржава, якой яна з агаворкамі яшчэ магла лічыцца ў 2014 годзе. Украіне — і без таго беднай, карумпаванай і выміраючай — нанесены гіганцкі дадатковы ўдар па дэмаграфіі, інфраструктуры, эканоміцы. І адрадзіцца яна зможа толькі дзякуючы міжнароднай падтрымцы (можна спадзявацца, што такая падтрымка прыйдзе). А магчыма, і ня зможа.

І ўсё гэта, яшчэ раз, праз тое, што Ўладзімір Пуцін начытаўся кансьпіралягічных кніжак, наслухаўся падхалімаў і, падобна, страціў рэшткі разважлівасьці і дальнабачнасьці падчас пандэміі і ізаляцыі. І, канечне, праз тое, што пад ягоным кіраўніцтвам жывуць яшчэ 100–120 мільёнаў людзей, значная частка якіх — такія ж ірацыянальныя, закамплексаваныя і малаадукаваныя (ці проста абыякавыя).

З гэтага імкненьня да імпэрскай велічы і магутнасьці можна было б сьмяяцца, калі б яно ня стала прамой прычынай сьмерці і паламаных жыцьцяў для соцень тысячаў невінаватых украінцаў.

У гэтай вайны не было ніякіх рацыянальных прычынаў. І ад гэтага сапраўды страшна.

Для беларусаў і для ўсяго сьвету ад гэтага інтэрвію нічога не зьмянілася, але адна выснова павінна зрабіцца яшчэ больш відавочнай. Трэба працягваць падтрымліваць Украіну — іншага нам не застаецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG